Пошук

09.11.2023 05:45   Тэкст: Уладзіслаў Валаховіч / Фота: удзельнікаў кангрэса / Catholic.by

На пачатку лістапада ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) адбыўся Трэці малітоўны кангрэс у абарону жыцця і сям’і, адна з мэтаў якога — пакаянне за грахі нашага народа супраць жыцця.

Цэнтральным момантам трохдзённага Кангрэсу стала пакаянная пілігрымка, якая прайшла 4 лістапада з Навагрудка ва Уселюб.

Увечары таго ж дня пасля святой Імшы адбыўся ўрачысты акт пакаяння у касцёле святога Архнёла Міхала, у якім удзельнічалі таксама Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Многія удзельнікі найбольшую ўвагу надаюць менавіта малітоўнай і пакаяннай частцы кангрэса, разумеючы неабходнасць перапрашаць за грахі абортаў, кантрацэпцыі, штучнага апладнення і распусты, якія адбываюцца навокал.

Але сёлета многія ўдзельнікі, у тым ліку госці с Расіі, засталіся і на навуковую частку, прысвечаную пытанням выхавання дзяцей, у тым ліку палавога выхавання.

Аб планах увесці ў школах курс палавога выхавання сёлета паведаміла Міністэрства адукацыі, і менавіта таму галоўныя арганізатары кангрэса — дабрачынны фонд «Адкрытыя сэрцы» і Экспертная рада па пытаннях жыцця і сям’і пры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі — вырашылі прысвяціць гэтай тэме асаблівую ўвагу. Многія ўдзельнікі кангрэса прыехалі ў Навагрудак разам з дзецьмі, таму зразумела, што пытанні выхавання былі для іх вельмі актуальнымі.

Упершыню падчас кангрэсу паўстала пытанне пашырэння лічбавых тэхналогій, якія ўсё больш уваходзяць у штодзённае жыцце і перадусім закранаюць дзяцей.

Удзельнікі кангрэса з энтузіязмам даведаліся, што напрыканцы лістапада ў Мінску адбудзецца адмысловая канферэнцыя на гэтую тэму, бо вернікі не могуць заставацца абыякавымі да новых выклікаў, якія свет сёння ставіць перад Касцёлам.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.