Пошук

14.06.2021 12:32   Тэкст і фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

12 чэрвеня, ва ўспамін Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі, з Гродна стартавала арганізаваная ксяндзом канонікам Уладзіславам Завальнюком пакутная пілігрымка, у якой па краіне вязуць копіі найбольш вядомых марыйных абразоў з беларускіх санктуарыяў.

Абразы перад пілігрымкай-перэгрынацыяй благаславіў прадстаўнік Папы Францішка ў Беларусі Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч.

У пілігрымцы бярэ ўдзел спецыяльны карэспандэнт Catholic.by Віктар Ведзень, які вядзе фотадзённік гэтай гістарычнай падзеі.

У суботу раніцай у катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч благаславіў пілігрымаў, якія вырушылі на аўтамабілях з нашай сталіцы ад Чырвонага касцёла з копіяміі васьмі абразоў з санктуарыяў Беларусі.

Звяртаючыся да пілігрымаў і парафіянаў, іерарх нагадаў пра важнасць прысутнасці Маці Божай у нашым жыцці і Яе апецы.

«Пілігрымуючы па Беларусі і благаслаўляючы гарады і вескі, Яна садзейнічае яднанню вернікаў», — падкрэсліў біскуп Кашкевіч.

Сустракаючы пілігрымаў, сваімі ўражаннямі падзяліліся гродзенскія вернікі.

«Гэтая падзея знакавая не толькі для нашай катэдры, але і для Беларусі. Сёння я бегла на Імшу, а на гадзінніку практычна было дзевяць, і раптам мне пашанцавала ўносіць у касцёл копію цудадзейнага абраза Маці Божай Бялыніцкай. Гэта быў вялікі гонар, а ў сэрцы — радасць і ўдзячнасць за тое што, нягледзячы на нялёгкія часы, якія мы цяпер перажываем, Святло па-ранейшаму свеціць у цемры», — падзялілася Таццяна.

«Слёзы радасці на вачах ад таго, што будзем маліцца за нашу Беларусь. Гэта вялікі прыклад для моладзі. Галоўнае, каб быў мір, згода, каб, адышоў каранавірус», — дадае гродзенская парафіянка Марыя.

Пілігрымка-перэгрынацыя будзе працягвацца восем дзён. За гэты час яе ўдзельнікі разам з абразамі пераадолеюць каля 2500 тысяч кіламетраў.

Яны плануюць 18 чэрвеня, замкнуўшы кола па краіне, зноў вярнуцца ў Гродна, дзе копіі абразоў будуць некаторы час знаходзіцца для ўшанавання вернікамі.

 

У першы дзень пілігрымкі здарыліся і першыя цяжкасці. У дарозе да Гродна адзін з аўтамабіляў сапсаваўся, таму адзін абраз ехаў не на версе машыны, а ўсярэдзіне. Аднак гэта не сапсавала настрою і толькі ўмацавалі ў пастаўленай мэце.

 

Увечары копіі цудадзейных абразоў прыбылі ў санктуарый Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі Азёраў, праехаўшы амаль пяцьсот кіламетраў. Раніцай ў нядзелю там адбылася ўрачыстая святая Імша, пасля чаго пілігрымы скіравалася далей уздоўж паўночнай і ўсходняй межаў Беларусі, прыбыўшы, нарэшце, у касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Магілёве.

Усяго за выходныя аўтамабільная пілігрымка праехала каля тысячы кіламетраў. Далейшы маршрут пілігрымаў з абразамі пралягае праз Бялынічы, Мсціслаў і Гомель.

Абноўлена 03.08.2021 11:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця