Пошук

13.12.2022 19:08   Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: REUTERS

Святы Айцец даслаў кіраўнікам дзяржаў віншаванні з Божым Нараджэннем, просячы іх праявіць літасць да людзей, якія знаходзяцца ў турмах.

Пра гэта паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

«У сувязі з набліжэннем Божага Нараджэння, Папа Францішак скіраваў ліст да ўсіх кіраўнікоў дзяржаў, заклікаючы іх праявіць літасць да тых братоў і сясцёр, пазбаўленых свабоды, якія, па іх меркаванні, могуць скарыстацца такой мерай, каб гэты час, пазначаны напружанасцю, несправядлівасцю і канфліктамі, адкрыўся на ласку, што паходзіць ад Пана», — гаворыцца ў паведамленні, якое 12 снежня абнародавала прэс-служба Святога Пасаду.

У 2000 годзе да такога рашэння заклікаў палітычных лідараў святы Ян Павел ІІ. Яго ініцыятыва была прымеркавана да Юбілейнага года і знайшла адлюстраванне на старонках асобнага папскага дакумента пад назвай «Юбілей у турмах». Пантыфік апублікаваў яго праз тыдзень пасля візіту ў рымскую турму Regina Cæli, дзе прасіў кампетэнтныя ўлады скараціць тэрмін пакарання зняволеным, каб даць ім магчымасць распачаць новае жыццё па-за турэмнымі мурамі. У 2002 годзе Ян Павел ІІ паўтарыў свой заклік падчас афіцыйнага візіту ў італьянскі парламент.

Папа Францішак часта звяртае ўвагу на сітуацыю вязняў. Адным з традыцыйных жэстаў яго пантыфікату стала наведванне турмаў і малітва з вязнямі ў Вялікі чацвер.

Падчас Юбілею Міласэрнасці ў лістападзе 2016 года Папа ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў ватыканскай базыліцы, у якой бралі ўдзел сотні людзей, якія адбывалі пакаранне ў турмах.

Тады ён таксама заклікаў кіраўнікоў дзяржаў абвясціць амністыю для зняволеных, якія, на іх думку, могуць скарыстацца гэтай мерай.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа