28 верасня ў Мінску пройдзе міжнародны форум «Хатняе насілле ў Рэспубліцы Беларусь: праблемы рэгулявання», на якім абмяркуюць пытанні, звязаныя з прафілактыкай хатняга насілля, і ўвесь комплекс звязаных з гэтым праблем.
Арганізатарамі форуму выступаюць чатыры дабрачынныя арганізацыі: ГА «Горад без наркотыкаў» (Мінск), дабрачынны фонд «Адкрытыя сэрцы» (Магілёў), ГА «Цэнтр падтрымкі сям’і і мацярынства „Мамалета“» (Гомель) і ГА «Выратаванне немаўлят» (Мінск).
У чэрвені арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч скіраваў да Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі адкрыты ліст з просьбай «зрабіць усё магчымае, каб рэальныя заканадаўчыя крокі спрыялі захаванню і ўмацаванню Богам створанага інстытута сям’і, абароне жанчын і дзяцей ад розных формаў насілля».
Тады ж арцыбіскуп дадаў, што Каталіцкі Касцёл гатовы прымаць удзел у абмеркаванні заканадаўчых праектаў, у тым ліку скіраваных на абарону інстытута сям’і.
«Каб пазбегнуць магчымага насілля ў сем’ях, трэба са школьных гадоў пачынаць падрыхтоўку да адказнага бацькоўства і да стварэння сям’і. Тут вялікая роля належыць як школе, так і традыцыйным веравызнанням нашай краіны», — адзначаў у сваім адкрытым лісце да прэзідэнта іерарх.