Папа Францішак стаў першым у гісторыі Касцёла Пантыфікам, які наведаў свята сучаснага мастацтва — Венецыянскую біенале.
У нядзелю 28 красавіка вялізны натоўп сустракаў Святога Айца на выспе Джудэка, пасля чаго Папа скіраваўся ў мясцовую жаночую вязніцу, якая служыць таксама выставачнай пляцоўкай.
Там ён выступіў перад прыкладна 80-ю зняволенымі жанчынамі ва ўнутраным двары вязніцы. У сваёй прамове Папа Францішак падкрэсліў, што годнасць чалавека ніколі не павінна быць ізалявана або адмоўлена.
«Вельмі важна, каб турэмная сістэма давала зняволеным прылады і прастору для чалавечага, духоўнага, культурнага і прафесійнага ўзрастання, ствараючы ўмовы для іх здаровай рэінтэграцыі. Калі ласка, не ізалюйце годнасць, не адмаўляйце годнасць, але дайце новыя магчымасці!» — заклікаў Святы Айцец.
Ватыкан вырашыў размясціць свой выставачны павільён у жаночай вязніцы Венецыі.
Адзначаецца, што мерапрыемствы Венецыянскага біенале ў апошнія гады становяцца аб’ектам не толькі сучаснага мастацтва, але і палемікі на вострыя тэмы сучаснага свету.