19 чэрвеня Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка ў сваім кабінеце правёў прамую тэлефонную лінію. Сваё пытанне Упаўнаважанаму задаў і журналіст Catholic.by.
— Леанід Паўлавіч, як выглядае працэдура з адтэрміноўкамі для святароў і семінарыстаў прызыўнога ўзросту ў Беларусі — ці сапраўды апарат Упаўнаважанага прымае ўдзел у вырашэнні гэтага пытання?
— Прымае. Выглядае гэта наступным чынам: Каталіцкая і Праваслаўная Цэрквы за подпісам сваіх кіраўнікоў уносяць прапановы Упаўнаважанаму.
Упаўнаважаны абагульняе гэтыя прапановы і ўносіць іх у Міністэрства абароны. Міністэрства абароны рыхтуе Указ Прэзідэнта і ўносіць яго на разгляд у Адміністрацыю Прэзідэнта. Пасля Прэзідэнт падпісвае ўказ.
Сёлета ніякай затрымкі з адтэрміноўкамі не было. Не прыдумляйце таго, чаго не ведаеце. Апошні дзень прызыву — 28 мая. Указ Прэзідэнта быў падпісаны 26 мая, а для таго, каб падстрахаваць і ўсё на месцах спрацавала, Упаўнаважаны выйшаў на Міністэрства абароны загадзя і дамовіўся — тыя далі ваенкаматам каманду да канца мая нікога не чапаць.
26 мая Указ быў падпісаны і ніводзін чалавек нідзе не прызваўся. Якія тут парушэнні?
— Але былі ж павесткі, людзям прыходзілі...
— Гэта звычайная справа. І для святароў, і для мяне, і для вас. Мы не спазніліся: ні Упаўнаважаны, ні Міністэрства абароны. І Указ Прэзідэнта падпісаны 26 мая, а не 31 мая ці 1 чэрвеня.
Каб тыя, з кім вы размаўляеце, расказвалі вам праўду, не было б пытанняў. Але ж расказваецца так: «два» пішам, «тры» — у памяці. Для таго, каб справакаваць сітуацыю на голым месцы. Я ведаю, пра што кажу і пра каго.
Калі б вы мне пазванілі і сказалі, што кагосьці са святароў прызвалі ў войска, мы з вамі размаўлялі б па сутнасці.
***
Як паведамлялася раней, у другой палове мая каталіцкія і праваслаўныя семінарысты, а таксама маладыя святары прызыўнога ўзросту атрымалі павесткі аб прызыве ў войска.
28 мая яны павінны былі прыбыць у ваенкаматы, але ў выніку ім далі адтэрміноўку да лютага 2019 г. Паводле слоў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, з моманту адраджэння Касцёла ў Беларусі ён не памятае ніводнага выпадку, каб семінарыстаў выклікалі ў ваенкаматы.