У Іспаніі каталіцкі святар стане перад судом за крытычныя выказванні адносна найбольш радыкальных паслядоўнікаў ісламу. Па абвінавачванні ў «злачынстве на фоне нянавісці» ксяндзу пагражае да трох гадоў зняволення ў вязніцы.
Як паведаміла 19 сакавіка Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, яшчэ ў 2017 годзе ксёндз Кустодыё Балестэр, святар Барселонскай архідыяцэзіі, які цяпер нясе служэнне вікарыя ў парафіі святога Себасцьяна ў Бадалоне, узяў удзел у праграме Alerta Digital, у якой ішла гаворка пра пагрозы, што сыходзяць ад радыкальнай ісламісцкай ідэалогіі. Святар тады сказаў, між іншым, што «радыкальны іслам імкнецца знішчыць хрысціянскую цывілізацыю і зраўнаць Захад з зямлёй». Ён таксама дадаў, што «ў ісламсіцкім асяроддзі не кожны здольны ўчыніць акт насілля, але, на жаль, тэрарысты-камікадзэ, якія забіраюць з сабой [на той свет] тых, каго называюць „нявернымі“, лічацца святымі».
Гэтыя словы выклікалі рэакцыю Таварыства мусульманаў супраць ісламафобіі, якое аб’ядноўвае невялікую колькасць членаў, але фінансуецца з бюджэту ўладамі Каталоніі. На думку прадстаўнікоў згаданага таварыства, ахвярамі злачынства на фоне нянавісці трэба лічыць усіх мусульманаў.
Пракурор з Малагі Марыя Тэрэса Вэрдуга патрабуе для ксяндза Кустодыё Балестэра максімальнага пакарання, прадугледжанага за падобныя злачынствы: трох гадоў зняволення ў вязніцы менавіта з-за яго статусу каталіцкага святара.
Гэты статус, па словах пракурора, робіць яго асабліва небяспечным, бо, на яе думку, яго далейшае служэнне дасць яму магчымасць аказваць уплыў на вялікую колькасць людзей і такім чынам пашыраць нянавісць, якая выклікала б такія самыя выказванні, што ставяць яму ў віну.
«Я гатовы», — кажа святар, прыводзячы ў сваё апраўданне права на свабоду слова. Ён лічыць, што за свае выказванні не можа быць пакараны, паколькі казаў не пра ўсіх мусульманаў, а толькі пра «экстрэмістаў-радыкалаў, пра агрэсіўны ісламізм».