21 лістапада ў Апостальскай нунцыятуры ў Мінску адбылося 67-е пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, на якім прысутнічалі іерархі, Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
Напачатку да прысутных звярнуўся Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Габар Пінтэр.
- Падчас пасяджэння была абмеркавана праграма візіту Ad limina у Рым, які беларускія іерархі здейсняць з 31 студзеня па 7 лютага 2018 г.
- Біскупы разгледзелі пытанне выдання падручніка «Бог любіць мяне. Першы год падрыхтоўкі да сакрамэнтаў пакаяння і Эўхарыстыі».
- Ксёндз канонік Ян Крэміс прадставіў выдадзены Новы Запавет на беларускай мове і запрасіў прысутных на прэзентацыю, якая адбудзецца 25 лістапада ў касцёле св. Сымона і св. Алены, а 19 снежня — у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
- Епіскапат абмеркаваў справу фацімскіх набажэнстваў у першыя суботы месяца і выступіў з заахвочваннем па меры магчымасці праводзіць такія набажэнствы ва ўсіх парафіях у Беларусі.
- Біскупы зацвердзілі тэму наступнага пастырскага года «Моладзь — надзея Касцёла і грамадства».
- Былі абмеркаваны пэўныя аспекты публікацый на партале Catholic.by, які з’яўляецца афіцыйным інтэрнэт-парталам Каталіцкага Касцела ў Беларусі.
- Біскупы прынялі паведамленне да вернікаў на заканчэнне тэрміну малітвы духоўнага ўсынаўлення ненароджанага дзіцяці.
Падчас пасяджэння былі абмеркаваны таксама іншыя бягучыя пытанні.
Наступная дата пленарнага пасяджэння запланавана на 11 красавіка 2018 г.