Пошук

20.05.2022 12:26   Паводле: bisr.gov.by / Фота: bisr.gov.by / Catholic.by

18 мая Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч узяў удзел у экспертнай сустрэчы, якая адбылася на пляцоўцы Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў.

У межах сустрэчы дырэктар інстытута Алег Макараў пазнаёміў ватыканскага дыпламата з дзейнасцю ўстановы, якая была заснавана тры гады таму і за час свайго існавання дасягнула заўважных вынікаў у галіне доследу грамадскай думкі ў нашай краіне, а таксама падзей і тэндэнцый на міжнародай арэне.

Супрацоўніца інстытута аналітык Святлана Алейнікава прадставіла Апостальскаму нунцыю грунтоўнае даследаванне на тэму «Каштоўнасны партрэт сучаснага беларускага грамадства». Прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне з вялікай зацікаўленасцю пазнаёміўся з тым, якія каштоўнасці сёння знаходзяцца ў цэнтры жыцця беларусаў, што для іх важна, як выглядае іх духоўны свет і рэлігійнасць, а таксама якія адметнасці ім уласцівыя.

Як паведамляецца на сайце БІСД bisr.gov.by, падчас сустрэчы бакі абмяняліся поглядамі па актуальных пытаннях глабальных выклікаў сучаснасці, перспектывамі развіцця двухбаковага ўзаемадзеяння, гуманітарным аспектам сітуацыі ў рэгіёне.

Удзельнікі таксама абмеркаалі важнасць умацавання каштоўнаснага падыхода ў сусветнай палітыцы, пацвердзілі значную ролю экспернага дыялога ва ўмовах інфармацыйнага грамадства і зменаў карціны свету, што адбываюцца ў цяперашні час.

Пры гэтым Апостальскі нунцый адзначыў вялікі патэнцыял Беларусі і станоўчую ролю, якую яна можа адыграць для вырашэння вострых праблем у рэгіёне на міжнародным узроўні, звярнуўшы ўвагу на магчымыя канкрэтныя крокі ў гэтым кірунку ў святле 30-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам, што адзначаецца сёлета.

Дырэктар інстытута Алег Макараў і нунцый Ёзіч абмяняліся памятнымі падарункамі. Між іншым, прадстаўнік Папы Францішка перадаў кіраўніку БІСД пераклад на беларускую мову энцыклікі Святога Айца Fratelli tutti аб братэрстве і сацыяльным сяброўстве, у якім пастыр паўсюднага Касцёла звяртае ўвагу на нязменныя агульначалавечыя і духоўныя каштоўнасці, што павінны быць падмуркам адносін паміж людзьмі і народамі.

Па выніках сустрэчы была дасягнута дамоўленасць працягваць узаемадзеянне паміж БІСД і Апостальскай нунцыятурай у Беларусі ў сферах, якія ўяўляюць узаемны інтарэс, — адзначаецца на сайце ўстановы.

Абноўлена 20.05.2022 12:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.