Пошук

12.05.2018 23:47   Catholic.by

12 мая 2018 г.

«Езус Хрыстус той самы ўчора, і сёння, і навекі» (Гбр 13, 8)

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Гэтыя словы мы пачулі ў сённяшнім чытанні з Паслання да Габрэяў. Яны нагадваюць аб тым, што Езус не змяняецца. Не змяняецца і Яго вучэнне, якое Ён нам пакінуў у сваім Евангеллі. Ён кажа нам, што неба і зямля пройдуць, а Яго словы застануцца. А Яго словы – гэта святло і праўда. Яго словы – гэта Добрая Навіна аб тым, што мы з’яўляемся Божымі дзецьмі.

У сцвярджэнні, што Хрыстус той самы Збаўца ўчора, сёння і на ўсе часы, крыецца сутнасць хрысціянства, бо яно не з’яўляецца нейкім філасофскім вучэннем, якіх шмат, але сустрэчай з Хрыстом, як вучыць папа Бэнэдыкт XVI. Таму мы павінны прыняць гэтыя словы з усёй сур’ёзнасцю. Да гэтага нас заклікае сённяшняя падзея асвячэння касцёла св. Станіслава ў в. Прасці, у якім чалавек будзе сустракацца з Богам.

2. Сімвалічна, што апекуном гэтай капліцы з’яўляецца св. Станіслаў, біскуп і мучанік. Ён не завагаўся бараніць Божую праўду перад каралём, які не захоўваў Божы закон, і паплаціўся за гэта жыццём. Вельмі шмат людзей гэтай зямлі паўтарыла яго подзвіг у часы ганенняў.

Касцёлы зачыняліся, іх руйнавалі, ператваралі ў склады, кіно і канцэртныя залы, святароў арыштоўвалі. У тыя цяжкія часы, калі ў гэтай капліцы не абвяшчалася Божае слова і не цэлебраваліся сакрамэнты і калі яна паволі разбуралася, яе камяні прамаўлялі, нагадваючы аб тым, што гэта святое месца. Прыклад св. Станіслава падбадзёрваў. Ён як быццам казаў людзям: не бойцеся, прыйдуць новыя часы, руіны капліцы ажывуць, і яна ізноў стане месцам сустрэчы чалавека з Богам.

Дзякуючы намаганням кс. Ігара Лашука і спонсараў гэты час прыйшоў. Яшчэ некалькі гадоў таму тут былі разваліны, а сёння – прыгожая капліца, якая цяпер ізноў становіцца Божым домам.

Сімвалічна і тое, што ў капліцы знаходзіцца копія цудадзейнага абраза Маці Божай Чэнстахоўскай, якая ўшаноўваецца не толькі ў Каталіцкім Касцёле, але і ў Праваслаўнай Царкве, як гэта, напрыклад, ёсць у царкве ў суседняй вёсцы Астроўка.

Тры доўгія пакаленні ганенняў мы звярталіся да Марыі і верылі ў Яе фацімскае прароцтва аб навяртанні нашай зямлі. Сённяшняя падзея – яшчэ адно пацвярджэнне яго ажыццяўлення. Сёння мы ізноў звяртаем свой позірк да Маці Божай з просьбай, каб выпрасіла ў свайго Сына ласку моцнай веры для нашага народа.

3. Кожны касцёл і кожная капліца – гэта месца сустрэчы чалавека з Богам. Як яна адбываецца? Найперш праз слуханне заўсёды жывога і дзейснага Божага слова. Святы апостал Павел вучыць, што вера ад слухання. Божае слова будзе абвяшчацца ў гэтым месцы, каб мы праз яго слуханне і вывучэнне прыходзілі да веры і ўмацоўваліся ў ёй.

Езус даручыў свайму Касцёлу місію распаўсюджвання Добрай Навіны па ўсёй зямлі. Гэту місію мы называем евангелізацыяй. Дзякуючы ёй Хрыстус хоча зрабіць усё чалавецтва адзінай Божай сям’ёй.

Сучасны свет, падобна як і свет часоў Езуса Хрыста, патрабуе евангелізацыі. Яе патрабуюць краіны, дзе Евангелле яшчэ не абвяшчалася. Такая евангелізацыя называецца евангелізацыяй «Ad gentes», ці на беларускай мове – евангелізацыяй язычнікаў, тых, хто яшчэ не чуў Евангелля і не спаткаў Хрыста.

Але ў сучасным свеце з’явілася шмат новаязычнікаў. Гэта тыя народы, якія былі ахрышчаны даўно, але адышлі ад Бога. Такая евангелізацыя называецца новай евангелізацыяй, калі неабходна нанава абвяшчаць Божае слова народам з хрысціянскімі каранямі, якія, на жаль, засыхаюць.

Можа быць некалькі прычын такой з’явы. Гэта дабравольнае адмаўленне ад хрысціянства, а таксама ганенні на веру. Беларусь была ахрышчана больш за 1000 гадоў таму і сапраўды з’яўляецца краінай з хрысціянскімі каранямі і багатымі хрысціянскімі традыцыямі. Аднак тры пакаленні пераследу веры зрабілі сваё. Дзякуючы старэйшаму пакаленню, нашым дзядам і бацькам, славутым бабулям, вера захавалася, але была моцна аслаблена. У наш час распўсюджвання секулярызму наша зямля з’яўляецца вельмі падатным грунтам для дэхрысціянізацыі, і таму ізноў неабходна змагацца за веру.

Людзі нашага часу – гэта, з аднаго боку, людзі, якія страчваюць веру, а з іншага – людзі, якія шукаюць сэнсу свайго жыцця. Наша місія, як веруючых, – даць адказ на пытанні, якія яны ставяць, асабліва маладыя людзі. Нашым заданнем з’яўляецца весці іх да Бога ў абставінах, калі многія ад Яго адракаюцца. Таму мы пакліканы абвяшчаць ім Евангелле збаўлення.

Далей, сустрэча чалавека з Богам адбываецца праз цэлебрацыю сакрамэнтаў. Хрост уводзіць нас у супольнасць Касцёла. Канфірмацыя ўмацоўвае нашу веру, каб мы маглі яе бараніць і мужна абвяшчаць. Эўхарыстыя з’яўляецца хлебам вечнага жыцця. Яна чыніць нас больш Хрыстовымі. Пакаянне ачышчае ад грахоў і нанава чыніць святынямі Духа Святога. Намашчэнне хворых рыхтуе да пераходу ў вечнасць. Сакрамэнт сужэнства ўмацоўвае сужэнскія сувязі і дапамагае ў пераадоленні крызісаў, якія перажывае сучасная сям’я. Святарства дае моц дзейнічаць ад імя Хрыста.

Больш за тое, Касцёл таксама моліцца за душы памерлых.

Такім чынам, Касцёл клапоціцца пра духоўнае жыццё чалавека ад нараджэння ажно да смерці і моліцца аб ім пасля яе.

4. Хрыстус з’яўляецца нашым настаўнікам. Ён у сваім Евангеллі дае нам праграму нашага жыцця. У сённяшнім Евангеллі (пар. Ян 12, 31-36) Хрыстус называе нас дзецьмі святла. Сапраўдным святлом з’яўляецца Хрыстус, які прыйшоў у гэты свет, каб рассеяць цемру.

Мы пакліканы быць сведкамі гэтага святла, каб несці яго ў сучасны свет, у якім так шмат духоўнай цемры. Таму наша заданне – напоўніць сучасны свет святлом Евангелля і хрысціянскімі каштоўнасцямі, каб Божае слова і вучэнне Касцёла сталі падмуркам новай культуры жыцця і надзеі.

Сёння гэты касцёл нанава становіцца Божым домам, домам малітвы і месцам сустрэчы чалавека з Богам.

Няхай Божая Маці і св. Станіслаў, біскуп і мучанік, выпрошваюць для нас ласку заўсёды жыць у святле Евангелля і быць яго носьбітамі ў сучасным свеце. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.