
З 20 па 22 чэрвеня ў парафіi Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне прайшлі Агульнабеларускія дні моладзі.
Дэвіз форуму — «Мы — пілігрымы надзеі» — сугучны з дэвізам Юбілейнага 2025 года «Пілігрымы надзеі».
На сустрэчы прысутнічала каля 600 маладых людзей з усіх дыяцэзій Касцёла на Беларусі.
Прапануем, карыстаючыся інфармацыяй, пададзенай каталіцкім парталам Гродзенскай дыяцэзіі grodnensis.by, прасачыць асноўныя моманты гэтай рэлігійнай падзеі ў жыцці Касцёла ў Беларусі.
Першы дзень — пачатак сустрэчы, Эўхарыстыя і канцэрт праслаўлення
У пятніцу 20 чэрвеня ад імя ўсёй супольнасці мясцовага Касцёла ўдзельнікаў прывітаў у парафіяльнай святыні біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, Старшыня Камісіі па справах моладзі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Ён сказаў, што вельмі крануты прысутнасцю маладых людзей з розных куткоў краіны.
Біскуп нагадаў пра дэвіз Юбілейнага года, прапанаваны спачылым Папам Францішкам, і адзначыў: «Менавіта ў гэтым духу мы тут збіраемся. Не як турысты, не як выпадковая група людзей, а як пілігрымы — значыць тыя, хто ідзе разам і ведае, куды ідзе».
Іерарх заахвоціў: «Прашу вас, маладыя пілігрымы надзеі: не бойцеся быць сабой! Не бойцеся пытацца, шукаць, сумнявацца — а таксама не бойцеся верыць! Не бойцеся Езуса! Ён ідзе з вамі!» — сказаў іерарх і пажадаў, каб Дні моладзі сталі для прысутных «часам ласкі, крыніцай новай адвагі і новай надзеі».














Затым адбылася святая Імша, якую ўзначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з ім у Эўхарыстыі прымалі ўдзел біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі мансеньёр Кшыштаф Сэрока, душпастыры моладзі беларускіх парафій.
У пачатку літургіі арцыбіскуп сказаў, што маладыя людзі з усёй краіны сабраліся на гэтай сустрэчы з мэтай разам прасіць ласкі і моцы, каб плыць у лодцы Пятра.
Біскуп Андрэй Зноска ў гаміліі адзначыў, што хрысціян павінны пазнаваць «не па хустачках, не па ружанцах, не пa мітрах, а па любові». Ён прапанаваў маладым людзям спытаць у Езуса, які знак яны павінны мець, і дадаў, што, па словах самога Хрыста, хрысціян будуць пазнаваць тады, калі яны будуць любіць адзін аднаго.
Біскуп Зноска, наймалодшы з беларускіх каталіцкіх іерархаў, у гэты дзень адзначаў 45-годдзе.
У канцы Імшы арцыбіскуп Станеўскі сказаў: «Той, хто з Езусам, малады! Мы ўсе розныя, але ў Хрысце мы адно». Іерарх выказаў пажаданне, «каб у словах Евангелля мы знаходзілі адказы на пытанні», а таксама каб гэтыя Дні моладзі прынёслі благаслаўлёны плён у жыцці кожнага ўдзельніка.
































У канцы першага дня Агульнабеларускіх дзён моладзі прайшоў канцэрт праслаўлення. З канцэртам выступіў гродзенскі моладзевы музычны гурт Open, які дзейнічае пры рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі. На мерапрыемстве, акрамя саміх маладых людзей, прысутнічалі біскупы, душпастыры моладзі розных парафій, законныя сёстры, катэхеты. Пасля адбылася вячэрняя малітва, якую правёў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Ён удзяліў маладым людзям пастырскае благаслаўленне.








Другі дзень — працяг у тэматычных групавых катэхезах і супольнай святой Імшы
Праграма другога дня Агульнабеларускіх дзён моладзі ў гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля, суботы 21 чэрвеня, уключала катэхезы на розныя тэмы.
У адпаведнасці з тэмамі было дзевяць тэматычных груп. Над гэтымі тэмамі ўдзельнікі моладзевага форуму разважалі разам са святарамі і законнымі сёстрамі розных беларускіх дыяцэзій. Тэмамі для разважання сталі любоў, адвага, вера, дапамога, радасць, сяброўства, сведчанне, адказнасць. Пасля катэхез у кожнай групе былі падведзены вынікі. Акрамя таго, некаторыя ўдзельнікі сустрэчы расказалі пра сваю веру і пра тое, як яны будуюць адносіны з Богам і з іншымі людзьмі.














Святую Імшу для ўдзельнікаў дзён моладзі ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, намеснік Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Канцэлебравалі літургію арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі мансеньёр Кшыштаф Сэрока і душпастыры моладзі беларускіх дыяцэзій.
У гаміліі біскуп Віцебскі закрануў тэму любові да сябе. Па яго словах, гэтая любоў павінна азначаць прыняцце сябе. «Мы ніколі не будзем любіць іншага, калі не будзем любіць сябе», — адзначыў ён і патлумачыў, што гэтага не трэба блытаць з эгаізмам і пыхай.
Па словах біскупа, важна «быць з Хрыстом і прыняць Яго Божую любоў».
«Не важна, якое балота ў нашым сэрцы. Езус вычысціць яго, вылечыць кожнае сэрца. Запрасіце Езуса ў свае сэрцы! Ён ёсць любоў»,— заўважыў іерарх.
У канцы Імшы біскуп між іншым падзякаваў арганізатарам моладзевага форуму за «старанні, прыкладзеныя для таго, каб правесці яго на высокім узроўні».






















Трэці дзень — заканчэнне дзён моладзі нядзельнай Імшой і «пераходам праз браму надзеі»
Завяршэннем Агульнабеларускіх дзён моладзі ў Гродне ў нядзелю 22 чэрвеня сталі Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, і сімвалічны «пераход праз браму надзеі».
У пачатку Імшы біскуп Гродзенскі сказаў: «Дзякуем Богу за новыя знаёмствы, за кожную малітву, кожную хвіліну сумеснай радасці і ўзаемнай падтрымкі, якія суправаджалі нас на працягу гэтых дзён. За дар адзінства, за адкрытыя сэрцы, якія шукалі Бога, імкнуліся да Яго прысутнасці ў нашым жыцці. За кожнага ўдзельніка, кожную ўсмешку, размову, катэхезу, адарацыю, якія прыводзілі да адкрыцця праўды пра нас і пра Бога».
Іерарх дадаў, што моліцца на гэтай літургіі за ўдзельнікаў сустрэчы, каб яны «насілі ў сэрцах надзею, якая сыходзіць ад Хрыста», «прабывалі ў веры, любові, братэрстве, міры», «былі адкрыты на Божае кіраўніцтва». Паколькі 22 чэрвеня — Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, біскуп заклікаў памаліцца «за ўсіх, хто аддаў жыццё за свабоду, мір і справядлівасць», а таксама «аб міры ў свеце, прымірэнні народаў, заканчэнні ўсіх войнаў і канфліктаў».
Гамілію прамовіў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Ён адзначыў, што літургічныя чытанні гэтага дня «дапамагаюць узрастаць у надзеі, якая ў Хрысце».
Звяртаючы ўвагу на фрагмент Евангелля, які паказвае вызнанне веры апостала Пятра ў Езуса як Сына Бога, арцыбіскуп патлумачыў: «Хаця за Езусам ішлі натоўпы, яны лічылі Яго не Богам, а адным з прарокаў. І толькі Пётр, вызнаючы веру ў Яго як у доўгачаканага Месію, узняўся над узроўнем успрыняцця натоўпу». Іерарх дадаў, што «хрысціяне не могуць дазволіць, каб меркаванне натоўпу стала голасам іх сумлення», і «павінны прыступіць да гэтай задачы з надзеяй».
«Юбілейны 2025 год — час ласкі, якая праяўляецца ў надзеі. Яе крыніца — бязмежная любоў Сэрца Езуса. Яна напаўняе нашае жыццё боскім святлом і вядзе да вечнага шчасця»,— сказаў арцыбіскуп.
Па словах іерарха, «Езус са сваім евангельскім радыкалізмам, на жаль, далёка не заўсёды ў цэнтры жыцця сучаснага чалавека». Іерарх заўважыў, што галоўнымі выхаваўцамі моладзі робяцца «не сям’я, школа ці ўніверсітэт, а Інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, штучны інтэлект». Ён дадаў, што трэба прызнаць як іх карысць, так і тое, што «іх неэтычнае выкарыстанне вядзе да згубных наступстваў, асабліва ў галіне маральнага жыцця».
Арцыпастыр адзначыў, што сёння «лёгка заблукаць, згубіць арыенцір і надзею», і дадаў: «Год надзеі заклікае пераасэнсаваць наша жыццё, паяднацца з Богам, Касцёлам і людзьмі». Па словах арцыбіскупа, у хрысціянскай традыцыі надзею сімвалічна прадстаўляе якар, бо «ён ратуе карабель у шторм, і так надзея ратуе сярод амаральных хваляў сучаснасці і страхам перад невядомай будучыняй… Надзея — гэта не наіўнае спадзяванне на лепшае, а ўпэўненасць, што Бог не пакідае нас і дапамагае нам. Надзея, якую дае Езус, непадуладная часу і ўмовам».
Ён назваў важным «вызваліцца ад свецкай духоўнасці, якая зводзіць сэнс жыцця да задавальнення цялесных патрэбаў, жаданняў і грахоўных памкненняў, што вядзе да эгаізму і інструментальнага абыходжання з іншымі і з Богам».
Арцыбіскуп заахвоціў не быць «маладымі пенсіянерамі» — «пакінуць гаджэты, устаць са зручнай канапы» і «ісці наперад, каб прыкладам хрысціянскага жыцця і энтузіязму абвяшчаць свету Хрыста — адзінага Збаўцу і адзіную нашу надзею».
«Як Марыя несла Альжбеце пад сваім сэрцам Езуса і Ягоную ласку, нясіце гэтую ласку аднагодкам! Будзьце радасцю і надзеяй Беларусі!»— сказаў іерарх і пажадаў маладым людзям, каб на гэтым шляху іх благаслаўляў Бог.
У канцы Імшы біскуп Уладзімір Гуляй выказаў падзяку арганізатарам форуму, прысутным святарам, катэхетам, валанцёрам, мясцовым жыхарам, у якіх на час Дзён моладзі размяшчаліся ўдзельнікі.
«Будзьце сапраўднымі пілігрымамі і місіянерамі надзеі, — заклікаў біскуп моладзь. — Свету сёння асабліва патрэбна святло, якое вы несяце. Ён чакае маладых, якія не толькі шукаюць сэнсу жыцця, але і становяцца сведкамі гэтага сэнсу — праз малітву, любоў, служэнне і вернасць. Нясіце надзею туды, дзе пануе роспач. Нясіце Хрыста туды, дзе людзі забыліся пра Бога. Нясіце святло Евангелля туды, дзе цемра граху і абыякавасці».
Затым маладыя людзі здзейснілі сімвалічны «пераход праз браму надзеі». Запрашаючы іх да гэтага, біскуп Гродзенскі адзначыў: «Пераходзячы праз гэтую браму, мы нібы гаворым Богу: “Вось я. Пашлі мяне. Я хачу несці надзею. Я хачу быць Тваім святлом у цемры гэтага свету”. Перайдзіце праз яе з адкрытым сэрцам! І памятайце: сапраўдная Брама надзеі — Езус Хрыстус».



























