Пошук

05.10.2018 19:11   БЕЛТА / Catholic.by

«Усё гэта дурасць, узятая перш за ўсё з Захаду, – сказаў Прэзідэнт. – Вы можаце не перажываць, і народ няхай не хвалюецца – мы будзем зыходзіць выключна з уласных інтарэсаў, нашых беларускіх, славянскіх традыцый і нашага жыццёвага вопыту».

Словы кіраўніка дзяржавы, якімі ён падзяліўся з журналістамі 5 кастрычніка, перадае БЕЛТА.

У канцэпцыі закона аб супрацьдзеянні хатняму насіллю змешчана шмат неадназначных норм. Напрыклад, пад «насіллем» прапаноўваюць лічыць выпадкі, калі бацькі не даюць дзіцяці кішэнных грошай або прымушаюць прыбіраць рэчы.

«Недзе хтосьці сказаў – аб супрацьдзеянні насіллю ў сям'і. Гэта цяпер модная фармулёўка на Захадзе, – дадаў Лукашэнка. – У іх хутка сем'яў не будзе: мужык з мужыком жэніцца або выходзіць замуж. Дзяцей няма каму нараджаць. А мы ў іх пераймаем нейкія нормы паводзін у сям'і».

Законапраект аб супрацьдзеянні хатняму насіллю распрацоўвала Міністэрства ўнутраных спраў.

На думку кіраўніка дзяржавы, дакументам павінны займацца іншыя структуры: у першую чаргу прадстаўнікі органаў улады на месцах, грамадскія арганізацыі, урад, Адміністрацыя Прэзідэнта. 

Пры гэтым Прэзідэнт дадаў, што меркаванне міліцыі ўсё ж трэба ўлічваць.

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што не прыхільнік таго, каб караць дзяцей. Але часам, на яго думку, гэтага цяжка пазбегнуць.

«Гэта наша традыцыя, наша жыццё, і мы будзем выхоўваць так, як трэба. Пажаданні міліцыі мы ўлічым. Можа, нават не законам, а абыдземся ўнясеннем змяненняў у існуючыя законапраекты. У нас ёсць адпаведная Дырэктыва Прэзідэнта, якая датычыцца гэтых праблем», – прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка.

«Тое, што гэта людзі абмяркоўваюць і іх абурае некаторае глупства ў праекце закона, я рады. Абвастраючы гэту праблему, яны звяртаюць на яе маю ўвагу. Таму будзе так, як трэба і выгадна нам, зыходзячы з нашых традыцый і вопыту».

Як адзначае БЕЛТА, у Адміністрацыі Прэзідэнта нядаўна абмяркоўвалася калектыўнае пісьмо, якое падпісалі каля 6 тысяч грамадзян. У ім яны выказалі сваю нездаволенасць прапануемымі новаўвядзеннямі.

Пракаментаваць сітуацыю мы папрасілі выканаўчага сакратара Экспертнай Рады па справах абароны жыцця і сям’і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і дырэктара дабрачыннага фонда «Адкрытыя сэрцы» Уладзіслава Валаховіча.

«Фонд “Адкрытыя сэрцы” сумесна з іншымі дабрачыннымі арганізацыямі сапраўды сабраў каля 6 тысяч подпісаў супраць прыняцця гэтага закона, якія былі накіраваныя ў Адміністрацыю Прэзідэнта. Я лічу, што такім законам бацькоў фактычна вывядуць з працэсу выхавання дзяцей».

Уладзіслаў Валаховіч падзяліўся і ўражаннямі пра Міжнародны форум «Хатняе насілле ў Рэспубліцы Беларусь: праблемы рэгулявання», які прайшоў у Нацыянальнай бібліятэцы 28 верасня.

«Форум прайшоў плённа, таму што прадстаўнікі ўлады сапраўды заўважылі патрыятычную грамадскасць, якая выступае за традыцыйныя сямейныя каштоўнасці. Наша асноўная задача была ў тым, каб расказаць, да чаго можа давесці такі закон. На першым плане ў ім – барацьба супраць насілля над жанчынамі, але ў цэлым – гэта лабіраванне гендарнай ідэалогіі».

У чэрвені 2018 года арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выступіў з адкрытым лістом да Прэзідэнта Беларусі, дзе выказаў заклапочанасць сітуацыяй з абмеркаваннем канцэпцыі Закона аб насіллі ў сям'і.

Абноўлена 08.10.2018 16:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа