Пошук


29 мая, у дзень успаміну св. Уршулі Ледухоўскай, заснавальніцы Кангрэгацыі Сясцёр Уршулянак Сэрца Езуса Канаючага, у Мінску адбылося асвячэнне капліцы ў сацыяльным цэнтры для дзяцей і моладзі ў патрэбе.

Будаўніцтва цэнтра вядзецца намаганнямі «Місіі добрага самараніна пад апекай св. Уршулі Ледухоўскай» пад патранатам сясцёр.

Капліца была асвячана ў гонар Ахвяравання Пана ў Ерузалемскай святыні.

Свята Ахвяравання Пана, якое называецца ў народзе таксама святам Маці Божай Грамнічнай, адзначаецца ў Касцёле 2 лютага.

Абрад асвячэння капліцы і благаслаўлення сацыяльнага цэнтра здзейсніў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч разам са сваімі братамі ў біскупстве: Апостальскім Нунцыем у Беларусі арцыбіскупам Габарам Пінтэрам, Віцебскім біскупам Алегам Буткевічам і Генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупам Юрыем Касабуцкім. 

Архіпастыр таксама ўзначаліў урачыстую цэлебрацыю Эўхарыстыі, у якой, акрамя біскупаў, бралі ўдзел святары, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі дзяржаўных уладаў, дыпламаты, вернікі і, канечне, самі гаспадары будучага цэнтра — дзеці, выхаванцы Місіі добрага самараніна, якія чыталі чытанне, спявалі псальм, прамаўлялі заклікі малітвы вернікаў.

У гаміліі і прамове падчас урачыстасці арцыбіскуп Кандрусевіч пазнаёміў прысутных з жыццём і асобай св. Уршулі, чые духоўныя дочкі сёння працягваюць распачатую ёю справу служэння ў сталіцы Беларусі. Сёння ў свеце ўсяго каля 800 сясцёр уршулянак, якія працуюць у 14 краінах свету, маючы каля 100 месцаў служэння на ўсіх 5 кантынэтах.

Галоўнай харызмай сясцёр з’яўляецца уршулянская духоўнасць, якая выражаецца ў поўным адданні Езусу ў чыстасці, беднасці і паслухмянасці па прыкладу Марыі. Іх служэнне рэалізуецца перадусім у выхаваўчай працы сярод дзяцей і моладзі.

Як адзначыў Тадэвуш Кандрусевіч, ініцыятыва стварэння сацыяльнага цэнтра зыходзіла ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Падчас сустрэчы з арцыбіскупам, якая адбылася ў 2010 г. пасля Вялікадня, кіраўнік дзяржавы падзякаваў Касцёлу за актыўную і разнастайную дабрачынную працу, заахвоціўшы развіваць яе далей. Тады іерарх звярнуў увагу прэзідэнта на тое, што галоўнай праблемай у далейшым развіцці дабрачыннасці з’яўляецца адсутнасць адпаведных памяшканняў.

У адказ кіраўнік дзяржавы даў даручэнне Мінгарвыканкаму неадкладна дапамагчы ў вырашэнні гэтай праблемы. У выніку ў распараджэнне Касцёла быў перададзены пустуючы ў той час будынак былой пачатковай школы, які знаходзіўся ў аварыйным стане і патрабаваў сур’ёзнага рамонту.

Сімвалічна, што гэта адбылося 2 лютага 2011 г., у свята Ахвяравання Пана, а таксама тое, што калісьці тут вучыўся кс. канонік Дзмітрый Пухальскі, сённяшні канцлер Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, які на заканчэнне св. Імшы зачытаў дэкрэты аб заснаванні капліцы, аб яе асвячэнні, а таксама аб прызначэнні яе першага капелана, якім стаў марыянін кс. Аляксандр Шамрыцкі. Яму і былі ўрачыста ўручаны падпісаныя тут жа дакументы.

Адразу ж пасля атрымання будынку старой школы ў ім распачалася праца па рэалізацыі праекта, якая была даручана Місіі добрага самараніна пад апекай св. Уршулі Ледухоўскай. Асноўны цяжар гэтай складанай і адказнай працы лёг на плечы с. Чаславы Навіцкай, уршулянкі, і яна паспяхова спраўляецца з гэтым няпростым заданнем.

Арцыбіскуп Кандрусевіч скіраваў у яе адрас словы шчырай падзякі і заклікаў святароў, якія займаюцца будаўніцтвам касцёлаў, браць прыклад з нястомнай і энергічнай сястры Чаславы. Акрамя таго, іерарх падзякаваў дзяржаве за перададзены Касцёлу будынак, а таксама замежным і беларускім спонсарам і простым людзям, якія сваімі сродкамі і сваёй працай дапамагалі і дапамагаюць у рэалізацыі праекту.

На заканчэнне св. Імшы прысутны на ўрачыстасці прадстаўнік папы Францішка арцыбіскуп Габар Пінтэр удзяліў усім удзельнікам апостальскае благаслаўленне ад імені Святога Айца, які асабліва клапоціцца пра тое, каб у Касцёле не занядбоўвалася служэнне найбольш патрабуючым.

Пасля салодкага пачастунку, які парадаваў і дзетак, і дарослых, усе перайшлі ў актавую залу, дзе маленькія выхаванцы «Місіі добрага самараніна» выступілі з канцэртнай праграмай.

Дзесяць сёлетніх выпускнікоў Місіі (а гэта ўжо 8-ы яе выпуск), як сапраўдныя новаспечаныя магістры, атрымалі прыгожыя мантыі, залатыя медалі і квадратныя акадэмічныя шапачкі з фрэнзлікам, што вельмі пацешыла і малых, і іх бацькоў, якія шчыра дзякавалі выхавацелям і сёстрам на чале з сястрой Чаславай.

Калі хрысціянскі сацыяльны цэнтр, у адкрыцці якога зацікаўлены і Касцёл, і дзяржава, а перадусім самі дзеці і моладзь, якія знаходзяцца ў патрэбе, нарэшце распачне сваю працу ў поўным аб’ёме, ён стане першай у Беларусі ўстановай такога тыпу. Цяпер жа ў адноўленым клапатлівымі рукамі сясцёр уршулянак памяшканні ёсць капліца ў гонар Ахвяравання Пана.

Як адзначыў Тадэвуш Кандрусевіч, у наш час вельмі важна выхоўваць дзяцей і моладзь на традыцыйных для нашага грамадства хрысціянскіх духоўных каштоўнасцях, чым і пакліканы займацца гэты цэнтр.

Абноўлена 27.09.2019 15:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця