Пошук

28.09.2018 00:58   Ілья Лапато / Catholic.by

Экспертная рада па справах абароны жыцця і сям’і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі выказала занепакоенасць распрацаванай канцэпцыяй Закона «Аб супрацьдзеянні хатняму насіллю».

Канцэпцыя распрацоўвалася ў Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі, а цяпер накіравана на разгляд Прэзідэнту Беларусі. Дакумент могуць зацвердзіць ужо ў кастрычніку 2018 года, а затым адправіць у Палату Прадстаўнікоў на абмеркаванне і выпрацоўку новага законапраекта.

Чаму канцэпцыя выклікае пытанні?

У прадстаўленым аналізе Экспертная Рада аналізуе хібы канцэпцыі і галоўным чынам крытыкуе шырокае выкарыстанне тэрміна «гендар».

«Складальнікі канцэпцыі сумяшчаюць тэрміны “традыцыйныя сямейныя каштоўнасці”, “культурныя каштоўнасці” і тэрмін “гендар”, “гендарныя ролі”, “гендарная культура” і нават замянюць іх адно адным», – гаворыцца ў дакуменце.

Экспертная Рада абурана, што ў працэс абмеркавання Канцэпцыі не была ўключана ніводная царкоўная арганізацыя.

«Каб зменшыць узровень хатняга насілля, трэба ўдасканаліць праграмы па барацьбе з алкагалізмам і наркаманіяй, а таксама развіваць праграмы па маральным і духоўным выхаванні моладзі і дзяцей», – падсумоўвае прапановы Экспертная Рада архідыяцэзіі, заклікаючы да «кардынальнай перапрацоўкі» канцэпцыі.

Пры чым тут «гендар» і Стамбульская канвенцыя?

Канцэпцыю будучага законапраекта напярэдадні Міжнароднага форума абмеркавалі і на прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы 27 верасня.

У прыватнасці было адзначана, што Канцэпцыя прадугледжвае не толькі ўвядзенне тэрміна «гендар», але і пашырэнне тэрміна «насілле», а таксама зробіць магчымым умяшанне прадстаўнікоў МУС і «іншых мас насельніцтва» ў справы сям’і.

«Мы не бачым неабходнасці ствараць у МУС асобны орган, які будзе мець дачыненне да ўсіх сфераў сям’і, – лічыць старшыня ГА “Горад без наркотыкаў” Пётр Шапко. – Гэта стане правобразам ювенальнай судовай сістэмы. Мы не хацелі б, каб у Беларусі распаўсюджваўся такі вопыт. Да таго ж канцэпцыя Закона абапіраецца на замежны вопыт працы са Стамбульскай канвенцыяй, якую Беларусь яшчэ нават не падпісала».

«Калі мы крытыкуем законы аб насіллі, гэта не азначае, што мы падтрымліваем насілле, – адзначыла юрысконсульт Міжнароднайй праваабарончай арганізацыі ADF International Адзіна Портару. – Стамбульская канвенцыя – гэта закон аб правах чалавека, які прыняў Савет Еўропы, каб перамагчы насілле над жанчынамі.

Але я бачу ў гэтым дакуменце падмену паняццяў: насілле над жанчынамі прадстаўлена як насілле над “гендарам”. Мэта Стамбульскай канвенцыі – паставіць у цэнтр тэму гендару.

Да Стамбульскай канвенцыі тэрмін “гендар” у еўрапейскім заканадаўстве разумеўся як роўнасць паміж мужчынам і жанчынай. Канвенцыя размяжоўвае падзел на “гендар” і “пол”.

Як разумець «гендар»?

Гендар у дэфініцыі Стамбульскай канвенцыі – сацыяльна сканструяваная роля паводзін, актыўнасць і атрыбуты, якія грамадства лічыць тыповым для жанчыны або мужчыны. 

Трэба быць уважлівымі пры прыняцці юрыдычных дакументаў і ўлічваць, якім тэкстам напісаны дакумент. Гэта не канвенцыя, якая змагаецца супраць насілля над жанчынамі, мужчынамі і дзецьці, а ў першую чаргу прасоўванне ідэі “гендару”.

Сінім на карце пазначаны краіны, якія ратыфікаваі Стамбульскую канвенцыю. Чырвоным - краіны, якія падпісалі канвенцыю, але яшчэ не ратыфікавалі

Стамбульская канвенцыя была распрацавана Саветам Еўропы і адкрыта для падпісання ў 2011 годзе. Усе члены ЕС абавязаныя да яе ратыфікацыі. Сёння канвенцыю падпісалі 48 дзяржаў, і 28 – цалкам ратыфікавалі яе.

Для ратыфікацыі канвенцыі неабходна ўвесці ў сваё заканадаўства новы тэрмін – вызначэнне гендару.

Любая канвенцыя, якая мае праблему з тэрмінамі, будзе мець праблему і з яе рэалізацыяй. Стамбульская канвенцыя імкнецца да змагання са стэрэатыпамі, заснаванымі на гендары. Але хто будзе вызначаць гэтыя стэрэатыпы?»

Да чаго яшчэ абавязвае Стамбульская канвенцыя?

Паводле слоў Пятра Шапко, Беларусь плануе падпісаць Стамбульскую канвенцыю да 2020 года. Пакуль наша краіна абапіраецца на іншы дакумент –  Канвенцыю ААН, накіраваную на пераадоленне ўсіх формаў дыскрымінацыі ў грамадстве.

Стамбульская канвенцыя абавязвае дзяржавы ўвесці крымінальную адказнасць за такія дзеянні, як аперацыі на жаночых геніталіях, якія прывялі да калецтва; шлюбы пад прымусам, пераследаванні, прымусовыя аборты і прымусовая стэрылізацыя.

Канвенцыя заклікае выкарыстоўваць у працы па барацьбе з насіллем у адносінах да жанчын і хатнім насіллем усе адпаведныя дзяржаўныя ўстановы і службы, забяспечыўшы іх каардынацыю.

Актыўныя дыскусіі на гэты конт вядуцца ў Прыбалтыцы, дзе толькі Эстонія ратыфікавала Стамбульскую канвенцыю. Праціўнікі канвенцыі звяртаюць увагу на тое, што дакумент нібыта легалізуе тэрмін «сацыяльны пол», даючы зялёнае святло феміністычным арганізацыям.

Ці патрэбен Беларусі Закон «Аб супрацьдзеянні хатняму насіллю»?

«Канцэпцыя Закона не нясе ў сабе нічога новага. Ніякіх рэальных спосабаў барацьбы з насіллем у канцэпцыі няма, – лічыць старшыня Пастаяннай камісіі Палаты Прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк. – Прычына насілля ў сем’ях – гэта найчасцей злоўжыванне алкаголем і псіхатропнымі рэчывамі».

Дэпутат адзначыў, што гаворка пра законапраект яшчэ не ідзе, абмяркоўваецца пакуль толькі канцэпцыя Закона «Аб супрацьдзеянні хатняму насіллю».

У выпадку, калі законапраект усё ж будзе выпрацаваны, яго разгляд у парламенце і адпаведна галасаванне за яго прыняцце зойме не менш за паўгода.

«У беларускім заканадаўстве хапае дакументаў, каб рэгуляваць парушэнні ў пытанні хатняга насілля і абароны ад насілля жанчын. Навошта прымаць яшчэ адзін? – лічыць Ігар Марзалюк. – Нават калі законапраект будзе вынесены на абмеркаванне ў Палату Прадстаўнікоў, я буду галасаваць супраць і адстойваць сваю пазіцыю ў рабочай групе. Я прыхільнік традыцыйнага заходняга мыслення.

Мяне здзіўляе імкненне капіраваць вопыт іншых грамадстваў і трансляваць яго на Беларусь, а яшчэ дзівіць, што падобная канцэпцыя была распрацавана ў сістэме МУС».

У чэрвені 2018 года арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выступіў з адкрытым лістом да Прэзідэнта Беларусі, дзе выказаў заклапочанасць сітуацыяй з абмеркаваннем канцэпцыі Закона аб насіллі ў сям'і.

Catholic.by будзе сачыць за развіццём падзей.

Абноўлена 28.09.2018 14:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.