Пошук

27.11.2017 11:20   Ілья Лапато / Catholic.by

Біскупы Беларусі падтрымалі ініцыятыву каталіцкіх вернікаў усталяваць выхадны дзень для ўшанавання памяці памерлых. Пытанне было абмеркавана на пленарным пасяджэнні епіскапату 21 лістапада.

Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і па яе даручэнні адмысловы ліст прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку накіраваў старшыня епіскапату Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Пра гэта іерарх паведаміў у каментарыі Catholic.by. Паводле яго слоў, у многіх краінах свету 1 лістапада з’яўляецца выхадным днём.

«1 лістапада Каталіцкі Касцёл ва ўсім свеце адзначае ўрачыстасць Усіх Святых. У гэты дзень мы таксама наведваем могілкі, і па традыцыі ўжо вечарам гэтага дня набажэнствы цэлебруюцца ў інтэнцыі памерлых, вельмі часта — на могілках», — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Іерарх дадаў, што ў шэрагу краін свету, дзе жывуць католікі і пратэстанты, 1 лістапада на дзяржаўным узроўні ўсталяваны выхадным днём і адпавядае касцёльнай традыцыі.

«Дзень усіх памерлых мы пачынаем адзначаць 1 лістапада. Калі гэты дзень будзе вольным, ён стане добрай нагодай памаліцца не толькі ў касцёле, але і на могілках. Разам з тым, гэта прывядзе да балансу з Праваслаўнай Царквой, дзе вернікі маюць выхадны дзень — Радаўніцу».

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч дадаў, што з падобнымі прапановамі звярталіся ў епіскапат Беларусі і свецкія вернікі.

«У Беларусі жыве шмат змешаных сем’яў — католікаў і праваслаўных. У такіх сем’ях гэта пытанне адчуваецца яшчэ больш востра: праваслаўны можа пайсці і памаліцца ў гэты дзень на могілкі, а ў католікаў — гэта рабочы дзень», — нагадаў Мітрапаліт.

Абноўлена 27.11.2017 12:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.