Пошук

28.11.2018 17:08   Catholic.by

2 снежня ў Каталіцкім Касцёле распачынаецца Адвэнт — час асаблівай падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння і радаснага чакання другога прыйсця Хрыста ў хвале.

З гэтай нагоды з пастырскім пасланнем да духавенства і вернікаў звярнуўся арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч таксама напісаў пастырскі ліст на Першую нядзелю Адвэнту.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

ЧАС НАДЗЕІ

Пастырскае пасланне на Адвэнт 2018 г.

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. «Вось надыходзяць дні, калі я выканаю абяцанне» (Ер 33, 14). Гэтымі словамі прарока Ераміі Касцёл вітае нас на пачатку новага літугічнага года, які распачынаецца Адвэнтам. Яшчэ Адаму і Еве пасля іх грэхападзення міласэрны Бог абяцаў паслаць у свет Збаўцу (гл. Быц 3, 13). І калі прыйшла паўната часу, Ён выканаў сваё абяцанне (гл. Гал 4, 4–5). Адвэнт з’яўляецца часам падрыхтоўкі да ўспаміну гістарычнага прыйсця Збаўцы дваццаць стагоддзяў таму ў Бетлееме, аб чым нагадвае свята Божага Нараджэння, а таксама часам падрыхтоўкі да новага Яго прыйсця ў хвале.

У новым літургічным годзе, які сёння распачынаецца, Касцёл будзе прадстаўляць нашай увазе тэксты Евангелля паводле Лукі, галоўнай уласцівасцю якога з’яўляецца цнота міласэрнасці. Аб гэтым вельмі добра нагадвае аповед пра марнатраўнага сына, якога бацька з любоўю прымае ў свой дом (гл. Лк 15, 11–32).

Гісторыя збаўлення чалавецтва — гэта гісторыя бязмежнай Божай любові і міласэрнасці да грэшнага чалавека. На гэты аспект звяртае вялікую ўвагу Святы Айцец Францішак, які заклікае даверыцца Божай міласэрнасці і ў жыцці практыкаваць дзейсную любоў да бліжняга.

Распачынаючы новы літургічны год, мы павінны памятаць аб гэтым, каб у духу любові да Бога і бліжняга перажываць час, які надыходзіць.

2. Чытанні першай нядзелі Адвэнту заклікаюць нас з надзеяй глядзець наперад. На пачатку гэтага новага перыяду нашага жыцця мы вяртаемся ў стан чакання. У першым чытанні з кнігі прарока Ераміі чуем: «Вось надыходзяць дні — кажа Пан — калі Я выканаю абяцанне, якое абвясціў пра дом Ізраэля і пра дом Юды. У тыя дні і ў той час Я ўзгадую для Давіда Парастак Справядлівасці, і будзе ён чыніць правасуддзе і справядлівасць на зямлі» (пар. Ер 33, 14–15).

У той жа час Евангелле адкрывае новы гарызонт і новы сэнс гэтага чакання: прыйсце Хрыста ў хвале напрыканцы часоў: «І тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці ў воблаку з моцаю і славаю вялікай» (Лк 21, 27). Да будучыні заклікае таксама і рэспансарыйны псальм, аб чым вельмі добра сведчыць яго рэфрэн: «Да Цябе, о Пане, узношу я душу маю» (Пс 25 (24), 1).

3. Гэты літургічны заклік да новай будучыні падобны да таго, што адбываецца ў нашым жыцці. Здольнасць вярнуцца да надзеі пасля бясконцых паражэнняў з’яўляецца адной з найбольш значных уласцівасцяў чалавека. Як галінка дрэва выпростваецца пасля парыву ветру, таксама і чалавек вяртаецца да надзеі пасля кожнай няўдачы. Калі б гэтага не было, то жыццё не мела б сэнсу.

Мы павінны мець надзею, каб жыць. Нездарма прымаўка кажа, што надзея памірае апошняй. Нават калі мы не дасягаем таго, чаго хочам, тым не менш нашыя змаганні, якія кожны раз з надзеяй распачынаем нанава, не з’яўляюцца дарэмнымі. Пацвярджае гэта і св. апостал Павел, што «надзея не асароміць» (пар. Рым 5, 5).

4. Надзея — гэта адзіная справа, якая робіць нашае жыццё прыгожым і плённым. Італьянскі паэт Джакамо Леапардзі пацвярджае гэтую праўду ў кароткім маральным творы, які называецца «Дыялог паміж прадаўцом календароў і мінаком».

Мінак набліжаецца да кіёска на скрыжаванні вуліц, у якім прадаюцца календары. Перад тым, як набыць сабе каляндар, ён пытаецца ў прадаўца, ці той верыць, што наступны год будзе шчаслівым.

— Так, — адказвае прадавец.
— А як прайшоў год, які завяршаецца? Больш-менш някепска? Ці не хацеў бы ты, каб і наступны быў падобны да гэтага, што заканчваецца?
— Ой, не.
— А не хацеў бы ты нанава распачаць жыццё ад свайго нараджэння?
— Калі такая Божая воля, то чаму б і не?
— А не хацеў бы ты  паўтарыць усё сваё жыццё з усімі яго падзеямі?
— Ой не, не хацеў бы.
— Тады якое жыццё хацеў бы ты мець?
— Хацеў бы мець жыццё паводле Божага плану, каб ніхто яго не змяняў, — адказвае прадавец.
— І я таксама хацеў бы распачаць сваё жыццё нанава. Гэтага хочуць усе. Нас павінна заварожваць не пражытае жыццё, а будучае. Мы спадзяемся, што ў Новым годзе наш лёс будзе іншы і мы будзем шчаслівымі, — сказаў мінак.
— Спадзяемся, — адказаў прадавец.
— Хачу набыць самы прыгожы каляндар, — такімі словамі завяршыў дыялог мінак.

Усе мы разам і кожны паасобку хацелі б распачаць нашае жыццё нанава. Але, напэўна, ніхто не хацеў бы, каб яно было такім, якім мы яго ўжо пражылі. Чаму? Бо мы не мелі б надзеі на лепшае, гэта азначае, не мелі б нічога новага. А што азначае жыццё без новай надзеі? Нічога іншага, як бясплённае паўтарэнне мінулага.

Калі мы разважаем пра надзею, то заўсёды чакаем чагосьці ад Бога. І тут трэба адзначыць, што ў гэтым чаканні існуе пэўнае рызыка. Колькі разоў з надзеяй мы звярталіся да Бога з той ці іншай просьбай, і нічога не адбылвалася. У такой сітуацыі мы нярэдка лічым, што Бог з’яўляецца нашым даўжніком, і таму мы, зноў звяртаючыся да Яго, як быццам робім Яму паслугу.

Пры гэтым мы забываемся пра адну рэч, што Бог таксама спадзяецца на штосьці і з нашага боку. На пачатку новага літургічнага года Ён спадзяецца, што гэты новы час будзе лепшым. У якім сэнсе лепшым? Адказ просты: у сэнсе нашага навяртання. Час нашага жыцця — кароткі ці доўгі, шчаслівы ці не — заўсёды напоўнены чаканнем і надзеяй Бога на перамену нашага жыцця.

Таму можна сцвердзіць, што і Бог жыве надзеяй. Ён любіць чалавека і не хоча, каб той загінуў. Святы Аўгустын кажа, што Бог нас стварыў без нас, але без нас нават Ён нас не збавіць. Бог учыніў нас свабоднымі і нічога не робіць супраць нашай свабоды.

Што ў такой сітуацыі можа рабіць Бог? Адказ дае евангельскі аповед пра марнатраўнага сына. Што зрабіў яго бацька? Чакаў вяртання сына (пар. Лк 15, 11–32). Таксама і Бог з надзеяй чакае нашага навяртання. Пакаянне чалавека — гэта вяршыня надзеі Бога.

6. Усе нашыя абавязкі адносна Бога з’яўляюцца не чым іншым, як тым, чым Ён нас ужо адарыў. Ён нам кажа любіць Яго. Але Ён першы палюбіў нас. Ён кажа верыць у Яго. Але Ён першы паверыў у чалавека. Ён кажа мець надзею. Але Ён першы ўсклаў сваю надзею на сваё стварэнне, на чалавека.

Бог спадзяецца, што мы прымем Яго прапановы, каб збавіцца. І робіць усё гэта з любові да чалавека. Ён спадзяецца, што мы вернемся на шлях збаўлення. Бог чакае зручнага моманту, калі грэшнік навернецца. Ён чакае, калі грэшнік зробіць Яму паслугу і распачне думаць пра сваё збаўленне.

7. Таму, дарагія браты і сёстры, на пачатку новага літургічнага года перад усімі намі паўстае фундаментальнае пытанне: ці новы час, які перад намі, будзе лепшы не толькі для нас, але перадусім для Бога? Ці стане ён часам, калі здзейсняцца чаканні Бога і Яго надзея на нас? Ці стане ён часам, калі мы, нарэшце, распачнем клапаціцца пра наша збаўленне?

Важна не тое, чаго мы дасягнем у нашым зямным жыцці, а тое, на што Бог спадзяецца ад нас. Ён як вечна жывы чакае нашай духоўнай перамены і гатовы прабачыць наша спазненне. Ніколі не позна вярнуцца да Бога.

Няхай сённяшняе такое багатае зместам Божае слова, якое нясе надзею насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18), дапаможа нам усвядоміць той факт, што новы час, які перад намі, будзе лепшы не толькі тады, калі ажыццявяцца нашыя мары, але калі Бог дачакаецца таго, на што Ён спадзяецца ад нас.

На новы літургічны год, які распачынаецца, давяраючы ўсіх вас апецы Марыі, Маці надзеі, ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч,
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 25 лістапада 2018 г., урачыстасць Хрыста Валадара сусвету

P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае пасланне вернікам у першую нядзелю Адвэнту 2 снежня 2018 г.

Тэкст паслання па-беларуску ТУТ>>>
Тэкст паслання па-польску ТУТ>>>

Абноўлена 30.11.2018 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.