Пошук

02.07.2021 16:27   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

2 ліпеня ў Будслаў прыбылі некалькі груп пешых пілігрымаў, а таксама тых, хто ехаў на фэст на роварах.

Хоць сёлета з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі арганізаваныя пілігрымкі на ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай не ладзіліся, аднак некаторыя ўсё ж вырашылі не занядбоўваць гэтую папулярную асабліва сярод моладзі традыцыю.

Першымі прыйшлі пешыя пілігрымы з парафіі Маці Божай Ружанцовай і святога Дамініка ў Ракаве (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).

Каля 30 вернікаў вырашылі разам пешкі пераадолець больш за сто кіламетраў, што аддзяляюць іх мястэчка ад Нацыянальнага санктуарыя.

Ракаўскіх пілігрымаў на чале з іх пробашчам ксяндзом канонікам Дзмітрыем Барылам перад палявым алтаром, на якім усталяваны цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай, сустрэў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Іерарх благаславіў ракавянаў, акрапіў іх асвячонай вадой і выказаў нядзею на тое, што ў наступным годзе Будслаў, як і раней, зноў будзе сустракаць натоўпы пілігрымаў з розных куточкаў нашай Бацькаўшчыны і не толькі.

Неўзабаве пасля гэтага прыехала і першая велагрупа: каля двух дзясяткаў пілігрымаў на жалезных конях ехалі ў Будслаў з мінскай парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Марыі Кольбэ.

Тым часам на плошчы перад базылікай раз-пораз чуваць радасныя воклічы і спевы пад гітару. Гэта ў Нацыянальны санктуарый працягваюць прыбываць як паасобныя пілігрымы, так і невялікія групы тых, хто пешкі і на роварах спяшаюцца аддаць пашану Маці Божай Будслаўскай у Яе ўрачыстасць.

Абноўлена 02.07.2021 17:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа