Пошук

15.11.2018 11:55   Catholic.by

14 лістапада Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, прыняў удзел у VI форуме праграмы «Святасць мацярынства» ў Малой зале Палаца Рэспублікі ў Мінску. Іерарх выступіў на пленарным пасяджэнні «Сям’я ў сучасным свеце: значэнне, тэндэнцыі і перспектывы».

У пасяджэнні ўдзельнічалі прадстаўнікі дзяржаўнай улады, рэлігійных супольнасцяў, грамадскіх арганізацый, свету навукі і культуры.

У сваім выступленні арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў, што ў гэтым годзе Каталіцкі Касцёл адзначае 50-гадовы юбілей энцыклікі «Humanae Vitae», якую святы папа Павел VI абвясціў 25 ліпеня 1968 г. Гэтая энцыкліка, па словах іерарха, стала каталіцкім адказам на ідэі кантролю над нараджальнасцю, якія ўжо ў той час актыўна прапагандаваліся многімі міжнароднымі арганізацыямі, у тым ліку ААН і Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя.

У гэтай энцыкліцы, дадаў арцыбіскуп, «Папа дакладна і недвухсэнсоўна падкрэсліў амаральнасць кантролю над нараджальнасцю праз практыку абортаў, а асабліва кантрацэпцыі, вызначыўшы іх як “зло ў самой сваёй сутнасці”», і «фактычна ён быў першым рэлігійным лідарам у свеце, які звярнуў увагу на велізарную небяспеку кантрацэптыўнага мыслення». Папа «перасцерагаў перад яго катастрафічнымі наступствамі, а менавіта шырокім распаўсюджваннем сужэнскай нявернасці і агульным зніжэннем маральнасці».

«У наш час мы ўсё больш пераконваемся ў прароцкай ролі гэтай энцыклікі, бо ўсё, аб чым перасцерагаў Папа, здзяйсняецца не толькі ў свеце, але і ў нашай краіне», — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч. У сувязі з гэтым іерарх згадаў, што ў Беларусі ўзровень нараджальнасці «даўно знаходзіцца ніжэй за ўзнаўленне», «узровень разводаў — адзін з самых высокіх у свеце», «велізарная колькасць венерычных захворванняў сведчыць пра тое, што распуста да шлюбу і сужэнская нявернасць сталі ладам жыцця для вельмі многіх нашых сучаснікаў».

«Святы Павел VI звяртае ўвагу на непарыўнасць двух галоўных элементаў сужэнскага акту: з аднаго боку ён аб’ядноўвае сужэнцаў, з іншага — служыць працягу чалавечага роду, — працягваў арцыбіскуп. — Гаворка ідзе пра непарыўнасць сексуальных адносін і дзетараджэння. Аднак сёння мы паўсюдна бачым зваротную карціну — большасць беларускіх сужэнцаў дазваляюць нарадзіцца толькі аднаму дзіцяці, максімум дваім, а потым выкарыстоўваюць аборты ці кантрацэпцыю, ненатуральнасць якіх сёння нікога ўжо не здзіўляе і не абурае, а з’яўляецца нечым звычайным, у тым ліку для моладзі, якая не знаходзіцца ў шлюбе».

«Дастаткова сказаць, што ў нашай краіне сярэдні ўзрост пачатку палавога жыцця — 17 гадоў, а сярэдні ўзрост нараджэння першага дзіцяці — 26 гадоў», — адзначыў іерарх, дадаўшы, што, як вынікае з гэтага, «моладзь, надзея і будучыня нашай краіны, у сярэднім на працягу 9 гадоў да шлюбу жыве палавым жыццём, выкарыстоўваючы кантрацэпцыю і аборты».

Таксама, па словах старшыні беларускага епіскапату, усё большыя абароты набірае гендарная ідэалогія, якая «па сваёй сутнасці з’яўляецца бунтам супраць Бога-Стварыцеля, які стварыў чалавека як мужчыну і жанчыну, а не як дзясяткі розных гендараў-жанраў». Яе сапраўдная мэта, як дадаў арцыбіскуп, у «легітымацыі ўсемагчымых вычварэнняў, крайняй сексуалізацыі ўсіх сфераў жыцця і, у канчатковым выніку, радыкальным зніжэнні нараджальнасці, бо ў аднаполых шлюбах дзяцей быць не можа».

«Менавіта таму прыхільнікі аднаполых шлюбаў абараняюць і навязваюць штучнае апладненне і сурагантнае мацярынства, якія ў многіх краінах запатрабаваны нетрадыцыйнымі сексуальнымі накірункамі і па сваёй сутнасці радыкальна аддзяляюць дзетараджэнне ад сексальных адносін», — сказаў іерарх.

Як заўважыў ён, у Канцэпцыі Нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь «падкрэсліваецца вядучая роля традыцыйных маральных каштоўнасцяў для ўмацавання інстытута сям’і і павышэння нараджальнасці». «З аднаго боку, мы сапраўды бачым падтрымку шматдзетных сем’яў і намаганні дзяржавы ў фарміраванні прасямейнай палітыкі, у чым наша краіна з’яўляецца ўнікальным станоўчым прыкладам для многіх краін свету. Але з іншага мы бачым актыўнае навязванне кантрацэпцыі сужэнцам і нават моладзі, якая не знаходзіцца ў шлюбе, пад выглядам прафілактыкі ВІЧ, вельмі вялае супрацьдзеянне абортам, разбэшчванню маладога пакалення, фарміраванню спажывецкага стаўлення да жыцця і інш.», — адзначыў арцыбіскуп.

Выхад з гэтай сітуацыі, па яго словах, — у «рэальным супрацоўніцтве дзяржавы з Цэрквамі ў сферы абароны жыцця і традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, увядзенні ў сістэму адукацыі сем’язнаўства, накіраванага на папулярызацыю чыстасці да шлюбу і ў шлюбе, у выхаванні да запаведанага Богам дзетараджэння».

Выключна важным элементам дзяржаўнай палітыкі, звярнуў увагу іерарх, павінна стаць «фарміраванне здаровай інфармацыйнай прасторы, у чым Каталіцкі Касцёл мае станоўчы досвед і рады ім падзяліцца з іншымі».

Таксама «абсалютна неабходным з’яўляецца стварэнне грамадска-царкоўнай працоўнай групы па рэалізацыі праграмы дэмаграфічнай бяспекі, якая будзе адэкватна рэагаваць на пагрозы сям’і».

Абноўлена 15.11.2018 16:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.