Пошук

11.04.2023 12:49   Catholic.by
Фота маёр Сяргей Дзямінскі / «Ваяр»

Перад урачыстасцю Пасхі, якую сёлета ў Каталіцкім Касцёле адзначылі 9 красавіка, католікі, якія знаходзяцца ў войску, таксама мелі магчымасць належным чынам падрыхтавацца і адзначыць набольшае свята ўсіх хрысціянаў.

Як паведамляецца ў рэпартажах Вайсковага інфармацыйнага агенцтва «Ваяр», з гэтай мэтай у шэраг вайсковых частак былі запрошаныя святары.

Духоўныя асобы сустракаліся з тымі, хто праходзіць службу, настаўлялі іх, а таксама супольна маліліся і благаслаўлялі традыцыйныя велікодныя стравы.

Удзел у такіх сустрэчах ўзялі ваеннабавязаныя, прызваныя з запасу, вайскоўцы тэрміновай службы, афіцэры і прапаршчыкі.

Фота: «Ваяр»

Адну з частак з душпастырскім візітам наведаў ксёндз канонік Павел Шанчук, пробашч парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Гожы і дэкан дэканату Гродна-Усход.

Святар паспавядаў і ўдзяліў Камунію вернікам, а таксама распавёў удзельнікам сустрэчы пра духоўнае значэнне Пасхальных урачыстасцяў і павіншаваў асабовы склад з Вялікаднем, благаславіўшы пасхальныя стравы. На памяць ксёндз дэкан падараваў вайскоўцам абразкі з выяваю святога Фларыяна, мучаніка, які лічыцца асаблівым апекуном ваяроў і пажарных.

«Мяне як святара абнадзеілі адносіны некаторых вайскоўцаў, якія прызнаваліся, што моцна перажывалі з-за немагчымасці захоўваць пост у Вялікую пятніцу. Затое ўсе ахвотныя мелі магчымасць узяць удзел у Рэзурэкцыйнай святой Імшы», — падзяліўся ксёндз Павел Шанчук.

Фота падпалкоўнік Аляксандр Сявенка / «Ваяр»

«У гэты дзень я разам са сваімі роднымі ўдзельнічаю ў Імшы ў касцёле, святкую Вялікдзень, — распавёў карэспандэнту «Ваяра» падпалкоўніку Аляксандру Сявенку прызваны з запасу шараговец Аляксандр Сямашка, жыхар вёскі Раготна Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. —

Хачу падзякаваць святару і камандаванню за дадзеную магчымасць сустрэць светлае свята Пасхі. Віншую маіх родных, таварышаў па службе і ўсіх католікаў Беларусі з Уваскрасеннем Хрыстовым».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця