Старшыня беларускага епіскапату арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пракаментаваў рашэнне ЮНЕСКА уключыць фэст Маці Божай Будслаўскай у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.
Іерарх назваў гэтую падзею ўдалым прыкладам плённага супрацоўніцтва Касцёла і дзяржавы, а таксама выказаў абурэнне інфармацыяй у СМІ, якія назвалі будслаўскі фэст «фэстам без падзелу па гендарным прынцыпе».
«Мы чакалі гэтай падзеі з надзеяй. Напярэдадні Адвэнту, часу надзеі, наша надзея рэалізавалася. Я з вялікай радасцю ўспрыняў гэтую вестку, я чакаў яе, бо ўжо не першы год мы падаём заяўку на ўключэнне Будслаўскага фэсту ў спіс нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва, які складае ЮНЕСКА.
Трэба падзякаваць Міністэрству культуры, Міністэрству замежных спраў, а таксама аддзелу па справах супрацоўніцтва з ЮНЕСКА. Гэта сумесная праца — у адзіночку Касцёлу гэта не ўдалося б. Будслаўскі фэст — гэта найперш касцёльная падзея.
Ён так развіўся і ўвайшоў у гісторыю [Касцёла ў Беларусі], што гэта становіцца агульнабеларускім і нават дзяржаўным [святам]. Таму гісторыя прызнання будслаўскага фэсту і ўнясенне яго ў спіс [нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва] ЮНЕСКА — гэта добры прыклад супрацоўніцтва Касцёла з дзяржавай.
Гэта важна для Касцёла, бо робіць рэкламу Касцёлу, які прызнаны на такім высокім узроўні.
Пра гэта напісалі вядучыя агенцтвы свету, і я ўжо атрымаў віншаванні з многіх краін свету, бо там даведаліся пра гэты фэст, пра Касцёл у Беларусі.
Спадзяюся, прызнанне ЮНЕСКА дасць новы імпульс вернікам, каб прымаць удзел у набажэнствах у Будславе. Таксама гэта развіццё культу Марыі. Людзі здаўна маліліся на тым месцы, дзе аб’явілася Марыя <...> Вера ў дапамогу Марыі як нашай духоўнай Маці дапамагала людзям. Трэба дзякаваць Богу за такое прызнанне.
<...> Думаю, будзе зроблена спецыяльная шыльда, змешчаная на базыліцы, дзе будзе напісана, што ўрачыстасці, якія тут адбываюцца, належаць да нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА.
<...> Мяне вельмі здзівіла, што ў афіцыйных звестках пра тое, што ЮНЕСКА прызнала Будслаўскі фэст нематэрыяльнай каштоўнасцю, з’явілася інфармацыя, што фэст яднае людзей «без падзелу па гендарным прынцыпе». Пры чым тут гэта?
У сведчанні ЮНЕСКА нічога няма пра гендар. Беларусь не знаходзіцца ў Еўрасаюзе, але, гледзячы на апошнія падзеі, гэтыя, можа, амаральныя прыклады яна бярэ адтуль.
Ведаем, што быў праект этычных норм для супрацоўнікаў службы здароўя, які хацеў забараніць ім насіць знакі рэлігійнай прыналежнасці. Гэта дыскрымінацыя па рэлігійнай прыкмеце. Падобная сітуацыя з праектам па дамашнім насіллі. Касцёл супраць дамашняга насілля. Але адкуль там у праекце закона была згадка пра гендар? З якога боку?
<...> Часта задаюць пытанні, чаму Касцёл умешваецца ў палітыку. Мы не ўмешваемся ў палітыку. Касцёл і палітыка — гэта зусім іншыя сферы, аднак з маральнага погляду Касцёл мае права ацэньваць дзеянні ўлады. Добра, што ўдалося стрымаць гэтыя негатыўныя тэндэнцыі, але, што будзе заўтра, я не ведаю. Гэтыя сілы маюць тэндэнцыю прасоўваць ідэі, спрэчныя з маральным правам».