Пошук

07.06.2021 14:00   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

6 чэрвеня Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч благаславіў копіі абразоў Маці Божай з васьмі найбольш вядомых Марыйных санктуарыяў нашай краіны.

Копіі найбольш шанаваных на нашых землях ікон Багародзіцы з Будслава, Браслава, Брэста, Бялынічаў, Гродна, Гудагая, Лагішына і Тракеляў неслі ў працэсіі Божага Цела, якая адбылася ў нядзелю на цвінтары пры касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску.

Пасля гэтага абразы былі дастаўлены ў размешчаную непадалёк Апостальскую нунцыятуру, дзе іх благаславіў прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне арцыбіскуп Антэ Ёзіч.

У абрадзе благаслаўлення абразоў узяў удзел таксама Апостальскі адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец. На заканчэнне прадстаўнік Святога Айца ў нашай краіне ўдзяліў прысутным Апостальскае благаслаўленне Папы Францішка.

У бліжэйшую суботу благаслаўлёныя копіі абразоў Маці Божай скіруюцца ў перэгрынацыю ўздоўж межаў Беларусі, суправаджаючы посную пілігрымку на аўтамабілях, арганізаваную ксяндзом канонікам Уладзіславам Завальнюком, пробашчам парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску. Пілігрымка з адначасовай перэгрынацыяй праходзіць у інтэнцыі адбудовы пасля пажару базылікі Маці Божай Будслаўскай, а таксама з малітвай аб міры, адраджэнні веры і абароне ад каранавірусу.

 

Абноўлена 15.06.2021 09:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа