Пошук

03.07.2021 13:55   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

3 ліпеня ў Будславе ўрачыстай святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, завяршыўся традыцыйны фэст Маці Божай Будслаўскай.

Разам з прадстаўніком Папы Францішка ў нашай краіне Эўхарыстыю цэлебравалі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Апостальскі адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і яго калега з Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі, Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек і некалькі дзясяткаў святароў абодвух абрадаў.

На заключнай святой Імшы прысутнічалі некалькі тысяч вернікаў з усёй Беларусі і нават з-за мяжы, а тыя, хто з розных прычын не трапіў у Будслаў, духоўна далучыліся да ўрачыстай цэлебрацыі з дапамогай прамой трансляцыі на канале Нацыянальнага санктуарыя.

На пачатку святой Імшы біскуп Казімір Велікаселец як гасцінны гаспадар шчыра прывітаў Апостальскага нунцыя Антэ Ёзіча і запрасіў яго ўзначаліць цэлебрацыю, а таксама прамовіць да прысутных Божае слова.

Напачатку папскі пасланнік адзначыў, што ён вельмі рады ўзначальваць гэтую літургічную цэлебрацыю ў Санктуарыі Маці Божай у Будславе, а асабліва магчымасці разам з беларускімі вернікамі ўзносіць малітвы да нябеснай Маці, Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай — Апякункі народа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і ўсёй Беларусі.

«Будслаўскі санктуарый з яго цудадзейнай іконай на працягу стагоддзяў штогод натхняе мноства вернікаў з усёй краіны, даючы ім новую духоўную сілу для пераадолення жыццёвых цяжкасцяў і ўсё большага набліжэння да Езуса Хрыста, Бога і Чалавека, Збаўцы свету і ўсіх людзей. На працягу гэтай гістарычнай пілігрымкі многія пакаленні, якім давялося жыць у цяжкія часы жорсткага пераследу, атэізму, бездухоўнасці, а таксама ў час рэлігійнай свабоды, заўсёды праяўлялі адвагу сваёй веры ў Хрыста, просячы заступніцтва нябеснай Маці, Панны Марыі Будслаўскай, для сваіх сем’яў і для ўсяго грамадства.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, гэты санктуарый стаў жыватворчай крыніцай, што наталяла смагу ўсіх пакаленняў хрысціянскага народа непрамінальнымі каштоўнасцямі: каштоўнасцямі, якія натхняюць вернікаў станавіцца жывым Евангеллем для кожнага нашага бліжняга», — сказаў нунцый Ёзіч.

Прадстаўнік Папы Францішка ў Беларусі звярнуў увагу на тое, што «ў гэты дзень мы ўзгадваем важную падзею, дзякуючы якой гэтая краіна была вызвалена з-пад акупацыі, ад умяшальніцтва знешніх сілаў, распачаўшы адбудоўваць тое, што было разбурана, з надзеяй на лепшае жыццё ў будучыні. Таму кожны з нас адчувае абавязак узносіць гарачыя малітвы да Бога за ўсіх ахвяраў Другой сусветнай вайны: як вядомых, так і невядомых; як блізкіх нам, так і чужых.

Мы перадусім адчуваем неабходнасць маліцца за нявінных ахвяраў: за ўсіх, хто стаў ахвярай з прычыны ідэалогіі і рэлігіі. Кожная невядомая ахвяра мае імя і прозвішча. Штодзённа молячыся за іх, мы становімся зноў з’яднанымі; становімся братамі і сёстрамі ў Хрысце. Дзякуючы гэтым малітвам наш свет становіцца лепшым і мы ідзем наперад па дарозе адзінства, прымірэння і святасці», — падкрэсліў Апостальскі нунцый. — Адзначаючы ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай, сёння мы звяртаемся да нябеснай Маці з просьбаю захаваць нас ад зла, абараніць нашыя сем’і, не даць паўтарыцца цяжкім момантам нашага жыцця, адарыць нас новай надзеяй быць паміж сабою сапраўднымі братамі і сёстрамі, якія імкнуцца жыць у сапраўдным міры з усімі і ў сапраўдным дабрабыце», — дадаў ватыканскі іерарх.

Далей ён звярнуў увагу прысутных на словы святога апостала Паўла з Паслання да Рымлянаў.

«Наступныя словы Апостала я лічу вельмі актуальнымі для нашага штодзённага жыцця і для нашага грамадства, якое сутыкаецца са шматлікімі выклікамі, якія патрабуюць неадкладнага адказу: „Любіце адзін аднаго братняю любоўю, <…>; цешцеся надзеяй, ва ўціску будзьце цярплівыя, у малітве — трывалыя <…>. Благаслаўляйце тых, хто пераследуе вас, благаслаўляйце, а не праклінайце. Радуйцеся з тымі, хто радуецца, плачце з тымі, хто плача. Будзьце аднамысныя паміж сабою; не мудруйце празмерна“», — працытаваў настаўленне Апостала народаў папскі пасланнік.

«Сёння асаблівым чынам я малюся за мір і згоду ў гэтай краіне, каб з Божай дапамогай і праз заступніцтва Маці Божай Будслаўскай удалося пераадолець, як кажа Папа Францішак, „культуру падзелу і ўсталяваць у краіне сапраўдную культуру братэрства і салідарнасці“. У цяперашні момант жыхары гэтай краіны маюць патрэбу прымірыцца паміж сабою, зноў сустрэцца адно з адным як браты, пераадолець нязгоду, якая іх падзяляе. Неабходна ўмацаваць культуру міру, якую гэтая краіна ў вялікай ступені набыла на працягу стагоддзяў, і паказаць усяму свету, як абараніць этычныя і маральныя каштоўнасці, як абараніць уласныя сем’і, заснаваныя на гэтых каштоўнасцях, якія запэўніваюць ім будучыню», — сцвердзіў Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч. Для таго, каб паспяхова выканаць гэтае заданне, прадстаўнік Святога Пасаду запрасіў беларускіх вернікаў браць прыклад з Панны Марыі — пакорнай Слугі Пана Бога, і завяршыў гамілію словамі Яе гімна Magnificat: «Велічае душа мая Пана…»

 

Абноўлена 04.07.2021 00:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця