Пошук

09.10.2018 11:14   Падрыхтаваў: Ілья Лапато / Catholic.by
Фота выкарыстана ў якасці ілюстрацыі

У Беларусі актыўна абмяркоўваюць будучы закон аб хатнім насіллі. Якую пазіцыю займае Касцёл?

Пры распрацоўцы канцэпцыі будучага закона «Аб супрацьдзеянні хатняму насіллю» яе аўтары выкарыстоўваюць выразы «гендар», «гендарнае выхаванне» і «гендарнае насілле».

Слова «гендар» замацавана і ў іншых двух дакументах, на якія абапіраюцца складальнікі: Нацыянальны план дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці ў Рэспубліцы Беларусь на 2017-2020 гг. і Стамбульскую канвенцыю (Канвенцыю Савета Еўропы аб прадухіленні і барацьбе з насіллем у адносінах жанчын і хатнім насіллем).

Тэорыя гендару супрацьстаіць вучэнню Каталіцкага Касцёла. Неаднаразова з рэзкай крытыкай згаданай ідэалогіі выступаў папа Францішак.

Падчас прэс-канферэнцыі па выніках паездкі ў краіны Каўказу папа Францішак назваў яе праявай ідэалагічнай каланізацыі і вайной з сужэнствам.

Тэорыя гендар, паводле папы Францішка, выклікае асцярогу, бо вядзе да «грамадства без адрозненняў полу і баналізуе антрапалагічныя асновы сям’і»; у ёй «чалавечая ідэнтычнасць залежыць ад індывідуальнага выбару».

Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла гаворыць аб тым, што кожны чалавек, мужчына ці жанчына, пакліканы прызнаць і прыняць сваю сексуальную тоеснасць, а таксама «спалучаць станоўчы закон з натуральным, паводле якога сексуальнай тоеснасцю нельга распараджацца адвольна, паколькі яна з’яўляецца аб’ектыўнай умовай фарміравання мужчыны і жанчыны ў сужэнстве» (СВК, 224).

Такім чынам, Касцёл не супраць асобнага закона аб прадухіленні насілля, але не пагаджаецца з тэрмінамі «гендару», прадстаўленымі ў канцэпцыі законапраекта, а таксама з некаторымі яго фармулёўкамі адносна абароны правоў дзяцей [гл. ніжэй].

«Паняцце „гендар" і яго вытворныя — гэта канструкт, які праводзіць ідэю „сацыяльнага полу", адмаўляе стварэнне чалавека як мужчыны і жанчыны (пар. Быц 1, 27) і прадугледжвае „ачышчэнне" ад усіх культурных, рэлігійных і сямейных традыцый пад выглядам барацьбы за раўнапраўнасць», — адзначаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, выказваючыся адносна канцэпцыі закона «Аб супрацьдзеянні хатняму насіллю».

Стамбульская канферэнцыя і гендар

Канцэпцыя закона «Аб супрацьдзеянні хатняму насіллю» абапіраецца ў тым ліку на Стамбульскую канферэнцыю.

З крытыкай тэрмінаў, якія выкарыстоўваюцца ў Стамбульскай канвенцыі, выступаюць і міжнародныя эксперты ў сферы абароны жыцця.

«У Стамбульскай канвенцыі насілле над жанчынамі прадстаўлена як насілле над „гендарам”, — адзначае юрысконсульт Міжнароднай праваабарончай арганізацыі ADF International Адзіна Партару. — Мэта Стамбульскай канвенцыі — змясціць акцэнт і займацца не правамі жанчын, а тэмай гендару».

Гендар у азначэнні Стамбульскай канвенцыі – сацыяльна сканструяваная роля паводзін, актыўнасць і атрыбуты, якія грамадства лічыць тыповымі для жанчыны або мужчыны.

Старшыня беларускай дабрачыннай арганізацыі «Адкрытыя сэрцы» і доктар тэалогі Уладзіслаў Валаховіч перакананы, што законапраект у такім выглядзе патрабуе сур’ёзнай дапрацоўкі. Пачынаючы з верасня 2018 года, Уладзіслаў з'яўляецца таксама адміністрацыйным сакратаром Экспертнай рады па справах абароны жыцця і сям'і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Паводле слоў эксперта, тэорыя «гендару» — толькі адзін са спрэчных момантаў у будучым законапраекце. Канцэпцыя закранае і пытанні выхавання ў сям’і, да якіх можна аднесці і кару дзяцей бацькоўскай дзягай.

«Такім законам бацькоў фактычна выводзяць з працэсу выхавання дзяцей, адкрываючы дарогу ювенальнай юстыцыі, — зазначыў Валаховіч. — У такім выглядзе канцэпцыя не можа быць прынята, бо яе мэта — у прасоўванні заканадаўчай базы для гендарнай ідэалогіі і барацьбы з традыцыйнымі, духоўнымі і хрысціянскімі каштоўнасцямі на тэрыторыі Беларусі».

Ювенальная юстыцыя — з лацінскай мовы juvenālis «юнацкі» і jūstitia «правасуддзе».

Адной з асноўных функцый ювенальнай юстыцыі з’яўляецца абарона дзяцей ад бацькоў, забіранне непаўнагадовых з сем’яў і збор доказаў аб парушэнні бацькамі правоў дзіцяці.

На думку арцыбіскупа Кандрусевіча, «увядзенне ў канцэпцыю тэрмінаў „псіхалагічны гвалт" і „эканамічны гвалт", а таксама шырокае іх разуменне адкрываюць неабмежаваную прастору для ўмяшання ў сям’ю разнастайных чыноўнікаў».

«Гэтыя тэрміны з’яўляюцца элементамі ювенальнай юстыцыі, з-за якой у першую чаргу пацерпяць адносіны паміж бацькамі і дзецьмі. У выніку аслабне аўтарытэт бацькоў і прэстыж бацькоўства, гэтак жа як магчымасць бацькоў адэкватна займацца выхаваннем дзяцей», — дадае іерарх.

Афіцыйна

5 кастрычніка на тэму законапраекта выказаўся і Прэзідэнт Беларусі. Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што не прыхільнік таго, каб караць дзяцей. Але часам, на яго думку, гэтага цяжка пазбегнуць.

«Гэта наша традыцыя, наша жыццё, і мы будзем выхоўваць так, як трэба. Можа, нават не законам, а абыдземся ўнясеннем змяненняў у існуючыя законапраекты. У нас ёсць адпаведная Дырэктыва Прэзідэнта, якая датычыцца гэтых праблем», — прывёў прыклад кіраўнік дзяржавы.

Абноўлена 10.10.2018 11:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця