![]()
Леў XIV заклікаў адказна выкарыстоўваць штучны інтэлект, каб чалавек не стаў ахвярай уласных вынаходніцтваў, а тэхналогіі служылі жыццю і міру.
28 жніўня ў Ватыкане адбылася сустрэча Святога Айца з удзельнікамі Міжнароднага інстытута адміністрацыйных навук, якія якраз завяршылі сваю штогадовую рымскую канферэнцыю. Папа Леў XIV скарыстаўся нагодай, каб яшчэ раз звярнуць увагу на тэму, якая сёння нікога не пакідае абыякавым — уплыў штучнага інтэлекту на чалавека і грамадства.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, Леў XIV нагадаў пра выклікі, якія нясе імклівае развіццё штучнага інтэлекту. Ён адзначыў, што сёння неабходна адкрыта глядзець на рэальнасць, якая ўжо закранае лад жыцця і ўсе ўзроўні грамадскага жыцця.
Асаблівую трывогу выклікае тое, што «рашэнні, якія датычацца чалавечага жыцця, давяраюцца машынам».
Хуткае развіццё штучнага інтэлекту, паводле Пантыфіка, прымушае задумацца, ці зможа чалавек у будучыні кантраляваць гэтыя машыны і ці не стане ахвярай уласных вынаходніцтваў. Таму ён высока ацаніў працу канферэнцыі, удзельнікі якой імкнуліся падкрэсліць незаменную ролю чалавечага розуму перад абліччам новых тэхналагічных сродкаў: чалавечы розум нельга падмяняць алгарытмамі.
«Заклікаць да асцярожнасці, строгага кантролю і часам нават да запаволення ўкаранення штучнага інтэлекту не азначае выступаць супраць прагрэсу»,
— перакананы Папа.
Асобную трывогу выклікае тое, што магутнасці такіх тэхналогій сканцэнтраваныя ў руках буйных карпарацый, а дзяржавам усё цяжэй трымаць руку на пульсе. Таму Пантыфік заклікаў не дапускаць, каб агульнае дабро чалавечай сям'і было прынесена ў ахвяру прыватным інтарэсам.
Ён заахвоціў навукоўцаў працягваць пошук такіх рашэнняў, якія б дапамаглі зрабіць лічбавую сферу больш чалавечнай — асабліва там, дзе гаворка ідзе пра дзяржаўнае кіраванне. Каб тэхналогіі, як ён сказаў, «служылі жыццю і міру».
Міжнародны інстытут адміністрацыйных навук (IIAS) — міжнародная навуковая арганізацыя, якая спецыялізуецца на аналізе сусветных сістэм кіравання і ацэнцы якасці падрыхтоўкі кіраўнікоў вышэйшага ўзроўню ў розных краінах. Інстытут быў заснаваны ў 1930 годзе, штаб-кватэра знаходзіцца ў Бруселі (Бельгія). Апошнім часам IIAS актыўна вывучае штучны інтэлект і магчымасці яго адаптацыі да грамадскіх патрэбаў — у прыватнасці, у судовай сістэме і медыцыне. Адмысловая ўвага надаецца таму, каб пазбягаць прадузятасці алгарытмаў і захоўваць справядлівасць пры прыняцці рашэнняў.





