Пошук

10.08.2018 00:00   Catholic.by

Заўвагі адносна Канцэпцыі закона «Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту»

Прыняцце праекта Канцэпцыі Закона РБ «Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту» (далей «Канцэпцыя») вынікае з прынятага «Плана дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці ў Рэспубліцы Беларусь на 2017–2020 гады» і з’яўляецца працягам наступу на традыцыйныя каштоўнасці, які ўтрымліваецца ў ім; на цэласнасць сям’і, традыцыйныя ролі членаў сям’і, а таксама далейшым размываннем самога паняцця сям’і. У Канцэпцыі відавочная спроба злучыць паняцце «традыцыйныя сямейныя каштоўнасці» і паняцці «гендар», «гендарныя стэрэатыпы», «гендарныя ролі», «гендарная культура», што ў прынцыпе недапушчальна. Паняцце «гендар» і яго вытворныя — гэта канструкт, які праводзіць ідэю «сацыяльнага полу», адмаўляе стварэнне чалавека як мужчыны і жанчыны (пар. Быц 1, 27) і прадугледжвае «ачышчэнне» ад усіх культурных, рэлігійных, сямейных, народных традыцый і вопыту пад выглядам барацьбы за раўнапраўнасць. Папа Францішак рэзка асудзіў гендарную канцэпцыю, назваўшы яе ідэалагічнай каланізацыяй і сусветнай вайной супраць сям’і (пар. Pope says gender theory part of 'global war' on marriage, family).

Сцверджанні пра «ўмацаванне інстытута сям’і», што ўтрымліваюцца ў Канцэпцыі, прама супярэчаць яе зместу, які атакуе традыцыйныя сямейныя каштоўнасці. Гэта праяўляецца таксама ў паўторах сцверджанняў пра прынятыя «міжнародныя абавязацельствы» і «рэкамендацыі». У апошнія гады на міжнароднай арэне адзначаецца бесперапынны паток разнастайных «канвенцый», «дэкларацый», «рэкамендацый», скіраваных на падрыў маральных асноваў інстытута сям’і, спрадвечных прынцыпаў выхавання дзяцей бацькамі і саміх паняццяў «мужчына» і «жанчына».

Адным з такіх дакументаў з’яўляецца Стамбульская канвенцыя ад 11 мая 2011 г., на прынцыпах якой і заснавана Канцэпцыя. У межах гэтай канвенцыі цалкам размываецца традыцыйнае паняцце сям’і, а шлюб прыраўноўваецца да пазашлюбнага сумеснага жыцця. Гэта, у сваю чаргу, адкрывае шлях да далейшай грамадскай і юрыдычнай легітымацыі «саюзаў» з палавымі адхіленнямі з наступным надзяленнем іх правам усынаўлення дзяцей, што з’яўляецца сёння нормай у краінах Еўрасаюза.

Такім чынам, Канцэпцыя глыбока супярэчыць нацыянальным, культурным і духоўным традыцыям беларускага народа, паняццю традыцыйных сямейных каштоўнасцяў і ўступае ў супярэчнасць з пунктамі 4, 13, 27, 53 Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, дзе адзначаюцца традыцыйныя каштоўнасці як важныя прынцыпы нацыянальнай бяспекі. Такая пазіцыя супярэчыць афіцыйным выступленням Прэзідэнта і некаторым элементам знешняй палітыкі, скіраваным на ўмацаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, напрыклад, такім, як стварэнне Клуба сяброў сям’і ў ААН.

Вельмі небяспечным з’яўляецца ўвядзенне ў Канцэпцыю тэрмінаў «псіхалагічны гвалт» і «эканамічны гвалт». Шырокія рамкі гэтых паняццяў адкрываюць неабмежаваную прастору для нядобрасумленных паводзінаў і грубага ўмяшання ў сям’ю разнастайных чыноўнікаў. Гэтыя тэрміны з’яўляюцца элементамі ювенальнай юстыцыі, з-за якой у першую чаргу пацерпяць адносіны паміж бацькамі і дзецьмі. У выніку аслабне аўтарытэт бацькоў і прэстыж бацькоўства, гэтак жа як магчымасць бацькоў адэкватна займацца выхаваннем дзяцей.

Надуманае паняцце «эканамічнага гвалту» паклікана раз і назаўсёды падарваць іерархію ў сям’і, гатоўнасць бацькоў быць кармільцамі і выхаваўцамі сваіх дзяцей, і, уласна кажучы, увогуле станавіцца бацькамі.

Асаблівую трывогу выклікае сцверджанне пра «недапушчальнасць разгляду звычаяў, рэлігійных перакананняў, веравызнання, традыцый як апраўдання любых формаў хатняга гвалту або падставы для вызвалення крыўдзіцеля ад адказнасці». Асцерагаюся, што такім чынам Канцэпцыя адкрывае шырокія магчымасці кантролю над веруючымі сем’ямі і прымянення рэпрэсій у сувязі з рэлігійным выхаваннем дзяцей.

Аўтары Канцэпцыі спасылаюцца на прыняцце падобных «прагрэсіўных» законаў у шэрагу краін. Але пры гэтым аўтары не даюць аналізу інфармацыі пра тое, да чаго на практыцы такія законы ў гэтых краінах прывялі.

Як гэтыя законы адбіваюцца на гатоўнасці людзей уступаць у шлюб? На дынаміцы рэгістрацый шлюбаў і разводаў? На гатоўнасці нараджаць дзяцей? На сацыялізацыі дзяцей у духу сямейных каштоўнасцяў?

Калі такія дадзеныя па краінах, дзе дзейнічаюць падобныя законы, адсутнічаюць, варта пачакаць правядзення адпаведных даследаванняў і атрымання іх вынікаў. Да таго часу належыць адкласці прыняцце ўсялякіх «прагрэсіўных канцэпцый», таму што ў адваротным выпадку можа ўзрасці колькасць разводаў, суіцыдаў, пратэстаў і выпадкаў незадаволенасці (улічваючы традыцыйнасць нашага грамадства), што можа прывесці да ўскладнення сацыяльных праблем і дэстабілізацыі становішча ў краіне. Рэалізацыя Канцэпцыі прывядзе да падрыву аўтарытэту бацькоў, разрыву кроўна-сваяцкіх сувязяў, ператварэння педагогаў у сямейных кантралёраў. Дзеці без належнага выхавання будуць вырастаць эгаістычнымі, не будуць жадаць ствараць сем’і і нараджаць дзяцей. Усё гэта паглыбіць дэмаграфічны крызіс, што радыкальна супярэчыць нацыянальнай бяспецы краіны.

Католікі, веруючыя іншых канфесій і рэлігій, людзі добрай волі! Не застанемся абыякавымі да прыняцця лёсавызначальнага для нашай Радзімы закона, канцэпцыя якога цяпер абмяркоўваецца. Узнясем нашыя малітвы да Усемагутнага Бога, каб Ён захаваў нас ад шкоднага ўплыву гендарнай ідэалогіі.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 9 жніўня 2018 г.

Абноўлена 10.08.2018 01:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.