Пошук

28.05.2018 16:59   Catholic.by

28 мая вайсковаабавязаныя навучэнцы каталіцкіх семінарый прызыўнога ўзросту з Гродна і Пінска павінны былі прыбыць у ваенкаматы для адпраўкі ў войска.

Напярэдадні ў ваенкаматах семінарыстам паведамілі аб прадастаўленні адтэрміноўкі.

«У тэлефоннай размове ішла гаворка аб адтэрміноўцы да лютага 2019 года, — адзначыў часова выконваючы абавязкі прэс-сакратара Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі кс. Юрый Санько. — Афіцыйнага дакумента мы не атрымалі, але звычайна яго і не высылаюць. Адтэрміноўка на паўгода — звычайная практыка, якая была і раней».

Падобную сітуацыю з адтэрміноўкай пацвердзіў для Catholic.by і старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Сергій Лепін.

Нагадаем, у маі 2018 г. семінарысты і святары прызыўнога ўзросту пачалі атрымліваць павесткі для праходжання тэрміновай вайсковай службы.

У сувязі з гэтым каталіцкія біскупы Беларусі звярнуліся да Прэзідэнта Беларусі з просьбай разгледзець пытанне аб адтэрміноўцы семінарыстам і святарам прызыўнога ўзросту.

Як патлумачылі журналісту Catholic.by у Міністэрстве абароны, адтэрміноўка ад прызыву рэгулюецца артыкулам 32 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе».

У прыватнасці, Закон апісвае катэгорыі мужчын да 27 гадоў, якія маюць права на адтэрміноўку па стане здароўя або па сямейным стане.

«Іншыя катэгорыі грамадзян, да якіх належаць і навучэнцы духоўных вучэбных устаноў, атрымліваюць адтэрміноўку ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», — адзначыў прэс-сакратар Міністэрства абароны Уладзімір Макараў.

Паводле яго слоў, спісы з прозвішчамі тых, хто меў права на адтэрміноўку, былі ўдакладнены і перададзены ў мясцовыя прызыўныя камісіі, якія і ажыццяўляюць прызыў.

«Усе, хто быў у спісах, атрымалі вызваленне ад прызыву. Усё робіцца ў адпаведнасці з Законам», — сказаў Уладзімір Макараў.

Абноўлена 28.05.2018 17:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа