Пошук

Святая Уршуля Ледухоўская, заснавальніца Кангрэгацыі Сясцёр Уршулянак Сэрца Езуса Канаючага, пра Ружанец піша так: «Ружанец — гэта адна з найпрыгажэйшых малітваў у гонар Марыі, але не так лёгка памаліцца на ружанцы. Трэба спрабаваць зноў і зноў з вераю, што Марыя прымае нашу добрую волю. Ружанец — гэта спалучэнне вуснай малітвы з разважаннем — вусны вымаўляюць словы Анёльскага прывітання, а думкі імкнуцца сягнуць у глыбіню ружанцовых таямніцаў.

Цяпер, распачынаючы ружанцовую малітву, скажы сабе, што хочаш любіць Марыю кожнаю прачытанаю малiтваю «Вітай, Марыя». Укленч каля ног тваёй Маці, моцна трымай Яе руку ў сваёй руцэ або схілі галаву да Яе каленяў і прасі, каб Яна паклала сваю руку на тваю галаву, і так любі, любі Марыю. Гэта найпрыгажэйшы плён святога Ружанца!»

Гэты прыгожы плён малітвы мы можам убачыць у жыцці святой Уршулі.

Юля Ледухоўская нарадзілася 17 красавіка 1865 г. у Аўстрыі. У 1883 г. яе сям’я пераехала ў Ліпніцу Мураваную (Польшча). У 21 год Юля ўступіла ў кляштар уршулянак у Кракаве. Тут ужо, як маці Уршуля, яна занялася педагагічнай дзейнасцю. У 1907 г. па благаслаўленні Папы Пія Х яна разам з дзвюма сёстрамі выехала ў Пецярбург, каб прыняць кіраўніцтва інтэрнатам для дзяўчынак пры гімназіі св. Кацярыны.

Выбух Першай сусветнай вайны ў 1914 г. стаў прычынаю выдалення маці Уршулі з Расіі. Яна затрымалася ў Скандынавіі: спачатку ў Стакгольме, а потым у Даніі, дзе арганізавала школу для дзяўчат і інтэрнат для сіротаў. Праз шэсць гадоў яна вярнулася ў Польшчу. Кангрэгацыя хутка развівалася, былі заснаваны законныя дамы і місіі ў Польшчы і ў заходніх частках Беларусі і Украіне. Сёстры займаліся дзіцячымі садкамі, школаю хатняй гаспадаркі, гуртком вясковых гаспадыняў, апекаваліся хворымі і нямоглымі.

Маці Уршуля вучыла сясцёр любіць Бога больш за ўсё, прагнучы, каб яны жылі ў прастаце, былі пакорныя і разам з тым самаахвярныя і самастойныя ў служэнні бліжнім, асабліва дзецям і моладзі.

Пасылаючы ў міжваенныя гады сясцёр на працу ў Палессе, св. Уршуля не баялася цяжкасцяў, хоць усведамляла іх. Да сясцёр яна прамаўляла так: «У нас адно заданне — усім жыццём, працаю, самаадданасцю і нават смерцю спрыяць пашырэнню Валадарства Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Няхай Ружанец стане дапамогаю ў выкананні гэтай вялікай місіі».

Калі Уршуля Ледухоўская памерла 9 мая 1939 года ў Рыме, людзі гаварылі: «Памерла святая...». Ян Павел ІІ беатыфікаваў маці Уршулю, а 18 мая 2003 года далучыў яе да ліку святых паўсюднага Касцёла.

Сёстры ўршулянкі, жывучы харызматам сваёй заснавальніцы, працуюць сярод дзяцей і моладзі ў 12 краінах свету, у тым ліку ў Беларусі. Духоўнасць уршулянак Сэрца Езуса Канаючага закаранёная ў Пасхальнай Таямніцы Хрыста. Сёстры, увесь час чуючы Хрыстовае «Прагну!», адказваюць на любоў Божага Сэрца, цалкам прысвячаючы Яму саміх сябе і ўсё без ваганняў, каб Ён сам мог працягваць у іх і праз іх сваю збаўчую місію. Уршулянкі імкнуцца больш поўна жыць для Яго Цела, якім ёсць Касцёл, аддаючы ўсе свае сілы пашырэнню Божага Валадарства на зямлі. Правадыркаю, прыкладам і настаўніцаю на гэтым шляху з’яўляецца Марыя, Маці Хрыста і Маці Касцёла. У падрыхтоўцы сясцёр кангрэгацыя робіць акцэнт на глыбокай асабістай лучнасці з Хрыстом, асабліва ў Эўхарыстыі. Сёстры хочуць, каб словы св. Уршулі і сёння былі падтрымкаю ў штодзённым жыцці кожнага хрысціяніна.

«Няхай жыццё будзе пастаянным ружанцам учынка. Маліцеся на ружанцы, бо гэта ланцуг, якім мы прыкаваныя да Сэрца Марыі. Ён навучыць нас, як любіць, як маліцца, як цярпець і як жыць паводле ўзору жыцця Езуса і Марыі. Маліцеся на ружанцы, ён бяспечна давядзе вас да неба. З ружанцам у руцэ, у сэрцы і ў жыцці нічога не бойся!»

Паводле кнігі «Пра пакліканне»
© «Pro Christo» 2005.
Абноўлена 05.06.2017 13:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.