Пошук


19 снежня ў памяшканні курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбылася прэс-канферэнцыя і аплаткавая сустрэча з журналістамі, якую правялі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Юрый Касабуцкі.

Напрыканцы года традыцыйна адбываецца сустрэча іерархаў з прадстаўнікамі СМІ, на якой падводзяцца вынікі жыцця Касцёла за гэты перыяд. На сёлетняй прэс-канферэнцыі ў фокусе была моладзь і сям’я як галоўныя кірункі, на якіх у апошні час засяроджана душпастырская ўвага Касцёла на Беларусі і ва ўсім свеце.

На пачатку ўсіх прысутных прывітаў прэс-сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі кс. канонік Юрый Санько, пасля чаго слова ўзяў Старшыня беларускага епіскапату арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Вітаючы журналістаў, арцыпастыр назваў іх калегамі, паколькі ў сучасным свеце СМІ адыгрываюць вялікую ролю ў абвяшчэнні Божага слова, што з’яўляецца асноўным абавязкам святароў.

Кароткую гадавую справаздачу іерарх распачаў з моладзі, якой быў прысвечаны мінулы душпастырскі год у Беларусі.

Арцыбіскуп звярнуў увагу на тое, што моладзь з’яўляецца надзеяй Касцёла і грамадства, паколькі ад яе залежыць заўтрашні дзень. Калі Касцёл і грамадства страціць маладое пакаленне, у выніку ўтворыцца «дэмаграфічная дзіра», якую нічым не магчыма запоўніць. Менавіта таму такую вялікую ўвагу Касцёл удзяляе выхаванню маладога пакалення на здаровых хрысціянскіх каштоўнасцях, традыцыйных для нашага грамадства.

У прыватнасці, арцыбіскуп згадаў усебеларускую сустрэчу каталіцкай моладзі, якая ўвесну гэтага года прайшла ў Гродне, сабраўшы больш за дзве з паловай тысячы юнакоў і дзяўчат з усёй краіны. Ён таксама не абмінуў і Будслаўскі фэст, які, нягледзячы на халоднае надвор’е і праліўны дождж, сабраў сёлета не менш, чым звычайна, удзельнікаў і пілігрымаў, сярод якіх было таксама нямала моладзі.

Пры гэтым іерарх з гонарам адзначыў, што сёлета свята ў гонар Маці Божай Будслаўскай было ўключана ў рэпрэзентацыйны спіс нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА, што, на яго думку, узняла гэты фэст з рангу канфесійных падзей да ўзроўню падзеі агульнанацыянальнай значнасці.

У такім прызнанні арцыбіскуп бачыць таксама прыклад плённага ўзаемадзеяння Касцёла і дзяржавы на карысць усяму беларускаму грамадству і дзеля павышэння аўтарытэту нашай краіны на міжнароднай арэне.

Сярод іншых значных падзей з жыцця Касцёла за мінулы год кіраўнік беларускага епіскапату ўзгадаў удзел прадстаўнікоў нашай краіны ў Сусветнай сустрэчы сем’яў у Ірландыі, а таксама свой удзел у Сінодзе Біскупаў, прысвечаным моладзі. Падчас працы Сіноду ён неаднаразова сустракаўся з папам Францішкам і бачыў, што Святы Айцец сапраўды жыў Сінодам і што для яго вельмі важныя пытанні, якія на ім абмяркоўваліся.

Іерарх адзначыў, што гэта быў не толькі «Сінод пра моладзь», а «Сінод з моладдзю», якой у ім была дана шырокая магчымасць для ўдзелу. У выніку быў прыняты дакумент, які арцыбіскуп Кандрусевіч назваў «дарожнай картай» для душпастырства моладзі, з якой павінен пазнаёміцца кожны святар, а асабліва тыя, хто працуе ў моладзевым душпастырстве.

Як значны крок у працы з падрастаючым пакаленнем арцыбіскуп прадставіў адкрыццё ў Мінску Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра для дзяцей і моладзі, дзверы якога адчынены для ўсіх: не толькі для дзяцей з каталіцкіх сем’яў, але і для прадстаўнікоў іншых канфесій і нават няверуючых. Цэнтр пакліканы зрабіць свой унёсак у выхаванне дзяцей і моладзі на хрысціянскіх каштоўнасцях і спрыяць умацаванню сям’і — асноўнай клетачкі грамадства.

Кіраўнік беларускага епіскапату зазначыў, што, беручы пад увагу важнасць і надзённасць гэтых заданняў, якія стаяць перад Касцёлам і ўсім беларускім грамадствам, каталіцкія біскупы Беларусі вырашылі, што наступны душпастырскі год у мясцовым Касцёле будзе прысвечаны тэме: «Сям’я — крыніца радасці і надзеі моладзі».

На гэтым арцыпастыр завяршыў кроткі агляд падзеяў мінулага года ў жыцці Каталіцкага Касцёла на Беларусі, але першае ж пытанне, зададзенае журналістамі, прымусіла яго вярнуцца да яшчэ адной важнай падзеі, якая адбылася на пачатку мінулага года, а менавіта да візіту Ad limina Apostolorum, калі ўсе каталіцкія біскупы Беларусі наведалі са справаздачай Апостальскую Сталіцу і сустрэліся з папам Францішкам. Арцыбіскуп Кандрусевіч зазначыў, што Святы Айцец атрымаў запрашэнне наведаць Беларусь, хоць пакуль не можа яго рэалізаваць з пэўных прычынаў.

На пытанне пра ўдзел Касцёла ў палітычным жыцці краіны арцыбіскуп выказаўся станоўча, згадаўшы тэмы, на якія іерархі звярталі ўвагу ўладаў. Касцёл асаблівым чынам хвалююць маральныя пытанні, якія так ці інакш узнікаюць у грамадстве і патрабуюць у тым ліку заканадаўчага вырашэння. Пры гэтым арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў, што асабіста звяртаўся да ўладаў з прапановаю ўдзелу Касцёла ў абмеркаванні такіх заканадаўчых ініцыятываў, як праект закона аб супрацьдзеянні хатняму насіллю, які ўрэшце быў прызнаны недапрацаваным.

Іерарх падзяліўся і занепакоенасцю Касцёла ўсё больш настойлівай прапагандай гендарнай ідэалогіі, якая пачынае гучаць таксама з вуснаў некаторых высокіх прадстаўнікоў улады, як было, у прыватнасці, падчас VI форуму праграмы  «Святасць мацярынства», што праходзіў у Мінску. Падкрэсліваючы роўнасць усіх людзей, а таксама неабходнасць супрацьстаяць рэальнаму насіллю ў сям’і, арцыбіскуп адзначыў немагчымасць адыходу ад хрысціянскіх каштоўнасцяў, паколькі яны з’яўляюцца традыцыйнымі каштоўнасцямі беларускага грамадства, на якіх вырасла не адно пакаленне нашых суайчыннікаў і якія цяпер хтосьці пачынае ставіць пад сумненне ў імя няправільна зразуметых дэмакратыі і правоў чалавека.

У адказ на пытанне пра хадайніцтва Касцёла адносна ўключэння ўрачыстасці Усіх Святых (1 лістапада) у спіс выходных дзён у Рэспубліцы Беларусь, арцыбіскуп Кандрусевіч растлумачыў, чаму гэта настолькі важна для вернікаў, і пацвердзіў, што Касцёл будзе працягваць выступаць з гэтай ініцыятывай.

Адносна рэстаўрацыі старажытных касцёлаў, многія з якіх знаходзяцца, фактычна, у руінах, іеарах растлумачыў, што ў Касцёла няма магчымасці ўратаваць усе помнікі, якія гэтага патрабуюць. У гэтым пытанні неабходна прытрымлівацца меркаванняў душпастырскай рацыянальнасці: паколькі большасць вернікаў у Беларусі сёння пражывае ў гарадах, значна больш надзённым з душпастырскага пункту гледжання з’яўляецца будаўніцтва новых капліц і касцёлаў у т.зв. «спальных раёнах». З прычыны абмежаваных матэрыяльных сродкаў, іх часам не хапае нават на вырашэнне гэтых першачарговых задач, не кажучы пра аднаўленне руінаў старажытных культавых пабудоваў, якія часта знаходзяцца там, дзе ўжо ніхто не жыве.

На пытанне адносна складанасцяў, якія ўзніклі з атрыманнем семінарыстамі адтэрміноўкі ад прызыву ў войска, арцыбіскуп растлумачыў, што працэдура да гэтага часу выглядае наступным чынам. Паводле палажэнняў аб вайсковай службе, даць адтэрміноўку або вызваліць ад яе праходжання асобныя катэгорыі грамадзянаў, сярод якіх згадваюцца таксама святары і семінарысты, мае права кіраўнік дзяржавы.

Спісы такіх асобаў складаюцца касцёльнымі структурамі і падаюцца ў адпаведныя органы дзяржаўнай улады. Далейшая працэдура для прадстаўнікоў Касцёла застаецца таямніцай, таму арцыбіскуп не ведае прычын, з-за якіх у апошні час узнікалі падобныя праблемы. Пры гэтым ён падкрэсліў, што з гэтай сітуацыяй сутыкнуліся не толькі католікі, але і прадстаўнікі іншых канфесій.

Каб пазбегнуць падобных непаразуменняў у будучыні, кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату прапанаваў скарыстаць вопыт нашых суседзяў, які паспяхова апраўдаў сябе ў Літве.

У гэтай краіне раз на пяць гадоў усе ваеннаабавязаныя семінарысты праходзяць вайсковыя зборы пад наглядам вайсковых капеланаў, што магло б практыкавацца таксама і ў нас. Арцыбіскуп Кандрусевіч паведаміў журналістам, што ён выказаў такую прапанову ўпаўнаважанаму па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, але ніякай рэакцыі на гэта не атрымаў.

Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, у сваю чаргу, паведаміў, як ідзе наперад працэс утварэння ў Беларусі каталіцкай акадэміі, а таксама растлумачыў парадак выкарыстання касцёльных тэкстаў у перакладзе на беларускую мову, якія былі зацверджаны касцёльнай уладай.

Апошнім пытаннем на прэс-канферэнцыі было тое, якім чынам найлепш падрыхтавацца да святаў Божага Нараджэння. У адказ арцыбіскуп звярнуў увагу на тое, што ўвесь перыяд Адвэнту — чатыры тыдні перад Калядамі — прысвечаны такой падрыхтоўцы, якая павінна перадусім быць духоўнай, унутранай.

Менавіта падрыхтоўка сэрца, а не знешнія атрыбуты, дапамагаюць належным чынам сустрэць свята і не размінуцца з Хрыстом, які прыходзіць у гэты свет, сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Пасля заканчэння прэс-канферэнцыі, што працягвалася больш за гадзіну, адбылося дзяленне аплаткай, якое суправаджалася выказваннямі святочных віншаванняў і шчырых пажаданняў.

Абноўлена 19.12.2018 19:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа