Пошук

02.07.2021 20:08   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

Увечары 2 ліпеня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў у Будславе цэлебрацыю святой Імшы для пілігымаў.

Разам з заслужаным іерархам Эўхарыстыю, на якой прысутнічала некалькі тысяч вернікаў у Будславе, а таксама духоўна ядналіся з дапамогай прамой трансляцыі, цэлебравалі біскупы Алег Буткевіч, Казімір Велікаселец, Юрый Касабуцкі, Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек, некалькі дзясяткаў святароў з усіх дыяцэзій Беларусі і з некалькіх манаскіх супольнасцяў.

На працягу ўсяго першага дня фэсту ў Будслаў прыбывалі як паасобныя пілігрымы, так і невялікія групы тых, хто дабіраўся на ўрачыстасць пешкі і на роварах. Вітаючы іх, а таксама мясцовых вернікаў і ўсіх тых, хто прыбыў у Нацыянальны санктуарый на асабістым і грамадскім транспарце, заслужаны іерарх падзякаваў Богу і Найсвяцейшай Багародзіцы за гэтую магчымасць супольнай малітвы перад цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай.

У прамоўленай падчас Імшы гамілі ён напачатку нагадаў дэвіз сёлетняга фэсту, прысвечанага 30-годдзю адраджэння іерархічных структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі: «Маці Касцёла, маліся за нас».

«У гэтых словах выказана падзяка Марыі за апеку над нашым Касцёлам падчас ганенняў на працягу трох пакаленняў; за дапамогу ў наш складаны час з аднаго боку свабоды веравызнання і адыходу ад Бога з другога, а таксама просьба аб клопаце пра яго ў будучыні, якая выглядае вельмі трывожнай», — падкрэсліў арцыпастыр.

«Сёння ля падножжа Апякункі Беларусі Маці Божай Будслаўскай мы просім Яе апекі для Касцёла ў нашай краіне, для нас саміх і нашай Бацькаўшчыны, якая перажывае складаны час пандэміі каранавірусу і грамадска-палітычнага крызісу. Да іх нечакана далучыўся пажар Будслаўскага санктуарыя», — зазначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён нагадаў, што Бог заклікае людзей давяраць Яму і Ягонай любові.

«У нашай грахоўнасці, у грамадскіх і асабістых падзеях, у гісторыі Бог не перастае шукаць нас. Але мы таксама павінны шукаць Яго», — сцвердзіў заслужаны іерарх.

Сваю гамілію арцыбіскуп Кандрусевіч завяршыў кароткім малітоўным заклікам да Багародзіцы:

«Марыя, у гэты лёсавызначальны час нашай гісторыі выпрасі нам ласку даверу бязмежнай Божай любові, міласэрнасці і Божаму Провіду <…>.

З табой, Марыя, пойдзем у новае заўтра! З табой сумесна адбудуем прысвечаную Табе Будслаўскую святыню! З Табой пабудуем новую шчаслівую Беларусь!»

Абноўлена 03.08.2021 11:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа