Пошук

12.05.2018 23:49   Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

12 мая ў вёсцы Прасці Нясвіжскага раёна адбылося асвячэнне касцёла св. Станіслава. Абрад асвячэння здзейсніў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Капліца св. Станіслава была пабудаваная каля 1850 года. Гэты час быў вельмі складаным і для грамадства, і ўвогуле для каталіцкай веры ў гэтых мясцінах. У 1839 г. на Полацкім саборы была скасавана унія, пасля чаго пачаліся пераследы Грэка-Каталіцкай Царквы. Уся ж гэтая мясцовасць была даволі багата пакрыта святынямі католікаў усходняга абраду. Такім чынам, у гісторыі гэты час акрэсліўся як перыяд знішчэння грэка-каталіцтва.

Мясцовыя заможныя людзі пачалі будаваць пахавальныя капліцы, якія не маглі быць зачынены або перароблены пад праваслаўны храм. Капліца ў в. Прасці была пабудавана на могілках як пахавальня прадстаўнікоў шляхецкага роду Пратасевічаў, маёнтак якіх знаходзіўся ў гэтай вёсцы. Будынак быў даволі вялікіх памераў. Раскопкі паказалі, што фундаменты ў два разы даўжэй за сам будынак. Гэта дазваляе меркаваць, што планавалася пабудаваць большую святыню.

Капліца пэўны час была адзіным месцам малітвы для вернікаў каталіцкага веравызнання ў гэтых мясцінах.

Капліца дзейнічала да 1939 года, калі была разрабавана савецкімі войскамі, а пасля вайны — мясцовымі жыхарамі. У пошуках выдуманых «скарбаў» людзі разабралі капліцу, знялі дах, разбурылі пахаванні, знялі гранітныя пліты. З гадамі капліца прыйшла ў заняпад.

Сакральны будынак знаходзіўся ў занядбаным стане да 2008 года і быў адноўлены намаганнямі кс. Ігара Лашука, які нарадзіўся ў суседняй вёсцы Макашы.

Працы вяліся на аснове праектаў архітэктара Аляксея Яроменкі, дасведчанага даследчыка культавай архітэктуры Беларусі. У сувязі з адсутнасцю ў архівах арыгінальных дакументаў, рэстаўрацыя вялася на падставе ўскосных звестак і па аналагах.

На ўрачыстасці асвячэння сабралася шмат гасцей: з Нясвіжа, Гарадзеі, Ішкалдзі, Баранавічаў, Мінска і іншых месцаў. Прысутнічалі прадстаўнікі дзяржаўнай улады.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі на святой Імшы, якую цэлебраваў з удзелам усіх сабраных, назваў сімвалічным тое, што апекуном касцёла з’яўляецца св. Станіслаў, біскуп і мучанік. «Ён не баяўся бараніць Божую праўду перад каралём, які не захоўваў Божы закон, і налажыў за гэта жыццём. Вельмі шмат людзей гэтай зямлі паўтарыла яго подзвіг у часы ганенняў, — сказаў іерарх. — Касцёлы зачыняліся, іх руйнавалі, ператваралі ў склады, кіно і канцэртныя залы, святароў арыштоўвалі. У тыя цяжкія часы, калі ў гэтай капліцы не абвяшчалася Божае слова і не цэлебраваліся сакрамэнты, калі яна паволі разбуралася, самі яе камяні «прамаўлялі», нагадваючы аб тым, што гэта — святое месца. Прыклад святога Станіслава падбадзёрваў. Ён, як быццам, казаў людзям: не бойцеся, прыйдуць новыя часы, руіны капліцы ажывуць, і яна ізноў стане месцам сустрэчы чалавека з Богам».

«Дзякуючы намаганням кс. Ігара Лашука і спонсараў гэты час прыйшоў. Яшчэ некалькі гадоў таму тут былі разваліны, а сёння — прыгожая капліца, якая цяпер ізноў становіцца Божым домам», — дадаў арцыбіскуп.

Па словах Мітрапаліта, сімвалічна і тое, што ў капліцы знаходзіцца копія цудадзейнага абраза Маці Божай Чэнстахоўскай, якая ўшаноўваецца не толькі ў Каталіцкім Касцёле, але і ў Праваслаўнай Царкве, як гэта, напрыклад, ёсць у царкве ў суседняй вёсцы Астроўка.

«Тры доўгія пакаленні ганенняў мы звярталіся да Марыі і верылі ў Яе фацімскае прароцтва аб навяртанні нашай зямлі. Сённяшняя падзея — яшчэ адно пацвярджэнне яго ажыццяўлення. Сёння мы зноў звяртаем свой позірк да Маці Божай з просьбай, каб выпрасіла ў свайго Сына ласку моцнай веры для нашага народа», — адзначыў іерарх.

Мітрапаліт нагадаў, што кожны касцёл і кожная капліца — гэта месца сустрэчы чалавека з Богам. «Як яна адбываецца? Найперш праз слуханне заўсёды жывога і дзейснага Божага слова. Святы апостал Павел вучыць, што вера ад слухання. Божае слова будзе абвяшчацца ў гэтым месцы, каб мы праз яго слуханне і вывучэнне прыходзілі да веры і ўмацоўваліся ў ёй», — сказаў арцыбіскуп.

«Хрыстус з’яўляецца нашым настаўнікам. Ён у сваім Евангеллі дае нам праграму нашага жыцця. У сённяшнім Евангеллі (пар. Ян 12, 31-36) Хрыстус называе нас дзецьмі святла. Сапраўдным святлом з’яўляецца Хрыстус, які прыйшоў у гэты свет, каб рассеяць цемру.

Мы пакліканы быць сведкамі гэтага святла, каб несці яго ў сучасны свет, у якім так шмат духоўнай цемры. Таму наша заданне — напоўніць сучасны свет святлом Евангелля і хрысціянскімі каштоўнасцямі, каб Божае слова і вучэнне Касцёла сталі падмуркам новай культуры жыцця і надзеі», — звярнуў увагу іерарх.

«Сёння гэтая капліца нанава становіцца Божым домам, домам малітвы і месцам сустрэчы чалавека з Богам. Няхай Божая Маці і св. Станіслаў, біскуп і мучанік, выпрошваюць для нас ласку заўсёды жыць у святле Евангелля і быць яго носьбітамі ў сучасным свеце», — пажадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

                

Рэктарам касцёла св. Станіслава быў прызначаны кс. Аляксандр Вітко, пробашч парафіі ў Гарадзеі, да якой належыць гэтая святыня.

Сярод іншых матэрыяльную дапамогу на карысць аднаўлення святыні аказваў кардынал Тарчызіо Бэртонэ, былы Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці. З нагоды асвячэння касцёла ён даслаў віншаванні, якія зачытаў на ўрачыстасці кс. Ігар Лашук.

Абноўлена 14.05.2018 12:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа