Пошук

Панядзелак, 13 ліпеня 2009
13.07.2009 14:24
[ 21 верасня 2004 г. сядзіба Дыяцэзіяльнай курыі ў Гродне ] У пасяджэнні прынялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі разам са Старшынёй ККББ Кардыналам Казімірам Свёнткам. На пачатку старшыня прывітаў кс. Генрыха Ягадзінскага, часовага паверанага Апостальскай нунцыятуры ў Мінску і запрасіў яго прыняць удзел у пасяджэнні. Старшыня паведаміў прысутным пра прызначэнне Апостальскай Сталіцай Апостальскага нунцыя ў Беларусі. Ім стаў пралат Марцін Відавіч, які да гэтай пасады з’яўляўся супрацоўнікам дзяржаўнага сакратарыяту. Ад імя Канферэнцыі яму было выслана віншаванне з нагоды прызначэння. Быў разгледжаны план візіта ў Беларусь кардынала Альфонсо Труіллё, Старшыні Папскай Рады па справах сям’і, які адбудзецца 22–26 кастрычніка гг. Падчас гэтага візіта кардынал сустрэнецца з духавенствам і вернікамі 23 кастрычніка ў Мінску і 24 кастрычніка ў Гродне. Ксёндз Генрых Ягадзінскі прадставіў сабраным кароткі змест апошняй Інструкцыі аб захаванні і пазбяганні пэўных рэчаў, якія датычаць Найсвяцейшай Эўхарыстыі Старшыні Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў кардынала Арынзэ. Сабраныя атрымалі праект рэгуляміна Сакратарыяту ККББ, адкрытага з 1 верасня гг. з мэтай унясення магчымых паправак. Старшыня Рады па справах сям’і выказаў намер апрацаваць у працоўнай групе Інструкцыю душпастырства сем’яў для ўсёй краіны. Сабраныя падтрымалі прапанаваную ініцыятыву. Удзельнікі Канферэнцыі выказалі згоду на выданне малога Каталіцкага Катэхізіса ў перакладзе на беларускую мову. Старшыня паведаміў, што 27 верасня гг. ён уручыць Папе Рымскаму экзэмпляр новага Імшала (Editio typica tertia) на беларускай мове. Адказны за душпастырства моладзі прадставіў фармацыйныя матэрыялы і азнаёміў з умовамі ўдзелу ў Сусветным дні моладзі, які адбудзецца ў наступным годзе ў Кёльне. Былі абмеркаваныя таксама іншыя душпастырскія патрэбы Касцёла ў Беларусі. Біскуп Антоні Дзям’янка, Генеральны сакратар
13.07.2009 13:51
Дарагія душпастыры, дарагія вернікі!   У пятніцу, 3 верасня, увесь свет абляцела вестка аб тэрарыстычным акце ў г. Беслан Паўночнай Асеціі. Кожная пагроза з’яўляецца выклікам. Тым больш выклікам з’яўляецца гэты тэрарыстычны акт, які страсянуў грамадскую і рэлігійную свядомасць.   Памеры знішчэння безабаронных маленькіх чалавечых істотаў на тэрыторыі школы, якая з’яўляецца месцам супакою і надзеі на лепшую будучыню, месцам фармавання дзяцей і моладзі — гарантыі развіцця кожнай сям’і і кожнага грамадства, — заклікае нас да паглыбленай рэфлексіі над уціскам і знішчэннем чалавека, створанага па вобразу і падабенству Бога для супрацоўніцтва ў справе паляпшэння свету. Гэты беззаконны ўчынак заклікае нас да малітвы ў інтэнцыі ахвяраў, а таксама ў інтэнцыі тых, хто пацярпеў ад гэтай трагедыі. У духу салідарнасці з ахвярамі настойліва заклікаю да малітвы ў вышэйзгаданых інтэнцыях ва ўсіх парафіях. Прашу таксама аб малітве ў інтэнцыі кіраўнікоў і непасрэдных віноўнікаў тэрарыстычнага акта, каб апамяталіся і адмовіліся ад гэтай бесчалавечай формы імкнення да дасягнення ўласных мэтаў. Бог з’яўляецца Творцам і Панам жыцця — ад яго пачатку ажно да смерці. Кожны чын супраць жыцця з’яўляецца цяжкім парушэннем Божага права, і яго не абміне суд Божай справядлівасці. Дарагія душпастыры! Дарагія вернікі! Пакідаю за вамі выбар формы малітваў. Прасіце аб Божай Міласэрнасці для пацярпелых, а таксама і для тых, хто ўчыніў гэтую страшную трагедыю. Таксама прасіце Бога даць сілы палітыкам і грамадскім дзеячам, каб клапаціліся пра шанаванне правоў чалавека, бо без гэтага, як падкрэслівае Святы Айцец Ян Павел ІІ, не можа быць гаворкі пра тое, каб нарэшце спыніць тэрарызм і вайну. На гэты малітоўны акт усіх сардэчна благаслаўляю Кардынал Казімір Свёнтэк Арцыбіскуп, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі
13.07.2009 13:49
[ 25 чэрвеня 2004 г., парафіяльны дом у Паставах, Віцебская дыяцэзія ] У сустрэчы прынялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі на чале са старшынёй ККББ кардыналам Казімірам Свёнткам. Старшыня прадставіў сігнальны экземпляр Імшала на беларускай мове. Вызначана колькасць запланаваных да выдання экземпляраў. Біскупы выказалі згоду на змяшчэнне прэфацый у двух версіях: звычайнай і ўрачыстай. Зацверджаны пэўныя адзіныя формы ў літургіі ў той частцы агульных уводзінаў да Імшалу, у якой неабходна прыняцце рашэння Епіскапату Партыкулярнага Касцёла. Старшыня паінфармаваў аб зацвярджэнні Кангрэгацыяй па справах Божага культу і сакрамэнтаў рытуалу хросту дзяцей. Акрэслена колькасць экземпляраў выдання гэтага рытуалу. Прынята рашэнне аб змяшчэнні некаторых дадатковых малітваў пры чарговым выданні малітоўніка «Ойча наш». Створаны новы склад Мітрапалітальнай камісіі па перакладзе літургічных тэкстаў. Абмяркоўваліся таксама іншыя душпастырскія патрэбы Касцёла на Беларусі. Біскуп Антоні Дзям’янка, Генеральны сакратар ККББ
13.07.2009 13:48
Вялікі навукова-тэхнічны прагрэс у галіне біялагічных навук адкрывае перад чалавецтвам магчымасць і для вялікага дабра, і для вялікага зла. Медыцына даволі дакладна вывучыла чалавечы «ген» і ў хуткім часе зможа яго відазмяняць. Шмат хваробаў можна выявіць ужо на першай стадыі эмбрыянальнага жыцця чалавека і вылечыць, пазбаўляючы яго ад многіх цярпенняў. На жаль, існуюць таксама шматлікія злоўжыванні сілаю, якой з’яўляюцца генетычныя веды і іх выкарыстанне супраць чалавека. Людзі робяць сябе гаспадарамі жыцця і смерці іншых людзей. Прыкладам гэтага можа быць штучнае стварэнне новых людзей метадам гэтак званага апладнення in vitro і іх успрымання ў якасці «чалавечага матэрыялу», а не жывых істотаў, прызначаных для жыцця вечнага. Парламенты некаторых краін зацвердзілі закон, які будзе дазваляць кланаванне чалавечых эмбрыёнаў з мэтаю вытворчасці «запасных частак», прыдатных да лячэння пэўных хваробаў. Некаторыя генетыкі ўжо заявілі, што насуперак прынятым у большасці дзяржаў прававым абмежаванням, яны будуць рабіць спробы кланавання людзей, каб забяспечыць патомствам бяздзетныя сужэнствы. Зазначым, што ў гэтых краінах ужо зачатых дзяцей пазбавілі юрыдычнай абароны, легалізуючы аборты. Усё настойлівей гучыць заклік аб легалізацыі эўтаназіі. Паступова распаўсюджваецца перакананне, што жыццё чалавека не каштоўнае само па сабе, што яго вартасць залежыць толькі ад ступені інтэлектуальнага і эмацыянальнага развіцця і ад грамадскай прыдатнасці. Той, хто не адпавядае гэтым уяўным крытэрыям гуманнага чалавецтва, пазбаўляецца права на жыццё, а эўтаназія, якая па сутнасці з’яўляецца забойствам, апраўдваецца спачуваннем. Трэба выразна сказаць, што ніводны чалавек не мае права прымаць рашэнне перарываць уласнае жыццё або жыццё іншага чалавека. Кожнае жыццё даецца Богам, і толькі Ён з’яўляецца яго Гаспадаром. Толькі Ён як Найвышэйшы Творца можа вырашаць, калі пачнецца і калі скончыцца жыццё чалавека. Да супрацоўніцтва ў справе перадачы новага жыцця Бог запрасіў бацькоў словамі: «Будзьце плоднымі і размнажайцеся, напаўняйце зямлю і валодайце ёю» (Быц 1, 28). Бацькі перадаюць дзіцяці толькі зямное жыццё, а душа чалавека створана непасрэдна Богам. Ствараючы душу чалавека, Бог стварае ўсяго чалавека ва ўлонні жанчыны і пры ўдзеле мужчыны. Зачаты чалавек падобны не толькі да сваіх зямных бацькоў, але таксама і да Створцы, бо мае ў сабе «вобраз і падабенства» Бога. З самага зачацця ён з’яўляецца асобаю, адоранаю годнасцю і пакліканнем да жыцця вечнага. Але з прычыны безабароннасці яму патрэбна абарона і дапамога бацькоў у развіцці закладзеных у ім дароў. Жаданне мець дзяцей з’яўляецца цалкам натуральным, аднак адзіны годны спосаб зачацця дзіцяці – акт сужэнскай любові. Штучнае апладненне ( in vivo ці in vitro ), да якога звяртаюцца сужэнствы, пакрыўджаныя невылечнаю бясплоднасцю, пазбаўлены гэтага асабістага дару. Дзіця становіцца прадуктам медыцынскіх тэхнік, прадметам. Шмат дзяцей, зачатых такім чынам, павінна памерці, каб магло нарадзіцца адно дзіця. Ненатуральная па сваёй сутнасці тэхніка апладнення вядзе да «вырабу» большай колькасці чалавечых эмбрыёнаў, каб павялічыць верагоднасць удалай працэдуры. З маральнага пункту погляду, сужэнствы, якія згаджаюцца на штучнае апладненне, робяць цяжкі грэх. Сужэнства не заўсёды дае магчымасць мець дзіця, але дае магчымасць весці сумеснае жыццё, у выніку якога можа быць зачата дзіця. Сужэнцы толькі ствараюць адпаведныя «ўмовы» для зачацця, а Бог дае жыццё, і Яго волю трэба прыняць. Для бяздзетных сем’яў вырашэннем праблемы можа быць усынаўленне. Акружыць бацькоўскаю апекаю і любоўю дзяцей, якія ўжо ёсць і якім гэта патрэбна, напэўна, больш высакародна, чым спробы зачаць «сваё» дзіця (або часткова «сваё») любым коштам, нават звяртаючыся да нікчэмных у маральных адносінах тэхнік. Нядаўна генетыкі вынайшлі новыя магчымасці зачацця чалавечага жыцця, а менавіта – кланаванне. Гэты спосаб размнажэння паходзіць са свету раслінаў. Ён грунтуецца на атрыманні павялічанай лічбы генетычна ідэнтычных клетак, зародкаў або арганізмаў раслін ці жывёлаў, а таксама на капіраванні генаў і генетычных канструкцый. Магчымасць кланавання чалавечых асобаў прывяла да жадання займець поўную ўладу над існаваннем іншых, як бы замяшчаць Бога ў справе стварэння, даючы жыццё (або не) у адпаведнасці з чалавечымі памкненнямі і ўяўленнямі. Масавае кланаванне адной і той жа адзінкі парушае прынцып чалавечай раўнавагі, свабоды і годнасці нават у выпадку стварэння толькі адной копіі ўжо існуючага чалавека. Тое, што кожны чалавек, зачаты і народжаны натуральным чынам, адрозніваецца ад іншых, з’яўляецца прыгожым дарам, адлюстраваннем Божай мудрасці. Ці хочам мы парушыць гэтую мудрую, прыгожую гармонію? Падыходзячы да гэтага пытання з «рэлігійных» пазіцый, мы гаворым, што гэты спосаб нараджэння людзьмі патомства пярэчыць Божай задуме. Чалавек, створаны на вобраз і падабенства Божае (пар. Быц 1, 27), павінен працягваць Яго справу стварэння, апекавацца ёю, развіваць яе і пераўтвараць, але захоўваць акрэсленыя ўмовы. У перадачы жыцця гэтыя ўмовы датычаць ушанавання чалавечай годнасці, паўнавартаснай перадачы жыцця і гарантавання дабра паасобным людзям і ўсяму чалавецтву. Гаворка ідзе пра ўшанаванне годнасці чалавека ад моманту зачацця і ўшанаванне годнасці перадачы жыцця. Кланаванне нясе з сабою такія ж вынікі, як і штучнае апладненне. Выкарыстанне значнай колькасці эмбрыёнаў, якія пераўзыходзяць дапушчальную колькасць, іх знішчэнне для атрымання аднаго індывідуума, а далей пазбаўленне дзіцяці ў біялагічным, псіхічным і юрыдычным вымярэннях права быць зачатым і нарадзіцца ў сям’і ад бацькоў, трактаванне яго як «прадукту» біямедыцынскіх методык – гэта галоўныя аргументы, якія сведчаць пра тое, што кланаванне людзей недапушчальнае. Небяспеку, што вынікае з кланавання чалавека, разумеюць нават няверуючыя людзі. У Еўрапейскім парламенце ўжо 3 сакавіка 1989 года сцвярджалася, што «прававая забарона з’яўляецца верагоднаю рэакцыяй на магчымасць стварэння чалавечых істотаў метадам кланавання». Як для бясплодных сужэнстваў найбольшым жаданнем з’яўляецца магчымасць мець патомства, так для некаторых здаровых сужэнцаў іх плоднасць стварае шмат праблемаў. З гэтай прычыны цяпер у найбольшай небяспецы знаходзіцца жыццё ненароджаных. Шмат людзей забылася, што ад зачацця плод з’яўляецца асобаю, і як асоба мае права на жыццё. Людзі, захопленыя дасягненнем поспехаў, павелічэннем матэрыяльных дабротаў або змаганнем са штодзённымі цяжкасцямі, страцілі прыязнасць і да Бога, і да чалавека. Яны ўспрымаюць дзіця як ворага, які перашкаджае ім ажыццяўляць жыццёвыя планы. Яны абараняюцца ад яго рознымі метадамі, пачынаючы ад кантрацэптыўных сродкаў і заканчваючы абортамі. Заданне кантрацэпцыі – знішчыць плоднасць, якая з’яўляецца дарам Створцы. Дзякуючы гэтаму дару чалавек супрацоўнічае з Богам у справе перадачы жыцця. Знішчэнне гэтага дару – самавольны ўчынак супраць Божых запаведзяў, бунт супраць Створцы. Кантрацэпцыя праз занядбанне (і нават пагарду) дара плоднасці выклікае нянавісць да новага жыцця і вядзе да дэградацыі чалавецтва. Такія адносіны спараджаюць разрыў кантакту з Богам і могуць стаць прычынай канфлікту сумлення. Кантрацэптыўныя сродкі забіваюць ужо зачатае дзіця ў першыя дні яго жыцця.У жанчыны гэта выклікае шматлікія фізічныя і нервовыя хваробы, а часам і псіхічныя растройствы. Выкарыстанне кантрацэптыўных сродкаў – заўсёды цяжкі грэх. Цяжкі грэх робяць таксама жанчыны, якія перарываюць цяжарнасць, а таксама тыя, хто якім-небудзь чынам спрычыняюцца да забойства дзіцяці, напрыклад, даюць парады, шантажуюць або непасрэдна прымаюць удзел у аборце, як медыцынскія работнікі. Святы Айцец Ян Павел ІІ у энцыкліцы Evangelium vitae піша: «Сярод усіх злачынстваў супраць жыцця, якія можа ўчыніць чалавек, перарыванне цяжарнасці мае наступствы, якія робяць яго асабліва сур’ёзным злачынствам, што заслугоўвае асуджэння» (EV 58), а ў Кнізе Быцця Бог перасцерагае: «Спаганю таксама душу чалавека ад рукі чалавека, ад рукі брата ягонага» (гл. Быц 9, 5). Жыццё чалавека недатыкальнае ад зачацця аж да натуральнай смерці. Таму трэба атуліць апекаю таксама людзей старэйшых, знямоглых, інвалідаў і псіхічна хворых, бо ў многіх краінах ім пагражае небяспека эўтаназіі. Эўтаназія – гэта скарачэнне цярпенняў хворага па яго просьбе праз выкарыстанне смяротных сродкаў альбо таксама праз неаказанне яму медыцынскай дапамогі з мэтаю прыспешыць яго смерць. Прыхільнікі эўтаназіі лічаць, што такім чынам чалавек можа распараджацца ўласным жыццём. Размова ідзе не столькі пра магчымасць распараджацца ўласным жыццём, сколькі жыццём іншых. Такім чынам, легалізуецца выдаленне з грамадства людзей, жыццё якіх лічыцца менш каштоўным і занадта абцяжарвае бліжніх. Такія ж погляды леглі ў аснову легалізацыі эўтаназіі ў нацыянальна-сацыялістычнай Германіі, у выніку чаго яшчэ перад пачаткам Другой сусветнай вайны лекары забілі 80 тысяч быццам бы «непаўнацэнных» людзей. Агульная колькасць людзей, страчаных у выніку так званай «міласэрнай смерці», магла дасягнуць 400 тысяч, не ўлічваючы масавага знішчэння ў канцэнтрацыйных лагерах, дзе менш «міласэрна» і ў большых маштабах ажыццяўляліся гэтыя «праграмы». Тыя лекары дзейнічалі цалкам легальна ў межах закона. Ян Павел ІІ у энцыкліцы Evangelium vitae піша аб гэтай практыцы: «Эўтаназія становіцца актам, які яшчэ больш заслугоўвае асуджэння, калі набывае форму забойства і ажыццяўляецца над іншым чалавекам, які ніякім чынам гэтага не прасіў і ніколі не выказваў на гэта згоды. Вяршыня дэспатызму і несправядлівасці – пазіцыя, у якой некаторыя людзі, напрыклад, лекары альбо працадаўцы, прэтэндуюць на права распараджацца тым, хто павінен жыць, а хто памерці (...). Толькі Бог мае ўладу распараджацца смерцю і жыццём» (EV 66). Святы Айцец Ян Павел ІІ у энцыкліцы Evangelium vitae з клопатам і болем звяртае ўвагу на зніжэнне ў сучасным грамадстве маралі і разумення святасці жыцця чалавека. «Свядомае і дабравольнае рашэнне пазбавіць жыцця бязвінную чалавечую істоту з маральнага пункту погляду – заўсёды зло і ніколі не можа быць дазволена ні як мэта, ні як сродак на шляху да добрай мэты. (...) Ніхто і нішто не можа даць права забіваць бязвінную чалавечую істоту (...). Ніякая ўлада не мае права змушаць да гэтага ці даваць на гэта дазвол (EV 57). Мы, біскупы Каталіцкага Касцёла на Беларусі, настойліва нагадваем, што жыццё кожнага чалавека – старога або малога, здаровага або хворага, які выконвае важныя абавязкі ў грамадстве або выкінуты па-за межы грамадскага жыцця – святое. Езус у прытчы аб апошнім судзе вучыць нас: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых меншых братоў Маіх, вы зрабілі Мне» (гл. Мц 25, 40). «Абараняць жыццё і ўмацоўваць яго, шанаваць яго і любіць – вось задача, якую Бог даручыў кожнаму чалавеку» (EV 42), асабліва бацькам, медыцыне, дзяржаве і Касцёлу. Біскупы Каталіцкага Касцёла
13.07.2009 13:46
«Езус кажа яму: ты паверыў таму, што ўбачыў Мяне; шчаслівы той, хто не бачыў, а паверыў». (гл. Ян 20, 29) «Забралі Пана з грабніцы... не разумелі яшчэ Пісання... словы гэтыя здаліся ім пустаслоўем», – вось некалькі сказаў, узятых з апісання аб’яўлення Хрыста пасля Уваскрасення. Яны выразна адлюстроўваюць настрой, які панаваў сярод вучняў, раскрываюць думкі самых блізкіх Хрысту людзей. Памёр! Гэта ўжо канец. Ці маглі яны думаць інакш: так заканчваецца жыццё ўсіх людзей, нават найбольш паяднаных з Богам – такі закон чалавечага жыцця, такая логіка мыслення чалавека. Аднак у адных і тых жа евангельскіх апавяданнях ёсць і іншы настрой: «Убачыў і паверыў! Тады яны ўзгадалі словы Ягоныя і, вярнуўшыся ад грабніцы, абвясцілі ўсё гэта адзінаццаці...». Ёсць настрой абуджэння веры ў сэрцах людзей. Яны перамаглі страх пасля драматычных падзей пятніцы, сутыкнуліся з пустою грабніцаю, перажылі сустрэчу з Настаўнікам, які ім аб’явіўся, і нарэшце адступіліся ад прынцыпаў чалавечай логікі, пайшлі за Божаю праўдаю – Ён жыве! – і спасылаліся пры гэтым на асабістае сведчанне сустрэчы з Панам. Мабыць, самым яскравым з’яўляецца сведчанне нявернага Тамаша. Падчас аб’яўлення Уваскрослага Езуса ў вечары першага дня тыдня ў доме, дзе знаходзіліся вучні, не было апостала Тамаша. Калі вучні расказвалі яму, што бачылі Езуса, ён сказаў: «Пакуль не ўбачу на руках у Яго ранаў ад цвікоў, і не ўкладу пальца майго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі маёй у бок Ягоны, не паверу». А праз восем дзён, калі вучні Яго зноў былі ў доме і Тамаш з імі, Езус прыйшоў пры замкнутых дзвярах, стаў пасярэдзіне і прамовіў: «Спакой вам!». А потым сказаў Тамашу: «Дай сюды палец твой і паглядзі рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым». Тамаш адказаў Яму: «Пан мой і Бог мой». Езус сказаў: «Ты паверыў таму, што ўбачыў Мяне; шчаслівы той, хто не бачыў, а паверыў» (гл. Ян 20, 25-29). О як жа гэтая нявернасць Тамаша найлепш засведчыла Уваскрасенне Езуса Хрыста! Спачатку апосталы з вялікай цяжкасцю прымалі гэту неверагодную праўду, пакуль самі не сталі сведкамі Уваскрасення Езуса. Адзінымі аргументамі для іх былі сведчанні Святога Пісання, пустая грабніца і ўзрушаныя словы жанчын, якім першым аб’явіўся Хрыстус. Нядзіўна, што Тамаш не паверыў апосталам, якія казалі яму, што бачылі Пана, і адрэагаваў катэгарычна і адназначна: «Пакуль не ўбачу на руках у Яго ранаў ад цвікоў, і не ўкладу рукі маёй у бок Ягоны, не паверу». Тамаш хоча ўпэўніцца ў рэальнасці і праўдзівасці слоў апосталаў. І вось Хрыстус не толькі аб’яўляецца Тамашу, каб надаць гэтаму сведчанню асаблівае значэнне, але дазваляе яму дакрануцца да ранаў на Яго руках і ў баку. Усё ж такі з усіх апосталаў і вучняў адзін-адзінюткі Тамаш быў вылучаны такім чынам. (...) Каб лепш зразумець сустрэчу Тамаша з Хрыстом праз восем дзён пасля Яго Уваскрасення, трэба таксама ўзяць пад увагу ранейшае здарэнне, запісанае тым жа евангелістам, у якім прымае ўдзел Тамаш. Апостал становіцца сведкам пустой грабніцы, перажывае цуд уваскрашэння памерлага, бачыць, як Лазар устае з магілы. Пасля Вялікай пятніцы і Вялікай нядзелі Тамаш даведваецца, што грабніца, у якой ляжаў Езус, пустая, а апосталы гавораць яму, што «бачылі Пана». Тамаш катэгарычна адмаўляецца верыць у Змёртвыхпаўстанне Езуса, і толькі пасля таго як убачыць раны на руках і ў баку Уваскрослага, ранейшы няверуючы вымавіць словы веры і праслаўлення: «Пан мой і Бог мой!». Пазней, згодна з традыцыяй, Тамаш накіруецца на Усход. Ён стане прапаведаваць над Еўфратам, дойдзе да Індыі і там будзе заколаты дзідамі. Ён памірае як верны сведка Езуса Хрыста. Разам з іншымі апосталамі і вучнямі Тамаш спадарожнічаў Езусу падчас Яго публічнай дзейнасці, слухаў Яго Добрую Навіну, быў сведкам розных цудаў, якія здзейсніў Езус, сам па даручэнні Настаўніка прымаў актыўны ўдзел у абвяшчэнні Божага валадарства. Але толькі пасля таго, калі апостал сустрэўся з Уваскрослым Езусам, убачыў сляды мукі і смерці на крыжы, адбылося яго поўнае вызнанне веры і поўнае прысвячэнне сябе апостальскай місіі. У свеце ёсць шмат людзей, падобных да Тамаша ў перыяд яго нявер’я. Многія б хацелі мець пацверджанне веры ў Бога канкрэтнымі цудоўнымі знакамі, якія сведчылі б пра Божае існаванне і дзейнасць, аднак сёння праблема веры зводзіцца да таго, што сказаў Езус, адказваючы на вызнанне Тамаша «Пан мой і Бог мой»: «Шчаслівы той, хто не бачыў, а паверыў». Цяпер наша вера чэрпае сведчанні ад тых, хто слухаў, бачыў, дакранаўся да Езуса і перадаў наступным пакаленням. Зрэшты, не чалавек робіць ласку і дабро Богу тым, што верыць. Гэта вера з’яўляецца незвычайнаю Божаю ласкаю для чалавека, таму што Бог у сваёй дабрыні паказвае Сябе людзям у постаці свайго ўкрыжаванага і ўваскрослага Сына. Нам патрэбна менавіта тая вера, якая абапіраецца на праўду смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста. Такая вера для нас – благаславенне, ласка, «дарога, праўда і жыццё», і яна вядзе нас па зямным жыцці да лучнасці з Богам у вечнасці. Схіляючы галовы і кленчачы перад Уваскрослым Хрыстом Панам, просім Яго пакорна, каб мы, умацаваныя сведчаннем святога апостала Тамаша праз прызнанне чалавечнасці і Боства Езуса («Пан мой і Бог мой»), кіраваліся ў сваім жыцці і паводзінах запаведдзю Езуса: «Шчаслівы той, хто не бачыў, а паверыў» (гл. Ян 20, 29). І гэта, мае шаноўныя дыяцэзіяне, велікодныя пажаданні, якія падтрымліваю пастырскім благаславеннем. Амэн. Кардынал Казімір Свёнтэк, Арцыбіскуп, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі
13.07.2009 13:44
Дарагія браты і сёстры! Мы перажываем асаблівы час – час Вялікага посту і чакання Вялікадня. Велікодны тыдзень, а асабліва Пасхальны трыдуум з’яўляецца для нас своеасабліваю кульмінацыяй усяго літургічнага года. Гэта ўжо не падрыхтоўка да Вялікадня, але ўжо ўшанаванне Хрыстовай Пасхі праз удзел у Яго Муцы, Смерці і Змёртвыхпаўстанні. Неабходна памятаць, што Смерць і Змёртвыхпаўстанне Хрыста – гэта адно цэлае, гэта вялікая гісторыя. Хрыстос адкупіў чалавецтва не толькі праз Сваю Смерць, але і праз Сваё Змёртвыхпаўстанне, а гэта значыць, усёю Пасхальнаю містэрыяй. Сучасны свет, хоча ён таго альбо не, імкнецца да Бога. Такая прырода і таямніца часу, такая гісторыя чалавека, які належыць да Бога. Бог шчодра пасеяў у сэрцы чалавека кветкі дабрыні і надзеі, а яны, як парасткі, цягнуліся заўсёды да сонейка ... да Бога. Кроплямі Божай крыві і Божага святла набрыняла зямля нашай штодзённасці, а ходзячы па ёй, чалавек вучыўся заўсёды знаходзіць дарогу да Бога. Таму час пакуты і посту – гэта ўпарадкаванне любові, выцягванне з чалавека глыбінных пластоў дабра, час перамены яго сэрца. Такім чынам, гэты перыяд дапамагае спазнаць вартасць смерці і змёртвыхпаўстання, дапамагае глядзець на жыццё чалавека ў перспектыве крыжа. Чалавек, які бярэ на сябе крыж, бяре адначасова і тую любоў, якая сплывае з крыжа на гэтую грэшную зямлю. Таму за гэты час многае ў нас павінна памерці і многае павінна нарадзіцца, асабліва тады, калі мы зможам дакрануцца да «Святла Хрыста» – пасхала, які сімвалізуе ўваскрослага Хрыста, і хрысцільнай вады, якой будуць аднаўляцца прысягі сакрамэнту хросту і якой будзе адбывацца акрапленне грэшнікаў. Хрыстос прадказаў Сваю Смерць і Сваё Змёртвыхпаўстанне. Але ці паверылі Яму нават Яго вучні, калі гэтакога ніколі не было, калі гэтага ніколі не бачылі? Але Той, Каго ўкрыжавалі, у Пасхальную ноч змёртвыхпаўстаў. Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! - гэтая вялікая радасць будзе гучаць у Пасхальнае свята, таму што і мы змёртвыхпаўстанем, асабліва тыя, хто ўсім сэрцам паверыў у Хрыста – нашага Збаўцу. Нашая вялікая вера ў Хрыста – гэта тая самая каралеўская дарога, якою ішоў Хрыстус, каб перамяніць чалавека ў жывое, непагаснае полымя любові; гэта дарога, якая вядзе хрысціянаў да змёртвыхпаўстання; гэта змёртвыхпаўстанне любові, якое ўжо не памірае; гэта штодзённая логіка крыжа і сэнс змёртвыхпаўстання. Жадаю ўсім вам, каб свята Уваскрашэння Пана стала той духоўнай крынічкай абнаўлення кожнага з нас, каб было праменьчыкам у кожнай сям’і і для кожнага з нас асабіста, каб было святлом для ўсёй нашай дыяцэзіі і для ўсёй нашай Бацькаўшчыны. У духу гэтага Велікоднага віншавання прыміце маю малітву і пастырскае благаслаўленне. Біскуп Уладзіслаў Блін Віцебск, Вялікдзень, 2004 г.
13.07.2009 13:42
Шаноўныя браты ў біскупстве, умілаваныя браты ў Хрыстовым святарстве, дарагія алюмны духоўных семінарый, шаноўныя законнікі і законніцы, умілаваны люд Божы Каталіцкага Касцёла на Беларусі! Пры сённяшнім усё хутчэйшым тэмпе жыцця, ва ўмовах пастаяннай мітусні нам неабходна прыпыніцца, каб знайсці час на роздум, на глыбейшае пазнанне важных для нашага жыцця праблем. Адной з такіх праблемаў, над якой нам трэба засяродзіцца, з’яўляецца пакліканне да святарства і роля святара як у жыцці асобнага верніка, так і ў жыцці ўсяго Касцёла. У гэтыя дні ў нас ёсць асаблівая нагода, каб паразважаць пра гэта, таму што неўзабаве мы будзем адзначаць гадавіну радаснай падзеі, цудоўны юбілей святарства. Шэсцьдзесят пяць гадоў назад, 8 красавіка 1939 года, пасля заканчэння духоўнай семінарыі ў Пінску сённяшні іерарх Каталіцкага Касцёла на Беларусі Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк прыняў з рук біскупа Казіміра Букрабы сакрамэнт святарства. Пачатак святарства шаноўнага Юбіляра не быў лёгкім – распачалася вайна і пераслед Касцёла. Некалькі разоў святара арыштоўвалі, дзесяць гадоў ён быў вязнем сталінскіх лагераў. Пяцьдзесят гадоў назад, у 1954 годзе, Казімір Свёнтэк быў вызвалены і распачаў душпастырскую працу ў Пінску. У красавіку 1989 года ён быў прызначаны Генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі, праз два гады – 21 мая 1991 года – менаваны біскупам. Дзесяць гадоў назад, у лістападзе 1994 года, біскупу Казіміру Свёнтку была нададзена годнасць кардынала. Але сярод гэтых важных гадавін галоўнае месца займае ўсё ж гадавіна святарскіх пасвячэнняў, таму што святарства з’яўляецца асновай усіх іншых падзей у жыцці шаноўнага Юбіляра. Святы Айцец Ян Павел ІІ падчас пяцідзесятай гадавіны сваіх святарскіх пасвячэнняў адзначаў, што такая падзея як юбілей пасвячэнняў з’яўляецца добрай нагодай для разважання на тэму святарства, глыбейшага разумення яго сутнасці. У нашай краіне разуменне сутнасці святарства з’яўляецца вельмі важнай неабходнасцю. Згадаем, што ва ўсходняй частцы Беларусі, на ўсёй яе велізарнай прасторы ў выніку пераследу Касцёла не было аніводнага каталіцкага святара. Такая сітуацыя працягвалася многія дзесяцігоддзі. У выніку некалькі пакаленняў католікаў былі цалкам пазбаўлены магчымасці кантакту са святаром. На іншых тэрыторыях святары хоць і былі, але іх не хапала. Магчымасць кантакту вернікаў са святарамі абцяжарвалася шматлікімі перашкодамі, а для дзяцей і моладзі такі кантакт наогул быў забаронены. Адначасова вялася прапаганда з мэтаю падарваць давер да святароў і высмеяць святарства. Гэта прывяло да таго, што некаторыя людзі і сёння не заўсёды добра ўсведамляюць, кім з’яўляецца каталіцкі святар і якое ён мае заданне. Паспрабуем асэнсаваць: чым з’яўляецца святарства, якую місію выконвае каталіцкі святар? Гэта не простае заданне, таму што, як падкрэслівае Святы Айцец Ян Павел ІІ, «кожнае святарскае пакліканне ў сваёй найглыбейшай аснове – гэта вялікая таямніца, гэта дар, які бясконца пераўзыходзіць чалавека» (Дар і Таямніца, І). Пакліканне з’яўляецца таямніцай Божага абрання. Хрыстус сам сказаў гэта, звяртаючыся да сваіх вучняў: «Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб ішлі і прынеслі плод, і каб плод ваш трываў» (гл. Ян 15, 16). У Пасланні да Габрэяў чытаем: «І ніхто сам сабе не бярэ гэтай годнасці, але толькі той, хто пакліканы Богам, як і Аарон» (гл. Гбр 5, 4). Ёсць і застанецца таямніцай Бога: чаму Ён выбірае на сваю службу тых ці іншых людзей, даючы ім разам з пакліканнем адпаведныя духоўныя, інтэлектуальныя і фізічныя схільнасці. Пра гэта вельмі добра сказаў Святы Айцец Ян Павел ІІ: «Людскія словы не ў стане ўзняць цяжар таямніцы, якую нясе ў сабе святарства». Бог не кліча і не выбірае чалавека толькі дзеля дабра самога пакліканага. Святарскае пакліканне з’яўляецца дарам для ўсёй супольнасці Касцёла. Пакліканы Богам павінен служыць люду Божаму, і гэтаму вучыць аўтар Паслання да Габрэяў: «Кожны першасвятар, якога выбіраюць з людзей, прызначаны для людзей у справах Божых, каб прыносіць дары і ахвяры за грахі» (гл. Гбр 5, 1). Хрысціяне на працягу ўсёй гісторыі хрысціянства разумелі святарства як служэнне дзеля карысці духоўнага дабра вернікаў. Сутнасць гэтага служэння заключалася ў адным: весці людзей да Бога. Вялікі Айцец Касцёла з першых стагоддзяў хрысціянства, святы Грыгоры Назіянзскі, пісаў: «Святар павінен душы акрыляць, адрываць іх ад свету, і вобраз Божы, той, які ёсць, шанаваць, а калі ён знікае – вяртаць, калі становіцца невыразным – аднаўляць і ўводзіць Хрыста ў сэрцы праз Духа Святога». На лацінскай мове слова святар азначае pontifex . Дакладны яго пераклад – той, хто будуе мост . У гэтых словах заключаны глыбокі сэнс сутнасці святарства. Такім чынам, яго сутнасць – будаванне мастоў, наладжванне сувязі паміж чалавекам і Богам. Пакліканы Богам, ідучы за Хрыстовым заклікам «ідзі за Мною», святар аддае сябе, усё сваё жыццё ў распараджэнне Хрыста, каб Той мог карыстацца ім як прыладай збаўлення. Прымаючы ад чалавека гэты дар, Хрыстус паслугуецца яго чалавечнасцю. Праз паслугу святара сам Сын Божы становіцца прысутным сярод людзей. Так Збавіцель працягвае і робіць відавочнай сваю дзейнасць. Найлепш гэта бачна ў часе Святой Імшы, падчас Эўхарыстычнай Ахвяры. Тады святар вымаўляе словы, якія ў Вялікі чацвер, напярэдадні сваёй Мукі, вымавіў сам Езус Хрыстус. Цяпер, праз дваццаць стагоддзяў, святар гаворыць Хрыстовы словы: «Гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдадзена. Гэта ёсць Келіх Крыві маёй новага і вечнага Запавету, якая за вас і за многіх будзе праліта дзеля адпушчэння грахоў. Гэта чыніце на Маю памяць». Праз паслугу святара падзеі шматвяковай даўнасці, а менавіта Мука, Смерць і Уваскрэсенне Хрыста становяцца рэчаіснасцю тут і цяпер, на алтары. Тое, што ўчыніў Хрыстус на алтары крыжа, а перад гэтым устанавіў у Вячэрніку як сакрамэнт, святар здзяйсняе цяпер моцай Святога Духа. Словы, якія вымаўляе святар, маюць тое ж самае значэнне, што і словы Хрыста падчас Апошняй Вячэры. Сам Сын Божы становіцца прысутным, каб быць з намі «ва ўсе дні, аж да сканчэння свету» (гл. Мц 28, 20). Гэта ёсць, як вучыць Святы Айцец Ян Павел ІІ, «таемная, хвалюючая ўлада, якую святар мае над Эўхарыстычным Целам Хрыста. Сілаю гэтай улады ён становіцца даўцам найвялікшага дабра Адкуплення, бо дае людзям самога Адкупіцеля» (Дар і Таямніца, IX). Падобным чынам ад імя Хрыста дзейнічае святар, калі ў сакрамэнце Паяднання выконвае Хрыстовы наказ: «Прыміце Духа Святога! Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны, на кім пакінеце, на тым застануцца» (гл. Ян 20, 22-23). Вымаўляючы словы «я адпускаю табе грахі ў імя Айца і Сына, і Духа Святога », святар дзейнічае моцай Хрыста. Такім чынам ён з’яўляецца не толькі сведкам, але і прыладай Божай Міласэрнасці. Святар працягвае і робіць відавочнай дзейнасць Хрыста ў свеце таксама і тым, што абвяшчае Яго Слова, пераказвае радасную навіну – Евангелле. Гэта, як вучыць ІІ Ватыканскі Сабор, з’яўляецца абавязкам святара (Presbyterorum ordinis, 4). У сучасным свеце, перанасычаным інфармацыяй, чалавек губляецца і не заўсёды можа адрозніць праўду ад фальшу, знайсці сваё месца ў свеце і зразумець мэту свайго жыцця. Чалавек часта губляе надзею, і тады яму вельмі патрэбны словы Добрай Навіны, каб зразумець, што ён умілаванае Дзіця Божае, што ён мае ў небе Айца. Трэба нагадваць пра гэтую поўную надзеі праўду, бо «так палюбіў Бог свет, што паслаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае». Абвяшчэнне Добрай Навіны павінна скіроўваецца на тое, каб чалавек не адчуваў сябе адзінокім у свеце. Пачутае слова павінна весці яго да спаткання з Хрыстом, які заўсёды прысутнічае сярод нас, асабліва ў таямніцы Эўхарыстыі. Такім чынам, абвяшчэнне Евангелля і Эўхарыстыя цесна звязаныя з сакрамэнтам святарства. Сучасны чалавек прагне Хрыста, хоць не заўсёды добра ўсведамляе гэта. З патрэбамі эканамічнага, палітычнага або грамадскага характару ён можа звярнуцца да іншых людзей, але Хрыста, які прысутнічае ў поўным надзеі слове, Хрыста, з якім можна сустрэцца ў сакрамэнце пакаяння, Хрыста, прысутнага ў сакрамэнце Эўхарыстыі, ён просіць толькі ў святара. І ў гэтым заключаецца каштоўнасць святарства і незаменная роля святароў. Сёння мы дзякуем добраму Богу за дар святарскага служэння Яго Эмінэнцыі кардынала Казіміра Свёнтка на працягу шасцідзесяці пяці гадоў. Мы ўдзячныя Богу за тое, што шаноўны Юбіляр многія гады атуляе сваёй пастырскай апекай усіх нас. Будзем жа прасіць у Бога, асабліва сёння, шчодрых ласкаў для нашага арцыпастыра. Няхай мужнае сведчанне веры ў цяжкія часы пераследу і ахвярная праца ксяндза кардынала на карысць адбудовы структур Каталіцкага Касцёла на Беларусі будуць прыкладам для наследавання тым маладым людзям, якіх Хрыстус кліча на сваё служэнне. Гады змагання з Касцёлам, недахоп духоўных семінарый, немагчымасць падрыхтоўкі новых святароў – усё гэта яшчэ доўга будзе адчувацца. Аднак мы ведаем, што святарскія пакліканні – гэта Божы дар. Памятаем таксама словы Хрыста: «Жніво вялікае, але работнікаў мала. Прасіце ж Пана жніва, каб паслаў работнікаў на сваю ніву» (гл. Мц 9, 37). Таму звяртаемся да ўсіх вернікаў Касцёла на Беларусі, каб, дзякуючы Богу за дар святарства нашага Мітрапаліта, мы маліліся аб шматлікіх і добрых пакліканнях да святарства. Мы звяртаемся да маладых людзей, якія пачуюць у сваіх сэрцах заклік Хрыста «ідзі за Мной», каб яны не баяліся, але самааддана і радасна пайшлі за голасам Збавіцеля, таму што святарскае пакліканне, паводле слоў Святога Айца, – гэта «евангельскі скарб, за які варта аддаць усё » (пар. Мц 13, 44). Няхай Марыя, Маці святароў, выпрошвае для ксяндза кардынала патрэбныя ласкі, а для ўсяго люду Божага Беларусі новыя, шматлікія і святыя пакліканні да святарства. Біскупы Каталіцкага Касцёла на Беларусі
13.07.2009 13:38
У сустрэчы прынялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі на чале са старшынёй ККББ кардыналам Казімірам Свёнткам. У сувязі з юбілеямі і гадавінамі з жыцця Старшыні ККББ у 2004 г. – 90-годдзем з дня нараджэння (21 кастрычніка), 65-й гадавінай святарскіх пасвечанняў (8 красавіка), 10-годдзем кардынальскай дзейнасці (26 лістапада), 50-годдзем вызвалення з Гулагу, 50-й гадавіны працы ў Пінску – сабраныя абмеркавалі, якім чынам будуць адзначацца гэтыя важныя даты. Пачатак урачыстасцяў адбудзецца 8 красавіка ў Пінску. У Віцебскай дыяцэзіі Кс. Кардынал правядзе юбілейнае набажэнства 26 чэрвеня ў Відзах каля Браслава; у Гродзенскай дыяцэзіі – 3 ліпеня ў Марыйным дыяцэзіяльным санктуарыі ў Тракелях каля Ліды. Працяг Юбілею запланаваны на 21 кастрычніка ў Мінску. Таксама прапанавана правесці ўрачыстае набажэнства ў касцеле св. Джэрарда Маёлі ў Рыме 26-27 лістапада. Старшыня паінфармаваў сабраных аб падрыхтоўцы Паўсюднага Касцёла да ХІ Сіноду Біскупаў, які адбудзецца ў Рыме 2-29 кастрычніка 2005 г. Тэмай Сіноду будзе “Эўхарыстыя – крыніца і вяршыня жыцця і місіі Касцёла”. Старшыня паінфармаваў таксама аб працах у Касцёле над скарочанай версіяй Катэхізіса Каталіцкага Касцёла і аб прыблізным тэрміне выдання гэтай версіі (150 старонак). Віцебскі ардынарый паінфармаваў аб утварэнні ў яго дыяцэзіі касцельнага суда. З дазволу Ксяндза Кардынала другой інстанцыяй суда для Віцебскай дыяцэзіі будзе касцельны суд Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У сувязі з небяспекай, якая існуе для жыцця чалавека на розных этапах яго развіцця і неабходнасці яго абароны сабраныя вырашылі выдаць Пастырскі ліст ККББ на гэтую тэму і абвясціць яго ва ўсіх касцёлах на Беларусі ў 3-ю Вялікодную нядзелю. Вялося абмеркаванне сацыяльнага страхавання грамадзян Беларусі, якія працуюць у рэлігійных арганізацыях. Абмяркоўваліся таксама справы, звязаныя з дапамогай, прызначанай для ахвяраў землятрусу ў Іране. Была падкрэслена ахвярнасць вернікаў і іх адкрытасць на праблемы пацярпелых. Біскуп Антоні Дзям’янка, Генеральны сакратар ККББ
13.07.2009 13:37
Умілаваны люд Божы Гродзенскай дыяцэзіі! Каляндарная зіма яшчэ не скончылася, але мы ўжо ахоплены прадчуваннем тых дзён, калі скаваная холадам і заледзянелая зямля абудзіцца ад сну і расквітнее новым жыццём пад цёплымі промнямі вясновага сонца. Менавіта ў такі час разам з усім Касцёлам мы перажываем літургічны перыяд, які называецца Вялікім пастом. Гэта асаблівы час. Усе нашы думкі ў гэты перыяд скіраваны да Езуса Хрыста, Які з любові да нас дабравольна згадзіўся на жудасныя пакуты і аддаў сваё жыццё, прыбіты да цвёрдага дрэва крыжа. Для кожнага з нас Вялікі пост — гэта шанц для ўнутранай перамены, для навяртання, яшчэ адна нагода задумацца над сваім жыццём і змяніць да лепшага тое, што павінна быць зменена. Евангелле, якое чытаецца ў касцёлах у першую нядзелю Вялікага посту, апавядае пра спакушэнне Хрыста ў пустыні. Спакусы датычылі штодзённага хлеба, улады, славы і даверу да Бога, але Езус распазнаў крывадушнасць спакусніка і рашуча адхіліў іх. На жаль, спакусы, якімі сатана выпрабоўваў Езуса Хрыста, заўсёды актуальныя і не абыходзяць кожнага з нас. Таму нам трэба навучыцца распазнаваць хлуслівасць спакуснікаў нашага часу і рашуча адхіляць іх прапановы. Спынімся хаця б на той спакусе, у якой сатана паказвае ўсе валадарствы свету і абяцае аддаць усё гэта Хрысту, аднак, узамен хоча, каб Хрыстус пакланіўся яму і ўшанаваў як Бога. Езус адказаў: «Пану Богу свайму пакланяйся і Яму аднаму служы». На жаль, і ў наш час дастаткова тых, хто зводзіць людзей, пляце перад іх вачыма прывабнае павуцінне прыгожых вобразаў і хоча адарваць ад веры ў праўдзівага Бога. Гэтыя спакуснікі накіроўваюць маласвядомых хрысціянаў на бездарожжа веры: забабоны, прыкметы і нават фанатызм розных сектаў, якія распаўсюдзіліся ў нашай краіне і сеюць спусташальнае зерне ў галовах і сэрцах яе грамадзянаў. У наш час выразна бачныя вынікі вайны з Касцёлам, якая вялася на працягу мінулых дзесяцігоддзяў. Недахоп святароў, забарона катэхізацыі дзяцей і моладзі прывялі большасць людзей да невуцтва ў веры, да павярхоўнасці рэлігійных ведаў. У такіх умовах фальшывыя прарокі заўсёды лёгка знаходзяць прыдатную аўдыторыю. Прыгледзімся да некаторых з іх. На жаль, у нашым грамадстве вельмі папулярнымі з’яўляюцца разнастайныя вераванні і прыкметы, ці, інакш кажучы, – забабоны. Гэта наданне некаторым рэчам, жывёлам, падзеям і нават лічбам важнага значэння і нават звышнатуральнай сілы, якімі яны самі па сабе не маюць. Напрыклад, забабонны чалавек верыць, што нейкі прадмет, калі яго насіць у якасці талісмана, можа абараніць ад няшчасця, што ў такія жыццёва важныя моманты, як шлюб або пахаванне трэба выканаць дадатковыя, нярэдка абсурдныя дзеянні, каб забяспечыць поспех або адвярнуць бяду. Такіх забабонаў у нашым грамадстве існуе шмат. Усе яны прыніжаюць годнасць чалавека. Чалавек павінен кіравацца ў сваім жыцці розумам, а не фатальным страхам перад нечым, чаго ён не разумее. Забабоны — гэта сучасная форма паганскіх вераванняў. У іх няма веры ў Божую любоў, Божую апеку, Божую міласэрнасць, а ёсць вера толькі ў магічныя вынікі нейкіх прадметаў або дзеянняў. Забабоны – гэта грэх, і ад іх трэба катэгарычна адмовіцца. Вера ў магічную сілу пэўных прадметаў або, нават, асобаў можа набыць небяспечныя формы. Перыядычна ў нашым грамадстве з’яўляюцца розныя «знахары», якія нажываюцца на чалавечым няшчасці і прапануюць «цудоўныя аздараўленні». Іх цэлы шэраг – гэта і «бабулькі-шаптухі» з іх заклінаннямі і замовамі ад хваробаў, і біяэнергатэрапеўты, і тыя, дзейнасць якіх непасрэдна абапіраецца на дапамогу нячыстай сілы. Вынікі іх дзейнасці могуць быць вельмі небяспечнымі для людзей, якія карыстаюцца такімі паслугамі. І няхай не падманвае вас тое, што гэтыя людзі нярэдка выкарыстоўваюць рэлігійныя сімвалы, а нават чытаюць хрысціянскія малітвы. Гэтыя жэсты і словы ўжываюцца не ў хрысціянскім духу, але ў духу магічных заклінанняў. Хто жыве ў згодзе з хрысціянскай верай, той шукае ў сваім жыцці благаславення і дапамогі ад Бога, а не ад таямнічых сілаў, якіх можна змусіць да гэтага заклінаннямі. Безумоўна, гісторыя Касцёла ведае цудоўныя аздараўленні, якія здараюцца і цяпер, але ў выпадку іх духоўнае і фізічнае аздараўленне цесна звязаны паміж сабою, а цудатворцам заўсёды з’яўляецца Бог, наш Нябесны Айцец. Немагчыма суаднесці з каталіцкай верай спадзяванне на тое, што лёс чалавека залежыць ад зорак або ад іншых нябесных сілаў. Гараскопы, якім усё больш увагі прысвячаюць у апошні час сродкі масавай інфармацыі, спекулююць на чалавечай цікаўнасці, на жаданні даведацца аб тым, што чакае ў будучыні. А той, хто верыць гараскопам, наіўна прызнае, што яго лёс залежыць не ад яго самога, не ад Божага Провіду, але ад космасу, рабом якога ён з’яўляецца. Часта вера ў гараскопы становіцца падмуркам для новага язычніцкага руху, вызнаўцы якога гавораць пра касмічную энергію, практыкуюць варажбу, выклікаюць духаў. Яны вераць у перасяленне душ і іншыя супярэчлівыя хрысціянскай верай рэчы. Гэты рух, які называюць яшчэ светапоглядам «новага веку» , з’яўляецца мешанінай будызму, індуізму і прымітыўнага язычніцтва. Яго паслядоўнікі часта выкарыстоўваюць хрысціянскія паняцці, надаючы ім іншы сэнс. Такая дактрына, якая настойліва прапагандуецца некаторымі сродкамі масавай інфармацыі, таксама пярэчыць вучэнню Касцёла і стасуецца з каталіцкай верай. Сапраўднай праблемай, якая стаіць не толькі перад Касцёлам, але таксама перад бацькамі і ўсім грамадствам, з’яўляюцца секты. На Беларусі іх вельмі шмат. Ёсць сярод іх такія, якія падпарадкоўваюць чалавека настолькі, што пазбаўляюць яго здольнасці карыстацца розумам і свабодай волі, чалавека змушаюць да абсалютнай паслухмянасці кіраўнікам секты, якія вельмі часта лічаць сябе прарокамі і нават ставяць на месца Бога. Многія секты называюць сябе паслядоўнікамі Хрыста, аднак яны настолькі скажаюць навуку Хрыста, што іх удзельнікі не могуць называцца хрысціянамі. Адны секты, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі, маюць усходняе паходжанне і рысы азіяцкіх вераванняў, другія з’яўляюцца мешанінай розных поглядаў і культаў, выбраных адвольна кіраўнікамі груп. Аднак усе секты маюць агульную рысу, па якой іх можна распазнаць. Заўсёды на чале секты стаіць кіраўнік, які патрабуе абавязковай паслухмянасці. Сектанты лічаць сябе элітай і перакананыя, што толькі яны будуць збаўленыя. Лагічнае мысленне ў сектах падаўляецца, а думкі і пачуцці людзей узятыя кіраўнікамі пад кантроль. Кіраўнікі сектаў часта вымагаюць ад іх удзельнікаў разрыву з сям’ёй і вялікіх грашовых унёскаў. У некаторых сектах для падпарадкавання выкарыстоўваюцца сродкі псіхічнага ўздзеяння. Святыя сакрамэнты і аўтарытэт Касцёла ўсе секты адмаўляюць. Адной з прычын распаўсюджвання сектаў з’яўляецца нізкая рэлігійная адукацыя католікаў і праваслаўных. Секты прапануюць людзям, стомленым аднастайнасцю жыцця, хуткае вырашэнне іх праблемаў, але гэта шлях уцёкаў ад жыцця, ад адказнасці за сябе і іншых. Прадстаўнікі сектаў падступна ўкараняюцца ў розныя групы моладзі і тут, сярод людзей, якім не хапае жыццёвага вопыту і якія прагнуць добразычлівасці, знаходзяць сваіх ахвяраў. Часта яны дзейнічаюць пад выглядам грамадска-адукацыйных або лекавых цэнтраў, прапануюць усходнія сістэмы трэнінгу, прапагандуюць рознага тыпу дыеты, каб толькі наладзіць кантакты з моладдзю. Бацькі-католікі павінны звярнуць пільную ўвагу на асяроддзе, у якім праводзяць час іх дзеці, аднак не менш важным застаецца веданне прынцыпаў хрысціянскай веры і маральнасці. Трэба больш настойліва клапаціцца пра рэгулярную катэхізацыю дзяцей і моладзі, трэба таксама, каб сярэдняе пакаленне, якое было пазбаўлена магчымасці атрымаць у свой час рэлігійную адукацыю, хацела ліквідаваць, пранамсі часткова, свае прабелы ў гэтай сферы. Для гэтага існуюць каталіцкія газеты, часопісы і кнігі. Яны даступныя кожнаму, трэба толькі захацець іх прачытаць. Трэба слухаць праграмы каталіцкага радыё. Трэба пазнаваць сваю веру, свайго Бога, каб фалышывым прарокам нашага часу даць адказ, які даў Езус спакусніку ў пустыні: «Пану Богу свайму пакланяйся і Яму аднаму служы». Не дастаткова ведаць прынцыпы веры, неабходна ўмацаваць сваю веру малітваю. Святы Айцец заклікае нас у часе гэтага Вялікага посту асаблівым чынам чытаць Малітву Панскую. Гэту малітву нам даў сам Сын Божы, Езус Хрыстус. У ёй змешчаны просьбы аб усім, што нам патрэбна ў жыцці, не абмінаючы таксама зямных патрэбаў. Аднак перадусім яна вучыць, што мы маем у небе Айца і Яму павінны давяраць, да Яго звяртацца з просьбамі, Яму служыць, засцерагаючы сябе і сваіх блізкіх ад фальшывых прарокаў. Няхай Марыя, Сталіца Мудрасці, выпрошвае для ўсіх нас, сваіх дзяцей, сапраўдную мудрасць, якая вельмі патрэбна ў гэтыя цяжкія часы. На велікапосныя пастановы для ўзрастання ў веры і любові да Бога і да людзей да ўсяго сэрца благаслаўляю. У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Аляксандр Кашкевіч, Гродзенскі біскуп
13.07.2009 13:31
“О Зорка Бэтлеему, засвяці на небе маім. Так шукаю Цябе сярод ночы, прагну святла Твайго”. Умілаваныя ў Пане, Браты і Сёстры! Разгараецца над светам Зорка, абвяшчаючы надыход Эмануэля, што застанецца з намі як “Бог з намі”, Даўцам супакою і Крыніцаю радасці. Зорка звястуе прыход Пана ўсім людзям на зямлі, як вернікам, так і тым,хто не верыць у Яго. Гэта вялікая радасць, якая ўжо больш дзвюх тысяч гадоў апраменьвае ўсю зямлю. Радасць, якая ахоплівае і нашу дыяцэзіяльную супольнасць, што 13 кастрычніка 2004 г. будзе адзначаць пяцігоддзе свайго існавання. Віцебская дыяцэзія была ўтворана рашэннем Святога Айца Яна Паўла ІІ 13 кастрычніка 1999 года і ўключае ў сябе тэрыторыю Віцебскай вобласці. Пяць гадоў нашай дыяцэзіі – невялікі, але разам з тым значны юбілей. З’яўляецца ён нагодаю для падзякі Богу за Яго прысутнасць сярод нас, у нашых сэрцах, дамах і сем,ях, у супольнасцях парафіяльных. У год юбілею прагнем падзякаваць Хрыстусу за кожнага каплана,кожную сястру і брата законнага, кожнага клерыка і за кожнага з Вас, Сястра і Брат. Відавочным знакам нашай удзячнасці Богу будзе асвячэнне новых святыняў у Шуміліне і Наваполацку, асвячэнне адбудаваных касцелаў ва Ушачах і Відзах. Капліцы ў Бярозаўцы. Супольнай вялікай радасцю стануць капланскія пасвячэнні ў траўні ў Глыбокім. Дарагія мае Дыяцэзыяне! Дзелячыся радасцю з нагоды Таямніцы Нараджэння Пана Езуса, Які прыносіць супакой людзям добрай волі, выказваю ўсім Капланам, Сёстрам законным, Дыяканам, Клерыкам і Братам законным, усім Вернікам Віцебскай дыяцэзіі сардэчныя віншаванні і найлепшыя пажаданні з нагоды Свята Божага Нараджэння і Новага Года. Няхай Міласць, што нарадзілася ў Бэтлееме больш 2000 год таму, падтрымлівае Вашу Веру і надзею на лепшае ў Новым 2004 годзе і ўзмоцніць Вас, каб Вы з радасцю спявалі разам з анёламі: ”Хвала Богу на вышынях, а на зямлі супакой людзям добрай Волі. Няхай гэты спеў будзе гімнам удячнасці за пяць гадоў існавання Віцебскай дыяцэзіі і за ўсё добрае, што здзейснілася цягам тых пяці гадоў у нашых парафіях і сем’ях. Каханым Капланам, Сёстрам законным і ўсім Вернікам Віцебскай дыяцэзіі на радаснае святкаванне Народзінаў Пана і шчаслівыя дні Новага Года ўдзяляю пастырскае Благаславенне. + Уладыслаў Блін Біскуп Віцебскі
13.07.2009 13:30
Разам з усім Касцёлам ва ўсім свеце мы перажываем час адзінай у гісторыі падзеі, калі больш за дзве тысячы гадоў таму назад Бог у сваёй бязмежнай любові да людзей даў нам свайго Адзінароднага Сына, які нарадзіўся ў Бэтлеем. Перажываем час Божага Нарадження. Словы Божыя, якія слухаем у гэтыя дні, дазваляюць нам зразумець адносіны, якія былі ў сям’і Езуса, Марыі і Юзафа. Напэўна , усё тое, што перажывалі яны, клопаты і турботы, якія іх хвалявалі, вельмі падобныя сёння да нашых. Евангелле, якое чытаем сёння і якое традыцыйна завецца нядзеляй Святой Сям’і паказвае нам заклапочанасць Марыі і Юзафа з прычыны страты Езуса ў Ерузаліме. На жаль, радаснае свята ў пэўным моманце змяняецца ў трагедыю. Марыя і Юзаф губляюць з вачэй Езуса, які затрымліваецца ў святыні, каб паслухаць, пагутарыць і паразважаць з настаўнікамі. Гэты момант нам, людзям, вельмі знаёмы. Мы добра разумеем іх перапалох: іх боль сэрца, іх слёзы... Яны добра ведалі, хто такі малы Езус. Ведалі, што ён з’яўляецца Богам, так як гэта было аб’яўлена. Значыць яны згубілі Бога. Ці гэтая трагедыя не прыпамінае нам шмат людзей, якія ў сваім жыці губляюць Бога? Гэтыя людзі губляюць не толькі Бога, але і губляюцца самі сябе ў тым жыцці, якое робіцца незразумелым, пераблытаным і неасэнсоўваным. Адбываецца гэта таму, што губляючы Бога, які ёсць любоўю, мы не можам да канца любіць. Навучаныя словамі Святога Айца Яна Паўла ІІ прыпамінаем: “Чалавек не можа жыць без любові. Чалавек застаецца сам для сябе стварэннем не зразумелым, яго жыццё не мае сэнсу, калі яму не абявіцца Любоў, калі ён не сустрэнецца з Любоў’ю, калі ён не зможа дакрануцца да яе і не зможа зрабіць яе сваёю і калі не знойдзе ў ёй жывога ўдзельнцтва.” (Redemptor Hominis, 10) Асноўным месцам , дзе чалавек зможа праявіць і рэалізаваць гэтую любоў, вучыцца кахаць іншых і адчуваць сябе каханым – гэта сужэнства і сям’я. А пачынаецца ўсё гэта з урачыстага святога сакрамэнту сужэнства, які прымаецца перад Богам і перад Касцёлам. Словы гэтай прысягі: “Бяру цябе, (...) у жоны – мужы і абяцаю табе любоў, узаемаразуменне, быць адданай і вернай і не пакідаць цябе аж да смерці” зразумела і ясна акрэсліваюць тое, што для сужэнства з’яўляецца самым галоўным і каштоўным у жыцці. Муж і жонка прысягаюць адзін аднаму каханне, вернасць і прыстойнасць аж да смерці. Блізкай да гэтага таксама з’яўляецца вельмі важная праблема аб нашчадках і іх выхаванні. Для захавання хрысціянскай маралі прыняцце і выхаванне будучага пакалення – гэта дзве асноўныя мэты сям’і і з’яўляюцца асноўнай мэтай гэтага шлюбу. Вядома, што ў большасці нашых сем’яў гэта так і ёсць, таму што жыццё ў асноўным грунтуецца на любові, на ўзаемаразуменні, на клопатах аб другім чалавеку, на клопатах пра тое, каб не мне было добра з іншымі, а каб добра было іншым са мною. Гэта здзейсняецца толькі тады, калі муж і жонка адкрыта прымаюць ласкі святога сакрамэнту сужэнства, калі жывуць з дзецьмі не толькі для сябе, але і для Таго, які за нас памёр на крыжы і змёртвыхпаўстаў. Нажаль, і вельмі нам прыкра тое, што ў шматлікіх сем’ях рэчаіснасць зусім іншая, што шмат іх па розных прычынах перажываюць сур’ёзны крызіс. Таму сярод іх ёсць маці, якія жывуць у адзіноце, сужэнства, якія жывуць у сепарацыі, пакінутыя дзеці, а магчыма нават дайшло да скасавання сям’і. Трэба мець на ўвазе яшчэ і тое, што ў нашым грамадстве балючай праблемай з’яўляецца сужэнства мешаныя, калі адна з старон – каталіцкая, а другая належыць да іншай веры некаталіцкай. І таму гэта бывае драматычна: для аднаго – гэта як жыцёвы проігрыш, для другога – як асабістая трагедыя. Перажываючы за ўсё гэта, Касцёл не ўхіляецца ад гэтых цяжкіх праблемаў, як і тое, што не лічыць,” што ён існуе для таго, каб выдаваць бязлітасны і бяздушны суд над імі, але жадае разсвятліць цемру людскіх драмаў праменнямі Божага Слова, апіраючыся на сведчанні Яго Божай міласэрнасці” (Ecclesia In Europa, c. 92). Святы Айцец паслядоўна падкрэслівае, што вернікі, якія скасавалі шлюб, а пасля яшчэ раз уступілі ў сужэнскі саюз, не гледячы на тое, што яны ўжо пазбаўленыя сакрамэнту сужэнства, яны “не выключаны із супольнасці, а наадварот, яны пакліканыя, каб прымаць удзел у іх жыцці, замацовуючы дух загадаў евангелля” (c. 93). Для таго, каб лягчэй можна было “разсвятліць цемру людскіх драмаў”, Касцёл мае яшчэ магчымасць праз судовы працес, які можа прызнаць несапраўднасць шлюбу. Трэба толькі даказаць, што гэта сужэнства было несапраўдное ад самага яго пачатку. Бывае і такое, што сужэнства як быццам на першы погляд адбылося нармальна, але сапраўдным яно не лічыцца. Адбываецца гэта тады, калі не да конца былі захованыя ўсе юрыдычные патрэбавання альбо сужонкі не выконвалі ўсіх абяцанняў, якія павінны былі выконваць. Але, і гэта трэба падкрэсліць, што распад сужэнства не заўсёды азначае яго несапраўднасць. Сужэнства толькі тады лічыцца несапраўднымі, калі прычына па якой распадаецца сужэнства была да шлюбу альбо калі яна заіснавала ў часе яго існавання. Аднак не мае ні якога значэння для важнасці сакрамэнту сужэнства прычына якая паяўляецца пасля шлюбу але раней яе не было. І таму такі судовы працес не можа быць у ніякім разе “скасаваннем сакрамэнту” або “разводам касцёльным” як гэта кажуць у народзе . Таму яшчэ больш увагі трэба будзе звярнуць на падрыхтоўку нарачоных да сакрамэнту сужэнства праз душпатыраў і пробашчаў. У наступным годзе з дапамогай Бога ў нашай Віцебскай дыяцэзіі пачынае дзейнічаць касцёльны суд, які будзе займацца гэтымі справамі. Мэтай яго будзе дапамагаць выравноўваць сцежкі жыцця людзей, але толькі тады, калі для гэтага будуць сапраўдыя прычыны пра якія ўжо ішла размова вышей. Таму просім Маці Божую Валадарку Азёраў у Браславе праз яе ўставеніцтва, каб гэтую новую справу Біскупскага Суда Віцебскай Дыяцэзіі даверыла Богу. + Уладыслаў Блін Біскуп Віцебскі
13.07.2009 13:29
«Езус Хрыстус, Адзіны Збаўца Свету, учора, сёння і назаўсёды». Tertio millennio adveniente, 40     Штогод у гадавіну святой Бэтлеемскай Начы мы збіраемся перад сімвалічнаю і традыцыйнаю стаенкаю, каб схіліць галовы і ўшанаваць пакладзенае ў яслях Божае Дзіця, каб нанава перажыць збаўчую таямніцу Уцелаўлёнага Слова, Езуса Хрыста. Як у часавай прасторы ўжо 20 стагоддзяў, так і ў тэрытарыяльнай прасторы ўжо ўсяго зямнога шара постаць Езуса Хрыста ўвайшла ў гісторыю чалавецтва як уцелаўлёнага Сына Божага, які здзейсніў адкупленне роду людскога праз сваю смерць на крыжы на Галгофе і праз сваё ўваскрэсенне. Кангрэгацыя Веравучэння выдала (6 жніўня 2000 г.) зацверджаную і ўзаконеную Папам Янам Паўлам ІІ Дэкларацыю «Dominus Iesus» аб адзінасці і збаўчай паўсюднасці Езуса Хрыста і Касцёла. Дэкларацыя звяртаецца да дактрыны, выкладзенай у ранейшых дакументах Настаўніцкага Інстытута Касцёла з намерам пацвердзіць ісціны, якія складаюць спадчыну веры Касцёла. Таму слушна і збавенна, каб менавіта мы, маючы перад вачыма бэтлеемскую стаенку, а ў ёй утоеную таямніцу ўцелаўлення Слова Божага, умацоўвалі сябе ў вызнаванні Езуса Хрыста праз доказы, узятыя з гэтай Дэкларацыі. Перадусім трэба моцна верыць у тое, што ў таямніцы Езуса Хрыста, уцелаўлёнага Сына Божага, які ёсць «дарогаю, праўдаю і жыццём» (гл. Ян 14, 6), заключана аб’яўленне паўнаты Божай праўды: «Ніхто не ведае Сына апроч Айца; і Айца не ведае ніхто апроч Сына і таго, каму Сын хоча адкрыць» (гл. Мц 11, 27). Другі Ватыканскі Сабор, верны Божаму слову, навучае: «Найглыбейшая ж праўда пра Бога і пра збаўленне чалавека яснее нам праз гэтае аб’яўленне ў асобе Хрыста, які ёсць адначасова пасрэднікам і паўнатою ўсяго аб’яўлення... Таму Езус Хрыстус, Уцелаўлёнае Слова, чалавек да людзей пасланы, абвяшчае слова Божае і здзяйсняе справу збаўлення, якую Айцец даверыў Яму выканаць. Таму Той, якога калі хтосьці бачыць, бачыць таксама і Айца (гл. Ян 14, 9), усёю сваёю прысутнасцю і з’яўленнем праз словы і ўчынкі, праз знакі і цуды, асабліва ж праз смерць сваю і поўнае хвалы змёртвыхпаўстанне, а ўрэшце праз спасланне Духа праўды, аб’яўленне давёў да канца. Такім чынам, хрысціянскі план збаўлення, як новы і канчатковы запавет, ніколі не перапыніцца, і не трэба ўжо спадзявацца ні на якое новае публічнае аб’яўленне перад хвалебным прыйсцем Пана нашага Езуса Хрыста. Таму энцыкліка «Redemptoris missio» нагадвае Касцёлу пра заданне абвяшчаць Евангелле як паўнату праўды: «У гэтым канчатковым Слове свайго Аб’яўлення Бог даў Сябе пазнаць найбольш поўна: Ён сказаў чалавецтву, кім Ён ёсць. Гэта канчатковае самааб’яўленне Бога – асноўны матыў, дзеля якога Касцёл «ёсць місійны па сваёй прыродзе». Ён не можа не абвяшчаць Евангелля, гэта значыць паўнаты праўды, якую Бог даў нам пазнаць пра самога сябе». Толькі аб’яўленне Езуса Хрыста ўводзіць у нашу гісторыю універсальную і канчатковую праўду аб тым, што ў Езусе Хрысце здзейснілася поўнае і канчатковае аб’яўленне збаўчай таямніцы Бога. Таму словы, учынкі і цэлая гістарычная падзея Езуса, хоць і абмежаваныя як людская рэчаіснасць, аднак маюць суб’ектам Божую Асобу ўцелаўлёнага Слова, сапраўднага Бога і сапраўднага чалавека. Таму маюць у сабе канчатковае і поўнае аб’яўленне збаўчых шляхоў Бога, хоць глыбіня таямніцы Божай сама ў сабе застаецца невычэрпнаю. Таму вера дамагаецца прызнання, што Слова, якое сталася целам, ва ўсёй сваёй таямніцы, што здзяйсняецца ад уцелаўлення да ўслаўлення, ёсць сапраўднаю крыніцаю і дапаўненнем усялякага збаўчага аб’яўлення Бога чалавецтву. Адэкватным адказам на Божае аб’яўленне ёсць паслухмянасць веры, праз якую чалавек па вольнай волі ўвесь давяраецца Богу, аказваючы поўную пакорнасць розуму і волі Богу аб’яўляючаму, і добраахвотна прызнаючы аб’яўленне, Ім дадзенае. Паслухмянасць веры прадугледжвае прыняцце праўды Хрыстовага аб’яўлення, пацверджанага Богам, каторы ёсць самою Праўдаю. Значыць, трэба рашуча вызнаваць навуку веры, якая абвяшчае, што гэта Езус з Назарэта, Сын Марыі – і толькі Ён – ёсць Сынам і Словам Айца. Слова, якое было напачатку ў Бога, ёсць тым самым, якое сталася целам. У Езусе, Сыне Бога жывога, «жыве ўся поўня Боства цялесна» (гл. Клс 2, 9). Ён – Адзінародны Бог, што ва ўлонні Айца, Яго ўмілаваны Сын, у якім мы маем адкупленне – дараванне грахоў. Адназначныя азначэнні паасобных Сабораў Каталіцкага Касцёла, якія вызнаюць, што ёсць адзін і той самы Сын, Пан наш Езус Хрыстус, дасканалы ў Бостве і дасканалы ў чалавечнасці, сапраўдны Бог і сапраўдны чалавек, адзінасутны нам, што датычыць чалавечнасці. Перад вякамі з Айца народжаны як Бог, у акрэсленыя ж часы дзеля нас і дзеля нашага збаўлення нарадзіўся як чалавек з Панны Марыі, Багародзіцы. На гэту тэму адназначна выказаўся Папа Ян Павел ІІ: «Езус – Уцелаўлёнае Слова, адна і непадзельная Асоба. Хрыстус – гэта не хто іншы, як Езус з Назарэта. Гэты ж ёсць Словам Божым, якое сталася чалавекам для збаўлення ўсіх». Настаўніцкі Інстытут Касцёла, верны Божаму аб’яўленню, пацвярджае, што Езус Хрыстус ёсць паўсюдным пасрэднікам і адкупіцелем: «Бо Слова Божае, праз якое ўсё сталася, само сталася целам дзеля таго, каб збавіць усіх і ўсё ў сабе паяднаць. Ён – Той, каго Айцец ўваскрасіў з мёртвых, узвялічыў і пасадзіў праваруч сябе, устанаўляючы Яго суддзёю жывых і памерлых. Гэтае збаўчае пасрэдніцтва прадугледжвае таксама адзінасць збаўчай ахвяры Хрыста, найвышэйшага і вечнага Святара». Такім чынам, мы хочам рашуча вызнаваць як праўду каталіцкай веры тое, што паўсюдная збаўчая воля Бога ў Тройцы Адзінага была споўнена раз і назаўсёды ў таямніцы ўцелаўлення, смерці і змёртвыхпаўстання Сына Божага, Езуса Хрыста. Пачынаючы ад першых вызнаўцаў Езуса, Яго постаць мае такую збаўчую вартасць, што толькі Ён, як уцелаўлёны Сын Божы, па загаду Айца і ў моцы Духа Святога праз сваю смерць на крыжы і ўваскрэсенне прынёс Божае аб’яўленне і жыццё ўсяму чалавецтву і кожнаму чалавеку. У гэтым сэнсе можна і трэба сцвердзіць, што Езус Хрыстус мае асаблівае і адзінае, толькі Яму ўласцівае, выключнае, паўсюднае і абсалютнае значэнне і вартасць для роду людскога і ягонай гісторыі. Менавіта гэтая выключнасць Езуса Хрыста дазваляе выкарыстаць у адносінах да Яго славутыя словы з Апакаліпсіса: «Я – Альфа і Амега, Першы і Апошні, Пачатак і Канец» (гл. Ап 22, 13). Падагульняючы доказы Кангрэгацыі Веравучэння аб адзінасці і збаўчай паўсюднасці Езуса Хрыста, шчыра падзякуем Божаму Дзіцяці за Яго нараджэнне ў бэтлеемскай стаенцы, і адначасова пакажам нашу ўмацаваную веру ў Слова, якое сталася целам, каб здзейсніць справу адкуплення і збаўлення роду людскога. Няхай поўня благаславення ўцелаўлёнага Сына Божага, Езуса Хрыста, сыдзе на дарагіх майму сэрцу вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі. Кардынал Казімір Свёнтэк, Aрцыбіскуп, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі
13.07.2009 13:26
[ 15 снежня 2003 г., Апостальская нунцыятура ў Мінску ] У сустрэчы прынялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі на чале са старшынёй ККББ кардыналам Казімірам Свёнткам. Прысутнічаў таксама нунцый Апостальскай Сталіцы арцыбіскуп Іван Юркавіч. Быў вызначаны тэрмін і месца правядзення паседжанняў ККББ у 2004 г.: 4 сакавіка – Пінск, 25 чэрвеня – Паставы, 24 верасня – Гродна, 7 снежня – Мінск. Старшыня растлумачыў прысутным, што асвячэнне Душпастырскага цэнтра ў Мінску не адбылося ў выніку выяўленых недакладнасцяў і недапрацовак. ... Старшыня паінфармаваў аб праграме пашырэння культу Божай Міласэрнасці сярод вернікаў. Прадугледжана перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага ў парафіях. Гродзенскі біскуп прадставіў прысутным просьбу айцоў-кармелітаў і вернікаў Гудагайскай парафіі, а таксама душпастыраў і вернікаў суседніх парафій аб дазволе распачаць захады па атрыманню згоды Апостальскай Сталіцы на ўкаранаванне абраза Маці Божай Гудагайскай папскімі каронамі. Прысутныя аднагалосна падтрымалі гэтую просьбу. Старшыня заахвоціў прысутных, каб яны, праз сваіх паўнамоцных прадстаўнікоў, рэгулярна перадавалі інфармацыю для інтэрнэт-сайта ККББ, які дзейнічае з 1.09.2003 г. Зноў разглядалася справа рэкалекцыйнага дому для Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Вырашана пабудаваць такі дом у Мінску альбо ў яго выколіцах. Дыяцэзіяльныя біскупы паінфармавалі аб дзяржаўнай перарэгістрацыі парафій у дыяцэзіях. Каля 30% парафій ужо прайшлі перарэгістрацыю. Канстатавана, што калі перарэгістрацыя будзе ісці такімі тэмпам, то да канца наступнага году ўсе парафіі пройдуць дзяржаўную рэгістрацыю ў адпаведнасці з патрабаваннямі новага Закона аб веравызнаннях. Абмеркаваны таксама іншыя душпастырскія патрэбы Касцёла на Беларусі. Біскуп Антоні Дзям’янка, Генеральны сакратар ККББ
13.07.2009 13:24
У сучасным свеце ідзе барацьба за чалавека. Гэта адбываецца ў розных сферах чалавечага жыцця. Асабліва гэтыя напады скіраваны на сям’ю, дзе чалавек не толькі з’яўляецца на свет, але падрастае і становіцца дарослым. Гэтая атака праяўляецца ў скажэнні праўды пра чалавека, пра яго паходжанне, сутнасць, годнасць і прызначэнне. Сёння чалавека ставяць на месца Бога, за чалавекам прызнаецца права вызначаць нормы паводзінаў, прапаноўваючы яму абсалютную свабоду, указваючы як мэту чалавечага існавання дасягненне максімальнай прыемнасці, матэрыяльных каштоўнасцяў і поспехаў, не зважаючы на патрэбы іншых людзей. Вартасць чалавека вымяраецца не ягонай годнасцю, а толькі яго фізічнай сілай, здароўем, фінансавым становішчам і прафесійнымі дасягненнямі. Усё гэта робіцца за кошт сям’і, якая перастае правільна функцыянаваць як супольнасць жыцця і любові. Замест гэтага яна ператвараецца ў групу свабодна звязаных між сабою асобаў, якія лёгка расстаюцца. Сужэнцы не здольныя прыняць большай колькасці дзяцей, бо ўспрымаюць іх як пагрозу для асабістых выгодаў і незалежнасці. У такой сітуацыі выхаваць новае пакаленне вельмі складана альбо ўвогуле немагчыма. Вынікам такога падыходу да жыцця, сужэнства і сям’і з’яўляецца вялікая колькасць разводаў на Беларусі, якая павялічваецца, а таксама вялікая колькасць несакрамэнтальных сужэнстваў. Усё часцей можна сустрэць людзей, якія жывуць у так званых свабодных саюзах, гэта значыць нават без грамадзянскага шлюбу. Некаторыя з іх плануюць праз нейкі час узяць шлюб, калі ўпэўняцца, што іх партнёр ім адпавядае — гэтак званае «пробнае» сужэнства. У такіх саюзах чалавек успрымаецца, як нейкая рэч, якую пасля ўжывання можна выкінуць. Касцёл, якому сам Бог даверыў чалавека, не застаецца абыякавым да гэтых пагрозаў для сям’і і абараняе чалавека ад страты ягонай тоеснасці. Гэта асабліва відаць у вучэнні Яна Паўла ІІ, які закранаў вышэй узгаданыя тэмы ў многіх сваіх прамовах, пасланнях, адгартацыях і энцыкліках. Ён часта паўтараў: «Справы сям’і і яе лёс вельмі блізкія майму сэрцу. Таму супольнымі намаганнямі Касцёла і іншых выхаваўчых асяроддзяў неабходна аднавіць пашану да традыцыйных сямейных каштоўнасцяў і развіваць іх у супольнасці жыцця». Усведамляючы вялікую адказнасць за тое, каб давесці людзей да збаўлення, мы адказваем на заклік Святога Айца і звяртаемся да ўсіх сем’яў на Беларусі, каб шанавалі сваю вялікую годнасць і, з’яднаныя з Хрыстом, рэалізавалі свае абавязкі, якія вынікаюць са святой сужэнскай кансэкрацыі. Вядомая пісьменніца Агнешка Дзітрых, юрыст па прафесіі і член таварыства «Opus Dei» сказала, што яна займаецца шматлікімі справамі і дадала: «Можна працаваць у некалькіх фірмах, але самая важная з іх — сям’я. Гэта «фірма», шэфам якой з’яўляецца сам Пан Бог». А значыць, няма іншых шляхоў ратавання сям’і, як толькі грунтаваць яе на вучэнні Хрыста і на маральных прынцыпах. Другі Ватыканскі Сабор вучыць, што «сам Бог з’яўляецца творцам сужэнства» (KDK 48). Праўда аб паходжанні сужэнства ад Бога бярэ пачатак у акце стварэння. Бог, ствараючы чалавека як мужчыну і жанчыну, паклікаў іх ствараць супольнасць асобаў (пар. Быц 1, 27). І менавіта гэтая сужэнская супольнасць, якая, павялічваючыся, становіцца сям’ёй, з’яўляецца вобразам дасканалай любові Трох Боскіх Асобаў. «Вобразам і падабенствам да Бога чалавек стаў не толькі праз саму чалавечнасць, але таксама і праз «камунію» асобаў, якою з самага пачатку былі мужчына і жанчына». Паводле Божага замыслу сужэнства і сям’я павінны быць глыбокаю супольнасцю жыцця і любові (пар. КDK 48). Ян Павел ІІ таксама нагадвае, што «у выніку сутнасць і заданне сям’і вызначаюцца любоўю. Таму сям’я атрымлівае місію аховы, аб’яўлення і перадачы любові, якія з’яўляюцца жывым адлюстраваннем і сапраўдным удзяленнем Божай любові чалавецтву, а таксама любові Хрыста Пана Касцёлу, Яго абранніцы» (FC 17). Без любові не можа яна ні жыць, ні павялічвацца, а тым больш удасканальвацца, паколькі гэтая любоў — унутраны прынцып, сіла і канчатковая мэта супольнасці асобаў (пар. FC 18.) Можна сказаць, што чалавек рэалізуецца ў любові, і таму яна з’яўляецца галоўнаю справаю жыцця чалавека. Любоў неабходная для існавання кожнага чалавека, — пра гэта пісаў Ян Павел ІІ на пачатку свайго пантыфікату. «Чалавек не можа жыць без любові. Чалавек застаецца для сябе незразумелаю істотаю, яго жыццё пазбаўлена сэнсу, калі яму не адкрыецца Любоў, калі ён не сустрэнецца з Любоўю, калі не дакранецца да яе і калі яе не зробіць як-небудзь сваёю, калі не будзе ў ёй актыўным удзельнікам» RH (10). Нарачоныя сустракаюцца з Хрыстом, які ёсць Любоў, падчас заключэння сужэнскага саюзу. Гэта Ён іх яднае, умацоўвае, удасканальвае, робіць здольнымі выконваць сужэнскія абавязкі і вядзе да святасці. Ён з’яўляецца для іх прыкладам сапраўднай любові. З гэтага моманту яны павінны так любіць адно аднаго, як Хрыстус палюбіў Касцёл, а менавіта так, каб маглі аддаць жыццё адно за аднаго. Такая любоў пераходзіць на патомства, перамяняючы сужэнства ў сям’ю. А еднасць і непарыўнасць становяцца трывалаю і найважнейшаю асаблівасцю сужэнства. Нетрываласць сужэнстваў з’яўляецца сур’ёзнаю хваробаю сучасных сем’яў. Часам для іх разводу хапае малаважных прычынаў: узаемныя заганы, неадпаведнасць характараў, цяжкія матэрыяльныя умовы, але сапраўднай прычынай нявернасці сужэнскай прысязе з’яўляецца слабая рэлігійнасць сужэнцаў. Амерыканскі сацыёлаг Мерседэс Азур Вільсан правяла сацыялагічнае даследванне аб трываласці сужэнскіх саюзаў і зрабіла наступныя вынікі: калі сужэнцы жывуць без касцёльнага шлюбу, разводзіцца кожнае другое сужэнства, – г.зн. 50%; калі жывуць пасля заключэння касцёльнага шлюбу, але не выконваюць рэлігійных практык, то разводзіцца кожнае трэцяе сужэнства. Складае гэта 33%; калі жывуць пасля заключэння касцёльнага шлюбу і ўдзельнічаюць у нядзельнай Святой Імшы, то разводзіцца кожнае 50 сужэнства. Складае гэта 2%; калі жывуць пасля заключэння касцёльнага шлюбу, удзельнічаюць у нядзельнай Святой Імшы і разам моляцца, то разводзіцца адна пара з 1430 сужэнстваў. Гэтыя даследванні дакладна ўказваюць, які вялікі ўплыў на трываласць сужэнства мае выконванне рэлігійных практык. Перадаючы гэту інфармацыю, мы верым, што з развіццём рэлігійнага жыцця на Беларусі будзе павялічвацца трываласць сужэнства, якое сёння знаходзіцца ў небяспецы. Нам прыкра сцвярджаць, што на Беларусі, паводле апошніх статыстычных дадзеных, разводзіцца каля 70% сужэнстваў. «Сямейная «камунія» можа быць захавана і можа ўдасканальвацца толькі дзякуючы вялікаму духу ахвярнасці, бо яна патрабуе высакароднай гатоўнасці ўсіх і кожнага да ўзаемаразумення, талерантнасці, прабачэння і паяднання» (FC 21). Сілу для такіх паводзінаў сужэнцы чэрпаюць ад Хрыста. Глыбокая еднасць, узаемапавага і давер з’яўляюцца сапраўднымі толькі тады, калі сям’я моліцца. Гэта Хрыстус сказаў, што Ён прысутнічае там, дзе двое альбо трое сабраліся ў Яго імя (Мц 18, 20). Гэтую прысутнасць асаблівым чынам яшчэ ўзмацняе сакрамэнтальны сужэнскі саюз, які сужэнцы заключылі перад абліччам Бога і Касцёла. Хрысціянскія сужэнцы, звязаныя паміж сабою праз Хрыста, які прысутнічае сярод іх, у адпаведнасці з заключаным саюзам з’яўляюцца першым Хатнім Касцёлам, які здзяйсняецца праз перадачу жывой веры адно аднаму, а таксама і сваім дзецям. І менавіта гэты Касцёл, якім з’яўляецца сям’я, праяўляецца і рэалізуецца ў супольнай сямейнай малітве, што ажыўляе і ўмацоўвае веру і ўзаемную любоў. «Бацькі (...) з дапамогаю слова і прыкладу павінны быць першымі вестунамі веры для дзяцей» (КК 11). Дзейсная прысутнасць веруючага бацькі дапамагае ў фармаванні асобы дзіцяці. Таксама апека маці, якая асабліва патрэбна маленькім дзецям, яе глыбокая вера дазваляюць дзіцяці расці ў атмасферы даверу і бескарыслівасці (KDK 52). Бацькі павінны разам дапамагаць адно аднаму і ўзрастаць у любові, павялічваючы такім чынам аўтарытэт у дзяцей. Цэнтральнае месца ў сямейным жыцці павінен заняць удзел у нядзельнай Святой Імшы. А частае прыняцце святых сакрамэнтаў, асабліва сакрамэнту пакаяння і прыняцце Цела Хрыста ачышчае і ўмацоўвае сямейную еднасць. Наступным сродкам развіцця духоўнага жыцця як бацькоў, так і дзяцей з’яўляецца штодзённая супольная малітва. Пачуццё ўдзячнасці патрабуе малітвы перад ежай і пасля яе. Кожная сям’я павінна выпрацаваць свой уласны стыль малітвы. Гэта можа быць, напрыклад, сямейны Ружанец ці Вяночак да Божай Міласэрнасці. Толькі блізкі кантакт з Богам дае пачуццё бяспекі, сямейнага шчасця на зямлі і надзею на жыццё вечнае. У вельмі цяжкім становішчы знаходзяцца сужэнцы, якія па розных прычынах жывуць у несакрамэнтальных саюзах, бо праз гэта яны страцілі Божую ласку. Мы заахвочваем іх, каб яны выконвалі рэлігійныя практыкі, маліліся, рабілі дабро, а калі знікнуць перашкоды — заключылі сакрамэнтальнае сужэнства. Няхай для ўсіх сем’яў перасцярогаю будуць словы каталіцкага мысліцеля Ж. Гюёна, які сказаў: «Свет, які надыходзіць, будзе альбо Хрыстовы, альбо яго ўвогуле не будзе». Падобную думку можна з упэўненасцю скіраваць адносна сям’і: у ХХІ стагоддзі сям’я будзе альбо Хрыстовая, альбо яе ўвогуле не будзе. 21 кастрычніка 2001 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ узвысіў да годнасці благаславёных сужэнцаў Марыю і Алаізія Белтрамэ Кватроччы. Яны ўзялі шлюб у 1905 г., а ў сужэнстве пражылі разам 46 гадоў. У беатыфікацыйных урачыстасцях з чацвярых іхніх дзяцей не было толькі Стэфаніі, якая была бэнэдыктынкай і памерла ў 1993 г. Сярод канцэлебрантаў былі два іх сыны: 95-гадовы кс. Тарцісіо, святар Рымскай дыяцэзіі, і 92-гадовы кс. Паоліно, трапіст. Іх сястра Энрыхэта была чацвёртым дзіцем. Падчас цяжарнасці жыццё маці было ў небяспецы, таму ўрачы раілі ёй зрабіць аборт. Але сужэнцы гэтага не зрабілі. У дзень беатыфікацыі дачка дзякавала Богу за жыццё і за благаслаўлёных бацькоў. Святы Айцец у гаміліі сказаў, што «благаслаўлёныя сужэнцы пражылі звычайнае жыццё незвычайным чынам. Яны змаглі так духоўна паяднацца з Богам, што ўсё, што яны рабілі, служыла на хвалу Божую». Няхай гэтыя словы Святога Айца будуць указальнікам і заахвочваннем для ўсіх сем’яў Беларусі, каб яны наследавалі справы благаслаўлёнай сям’і і сваім святым жыццём павялічвалі колькасць благаслаўлёных сем’яў. На працу будавання сужэнства і сям’і паводле Божага замыслу ўдзяляем вам пастырскае благаслаўленне: у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Каталіцкія Біскупы Беларусі
13.07.2009 13:19
[ 25 верасня 2003 г., дыяцэзіяльная курыя ў Гродне ] У пасяджэнні прынялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі на чале са старшынёй ККББ кардыналам Казімірам Свёнткам, прысутнічаў таксама нунцый Апостальскай Сталіцы арцыбіскуп Іван Юркавіч. Беручы пад увагу праграму ўрачыстасці святкавання 25-годдзя юбілею пантыфікату Папы Яна Паўла ІІ у Рыме, вызначаны тэрміны пілігрымкі з 13 да 21 кастрычніка. Адказны за пілігрымку паінфармаваў, што лічба пілігрымаў складае прыкладана 460 чалавек. Старшыня паведаміў сабраным аб зацвярджэнні Кангрэгацыяй па справах Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў 6 жніўня бягучага года ў свята Перамянення Пана перакладу "Missale Romanum. Editio typica III" на беларускую мову. Старшыня прадставіў сабраным рытуал хросту на беларускай мове. Удзельнікі Канферэнцыі адобрылі рытуал хросту, ён будзе высланы на зацвярджэнне ў Кангрэгацыю па справах Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў. Старшыня паведаміў біскупам, што "Карытас" Беларусі прынята ў Caritas Internationalis. Сабраным таксама было даведзена да ведама аб стварэнні на Беларусі таварыства каталіцкіх мас-медыя "SIGNIS" і аб прыняцці яго ў міжнародную арганізацыю. Старшыня звярнуў увагу сабраных біскупаў на вялікі попыт на дапаможнікі для катэхезы з боку душпастыраў і катэхетаў. З нагоды святкавання 25-годдзя пантыфікату Папы Яна Паўла ІІ прынята рашэнне аб правядзенні Міждыяцэзіяльнага конкурсу на тэму папскай дзейнасці. Сабраныя канстатавалі, што канчаткова ўзгоднены Парафіяльныя статуты і што можна пачынаць дзяржаўную рэгістрацыю парафій ва ўсіх дыяцэзіях. Прынята рашэнне, што прамая трансляцыя з Пастэркі на Божае Нараджэнне будзе весціся з гродзенскай катэдры. Біскуп Антоні Дзям'янка, сакратар ККББ
13.07.2009 13:18
«Благаславёныя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць» (гл. Мц 5, 7). Умілаваныя ў Хрысце Пану сёстры і браты! У гэтыя дні сэрцы ўсіх вернікаў паяднаныя ў вялікай пасхальнай радасці, таму што ў літургіі мы перажываем Уваскрасенне Хрыста - гэта значыць Яго Перамогу над грахом і смерцю. Мы ўсведамляем бязмежную любоў Бога, які першым выйшаў да грэшнага чалавека са сваім дарам міласэрнасці і «так палюбіў (...) свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (гл. Ян 3, 15-16). Езус Хрыстус, такім чынам, з'яўляецца найбольш поўным праяўленнем любові Бога да людзей. Асаблівай надзеяй напаўняе нас сённяшняя нядзеля, якая называецца «Нядзеляй Міласэрнасці», таму што гэта час, калі мы ўзгадваем устанаўленне Хрыстом сакрамэнту пакаяння і паяднання - бязмежнай таямніцы Божай Міласэрнасці адносна кожнага чалавека. У Евангеллі мы чулі словы Езуса, якія Ён скіраваў да апосталаў і іх наступнікаў: «Спакой вам. Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас (...) Прыміце Духа Святога! Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны, на кім пакінеце, на тым застануцца» (гл. Ян 20, 21-23). Такім чынам, Хрыстус давярае Касцёлу вялікі дар Божай Міласэрнасці з такой мэтай, каб вызваляць людзей ад грахоў і ўзвялічваць іх у веры, надзеі і любові. «Я прагну, - сказаў Езус падчас аб'яўлення святой сястры Фаустыне, - каб свята Міласэрнасці было прытулкам і сховішчам для ўсіх душаў, а асабліва для бедных грэшнікаў (...). Душа, якая (у гэты дзень) прыступіць да споведзі і Святой Камуніі, атрымае поўнае прабачэнне правінаў і караў (...); няхай не баіцца наблізіцца да Мяне ніводная душа, нават калі б грахі яе былі, як пурпур». Сёння мы часта адчуваем сябе бездапаможнымі, жывучы ў няволі грэшных прывязанасцяў: празмернага клопату пра матэрыяльныя рэчы, пачуццёвасці, а таксама алкагалізму. Мы так лёгка апраўдваем нашу адсутнасць на нядзельнай Святой Імшы, адсутнасць штодзённай малітвы, занядбанне ў катэхізацыі дзяцей і моладзі, нядобрасумленнасць, вульгарнасць, сквапнасць, зайздрасць і шмат іншых заганаў, якія ўскладняюць нам асабістае, сямейнае і грамадскае жыццё. Так шмат яшчэ ёсць вакол нас і ў нас саміх эгаізму, які ўскладняе альбо цалкам перашкаджае нам прыняць Уваскрослага Хрыста. Мы ж не падрыхтаваныя да дзеяння Яго ласкі, адчуваем сябе зняволенымі і згубленымі ў лабірынце спраў гэтага свету. Мы задаем сабе пытанне: як можна ўсё гэта змяніць, каб сфармаваць новае аблічча сваёй чалавечнасці і ўсяго сучаснага свету, якому пагражае нянавісць? «Чалавецтва не знойдзе спакою, пакуль не звернецца з даверам да Маёй Міласэрнасці!» (Дз. 300). Гэтыя незвычайныя словы Збаўвіцеля, якія Святы Айцец Ян Павел ІІ назваў найлепшым антыбіётыкам на хваробы сучаснага свету, былі перададзены праз Апосталку Божай Міласэрнасці - святую Фаустыну Кавальскую, законніцу з Кангрэгацыі Маці Божай Міласэрнасці. Езус асаблівым чынам выбраў яе як «сакратарку» сваёй міласэрнасці, адначасова наказваючы намаляваць Яго абраз з надпісам «Езу, давяраюся Табе» . Гэты абраз быў намаляваны ў Вільні мастаком Яўгенам Казіміроўскім пад кіраўніцтвам святой сястры Фаустыны згодна з аб'яўленнямі і наказамі, якія яна атрымала ад Пана Езуса. Такім чынам Езус прагнуў нагадаць нам і ўсяму свету пра забытую праўду аб Божай Міласэрнасці і ўказаць шляхі выйсця з такой складанай сітуацыі, у якую гэты свет цяпер трапіў. Усведамляючы вялікія пагрозы для чалавецтва, якое ўваходзіць у трэцяе тысячагоддзе, Святы Айцец Ян Павел ІІ у Лагеўніках каля Кракава 17 жніўня 2002 года кансэкруе першы ў свеце санктуарый Божай Міласэрнасці і здзяйсняе гістарычны акт прысвячэння свету Божай Міласэрнасці. Адначасова ён выказвае пажаданне, каб Пасланне аб міласэрнай любові Бога загучала з новаю сілаю і дасягнула ўсіх жыхароў зямлі, а таксама напоўніла іх сэрцы надзеяй. «Ойча Спрадвечны, ахвярую Табе Цела і Кроў, Душу і Боскасць Наймілейшага Сына Твайго і Пана нашага Езуса Хрыста, каб перапрасіць за грахі нашыя і ўсяго свету; дзеля Яго балеснай Мукі - будзь міласэрны да нас і да ўсяго свету», - гэта словы з Дзённіка сястры Фаустыны. «Да нас і да ўсяго свету» ... Як жа патрэбна сённяшняму свету Божая Міласэрнасць! На ўсіх кантынентах з глыбіні людскога цярпення, здаецца, узносіцца заклік аб міласэрнасці. Там, дзе пануе нянавісць, жаданне помсты, дзе вайна прыносіць боль і смерць непавінных, патрэбна ласка міласэрнасці, якая заспакойвае чалавечы розум і сэрцы і нараджае спакой. Дзе няма пашаны да жыцця і годнасці чалавека патрэбна міласэрная любоў Бога, у святле якой адкрываецца невымоўная каштоўнасць кожнага чалавечага існавання. Патрэбна міласэрнасць, каб усялякая несправядлівасць на свеце ў бляску праўды перастала існаваць. Папа ў сваёй гаміліі ўказаў, як моцна патрэбна сучаснаму свету Божая Міласэрнасць. Якім важным становіцца заклік «Езу, давяраюся Табе» , які, як зазначыў Ян Павел ІІ, трэба з глыбокаю вераю нястомна паўтараць. Словы Святога Айца з'яўляюцца для нас асаблівым выклікам, каб у кожнай парафіі, у касцёлах, дамах і сэрцах ажывіць культ Божай Міласэрнасці. Першапачатковая справа Божай Міласэрнасці - выратаваць чалавека, які знаходзіцца ў стане смяротнага граху, і паяднаць яго з Богам. Свет, паглыблены ў атмасферу рэлігійнай абыякавасці і бязвер'я, уласнымі сіламі не зможа духоўна аднавіцца і ісці па шляху паўсюднага братэрства і спакою. Праз свой уласны цяжкі грэх чалавек пазбаўляе сябе звышнатуральнага жыцця і, прабываючы ў духоўнай смерці адносна Бога, не ў стане адпаведна адказаць на любоў Божую. Толькі праз навяртанне і сакрамэнтальнае ачышчэнне з грахоў моцаю асвячальнай ласкі ён атрымлівае годнасць дзіцяці Божага. Неабходна таксама, каб кожны асабіста пастаянна дзякаваў Богу за шматлікія спазнаныя ласкі міласэрнасці, асабліва ў сакрамэнце пакаяння і паяднання. Спазнаючы ў саміх сабе Божую Міласэрнасць, мы павінны таксама гэтай міласэрнасцю дзяліцца з іншымі. Радуючыся адшуканаму Божаму жыццю, мы не можам быць абыякавымі да становішча тых нашых братоў і сясцёр, якія жывуць яшчэ ў стане духоўнай смерці, патанаюць у сваіх грахах, жывучы без Бога. Часта нашае заахвочванне, добрае слова, малітва, і перш за ўсё сведчанне жыцця любоўю Божай могуць стаць для іншых адзінаю аказіяй для навяртання. Як хрысціяне мы абавязаны несці такое апостальства. Іншай праявай міласэрнасці з'яўляецца распачынанне разнастайных дабрачынных спраў у адносінах да нашых бліжніх. Праз справы міласэрнасці мы выконваем запаведзь любові да бліжняга. Хрысціянская міласэрнасць, якая рэалізуецца ва ўсведамленні еднасці з Богам, абавязвае нас быць адказнымі за ўвесь Касцёл і за кожнага з паасобных яго членаў. Грэбаваць бліжнім, які знаходзіцца ў патрэбе, - азначае грэбаваць самім Хрыстом. Ніхто з нас не можа быць абыякавым да патрэбаў і бяды сваіх бліжніх. Нягледзячы на свае сціплыя магчымасці кожны павінен усведамляць абавязак аказваць паслугу міласэрнасці патрабуючым, таму што міласэрная любоў з'яўляецца істотным элементам у штодзённым рэлігійным жыцці хрысціяніна. Ён не можа інакш рэалізаваць свайго паклікання, як толькі праз бескарысны дар самога сябе для бліжніх. Толькі тады яго жыццё стане сапраўды вартасным. Сёння мы дзякуем Богу за атрыманыя ўжо шматлікія ласкі міласэрнасці і просім словамі малітвы Святога Айца: «Божа, Ойча Міласэрны, які аб'явіў сваю любоў у Тваім Сыне Езусе Хрысце і выліў яе на нас у Духу Святым, Суцяшальніку, Табе давяраем сёння лёсы свету і кожнага чалавека. Схіліся над намі, грэшнымі, вылечы нашую слабасць, перамажы ўсялякае зло, дазволь усім жыхарам зямлі адчуць Тваю міласэрнасць, каб у Табе, Трыадзіны Божа, заўсёды знаходзілі крыніцу надзеі. Ойча Спрадвечны, дзеля балеснай мукі і змёртвыхпаўстання Твайго Сына, будзь міласэрны да нас і да ўсяго свету!». Амэн. Каталіцкія біскупы Беларусі
13.07.2009 13:16
«Я – уваскрасенне і жыццё; хто верыць у Мяне, калі і памрэ, – жыць будзе» (гл. Ян 11, 25). Адзін з аўтараў гамілійных нарысаў у сваіх велікодных разважаннях падрабязна апісвае стан і паводзіны Апосталаў і евангельскіх жанчын непасрэдна пасля крыжовай смерці Езуса на Галгофе. Вучні Хрыста, Ягонае найбліжэйшае атачэнне былі так засмучаны Яго смерцю на Галгофе, што ўспамін пра абяцанне ўваскрэснуць быў для іх па-за межамі рэальнай свядомасці. Пакутлівы вобраз Яго канання на крыжы так перапоўніў іх стан і думкі, што яны не былі здольныя пакуль што думаць пра нешта іншае, як толькі пра тое, што Той, каго яны шанавалі і любілі, з Якім звязвалі свае надзеі, сапраўды памёр, і памёр смерцю ганебнаю. У гэтым сэнсе яны дазволілі праціўнікам Хрыста апярэдзіць сябе, якія аднак у тыя дні ў сваёй каварнай прадбачлівасці прыгадалі словы Хрыстовага абяцання аб уваскрасенні і паклапаціліся, каб была пастаўлена варта каля грабніцы пахаванага Езуса. А вучні тым часам купілі сто фунтаў духмяных рэчываў – ажно сто фунтаў... А жанчыны лічылі, што гэтага яшчэ замала, і паабяцалі сабе, што пасля шабату падрыхтуюць яшчэ болей, каб намасціць цела Хрыста. У гэтым другасным клопаце пра духмяныя рэчывы і намашчэнне цела заключаецца нейкая сентыментальная клапатлівасць і піетызм да памерлага, але адначасова ёсць тут перакананне, што гэтае намашчэнне робіцца не на тры дні. Гэтыя сто фунтаў і тыя дадатковыя, пра якія думалі жанчыны, указваюць на тое, што, прынамсі, у тыя хвіліны яны думалі пра намашчэнне і захаванне цела на доўгі час, а можа і назаўсёды. Знамянальна, што ўсе яны не столькі забыліся, але хутчэй за ўсё не вельмі яшчэ верылі ў тое, што гаварыў Хрыстус пра сваё ўваскрасенне. Такім чынам: апосталы не давяраюць жанчынам, якія гавораць, што бачылі Уваскрослага, а сярод іх – Марыі Магдалене, якая спачатку таксама не давярае, бо думае і гаворыць: забралі Яго і не ведаю, дзе Яго паклалі. У гэты момант яна зусім не думае пра ўваскрасенне, але клапоціцца толькі пра тое, дзе Ён знаходзіцца – мёртвы, укрыты. Напэўна, і Пётр не верыць Магдалене, і толькі пасля таго, як убачыў пустую магілу, успомніў пра абяцанне Хрыста ўваскрэснуць. Іншыя Апосталы павінны былі на працягу васьмі дзён пераконваць святога Тамаша ў тым, што Хрыстус жывы, а Тамаш на працягу васьмі дзён настойваў на тым, што не паверыць, пакуль не пакладзе рукі свае ў раны Хрыста. Гэта з’ява, якую варта ўсвядоміць: вера ў змёртвыхпаўстанне Хрыста нарадзілася не з наіўных імкненняў, не са сведчання людзей, не са сведчання вартаўнікоў, не з погаласак, якія распаўсюджвалі жанчыны, а сярод іх і Марыя Магдалена, не з чутак, якія хадзілі сярод легкаверных людзей. Вера ва ўваскрасенне Езуса сфармавалася з самага пачатку існавання Касцёла, з самога Хрыста, які праз частае сваё аб’яўленне і слова рашуча ўмацоўваў у свядомасці сваіх вучняў перакананне, што Ён сапраўды ўваскрос і жыве. Пры гэтым, робячы такія намаганні, Ён не шкадаваў для Апосталаў суровых слоў: «О неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што прадказвалі прарокі!» (гл. Лк 24, 25). Толькі з гэтых шматлікіх аб’яўленняў Хрыста, якія паўтараліся, нараджаецца перакананне і вера, што Пан сапраўды ўваскрос і жыве, і гэтая вера і перакананне складаюць неад’емную частку хрысціянскай веры. Толькі калі гэта Добрая Навіна – Евангелле Уваскрасення, Евангелле непераможнага жыцця – закараніцца ў Апосталах, у іх свядомасці, – яны стануць вызнаўцамі Хрыста і будуць гатовыя памерці за Яго так, як і Ён памёр за іх, з глыбокай перакананасцю, што гэтак жа, як Хрыстус не памёр назаўсёды, так і яны не памруць назаўсёды. Мінула ўжо дваццаць стагоддзяў з таго часу, калі першы раз Анёл з неба абвясціў жанчынам, якія прыйшлі да пустой ўжо грабніцы Езуса, Хрыстовае Уваскрасенне. Касцёл у сваёй шматвекавой гісторыі няспынна абвяшчае ўваскрасенне Пана, якое стала асноваю хрысціянскай веры і адначасова задаткам нашага ўваскрашэння. Мы молімся ў штодзённай малітве «Веру ў Бога Айца» наступнымі словамі: «... укрыжаваны, памёр і быў пахаваны... і на трэці дзень уваскрос», – гэта значыць вызваліўся з-пад улады смерці, перайшоў у несмяротнае, вечнае жыццё. Пацвярджае гэта святы Павел у Пасланні да Рымлянаў: «Хрыстус, уваскросшы з памерлых, ужо не ўмірае: смерць не мае ўжо ўлады над Ім» (гл. Рым 6, 9). У штодзённай малітве «Веру ў Бога Айца» мы таксама вызнаем: «... уваскрашэнне цела». Пан Езус, праз уцелаўленне з’яднаны з чалавечаю натураю, уваскрос і тым самым даказаў праўдзівасць сваіх слоў: «Я – уваскрасенне і жыццё; хто верыць у Мяне, калі і памрэ, – жыць будзе» (гл. Ян 11, 25). Пацвярджае гэта св. Павел у лісце да Карынцянаў: «Як у Адаме ўсе паміраюць, так у Хрысце ўсе ажывуць» (гл. 1 Кар 15, 22). Менавіта таму Вялікдзень з’яўляецца самым вялікім і самым радасным святам хрысціянства, якое святкуецца дзеля праслаўлення Уваскрослага Хрыста, у якім мы ўскладаем надзею нашага ўваскрашэння. Прыміце пажаданні велікоднага Аллелюя з пастырскім благаславеннем. Кардынал Казімір Свёнтэк, Арцыбіскуп, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі
13.07.2009 13:15
Дарагія святары і ўмілаваны люд Божы! Касцёл Хрыстовы ад пачатку свайго існавання выконваў заданні, даручаныя яму сваім Заснавальнікам. Да іх адносяцца: абвяшчэнне Божага слова, справаванне святых сакрамэнтаў, а таксама справы міласэрнасці. Гэтая патройная місія вынікае з выразнага наказу Хрыста, а таксама з прыкладу Яго жыцця. Такім чынам, Езус, які аб’явіў нам міласэрнага Айца, прагне, каб мы як Яго вучні, неслі гэты воблік Бога ўсім людзям па ўсёй зямлі. У жыцці Езуса слова суправаджалася чынам. Таму аб любові Айца да людзей Ён засведчыў не толькі словам, але таксама сваімі канкрэтнымі ўчынкамі і сваімі адносінамі да слабых і прыгнечаных, хворых і засмучаных, грэшных і пакрыўджаных, бедных і самотных. Ён, які прайшоў праз жыццё, «робячы дабро ўсім», мог спаслацца на самога сябе і сказаць: «Я даў вам прыклад, каб вы любілі адзін аднаго». Хрыстус не толькі сам дапамагаў людзям у іх матэрыяльнай і духоўнай патрэбе, але таксама з самага пачатку сваёй публічнай дзейнасці вучыў сваіх вучняў аказваць дапамогу тым, каму яна патрэбна. Да гэтага клопату Ён пастаянна іх заклікаў, часам нават выразна патрабаваў ад іх, каб яны былі выканаўцамі Яго любові. Перад адыходам з гэтага свету Ён яшчэ раз даручыў ім выконваць справы любові, а любоў учыніў знакам прыналежнасці да Яго. «Па тым пазнаюць усе, што вы Мае вучні, калі будзеце любіць адзін аднаго» (пар. Ян 13, 35). Пасля атрымання Духа Святога апосталы не толькі пачалі абвяшчаць слова Божае, але таксама з запалам яны сведчылі пра Хрыста ўчынкамі любові. Дабрачынная дзейнасць першага Касцёла была ўкампанавана ў сукупнасць рэлігійнага жыцця. Лічыцца, што яна з’яўляецца інтэгральнаю часткаю Хрыстовага пасланніцтва. Таму першыя хрысціяне «трывалі ў навуцы апостальскай, у супольнасці, ламанні хлеба і ў малітвах» (пар. Дз 2, 42). Гэтае старажытнае сведчанне паказвае, што Касцёл ад пачатку свайго існавання выконваў свае асноўныя функцыі: прапаведванне слова Божага, літургію і дыяконію, ці інакш кажучы «службу Богу і службу братам». Гэтыя функцыі былі да такой ступені паяднаныя паміж сабою, што адна без другой не магла эфектыўна ажыццяўляцца. Святы апостал Якуб на літургічных сходах перасцерагаў і выразна пратэставаў супраць дыскрымінацыі ўбогіх, нагадваючы, што той, хто клапоціцца пра інтарэсы багатых і адначасова пагарджае беднымі, – парушае Божае права (пар. Як 2, 1-13). Гэтая патройная місія Касцёла нарадзіла ў хрысціянаў усведамленне таго, што без любові да бліжняга няма аўтэнтычнай службы Божай і годнага святкавання Вячэры Панскай. Гэта выразна пацвярджае святы Павел у Першым Пасланні да Карынцянаў (11, 17-34). Касцёл па-рознаму ажыццяўляў наказы Хрыстовай любові. Будаваліся дамы для сірот, інвалідаў, нямоглых і пажылых людзей, а для аказання дапамогі бедным ствараліся розныя брацтвы, члены якіх гэтай мэце прысвячалі сваё жыццё, свае здольнасці, свой час. Для ажыццяўлення гэтай мэты Бог на працягу стагоддзяў натхняў на стварэнне шматлікіх мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцяў. Другі Ватыканскі Сабор асаблівым чынам падкрэсліў, што дабрачынная дзейнасць з’яўляецца абавязкам і неад’емным правам люду Божага, а таксама сферай сваёй дзейнасці яна павінна ахопліваць усіх людзей і задавольваць усе іх патрэбы, «дзе б ні знаходзіліся тыя, каму патрэбна ежа і піццё, вопратка, жыллё, лекі, праца, адукацыя і сродкі, неабходныя для годнага жыцця чалавека, а таксама тыя, хто пакутуе ад бедстваў і хваробаў, пакутуе на чужыне альбо ў турме – усюды хрысціянская любоў павінна шукаць і знаходзіць іх, суцяшаць дбайным клопатам і падтрымліваць, аказваць ім дапамогу» (DA 8). Дабрачынная дзейнасць Касцёла з самага пачатку не мела арганізаваных структур. Яна выконвалася лакальнымі Касцёламі, законамі, групамі дабраахвотнікаў і асобнымі людзьмі. Спробы ўніфікаваць гэту дзейнасць і яе цэнтралізаваць распачаліся напрыканцы ХІХ стагоддзя. У першай палове ХХ стагоддзя пачалі з’яўляцца дыяцэзіяльныя Caritas, потым нацыянальныя, і яны паспрыялі стварэнню агульнай сусветнай арганізацыі Caritas пад назваю «Caritas Internationalis» – «Сусветны Caritas». Нягледзячы на тое, што людзі ў розных кутках свету гавораць на розных мовах, для азначэння дабрачыннай акцыі была выкарыстаная агульная назва «Caritas» – гэта значыць Любоў. Сэнс назвы разумеюць усе, як тыя, хто сведчыць пра гэтую любоў канкрэтнай дзейнасцю, так і тыя, хто яе атрымлівае. Сядзіба сакратарыяту Caritas знаходзіцца ў Рыме, які мае свае прадстаўніцтвы ў розных кутках свету. Гэты сакратарыят быў створаны ў 1950 годзе і ў яго склад уваходзяць прадстаўнікі Caritas 154 краінаў. Сусветны Caritas прымае рашэнні, што датычаць справаў дабрачыннасці, для вырашэння якіх трэба як мага хутчэй мабілізаваць, напрыклад, дапамогу пасля розных стыхійных бедстваў: катастрофаў, паводак, у выпадку ваенных дзеянняў і розных няшчасных здарэнняў. Фінансы для дапамогі ў такіх сітуацыях Сусветны Caritas бярэ з ахвяраванняў, якія складаюць людзі з розных краінаў. Сусветны Caritas не толькі дапамагае людзям у надзвычайных справах, але таксама прымае пад увагу матэрыяльныя і духоўныя патрэбы розных народаў, якія вынікаюць са складанай сітуацыі іх жыцця. Да такіх краінаў адносіцца таксама і Беларусь. Сусветны Caritas даручыў аддзяленню Caritas аўстрыйскай дыяцэзіі Лінц апекавацца тымі людзьмі на Беларусі, якім патрэбна дапамога. Праз пасрэдніцтва Caritas гэтай дыяцэзіі на працягу 8 гадоў Беларусь атрымлівае разнастайную дапамогу, якая перадаецца найбольш патрабуючым сем’ям, дзіцячым дамам, бальніцам, сацыяльным арганізацыям, а таксама тым, каму патрэбна дапамога ў паасобных парафіях. Вялікую дапамогу мы атрымліваем таксама ад іншых касцёльных дабрачынных арганізацый Caritas розных краінаў: Польшчы, Італіі, Францыі, Англіі, Ірландыі. Рэгістрацыя арганізацыі Caritas на Беларусі адбылася ў 1994 годдзе, на падставе якой Caritas атрымала юрыдычны статус, што дало ёй магчымасць дзейнічаць адпаведна з законам, а таксама больш зладжана працаваць. Ва ўсіх чатырох дыяцэзіях Беларусі дзейнічае Caritas, а ў 1999 г. была створана таксама арганізацыя «Нацыянальны Карытас», у заданні якой уваходзіць прэзентацыя Беларусі на міжнароднай арэне і каардынацыя дабрачыннай дзейнасці ва ўсёй краіне. Паколькі дзейнасць дыяцэзіяльнай арганізацыі Caritas не можа ахапіць усе мясцовасці Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі звяртаецца з просьбаю да ўсіх душпастыраў, каб у сваіх парафіях яны стваралі дабрачынныя парафіяльныя суполкі. У склад такой суполкі павінны ўвайсці асобы, якія вызначаюцца асаблівай рэлігійнасцю і добрасумленным жыццём. Для душпастыра парафіі яны павінны стаць дзейснаю дапамогаю ў ажыццяўленні заданняў міласэрнасці на тэрыторыі парафіі. Гэта могуць быць асобы, вызначаныя душпастырам пасля адпаведнай кансультацыі з парафіянамі альбо яны могуць быць выбраныя парафіянамі, калі душпастыр палічыць гэта слушным. Дзейнасць дабрачыннай суполкі ў парафіі будзе сведчаннем далучэння парафіі да справы міласэрнасці, а таксама аб’ектам кананічнай візітацыі. Дабрачынная дзейнасць парафіяльных суполак павінна быць разнастайнай. У іх заданні будуць уваходзіць: аказванне неадкладнай дапамогі патрабуючым, клопат пра бальніцы, сацыяльныя асяродкі, дзіцячыя дамы, прытулкі, таварыствы інвалідаў, шматдзетныя і няпоўныя сем’і, а таксама пра іншых людзей, якія знаходзяцца ў крытычных сітуацыях. Патрабуючыя асобы, якія падчас такіх стыхійных бедстваў, як пажар альбо паводка панеслі вялікія матэрыяльныя страты, таксама знаходзяцца пад апекай Caritas. У заданні парафіяльнай суполкі таксама будзе ўваходзіць арганізацыя пунктаў харчавання для найбольш патрабуючых людзей. У Мінску, Баранавічах, Віцебску і Полацку такія сталоўкі ёсць і кіруюць імі свецкія асобы, у Гродне і Гомелі сталоўкамі кіруюць законныя сёстры. З 1995 г. Caritas выдае часопіс-квартальнік «Misericordia», прысвечаны дабрачыннай тэматыцы, які таксама асвятляе дзейнасць гэтай арганізацыі на тэрыторыі чатырох дыяцэзій. Аказванне дапамогі патрабуючым – гэта таксама сведчанне любові да Бога. Самой дэкларацыі любові да Бога без пацвярджэння любові да бліжняга не дастаткова. Святы Ян выразна вучыць, што «хто мае дастатак у свеце, але, бачачы брата свайго ў патрэбе, зачыняе ад яго сэрца сваё, – дык як прабывае ў ім любоў Божая» (1 Ян 3, 17-18). Нічога дзіўнага, што св. Ян выразна абвяшчае першынства братэрскай любові над непасрэднай любоўю да Бога. Можа, гэтую праўду нам будзе цяжка зразумець, але мы павінны памятаць, што любоў да бліжняга мае ўплыў на ўдасканаленне нас у любові да Бога (1 Ян 4, 12). Аказванне дапамогі патрабуючым з’яўляецца таксама ўчынкам, які садзейнічае нашаму збаўленню. Катэхізіс пералічвае тры добрыя ўчынкі: малітва, пост і міласціна. Калі міласціна стаіць нароўні з малітваю, гэта значыць, што яна мае такую ж самую звышнатуральную каштоўнасць, як і малітва. На апошнім судзе нас будуць судзіць з любові, і любоў да бліжняга стане крытэрыем нашага збаўлення. Для аказвання дапамогі бедным патрэбны матэрыяльныя сродкі. Нягледзячы на тое, што Касцёл напрацягу ўсіх стагоддзяў свайго існавання абвяшчаў і рэалізоўваў дабрачынныя справы, ён не стварыў сучасных спосабаў збору сродкаў на гэтыя мэты. Таму і сёння спосабам збору сродкаў на дабрачынныя мэты з’яўляюцца ахвяраванні, як гэта рабіў святы Павел і святы Барнаба, якія ў 45 годзе ў багатай Антыёхіі, Македоніі і Карынце збіралі ахвяры для галадаючых хрысціянаў у Ерузалеме (Дз 11, 27-30). Св. Павел, гаворачы аб дапамозе бедным, не карыстаўся свецкім выразам «узнос» ці «збор», але гэтую акцыю называў ажыццяўленнем любові. Гэтае азначэнне мы хочам таксама выкарыстаць, прадстаўляючы да ведама вернікаў, што трэці тыдзень Вялікага посту – гэта значыць 23 сакавіка бягучага года – вызначаны Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, як «Дзень Caritas у Касцёле на Беларусі». Ва ўсіх каталіцкіх парафіях нашай краіны будуць збірацца ахвяраванні на дабрачынныя мэты і мы таксама просім аб гэтых ахвяраваннях ўсіх католікаў Беларусі. Няхай яны будуць ажыццяўленнем нашай супольнай братэрскай любові, няхай яны таксама будуць дарам, які мы складаем самаму Богу. Няхай заахвочваннем будуць для нас словы Святога Айца Яна Паўла ІІ: «Кожнага з нас голад і бяда іншых неяк кранае. На кожным з нас ляжыць частка адказнасці за гэтае несправядлівае становішча. Давайце дзяліцца хлебам з тымі, хто яго не мае альбо мае яго менш за нас! Давайце адкрываць нашыя сэрцы на патрэбы братоў і сясцёр, якія церпяць з прычыны голаду і нястачы! Часам яны саромеюцца прызнацца ў гэтым і ўтойваюць сваю бяду. Трэба ім тактоўна працягнуць братнюю руку дапамогі». Бог Айцец міласэрнасці працягвае нам сваю далонь, выходзіць насустрач чалавеку. Ён прагне гэта рабіць таксама праз кожнага з нас! На гэтую высакародную мэту ад усяго сэрца ўсіх благаслаўляем у імя Айца, Сына і Духа Святога.   Каталіцкія біскупы Беларусі
13.07.2009 13:12
У пасяджэнні прынялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі на чале са старшынёй ККББ кардыналам Казімірам Свёнткам. Старшыня падагульніў візіт біскупаў «ad limina», які меў месца 10-16 лютага бягучага года, у 3 аспектах: Папскім, літургічна-рэлігійным і адміністрацыйна-справаздаўчым. Абмяркоўвалася, якім чынам Касцёл на Беларусі прыме ўдзел у святкаванні 25-гадовага юбілею Пантыфікату Папы Яна Паўла ІІ, што адзначаецца ў гэтым годзе. Разглядалася магчымасць арганізацыі пілігрымкі ў Рым, а таксама ўключэння адпаведных тэм у катэхезу і каталіцкія сродкі масавай інфармацыі. У сувязі з абвяшчэннем Года Ружанца таксама пастаноўлена заахвоціць чытаць ружанец у малітоўных групах у інтэнцыі Святога Айца. Канферэнцыя зацвердзіла пераклад на беларускую мову «Missale Romanum. Editio typica III», які быў прадстаўлены Мінска-Магілёўскай Мітрапалітальнай камісіяй па перакладзе літургічных тэкстаў. Пасля таго, як Кангрэгацыя па справах Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў зацвердзіць яго, гэты Імшал будзе абавязковым для карыстання ва ўсіх касцёлах нашай краіны. Старшыня ККББ паведаміў аб перакладзе на беларускую мову Апостальскага ліста «Rosarium Virginus Mariae» і аб выданні 2000 экземпляраў гэтага Ліста. Дырэктар Нацыянальнага Caritas зрабіў справаздачу аб дзейнасці Caritas за 2002 год. Сабраныя абмеркавалі правядзенне Агульнанацыянальнага дня Caritas у 3-ю нядзелю Вялікага посту. Біскупы разгледзелі і адобрылі тэкст касцёльных запаведзяў. Пасля зацвярджэння гэтага тэксту Кангрэгацыяй веравучэння новая фармулёўка касцёльных запаведзяў будзе абвешчана вернікам усёй краіны. Было прынята рашэнне аб змяшчэнні інтэрнэт-сайта ККББ з адпаведнай інфармацыяй з кожнай дыяцэзіі. Афіцыйным сайтам Каталіцкага Касцёла на Беларусі з’яўляецца сайт: www.catholic.by. Былі абмеркаваны таксама іншыя душпастырскія патрэбы Касцёла на Беларусі. 3 сакавіка 2003 г., г. Пінск  
13.07.2009 13:11
Народ, які хадзіў у цемры, убачыў святло вялікае, над жыхарамі краіны змроку заззяла святло... Іс 9, 1 Бэтлеемская ноч, што ўкрывае збавенную таямніцу Божага Нараджэння, стала ў гісторыі чалавецтва парогам пераходу са Старога ў Новы Запавет. Гэтая святая ноч паклала канец шматвяковай гісторыі пазначанага цяжкімі выпрабаваннямі Старога Запавету і стала пачаткам светлай эры збаўчага Новага Запавету. Таму, наведваючы Бэтлеемскую стаенку, варта параўнаць гэтыя два розныя перыяды ў гісторыі чалавецтва на зямлі, каб глыбей усвядоміць і зразумець важнасць і значэнне прыйсця на свет Божага Слова. 1. Стары Запавет. Бог стварыў чалавека на свой вобраз і падабенства і пасяліў яго ў раі, каб ён мог прабываць са сваім Створцам. На жаль, чалавек, адораны вольнаю воляй, паддаўшыся намовам сатаны, парушыў Божую забарону пазнавання дабра і зла, і за гэта быў выгнаны з Эдэмскага саду. Для чалавека пачаліся доўгія гады, цэлыя вякі качавання і зямной вандроўкі без права непасрэднага прабывання з Богам. Бог праяўляў Сябе як усемагутны Створца, магутны Уладар, суровы Пан. А чалавек, будучы грэшным стварэннем, баяўся Бога, дрыжэў ад страху, не адважваўся вымавіць імя Бога, выкарыстоўваў замяняльнае слова «Яхвэ», на імя Бога падаў ніц, закрываў твар... А Бог? Ён з’яўляўся сярод маланак і грому, за злачынствы караў, забіваў... І чалавек усё больш аддаляўся ад Бога, адракаўся ад сапраўднага Бога, усё больш патанаў у ідалапаклонстве. Сурова пакараны, ён абяцаў выправіцца, але не надоўга, ізноў грашыў і паўторна трапляў пад гнеў Божы. Але адначасова пастаянна цеплілася ў сэрцы чалавека іскрынка тугі па прабыванні з Богам, іскрынка надзеі на прыйсце абяцанага Месіі. І так міналі дні, пражытыя з Богам і без Бога; адвэнтавыя гады чакання збаўчага Месіі. І вось дзве тысячы гадоў таму ў Бэтлеемскай стаенцы «Слова сталася целам». Прароцтвы здзейсніліся, споўніліся мары. «Народ, які хадзіў у цемры, убачыў святло вялікае, над жыхарамі краіны змроку заззяла святло» (Іс 9, 1). 2. Новы Запавет. Бог злітаваўся над змучаным людам і ў сваёй бязмежнай міласэрнасці, «калі споўніўся час, (Бог) спаслаў Сына Свайго (Адзінароднага), які нарадзіўся ад жанчыны» (гл. Гал 4, 4), які, уцелавіўшыся, пасяліўся сярод людзей, каб здзейсніць справу адкуплення роду людскога і паяднаць людзей з Богам. Стары Запавет саступіў месца Новаму Запавету, і адразу ўсё пачало адбывацца ў іншай рэчаіснасці. Сын Божы нарадзіўся немаўляткам – слабым, кволым, безабаронным, і нарадзіўся не ў палацы, нават не ў доме, а ў стаенцы, «бо не было для іх месца ў заездзе», Яго паклалі ў яслях сярод жывёлы і пастухоў. Але паколькі гэта не было звычайнае, людское дзіця, хоры нябесныя праслаўлялі Бога словамі: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі» (Лк 2, 13-14). Так прыйшоў да людзей Бог, які – як зазначае святы Аўгустын – «стаў чалавекам, каб чалавека абагавіць». Бог стаў чалавекам, каб чалавека ўзнесці да вышыняў жыцця Божага. А калі Ён распачаў сваю публічную дзейнасць, усё больш і больш збіралася каля Яго людзей, збіралася без боязі, без асцярогі, каб пачуць з вуснаў Месіі і Настаўніка навуку, якая грунтавалася на любові да Бога і да бліжняга, а таксама, каб атрымаць цудоўныя аздараўленні. І Ён вучыў, прабачаў, літаваўся, нават плакаў, аздараўляў, уваскрашаў. Ён паказаў сябе не суровым Уладаром, але добрым Пастырам, які лічыў людзей дзецьмі Божымі. Ён дазволіў называць Бога Айцом – Абба. А як кампенсацыю Богу Айцу за грахі людзей Ён склаў на крыжы на Галгофе ахвяру свайго цела і крыві, якую пастаянна аднаўляе ва ўстаноўленай Эўхарыстыі ў заснаваным Ім Касцёле, якому даручыў клопат пра збаўленне людскіх душаў. 3. Божае Нараджэнне. Кожная ўрачыстасць Божага Нараджэння з’яўляецца для нас нагодай вярнуцца як мага больш сур’ёзна і пранікнёна да гэтага Евангелля Дзяцінства Хрыста, каб яшчэ раз аднавіць і ўмацаваць нашую веру. Калі хтосьці прыйшоў на Пастэрку толькі дзеля пэўнага рамантызму вігілійнай ночы альбо дзеля народнай традыцыі, то няхай зменіць свае намеры. Няхай узбагаціцца ўсім скарбам нашай веры ў Слова Уцелаўлёнае і няхай выспеўвае сваю радасць у нашых простых, але такіх красамоўных святочных календах. Далучаю яшчэ маю просьбу да вас, дарагія дыяцэзіяне: давайце папросім прабачэння ў Марыі, Маці Божага Дзіцяці, за той вечар у Бэтлееме, калі Яна адыходзіла ад зачыненых дзвярэй, бо ніводзін дом Яе не прыняў. Давайце адчуем хоць крыху сябе вінаватымі за тых людзей, таму што мы з’яўляемся працягам той жа самай чалавечай сям’і. Давайце папросім Маці Уцелаўлёнага Слова аб ласках для нас саміх, каб мы ніколі перад Яе Сынам і нашым Боскім Збаўцам не зачынілі дзвярэй нашых сэрцаў і каб у выніку Ён таксама не зачыніў дзвярэй перад намі, калі мы пасля доўгай зямной вандроўкі станем каля Яго дзвярэй з надзеяй у сэрцы, што Ён нам адчыніць дзверы ў першапачатковую радасць, але ўжо вечную – радасць бачыць Бога ў небе. Далучаю найлепшыя святочныя пажаданні з пастырскім благаславеннем. Кардынал Казімір Свёнтэк, Aрцыбіскуп, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця