
Другі дзень апостальскага візіту ў Аргенціну, 9 лістапада, папа Леў XIV прысвяціў сустрэчам з людзьмі, якія прадстаўляюць розныя сферы грамадскага жыцця. Ён наведаў дабрачынны цэнтр, цэлебраваў Імшу на плошчы каля манумента ў Буэнас-Айрэсе, выступіў перад прадстаўнікамі прафсаюзаў і рэлігійных супольнасцей, а таксама сустрэўся з біскупамі. Скразной думкай папскіх выступленняў стала перакананне ў безумоўнай каштоўнасці чалавечага жыцця, важнасці ролі сям’і, годнасці працы і адказнасці Касцёла за найбольш уразлівых.
Дабрачыннасць як падмурак горада любові
Другі дзень аргентынскага этапу падарожжа Леў XIV распачаў з наведвання дабрачыннага цэнтра «Pequeño Cottolengo» ў Клайпале, непадалёк ад Буэнас-Айрэса. Установа была заснавана ў 1935 годзе святым Луіджы Арыёнэ для дапамогі людзям з інваліднасцю і цяжкімі захворваннямі. У капліцы цэнтра захоўваецца рэліквія сэрца святога, і на пачатку візіту Папа правёў там некалькі хвілін у малітве.
Звяртаючыся да супрацоўнікаў цэнтра, Леў XIV назваў іх працу «трывалым падмуркам для будаўніцтва новага горада — горада любові да бліжняга, суіснавання і міру».
«Безумоўна, гэта больш павольны, не вельмі прыкметны і менш грандыёзны будаўнічы праект», чым стварэнне іншых гарадоў. Аднак «менавіта гэтую перспектыву адданасці, гэтую будаўнічую пляцоўку надзеі мы называем “цывілізацыяй любові”»,
— падкрэсліў Папа.

Леў XIV заўважыў таксама, што «каштоўнасці годнасці, інтэграцыі і братэрскага сяброўства, якімі вызначаюцца такія месцы, як гэтае, маюць шмат што сказаць нашым грамадствам, якімі часта кіруе выключна імкненне да эканамічнага поспеху або культ знешнасці».
Звяртаючыся да жыхароў цэнтра, Папа падкрэсліў, што іх жыццё не з’яўляецца цяжарам для грамадства.
«Наадварот, гэта благаслаўленне, бо вы дапамагаеце нам не забывацца, у чым заключаецца падмурак годнасці кожнага чалавека і што сапраўды важнае ў жыцці. Прагрэс краіны вымяраецца таксама тым, наколькі яна здольная прымаць усіх людзей з інваліднасцю і асаблівымі патрэбамі»,
— сцвердзіў Леў XIV.
Сапраўдны прагрэс нельга вымяраць толькі эканамічнымі паказчыкамі, тэхналагічнымі дасягненнямі або знешнім поспехам. Яго крытэрыем становіцца здольнасць грамадства клапаціцца пра тых, хто патрабуе асаблівай падтрымкі.

Папа выказаў пажаданне, каб Аргенціна і надалей ішла гэтым шляхам, а да вялікай гісторыі міласэрнасці далучалася ўсё больш маладых людзей. «Няхай у Аргенціне з’явіцца новае пакаленне святых міласэрнасці! А чаму б усім вам не стаць такімі? Любоў Хрыста заахвочвае нас!» — заклікаў Пантыфік.
На заканчэнне сустрэчы ён нагадаў пра ўсеагульнае пакліканне да святасці, да якога неаднаразова заклікаў і яго папярэднік Францішак:
«Паставім атрыманыя дары на служэнне найменшым і тым, хто мае патрэбу, кожны паводле сваіх магчымасцей, каб горад любові да бліжняга ўмацоўваўся, пашыраўся і дапамагаў разбураць межы эгаізму».
Пасля гэтага Папа асабіста наведаў жыхароў цэнтра, якія атрымліваюць тут дапамогу.
Сям’я — дом, у якім перадаецца вера
Ад дабрачыннага цэнтра Леў XIV накіраваўся ў цэнтр Буэнас-Айрэса, дзе на плошчы каля помніка іспанцам (Monumento de los Españoles) узначаліў святую Імшу.
Дзень, 9 лістапада, супаў з гадавінай асвячэння Латэранскай базылікі — катэдральнага касцёла Біскупа Рыма, які называюць «Маці ўсіх касцёлаў». Гэтая літургічная нагода дапамагла Папу раскрыць тэму Касцёла як Божага дому, у якім усе ахрышчаныя пакліканы жыць у еднасці, як браты і сёстры.

У гаміліі Святы Айцец звярнуўся да евангельскага эпізоду выгнання гандляроў са святыні (Ян 2, 13–22), у якім Езус, убачыўшы, што храм ператварыўся ў месца гандлю, выгнаў прадаўцоў і вярнуў дому Айца яго сапраўднае прызначэнне — быць месцам малітвы.
Разважаючы над гэтым урыўкам, Леў XIV звярнуў увагу на спробу чалавека «таргавацца» з Богам, спадзеючыся заслужыць Яго ласку ўласнымі заслугамі, ахвярамі або выкананнем рэлігійных абавязкаў.
Аднак адносіны з Богам не могуць будавацца паводле логікі гандлю. Ён — Айцец, які бескарысліва дорыць сваім дзецям дабро. Вера не з’яўляецца здзелкай, у якой чалавек разлічвае атрымаць узнагароду за свае ўчынкі.
Папа прапанаваў таксама задумацца над вобразам ракі з прароцтва Эзэхіэля (Эз 47, 1–12). Вада, якая выцякае са святыні, ажыўляе ўсё, да чаго дакранаецца: аздараўляе, вяртае жыццё нават бясплодным землям і перамяняе пустыню.
Гэты вобраз нагадвае пра Божую прысутнасць, якая здольная перамяняць чалавечую рэчаіснасць — смерць у жыццё, хваробу ў здароўе, бясплоднасць у плённасць. Там, дзе чалавек адкрываецца на Бога, пачынаецца аднаўленне жыцця.

Аднак найбольшую ўвагу ў гаміліі Леў XIV засяродзіў на сям’і, назваўшы яе адным з галоўных падмуркаў аргентынскага грамадства. Пантыфік не абышоў цяжкасцяў, з якімі сутыкаюцца сучасныя сем’і: сацыяльнай нестабільнасці, няпэўнасці працы, хатняга насілля, балючых расстанняў і залежнасцей, якія разбураюць адносіны паміж блізкімі.
Ва ўмовах гэтых выпрабаванняў сям’я мае патрэбу ў трывалай аснове, якой з’яўляецца Хрыстус.
Тут Папа звярнуўся яшчэ да аднаго евангельскага вобраза дома — дома, пабудаванага на скале (Мц 7, 24–27). Той, хто слухае словы Езуса і выконвае іх, падобны да мудрага чалавека, які збудаваў дом на скале. Ні дождж, ні паводка, ні вецер не змогуць яго разбурыць. Менавіта такой скалой для сям’і і ўсяго грамадства павінен стаць Хрыстус.
Леў XIV падкрэсліў, што ў сям’і перадаюцца не толькі традыцыі і культура, але і вера, чалавечыя цноты, культура працы, павага да старэйшых, абарона жыцця і вернасць дадзенаму слову. Таму хрысціянская сям’я не належыць выключна мінуламу — яна застаецца неабходнай апорай у свеце, поўным небяспек і няпэўнасці.
![]()
Асобна Святы Айцец звярнуўся да бацькоў, заклікаючы іх перадаваць веру дзецям праз простыя штодзённыя ўчынкі: распавядаць пра Езуса, благаслаўляць ежу, маліцца перад сном, прабачаць і слухаць адзін аднаго, разам удзельнічаць у нядзельнай святой Імшы.
Ён працытаваў словы папы Францішка з апостальскай адгартацыі Amoris laetitia (29), у якой той нагадваў, што сям’я «паклікана да супольнай штодзённай малітвы, чытання Божага слова і эўхарыстычнай камуніі, каб развіваць любоў і ўсё больш станавіцца святыняй, у якой жыве Дух Святы».
«Дарагія сем’і, заклікаю вас стаць галоўнымі дзеючымі асобамі евангелізацыі! Аргенцінскі Касцёл мае патрэбу ў вас»,
— звярнуўся Леў XIV да прысутных.
Праца павінна служыць чалавеку, а не эканоміцы
Пасля святой Імшы Папа працягнуў разважанні пра годнасць чалавека ўжо ў кантэксце эканамічнага і грамадскага жыцця. У Каталіцкім універсітэце Аргенціны ў Буэнас-Айрэсе ён сустрэўся з прадстаўнікамі прафсаюзаў, прадпрымальнікамі, дзеячамі грамадскіх і працоўных рухаў, выкладчыкамі і супрацоўнікамі ўніверсітэта.
![]()
Цэнтральнай тэмай размовы стала годнасць працы і адказнасць эканамічнай сістэмы перад чалавекам.
Леў XIV нагадаў, што праца — гэта не проста спосаб атрымання даходу. Яна дазваляе чалавеку развівацца, рэалізоўваць свае здольнасці, будаваць адносіны, удзельнічаць у жыцці грамадства і ўносіць уклад у агульнае дабро. Больш за тое, праца становіцца спосабам удзелу чалавека ў справе Творцы.
Таму эканамічная сістэма не можа ацэньваць асобу выключна паводле яе прадукцыйнасці або здольнасці прыносіць прыбытак. Па словах Пантыфіка, эканоміка павінна служыць чалавеку, а не чалавек эканоміцы.
![]()
Асаблівую ўвагу Святы Айцец надаў праблеме беспрацоўя. Яно азначае не толькі страту сродкаў да існавання, але і сур’ёзны ўдар па чалавечай годнасці, магчымасці ўдзельнічаць у жыцці грамадства і адчуваць сябе патрэбным.
Папа заклікаў пераадольваць эканамічны эгаізм і індывідуалізм, нагадаўшы пра прынцыпы агульнага дабра, салідарнасці і ўсеагульнага прызначэння зямных дабротаў. Прыватная ўласнасць застаецца важным правам, але яна не адмяняе адказнасці за тое, каб рэсурсы служылі ўсім людзям, асабліва найбольш уразлівым.
«Гэта не проста пачуццё спагады, а адказнасць кожнага чалавека і кожнай установы за дабро ўсіх»,
— сказаў Папа. У гэтым кантэксце Леў XIV нагадаў пра тры патрабаванні сацыяльнай справядлівасці, якія часта падкрэсліваў папа Францішак: зямля, дах над галавой і праца.
![]()
Асобную ролю ў абароне чалавечай годнасці Пантыфік адвёў прафсаюзам. Іх місія не толькі ў абароне інтарэсаў афіцыйна працаўладкаваных. Яны павінны прадстаўляць таксама тых, хто працуе ў нестабільных умовах, заняты ў нефармальным сектары або наогул застаецца па-за межамі сацыяльнай сістэмы.
Папа заклікаў прафсаюзныя арганізацыі змагацца за годныя ўмовы працы, падтрымліваць найбольш уразлівых і даваць голас тым, каго грамадства не заўважае. Святы Айцец звярнуўся і да прадпрымальнікаў. Ён падкрэсліў, што стварэнне працоўных месцаў — важны ўклад у жыццё краіны, аднак прадпрымальніцкая дзейнасць павінна кіравацца не толькі прагай прыбытку, але і адказнасцю за людзей.
![]()
Яшчэ адным важным пытаннем стала развіццё штучнага інтэлекту і аўтаматызацыі. Папа перасцярог, што некантраляванае выкарыстанне тэхналогій можа паставіць пад пагрозу працоўныя месцы і перашкодзіць паўнавартаснаму развіццю чалавека. Тэхналагічнае развіццё павінна суправаджацца адказнай палітыкай, якая гарантуе занятасць, сацыяльную інтэграцыю і справядлівае размеркаванне магчымасцяў:
«Тэхніка заўсёды павінна быць падпарадкаваная этыцы».
Завяршаючы сустрэчу, Папа нагадаў, што ў вачах Бога няма малой або нязначнай працы. Вялікасць чалавечага ўчынку вызначаецца не толькі яго вынікам, але перадусім любоўю, укладзенай у кожны жэст, слова і думку.
Рэлігіі — на службе годнасці, свабоды і надзеі
Ад пытанняў эканамічнай справядлівасці Леў XIV перайшоў да больш шырокай тэмы — адказнасці рэлігійных супольнасцей за жыццё грамадства. У Палацы Сан-Марцін у Буэнас-Айрэсе ён сустрэўся з кіраўнікамі хрысціянскіх супольнасцей і прадстаўнікамі розных рэлігійных традыцый.
![]()
Пантыфік нагадаў пра духоўную сувязь Каталіцкага Касцёла з габрэйскім народам і выказаў павагу да ўсяго святога і праўдзівага, што прысутнічае ў іншых рэлігійных традыцыях, спаслаўшыся на вучэнне Другога Ватыканскага Сабора.
Разважаючы пра аргентынскае грамадства, Леў XIV адзначыў, што яго ідэнтычнасць фарміравалася праз узаемадзеянне карэнных народаў з шматлікімі хвалямі імігрантаў розных культур і веравызнанняў. Нягледзячы на разнастайнасць, людзі вучыліся супрацоўнічаць, стваралі сем’і і супольнасці, будавалі гарады.
У гэтым працэсе рэлігіі не павінны былі станавіцца прычынай падзелу — яны маглі быць прасторай сустрэчы і крыніцай салідарнасці.
![]()
Папа прапанаваў паглядзець на ролю рэлігій праз тры асноўныя аспекты: чалавечую годнасць, свабоду і надзею.
- Першы аспект — абарона чалавечай годнасці.
Паводле Пантыфіка, кожная рэлігія сведчыць пра тое, што чалавек прагне жыцця, праўды, дабра і справядлівасці. Яго існаванне не абмяжоўваецца матэрыяльнымі патрэбамі, бо ў ім закладзена імкненне да паўнаты жыцця.
У гэтым кантэксце Леў XIV заклікаў абараняць чалавечае жыццё на ўсіх яго этапах — ад зачацця да натуральнай смерці, асабліва калі яно знаходзіцца пад пагрозай беднасці і насілля. Пры гэтым малітва павінна знаходзіць працяг у канкрэтным клопаце пра бліжніх.
- Другі аспект — свабода.
Пантыфік нагадаў, што чалавек, звяртаючыся да Бога, прызнае, што сам не з’яўляецца Богам і не мае права лічыць сябе гаспадаром іншых людзей або ўсяго стварэння. Асабліва Святы Айцец перасцярог ад трох ідалаў, якія пагражаюць чалавечай свабодзе: панавання над іншымі, марнай славы і вайны.
«Сапраўднае імя Яго моцы — любоў, любоў, якая не ведае канца», — адзначыў Пантыфік, кажучы пра Бога.
- Трэці аспект — надзея.
Рэлігіі, паводле Льва XIV, з’яўляюцца сувяззю паміж пакаленнямі, носьбітамі шматвяковай памяці, прароцтва і абяцання. Вера дапамагае чалавеку пераадольваць страх перад смерцю і вяртае надзею грамадству і ўсяму свету.
![]()
Пантыфік звярнуў увагу і на само значэнне слова «рэлігія», якое звязваюць з лацінскім словам religare — злучаць, звязваць людзей паміж сабой. Таму рэлігійная мова не павінна заставацца толькі словамі малітвы, але мусіць ператварацца ў канкрэтную любоў і служэнне.
«Становячыся малітвай і абвяшчэннем, наша мова ператвараецца ў красамоўную любоў, якая натхняе кожнае дзеянне», — сказаў Леў XIV.
Гаворачы пра супольную адказнасць за будучыню, Папа прывёў словы святога Яна Паўла II, сказаныя ў 2002 годзе падчас сустрэчы прадстаўнікоў розных рэлігій у Асізі. Тады Пантыфік заклікаў паказаць свету, што шчырая малітва вядзе не да супрацьстаяння і пагарды да іншых, а да канструктыўнага дыялогу.
Кожная рэлігійная супольнасць павінна заставацца вернай уласнаму сведчанню веры, але гэта не перашкаджае ёй супрацоўнічаць з іншымі дзеля міру, справядлівасці і чалавечага братэрства.
На заканчэнне Леў XIV прапанаваў прысутным малітву папы Францішка з энцыклікі Fratelli tutti, у якой гучыць заклік да стварэння грамадства без голаду, беднасці, насілля і войнаў.
Евангелле — у цэнтры душпастырскай дзейнасці
Завяршальным важным пунктам праграмы 9 лістапада стала сустрэча Льва XIV з аргентынскімі біскупамі і сінадальнымі групамі ў катэдральным саборы Найсвяцейшай Тройцы ў Буэнас-Айрэсе. Папа ўзначаліў Нешпары і звярнуўся да іерархаў з заклікам захоўваць еднасць Касцёла, развіваць місійную дзейнасць і не забывацца пра найбольш уразлівых.
![]()
У гаміліі Святы Айцец, спасылаючыся на прыклад Аргенціны як краіны з рознымі рэгіёнамі і культурамі, нагадаў, што гэтая разнастайнасць не павінна перашкаджаць адзінству ў Хрысце, і што Касцёл з’яўляецца «знакам і прыладай еднасці з Богам і адзінства ўсяго чалавечага роду». Але такая еднасць немагчымая без прымірэння, прызнання нанесеных ран і адмовы ад крыўды.
Леў XIV прывёў біблійнага Юзафа, які прабачыў сваім братам, нягледзячы на тое, што яны калісьці прадалі яго ў няволю. Менавіта праз гэтае прабачэнне Юзаф стаў прыладай Божага Провіду і дапамог выратаваць тых, хто прычыніў яму зло. Таму Святы Айцец заклікаў біскупаў прымаць адрозненні з любоўю, захоўваць касцёльную еднасць і развіваць братэрства.
Асноўным крытэрыем душпастырскай дзейнасці, паводле Папы, павінна заставацца абвяшчэнне Евангелля. На гэтай аснове павінны будавацца катэхізацыя, літургічнае і дабрачыннае служэнне, падтрымка святарскіх і манаскіх пакліканняў, суправаджэнне сем’яў і дапамога людзям, якія жывуць у беднасці, не маюць працы або годнага жылля.
![]()
«Любоў Хрыста заахвочвае нас!» — адзначыў Папа. Асабліва Леў XIV падкрэсліў неабходнасць добра ведаць рэальныя абставіны жыцця людзей, бо недастаткова арганізоўваць душпастырскія ініцыятывы, не разумеючы, з якімі праблемамі сутыкаюцца тыя, да каго скіравана служэнне Касцёла.
Сярод тых, хто патрабуе асаблівай увагі, Папа назваў беспрацоўных, моладзь, вымушаную пакідаць радзіму, адзінокіх пажылых людзей і маргіналізаваныя супольнасці. Пры гэтым Святы Айцец нагадаў, што духоўнай падтрымкі і надзеі патрабуюць таксама людзі, чые матэрыяльныя патрэбы ўжо задаволеныя.
![]()
Звяртаючыся да сінадальных груп, Святы Айцец заклікаў працягваць супольнае слуханне і распазнаванне таго, чаго ад Касцёла патрабуе Дух Святы, а таксама ператвараць гэтыя высновы ў канкрэтныя рашэнні — павагу да годнасці кожнага чалавека, клопат пра агульнае дабро, пераважны выбар на карысць бедных і ахову стварэння.
10 лістапада: далейшая сустрэча з Аргенцінай
10 лістапада Vatican News паведаміў яшчэ пра дзве важныя падзеі аргентынскага этапу падарожжа. У другой палове дня 9 лістапада, перад сустрэчай з прадстаўнікамі працоўных рухаў, Леў XIV асабіста сустрэўся з пяццю людзьмі, якія пацярпелі ад злоўжыванняў з боку прадстаўнікоў духавенства і касцёльных устаноў.
![]()
Размова працягвалася больш за гадзіну. Папа выслухаў іх балючыя гісторыі і прапановы, скіраваныя на ўмацаванне працэсаў аздараўлення ў Касцёле. У паведамленні Залы друку Святога Пасада адзначалася, што Папа выказаў пацярпелым, а праз іх і іншым ахвярам, з якімі не было магчымасці сустрэцца, сваю блізкасць і гатоўнасць умацоўваць шляхі абароны, дабра, прыняцця і суправаджэння ў Касцёле.
Тым часам 10 лістапада Пантыфік працягвае аргентынскі этап падарожжа ў наступным горадзе — Кордаве.





