Пошук

11.05.2021 08:59   Catholic.by

Раніцай 11 мая ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай на даху ўзнікла ўзгаранне. Пажарныя прыбылі на месца здарэння. Вернікаў заклікаюць да малітвы.

Як паведаміў Catholic.by пробашч парафіі ў Будславе ксёндз Дзмітрый Дубовік, Найсвяцейшы Сакрамэнт і абраз Маці Божай Будслаўскай адразу пасля з’яўлення дыму былі вынесены ў бяспечнае месца.

З дапамогаю валанцёраў з касцёла таксама было вынесена ўсё, што толькі магчыма: літургічныя праналежнасці, абразы, кнігі і іншыя пераносныя рэчы.

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч заклікае вернікаў да малітвы праз заступніцтва святога мучаніка Фларыяна аб уратаванні будслаўскай святыні, якая з’яўляецца не толькі цэнтрам духоўнага жыцця, але і ўнікальным помнікам сакральнай архітэктуры і мастацтва.

Біскуп Алег Буткевіч, а таксама Апостальскі адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец выехалі ў Будслаў.

З Мінска і Газы (Астравецкі раён) у Будслаў былі скіраваны дадатковыя пажарныя разлікі, у распараджэнні якіх маюцца пажарныя драбіны вялікай даўжыні для тушэння даху на высокіх будынках.

Каля 10-й гадзіны дах над цэнтральнай навай будслаўскага касцёла цалкам знішчаны агнём і абрынуўся. Працягвае гарэць дах над бакавымі навамі. Усярэдзіне вялікае задымленне, абрынуўся адзін з жырандоляў.

Каля 11-й гадзіны пажар у Нацыянальным Санктуарыі быў лакалізаваны. Дах згарэў цалкам, працягваецца праліццё канструкцый вадою. Існуе небяспека абрушэння скляпенняў.

У 14.45 разлікі пажарных завяршаюць тушэнне паасобных ачагоў і рыхтуюцца да разбору завалаў на скляпеннях базылікі.

Пра прычыны ўзгарання нічога не паведамляецца.

Ужо ў бліжэйшыя дні плануецца аднавіць цэлебрацыю набажэнстваў у старым касцёле будслаўскага санктуарыя, які не быў пашкоджаны агнём і не пацярпеў падчас тушэння пажару.

  • Згарэў дах святыні.

Абноўлена 11.05.2021 16:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця