12 мая ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску развіталіся з кс. канонікам Паўлам Кнурэкам, які завяршыў сваё святарскае служэнне ў Беларусі.
У нядзелю Езуса Хрыста, Добрага Пастыра, святар, які з’яўляецца грамадзянінам Польшчы, цэлебраваў сваю апошнюю св. Імшу ў Беларусі. На Эўхарыстыі прысутнічаў таксама біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Як са спасылкай на сайт «Народных навінаў Віцебска» news.vitebsk.cc паведаміў партал Catholicnews.by, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка адмовіўся ўзгадніць запрашэнне на ажыццяўленне рэлігійнай дзейнасці ў Беларусі для святара, які прысвяціў нашай краіне шмат гадоў і сілаў. Пры гэтым чыноўнік не звярнуў ніякай увагі на просьбы шматлікіх вернікаў — грамадзянаў Рэспублікі Беларусь і падаткаплацельшчыкаў, на чые працоўныя грошы ўтрымліваецца таксама апарат упаўнаважанага.
Развітацца з кс. Паўлам і падзякаваць яму сабраліся вернікі з Віцебска, а таксама яго былыя парафіяне з Лынтупаў.
Святар заклікаў вернікаў адносіцца да крыўды і несправядлівасці, якую выказалі да яго беларускія ўлады, па-хрысціянску. Пры гэтым ён адзначыў, што не прыгадвае за сабой дзеянняў, якія маглі б стаць прычынай забароны служэння ў Беларусі.
Пастыр Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч, са свайго боку, сказаў, што гэтая сітуацыя таксама і ў яго выклікае непаразуменне:
«Камунізм у нас яшчэ не скончыўся, бо і дагэтуль святарам не даюць магчымасці працаваць на карысць Бога і краіны. Штосьці нядобрае ў нас адбываецца…»
— з горыччу канстатаваў іерарх.
Разам з тым ён сказаў шмат цёплых словаў пра кс. Паўла Кнурэка, выказаў яму шчырую падзяку і прызнаўся, што быў шчаслівы мець такога святара ў дыяцэзіі.