Галоўная
Навіны
Анонсы
divider
Беларусь
Ватыкан
Замежжа
divider2
Дашлі навіну
Публіцыстыка
Інтэрв'ю
Аўтарскія матэрыялы
Пераклады
Касцёл у Беларусі
Адрасы касцёлаў
Дыяцэзіі
Біскупы
Канферэнцыя Біскупаў у Беларусі
Апостальская Нунцыятура ў РБ
divider3
Навучальныя ўстановы
Касцёльны суд
Манаскія супольнасці
Рухі і супольнасці
Дабрачынныя арганізацыі
divider4
Гісторыя Касцёла ў Беларусі
Санктуарыі
divider5
СМІ і выдавецтвы
Прэс-сакратар
Літургія
Урачыстасці і святы
Літургічны каляндар
Лекцыянарый
Літургія гадзінаў
Матэрыялы для літургіі
Агульныя ўводзіны да літургічных кніг
Святыя
Бібліятэка
Святое Пісанне
Афіцыйныя дакументы
Гаміліі іерархаў
Малітоўнік
Матэрыялы для катэхетаў
Святарам
Слоўнік
Відэа
Пра нас
Рэдакцыя
Кантакты
divider6
Умовы выкарыстання матэрыялаў
Пошук
Пошук
Беларуская
Русский
•
Галоўная
Навіны
Анонсы
divider
Беларусь
Ватыкан
Замежжа
divider2
Дашлі навіну
Публіцыстыка
Інтэрв'ю
Аўтарскія матэрыялы
Пераклады
Касцёл у Беларусі
Адрасы касцёлаў
Дыяцэзіі
Біскупы
Канферэнцыя Біскупаў у Беларусі
Апостальская Нунцыятура ў РБ
divider3
Навучальныя ўстановы
Касцёльны суд
Манаскія супольнасці
Рухі і супольнасці
Дабрачынныя арганізацыі
divider4
Гісторыя Касцёла ў Беларусі
Санктуарыі
divider5
СМІ і выдавецтвы
Прэс-сакратар
Літургія
Урачыстасці і святы
Літургічны каляндар
Лекцыянарый
Літургія гадзінаў
Матэрыялы для літургіі
Агульныя ўводзіны да літургічных кніг
Святыя
Бібліятэка
Святое Пісанне
Афіцыйныя дакументы
Гаміліі іерархаў
Малітоўнік
Матэрыялы для катэхетаў
Святарам
Слоўнік
Відэа
Пра нас
Рэдакцыя
Кантакты
divider6
Умовы выкарыстання матэрыялаў
дашлі навіну
ахвяраваць
Галоўная
Навіны
Беларусь
Бібліятэка
Панядзелак, 13 ліпеня 2009
Паведамленне з XXХІ Пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
13.07.2009 15:25
[12 снежня 2006 г., Сакратарыят ККББ, Мінск] У пасяджэнні ўдзельнічалі члены Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, прысутнічалі таксама Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч і сакратар Апостальскай Нунцыятуры кс. пралат Ежы Мірослаў Цудны. На пасяджэнні была разгледжана праграма душпастырства на 2007 год, пасля чаго сабраныя зацвердзілі праграму на паасобныя месяцы. Былі вызначаны тэрміны правядзення сустрэчаў, конкурсаў і сімпозіума на тэму «Паўсюднае пакліканне да святасці», якой будзе прысвечаны 2007 год. У адпаведнасці з зацверджанай праграмай у студзені 2007 г. вырашана падрыхтаваць пастырскі ліст ККББ, прысвечаны святасці. Плануецца таксама падрыхтаваць пастырскія лісты па дабрачыннай тэматыцы (на ІІІ нядзелю Вялікага посту) і пра пакліканне (на IV Велікодную нядзелю). Прысутным быў прадстаўлены пераклад на беларускую мову рытуала Сакрамэнту намашчэння хворых. Пасля ўнясення паправак і зацвярджэння тэксту пераклада Кангрэгацыяй Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў рытуал будзе надрукаваны для выкарыстання ў дыяцэзіях Беларусі. Біскупы пастанавілі, што ўсе дыяцэзіі атрымаюць адпаведную колькасць кніг «Біблія для дзяцей» на беларускай мове для патрэбаў катэхізацыі ў парафіях. Было вырашана правесці ў 2007 г. чарговы міжнародны хрысціянскі фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа» і трэці міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлевізійных праграм «Magnificat’ 2007». Сабраныя вырашылі звярнуцца з адозваю да вернікаў на заканчэнне сёлетняга тэрміну духоўнага ўсынаўлення, распачатага 25 сакавіка ва ўрачыстасць Звеставання Пана. Для гэтага быў вызначаны дзень свята Святой Сям’і, якое ў гэтым годзе прыпадае на 31 снежня. Удзельнікі пасяджэння атрымалі праграму працы Бюро па справах сям’і на 2007 г. і план катэхез для сужэнцаў. Былі вызначаны дэлегаты ад ККББ для ўдзелу ў сустрэчы старшыняў Камісій па справах культуры пры Канферэнцыях Біскупаў, якая пройдзе з 2 па 6 мая 2007 г. у Сібіу (Румынія), а таксама для ўдзелу ў еўрапейскай сустрэчы выкладчыкаў універсітэтаў, якая пройдзе з 21 па 24 чэрвеня 2007 г. у Рыме. Біскупы ўзгаднілі расклад пленарных пасяджэнняў ККББ на 2007 г. Былі абмеркаваны таксама іншыя надзённыя пытанні жыцця Касцёла. Біскуп Антоні Дзям’янка Генеральны сакратар
Паведамленне з XXХ Пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
13.07.2009 15:23
[12 верасня 2006 г., Сакратарыят ККББ, Мінск] У пасяджэнні бралі ўдзел члены ККББ. Старшыня прадставіў сабраным Рытуал «Пасвячэнне біскупа, прэзбітэраў і дыяканаў» на беларускай мове, зацверджаны Кангрэгацыяй Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў. У хуткім часе ён будзе перададзены для выкарыстання ў паасобных дыяцэзіях. Было вырашана надрукаваць 600 экзэмпляраў Рытуалу сакрамэнту канфірмацыі на беларускай мове для патрэбаў дыяцэзій. Выдавецтва «Pro Christo» выканае адпаведную працу па падрыхтоўцы да друку згаданага Рытуалу. Быў таксама прадстаўлены пераклад Кампендыума Катэхізіса Каталіцкага Касцёла на беларускую мову, падрыхтаваны Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла. Гэты дакумент будзе накіраваны ў Ватыкан на зацвярджэнне адпаведнай Кангрэгацыяй. Сабраныя абмяняліся меркаваннямі наконт паляпшэння душпастырства пакліканняў. Была зацверджана кандыдатура душпастыра скаўтаў. Былі прызначаны дэлегаты ад ККББ для ўдзелу ў ІІІ Еўрапейскай экуменічнай сустрэчы ў Сібіу (Румынія) і ў міжнароднай канферэнцыі, якую арганізуе ў Ватыкане Папская Рада Душпастырства Службы Аховы Здароўя. Было прапанавана дапрацаваць шэраг дэталяў, звязаных з конкурсам ведаў пра Слугу Божага Яна Паўла ІІ. Біскуп Антоній Дзям’янка Генеральны Сакратар
Паведамленне з ХXІХ Пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
13.07.2009 15:21
[14 чэрвеня 2006 г., Сакратарыят ККББ, Мінск] У пасяджэнні прынялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі разам са Старшынёй ККББ кардыналам Казімірам Свёнткам. На пасяджэнні таксама прысутнічаў Нунцый Апостальскай Сталіцы арцыбіскуп Марцін Відавіч. Сабраныя аднагалосна зацвердзілі 3 тэмы на ХІІ Сінод Біскупаў. Старшыня прадставіў сабраным першы том брэвіяра на беларускай мове, падтрыхтаваны Секцыяй па перакладзе літургічных і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў ККББ. Ён таксама паведаміў, што Рытуал сакрамэнту сужэнства на беларускай мове высланы ў Ватыкан на зацвярджэнне Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў. Старшыня прапанаваў увесці ў Касцёле на Беларусі душпастырства пакліканняў. Сабраныя пазнаёміліся з матэрыяламі, пададзенымі на конкурс ведаў пра Слугу Божага Папу Яна Паўла ІІ для дзяцей і моладзі, а таксама з ходам падрыхтоўкі да навуковага сімпозіума, які адбудзецца 4 лістапада бягучага года ў Мінску і будзе прысвечаны асобе Вялікага Папы. Вызначаны дэлегат ККББ на курсы, якія адбудуцца ў Рыме з 10–11 ліпеня бягучага года ў межах даследчыцкага праекта, зацверджанага Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Еўропы «Навучанне рэлігіі ў Еўропе». Абмяркоўвалася прапанова Легіёна Марыі аб пабудове ў Мінску помніка ненароджанаму дзіцяці. На пасяджэнні былі разгледжаны таксама іншыя пытанні, якія датычацца душпастырскіх патрэбаў Касцёла на Беларусі. Біскуп Антоні Дзям’янка генеральны сакратар ККББ
Пасланне біскупа Антонія Дзям’янкі, Апостальскага Адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
13.07.2009 15:20
Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце Пану! 14 чэрвеня г. г. Папа Бэнэдыкт XVI прызначыў мяне Апостальскім Адміністратарам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Я ўдзячны Святому Айцу за давераную мне ганаровую пасаду ў Мінска-Магілёўскім Касцёле, у якім на пачатку мінулага стагоддзя працаваў Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі — біскуп, які адзначаўся святасцю жыцця, — а на пераломе тысячагоддзяў гэтую паслугу выконваў кардынал Казімір Свёнтэк, fidei testis. Мы ўдзячныя яму за сведчанне святарскай веры ў сталінскіх гулагах і на кожным месцы ягонага служэння Богу і людзям. Асаблівую падзяку хачу выказаць Апостальскаму Нунцыю ў Беларусі арцыбіскупу Марціну Відавічу за яго добразычлівасць і бацькоўскі клопат. На пачатку свайго служэння ў якасці Апостальскага Адміністратара я звяртаюся з просьбай аб малітоўнай падтрымцы да цябе, Народ Божы, каб у Мінска-Магілёўскім Касцёле я служыў дзеля большай хвалы Бога, Адзінага ў Святой Тройцы, і дзеля дабра вернікаў, даручаных пастырскаму клопату біскупа. Прашу аб малітве дзяцей, моладзь, сем’і, а перадусім людзей хворых і тых, хто ў патрэбе, — праз сваё цярпенне яны знаходзяцца бліжэй за ўсіх да крыжа Хрыстовага. Я разлічваю на дапамогу і супрацоўніцтва тых, хто выконвае разнастайныя абавязкі ў нашым грамадстве. Спадзяюся, што нашыя супольныя намаганні — нягледзячы на няпростыя выклікі, якія ставіць сучасны свет, — будуць садзейнічаць умацаванню цывілізацыі жыцця і любові. Звяртаюся з просьбаю аб малітве да ўсіх святароў Мінска-Магілёўскага Касцёла, да законнікаў і сясцёр законных, дыяканаў, алюмнаў духоўных семінарый. Я разлічваю на вашую падтрымку ў маім служэнні, каб мы разам ішлі шляхам святасці і дапамагалі іншым імкнуцца да яе. Разам з вамі ўсімі я хачу ісці шляхам веры пілігрыма пад апекай Марыі, Маці Езуса Хрыста — Маці Божай Будслаўскай, Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Божай Чэнстахоўскай... Мой біскупскі заклік «Ut unum sint» («Каб усе былі адно») я буду і надалей рэалізоўваць. Дзеля таго, каб нас яднаў Езус Хрыстус — наш Пан і Збаўца, каб мы ўсе былі адной сям’ёй Божых дзяцей. Няхай Пан учыніць нас прыладай свайго супакою, каб мы, як заклікаў святы Францішак Асізскі, «сеялі любоў там, дзе пануе нянавісць, прабачэнне — там, дзе пануе крыўда, еднасць — там, дзе пануе разлад, надзею — там, дзе пануе роспач, святло — там, дзе пануе цемра, радасць — там, дзе пануе смутак. (...) Каб мы маглі не столькі шукаць суцяшэння, колькі суцяшаць, не столькі шукаць разумення, колькі разумець, не столькі шукаць любові, колькі любіць, бо, калі даём — мы атрымліваем, калі прабачаем — атрымліваем прабачэнне, а калі паміраем — нараджаемся для вечнага жыцця праз Езуса Хрыста, Пана нашага». Езус Хрыстус да сваіх вучняў скіраваў наступнае пасланне: «Ідзіце і навучайце ўсе народы (...). Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20). Гэтае пасланне і мы павінны выконваць у Духу Хрыстовага Евангелля, і тады настане а+дна Аўчарня і Адзін Пастыр. На плённае абвяшчэнне Добрай Навіны ад усяго сэрца благаслаўляю.
Прэс-камюніке Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
13.07.2009 15:18
І. Сёння, 14 чэрвеня 2006 г., прэс-служба Апостальскай Сталіцы паведаміла, што Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў адрачэнне ад пастырскага кіраўніцтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй, прадстаўленае Яго Эмінэнцыяй кардыналам Казімірам Свёнткам у адпаведнасці з Кодэксам Кананічнага Права , кан. 401, § 1. Разам з тым, Святы Айцец прызначыў Яго Эксцэленцыю Антонія Дзям’янку, тытулярнага біскупа Лесвійскага і дапаможнага Мінска-Магілёўскага, Апостальскім Адміністратарам sede vacante i ad nutum Sanctae Sedis названай Мітрапалітальнай сталіцы. Сёння ж біскуп Дзям’янка прыме высокую пасаду, даручаную яму Святым Айцом. ІІ. Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк, Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп на пенсіі, якому 21 кастрычніка гэтага года споўніцца 92 гады, працягне выконваць абавязкі Пінскага Апостальскага Адміністратара ad nutum Sanctae Sedis . ІІІ. Таксама сёння, 14 чэрвеня 2006 г., завяршаючы ХХІХ Пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, кардынал Казімір Свёнтэк папрасіў вызваліць яго ад пасады Старшыні названай Канферэнцыі ў сувязі з тым, што ён ужо не з’яўляецца дыяцэзіяльным біскупам (пар. Кодэкс Кананічнага Права , кан. 376). Вядома, што займаць пасаду Старшыні Канферэнцыі Епіскапату могуць толькі дыяцэзіяльныя біскупы і тыя, хто прыраўнаваны да іх у правах згодна з юрыдычнай нормай Кодэкса Кананічнага Права , кан. 381, § 2 (пар. Папская Камісія па аўтэнтычным перакладзе ККП, Адказ ад 23 мая 1988 г. AAS 81 [1989], с. 338; Notitiae 24 [1988], с. 669; Leges Ecclesiae , n. 5270). У адпаведнасці з артыкулам 7 Статуту , тэрмін паўнамоцтваў Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі працягваецца тры гады. Гэтыя паўнамоцтвы могуць быць працягнутыя на наступны тэрмін у выніку тайнага галасавання на Пленарным пасяджэнні. Такая ж норма дзейнічае ў адносінах іншых пасадаў у Канферэнцыі, сярод якіх пасады Намесніка Старшыні і Генеральнага Сакратара. Пасады Старшыні, Намесніка Старшыні, Генеральнага Сакратара і іншых кіраўнікоў вызначаюцца Кодэксам Кананічнага Права і Статутам Канферэнцыі, а таксама падстатутнымі актамі. Кардынал Казімір Свёнтэк быў абраны Старшынёю на Устаноўчым Сходзе 11 лютага 1999 г. У далейшым на ХІІ Пленарным пасяджэнні, якое адбылося 5 сакавіка 2002 г., і на ХХІІІ Пленарным пасяджэнні, якое адбылося 28 снежня 2004 г., яго паўнамоцтвы былі працягнутыя на два наступныя трохгадовыя тэрміны. Цяперашні, трэці тэрмін, павінен быў скончыцца 11 лютага 2008 г. На Пленарным пасяджэнні пасада Старшыні была сёння даверана Яго Эксцэленцыі Аляксандру Кашкевічу, біскупу Гродзенскаму, які да гэтага часу з’яўляўся Намеснікам Старшыні. На згаданым Пасяджэнні пасада Намесніка Старшыні была даверана Яго Эксцэленцыі Уладзіславу Бліну, біскупу Віцебскаму.
Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з нагоды 15-годдзя аднаўлення структуры і адраджэння Каталіцкага Касцёла на Беларусі
13.07.2009 15:16
Цябе, Бога, праслаўляем, Табе, Пане, хвала вечна (Гімн падзякі: Te Deum Laudamus) Дарагія браты і сёстры ў Хрысце! У пятнаццатую гадавіну аднаўлення структуры і адраджэння Каталіцкага Касцёла на Беларусі мы звяртаемся да вас з пастырскім прывітаннем і напамінам пра найбольш важныя моманты нашай сучаснай гісторыі, сумеснымі творцамі якой праз справу Божага Провіду вы з’яўляецеся. 1. Пачынаючы з 1917 года, на працягу 70-ці гадоў на ўсходніх тэрыторыях і 50-ці гадоў на заходніх тэрыторыях Беларусі савецкі рэжым паслядоўна і бескампрамісна рэалізоўваў сваю атэістычна-матэрыялістычную праграму. У выніку рэпрэсійных акцый савецкіх уладаў Каталіцкі Касцёл на Беларусі меў велізарныя страты сярод духавенства, а таксама былі знішчаны і забраныя шматлікія святыні і кляштары. З сапраўды шатанскай лютасцю пераследавалі тых, хто вызнаваў Бога і спрабаваў выконваць рэлігійныя практыкі. Гэта адбывалася пры адсутнасці ўмяшальніцтва Захаду ў абароне Касцёла і веруючых, якія пераследаваліся савецкім атэістычным рэжымам. Але Касцёл на Беларусі, пазбаўлены адпаведных касцёльных структураў, церпячы і не раз сыходзячы крывёю, трываў — і выжыў. І менавіта ў часы надыходзячых пераменаў у Еўропе Папа Ян Павел ІІ асаблівым чынам звярнуў свой позірк і сваё сэрца на жахлівы пераслед вернікаў на Беларусі. «Не бойцеся адчыніць дзверы Хрысту», — заклікаў ён. 2. У кастрычніку 1989 года ён прызначыў і кансэкраваў у Рыме біскупа, які — як Апостальскі Адміністратар — распачаў душпастырскую апеку над усімі католікамі на тэрыторыі Беларусі. Такім чынам Святы Айцец засведчыў прыгнечаным вернікам збаўчую памяць, запэўніў ратунак і дапамогу, распачаў працэс аднаўлення веры, Касцёла і рэлігійнага жыцця на Беларусі. Ужо ў наступным годзе была адкрыта Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне, якая да 2006 года выхавала і адукавала больш за сто святароў. Ва ўрачыстым святкаванні 10-годдзя дзейнасці гэтай семінарыі ўдзельнічаў арцыбіскуп Зянон Грахалеўскі, прэфект Кангрэгацыі па справах каталіцкага выхавання, духоўных семінарый і навуковых інстытутаў. 3. 13 красавіка 1991 г. Папа Ян Павел ІІ стварыў у межах Рэспублікі Беларусь Мінска-Магілёўскую Мітраполію, у склад якой увайшла Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Пінская і Гродзенская дыяцэзіі. У гэты ж дзень былі прызначаны два біскупы. Гэта была вельмі важная гістарычная падзея для Касцёла на Беларусі, гадавіну якой мы якраз адзначаем. 4. Тым часам адбыўся распад Савецкага Саюза і стварэнне незалежнай Рэспублікі Беларусь. Спыніліся яўныя пераследванні Касцёла і вернікаў, усталявалася прынамсі адносная рэлігійная свабода. Насталі гады інтэнсіўнага, поўнага энтузіязму і ахвярнасці ўдзелу духавенства і Божага народа ў адраджэнні Касцёла і аднаўленні рэлігійнага жыцця на Беларусі. Было пабудавана некалькі дзесяткаў новых касцёлаў на месцы тых, што былі цалкам разбураныя, была адрэмантавана значна большая колькасць святыняў, якія былі вернутыя, але моцна спустошаныя ці перабудаваныя для свецкіх мэтаў. Вялікую дапамогу ў гэтай працы аказала новаствораная Арцыбіскупская будаўнічая рада. Дасягненні ў будаўніцтве дазволілі яшчэ больш скіраваць душпастырскую працу на развіццё ўнутранага Касцёла ў чалавечых душах. 5. Пазітыўныя вынікі аднаўлення з’явіліся дзякуючы актыўнай працы мясцовых святароў, законніц і Божага народа, а ў значнай ступені дзякуючы ахвярнай інвестыцыйнай і душпастырскай дзейнасці святароў і сясцёр законных, якія прыбылі з Польшчы на дапамогу. У гэтае аднаўленне ўключыліся цэнтры катэхетычнай фармацыі ў Гродне і Баранавічах, а таксама каталіцкія выданні, якія пачалі выдавацца ў Мінску, Гродне і Баранавічах. Значны ўклад у гэта зрабілі выдавецтвы «Pro Christo» ў Мінску і дыяцэзіяльнае выдавецтва ў Гродне. На працягу гэтых 15 гадоў у значнай ступені былі навярстаны тыя вялікія страты, якія Касцёлу на Беларусі былі нанесены за час пераследу з боку атэістычна-матэрыялістычнай савецкай сістэмы. 6. Пазіцыя Касцёла на Беларусі настолькі ўзрасла, што ён здабыў аўтарытэт, павагу і прызнанне не толькі сярод веруючых людзей, але нават сярод тых, хто яшчэ 15 гадоў таму назад прыкладаў усялякія намаганні, каб цалкам яго знішчыць. Мінскі архікатэдральны касцёл — вернуты католікам, адбудаваны і рэкансэкраваны 21 кастрычніка 1997 года з удзелам Папскага легата кардынала Эдмунда Шокі — стаў бачным і красамоўным знакам Каталіцкага Касцёла на Беларусі, які адраджаецца. 7. У перыяд аднаўлення Касцёла на Беларусі мелі месца разнастайныя ўхвалы і падзеі, якія ўсё больш выразна і канкрэтна фармуюць аблічча тутэйшага партыкулярнага Касцёла ў паасобных дыяцэзіях. У лістападзе 1992 года адбылося наладжванне дыпламатычных адносінаў паміж Апостальскай Сталіцай і Рэспублікай Беларусь. 26 лістапада 1994 года Папа Ян Павел ІІ паклікаў у склад Калегіі кардыналаў Арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага. Тым часам у 1998–1999 гадах адбылося далейшае папаўненне іерархіі ў структуры Касцёла на Беларусі. Менавіта былі прызначаны тры дапаможныя біскупы і адзін біскуп ардынарый у новайстворанай Віцебскай дыяцэзіі. 28 лістапада 1998 г. была заснавана Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, старшынёй якой быў абраны Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Адбыліся ўжо два візіты Ad limina Apostolorum біскупаў з Беларусі ў Апостальскую Сталіцу. Красамоўнымі былі словы Святога Айца, з якімі ён звярнуўся да біскупаў 7 красавіка 1997 г.: «Езус Хрыстус перамог свет, з Ім і вы ўжо з’яўляецеся пераможцамі», а таксама 11 лютага 2003 г.: «Дзякуючы Богу гэты суровы перыяд скончыўся і ўжо на працягу некалькіх гадоў адбываецца рашучае, натхнёнае аднаўленне». 8. Каталіцкі Касцёл на Беларусі ў параўнанні з Праваслаўнай Царквой складае меншасць па канфесійнай колькасці вернікаў. З боку Каталіцкага Касцёла пастаянна праяўляецца добрая воля ў накірунку падтрымання ўзаемнага кантакту Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы ў духу экуменізму. 9. Велізарнае значэнне ў жыцці і дзейнасці Касцёла на Беларусі меў і надалей мае праведзены на працягу 4 гадоў (з 1996 па 2000 гады) Сінод Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій, у заканчэнні якога прымаў удзел папскі пасланнік кардынал Каміллё Руіні, Генеральны вікарый Рымскай дыяцэзіі. 10. У Мінску-Пінску, Гродне і Віцебску былі скліканы Судовыя трыбуналы, якія займаюцца перадусім канфліктнымі сужэнскімі сітуацыямі. 11. 12 верасня 2001 года, пасля 62-гадовага перапынку, у вернутым і адрамантаваным будынку былой Вышэйшай духоўнай семінарыі Пінскай дыяцэзіі, была адчынена Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя ў Пінску. 12. Важным элементам аднаўлення рэлігійнага жыцця, а асабліва марыйнага культу на Беларусі сталі, па жаданні Папы, тры вызначаныя (у 1991–1996 гадах) Меншыя базылікі: у Гродна, Будславе і Пінску, а таксама каранацыя папскімі каронамі (у 1996–2005 гадах) чатырох цудатворных абразоў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Брэсце, Лагішыне, Будславе і Гродне. 10 снежня 2005 г. па жаданні Святога Айца Яна Паўла ІІ быў каранаваны абраз Імя Марыі Беззаганна Зачатай, ахвяраваны і асвечаны Папам і змешчаны ў галоўным узноўленым алтары мінскай архікатэдры. Прыгожаю праяваю пашаны Найсвяцейшай Панны Марыі сталі праведзеныя ў 1993–1998 гадах у парафіях Мінска-Магілёўскай Мітраполіі перэгрынацыі копіі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай і фігуры Маці Божай Фацімскай, прывезенай з Партугаліі. Мы назіраем павелічэнне колькасці пілігрымак у Марыйныя санктуарыі з усё больш шматлікім удзелам у іх вернікаў. Самыя мнагалюдныя пілігрымкі накіроўваюцца ў Нацыянальны санктуарый у Будславе. 13. 13 чэрвеня 1999 года Святым Айцом Янам Паўлам ІІ былі беатыфікаваныя адзінаццаць беларускіх мучанікаў, а 5 сакавіка 2000 года — адзінаццаць сясцёр назарэтанак з Наваградка. У гісторыю Касцёла на Беларусі залатымі літарамі ўпісана светлая постаць Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага. Перад яго труною спачатку ў крыпце, а цяпер у капліцы Маці Божай Вастрабрамскай у пінскай катэдры пастаянна стаяць жывыя кветкі і рэгулярна ўзносяцца малітвы аб яго беатыфікацыі. Вялікі духоўны плён прынесла святкаванне Вялікага Юбілею 2000 Года ў катэдрах, у парафіяльных касцёлах і юбілейных святынях, у якія прыбывалі шматлікія пілігрымкі, каб атрымаць адпусты. 14. У мінулым годзе распачалася ўжо трэцяя кананічная візітацыя парафій у дыяцэзіях, якая дае магчымасць пазнаёміцца са становішчам кожнай парафіі і наладзіць непасрэдны кантакт біскупа са святарамі і вернікамі. 15. Вялікім дасягненнем стала выданне ў 2004 годзе Імшала на беларускай мове (вынік шматгадовай працы Камісіі па перакладзе літургічных тэкстаў). Гэты Імшал ва ўсім паўсюдным Касцёле з’яўляецца першым выданнем трэцяй версіі Рымскага Імшала (Editio Typica Tertio), які быў перакладзены на нацыянальную мову. Вынікам працы камісіі таксама з’яўляецца пераклад на беларускую мову некаторых літургічных кніг такіх як «Абрады святога хросту», «Сакрамэнт бежмавання», «Сакрамэнт сужэнства». 16. Вялікае значэнне мае ўдзел партыкулярнага Касцёла на Беларусі ў дзейнасці і рэлігійным жыцці паўсюднага Касцёла. Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з’яўляецца членам рады Канферэнцыі Біскупаў Еўропы. Біскупы ўдзельнічаюць у Сінодах біскупаў, у розных кангрэсах, канферэнцыях і сімпозіумах у многіх краінах свету. Аб прысутнасці Касцёла на Беларусі на міжнароднай арэне сведчаць шматлікія замежныя пілігрымкі. У 1997 годзе каля тысячы вернікаў выехала на спецыяльным цягніку ў Вроцлаў, каб прыняць удзел у 46 Міжнародным эўхарыстычным кангрэсе і каб сустрэцца з Папам. З вялікаю радасцю была перажыта ў кастрычніку 1998 года аўтобусная пілігрымка каля 900 вернікаў з усёй Беларусі ў Рым на ХХ гадавіну пантыфікату Папы Яна Паўла ІІ. На заканчэнне спецыяльнай аўдыенцыі ў зале Паўла VI Папа, нягледзячы на нямогласць, прайшоў праз усю залу сярод узрушаных і расчуленых да слёз беларускіх пілігрымаў, аказваючы ім асаблівую сардэчнасць і зычлівасць. У колах Захаду Касцёл на Беларусі, які адраджаецца, атрымаў прызнанне і нават выклікаў здзіўленне, і сёння займае ў паўсюдным Касцёле належнае яму месца нароўні з іншымі партыкулярнымі Касцёламі. 17. У пятнаццатую гадавіну адраджэння Касцёла на Беларусі, калі мы ўсведамляем вялікую колькасць здзейсненых пераменаў і дасягненняў, хоць і не можам іх усіх пералічыць, у пакоры схіляем галовы перад усемагутным Богам і з глыбіні сэрцаў выказваем падзяку за збавеннае кіраванне Божага Провіду, а таксама за пастаянную апеку Маці Божай. У той жа час шчыры клопат Папы Яна Паўла ІІ залатою стужкаю бацькоўскай любові атульваў гэтыя мінулыя гады цяжкіх выпрабаванняў і нялёгкай справы аднаўлення Касцёла на Беларусі. Асаблівыя словы ўдзячнасці трэба сказаць Святому Айцу Яну Паўлу ІІ за ратаванне Касцёла на Беларусі ад згубы, за выратаванне чалавечых душаў ад страты веры, за захаванне чалавечых сэрцаў ад знішчэння ў іх любові Бога і вернасці Касцёлу. Слава людзям за тое, што былі мужнымі ў справе фармавання аблічча Касцёла на Беларусі. Мы маем на ўвазе святароў, законнікаў, мясцовых і тых, хто прыехаў з Польшчы, хто плённа і ахвярна выконваў і выконвае душпастырскую працу ў даручаных ім розных касцёльных пляцоўках. Асаблівае прызнанне выказваем люду Божаму за вернасць у гады пераследу, а таксама за іх актыўны ўдзел у гады адраджэння Касцёла і рэлігійнага жыцця на Беларусі. Вялікіх спраў Божых нельга забываць. Святы Айцец Ян Павел ІІ сказаў: «Трэба, каб мы з удзячнасцю ўзгадвалі мінулае, усім сэрцам перажывалі сучаснае і былі адкрытымі на будучыню». З бязмежным даверам Касцёл на Беларусі даручае сваю будучыню міласэрнаму кіраванню Божага Провіду, чулай апецы Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла, кіраўніцтву Апостальскай Сталіцы. Ад усяго сэрца благаслаўляюць Каталіцкія біскупы Беларусі
Пастырскі ліст на Вялікдзень 2006 года
13.07.2009 15:12
«Дзень, поўны радасці, настаў» — Вось дзень, які Пан учыніў, будзем радавацца ў ім і весяліцца! (Пс 118 (117), 24). Хрыстус Пан сваім Уваскрасеннем абудзіў ва ўсіх вялікую, шчаслівую радасць. «Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана» (пар. Ян 20, 20). Колькі ж радасці зведала Марыя! Касцёл Хрыста апявае гэта ў велікодным марыйным гімне Regina caeli laetare і ў папулярных песнях нашага народа. Якой жа вялікай была радасць Марыі Магдалены, калі раптам яна пачула: «Марыя!», — і ўсклікнула: «Раббуні, — што азначае „Настаўнік“!». Хрыстус усюды, дзе з’яўляўся, выклікаў радасць. Знамянальна, што зніклі ўсе сляды Яго жудаснай Мукі. Засталіся толькі шрамы — доказ, які пераканаў Тамаша. Але не было ўжо цярпення ў душы Хрыста. Ён не згадваў пра зведаныя пакуты, нікога не дакараў, не папракаў, не выказваў прэтэнзій. Калі гартаем старонкі Евангелля, параўноўваем тэксты і супастаўляем іх сінаптычна, каб аднавіць вобраз Хрыста пасля Уваскрасення, мы не знаходзім там нават кроплі болю, смутку ці расчаравання. Хрыстус узвысіўся над усім, што людзі з Ім учынілі. Пётр у сваіх прамовах спасылаўся на Муку і Смерць Хрыста, але Хрыстус сябе паводзіў так, нібы ўсяго гэтага і не было... Яго Справа была настолькі вялікая, магутная, цудоўная і радасная, што ўсё іншае — нават успамін жахлівай Мукі — нібы не існавала! Яго справа стала адказам на спадзяванні пакаленняў, якія чакалі сотні тысяч гадоў. Усе чалавечыя правіны, якія абражаюць Нябеснага Айца, уся нявернасць Ізраэля, які чакаў Месію, паводзіны габрэяў у адносінах да Хрыста, іх нявер’е, вераломства, злосць, гнеў і нянавісць — усё гэта было нічым у Яго вачах у параўнанні з веліччу Справы Адкуплення. Чалавечую слабасць перавысіла Любоў, а любоў абуджае радасць. Таму Хрыстус, здзейсніўшы Справу Адкуплення, даручаную Яму Айцом, узрадаваўся нічым не азмрочанай радасцю. Ён адчуў палёгку, супакой і шчасце. Яго радасць і супакой перадаваліся ўсім, з кім Ён сустракаўся. Хрыстус жадаў гэтай радасці. Ён сам выклікаў яе і прымаў у ёй асабісты жывы ўдзел. Ён бачыў, як радуюцца Яго вучні, ствараў мноства нагодаў для радасці — вельмі чалавечай і звычайнай. Цела Хрыста было пераменена, але Ён так сябе паводзіў, нібыта ніякай змены не адбылося. Яго адносіны да вучняў і акружэння былі звычайнымі і натуральнымі. Ён сядаў разам з імі за стол, дзяліў з імі спажытак. Нават часцей, чым перад Мукай, Ён запрашаў іх есці, заахвочваючы сваім прыкладам: «Хадзіце ж, снедайце...», сам «... узяў хлеб і падаў ім, а таксама і рыбу» (пар. Ян 21, 12–13). На беразе Тыберыядскага возера Ён паклапаціўся пра тое, каб на сапраўдны Вялікдзень падрыхтаваць спажытак для вучняў, занятых лоўляю рыбы. Мы ведаем, што перад Мукаю Езус размнажаў хлябы, але ніколі да гэтага мы не чулі, каб ён сам «кухарыў». Ён зрабіў гэта менавіта пасля Уваскрасення, калі Яму самому гэта было ўжо менш за ўсё патрэбна. Адкуль Езус узяў рыбу, што пёк на вуглях на беразе возера? Гэта таямніца. Ён сказаў яшчэ дадаць толькі што налоўленую рыбу і прыгатаваў вучням сапраўдны пір. Хрыстус Пан не аб’яўляецца вучням у постаці Увакрослага Пераможцы. Ён не падкрэслівае сваёй незвычайнай велічы, хоць Яму мы спяваем у велікодных песнях: «Ён смерць перамог! Ён — Пан наш і Бог». Нічога такога ў Хрысце няма! Ён звычайны і штодзённы, Ён уваходзіць у чалавечыя справы па-чалавечы. Можа, ніколі раней Хрыстус не праяўляў такой сардэчнасці, як пасля Уваскрасення. Ён ужо вырваў з рук сатаны запіс нашых даўгоў, з дапамогай якога той аспрэчваў у Бога сваё права на чалавечы род. Цяпер шатан застаўся з пустымі рукамі, а ў руках Хрыста — усё... Тыя, хто Яго акружае, з’яўляюцца цяпер Яго дзецьмі, здабытымі за вялікую цану — Empti enim estis pretio magno — каштоўнай крывёю Хрыста як Беззаганнага Ягняці... (пар. 1 П 1, 19). Ён стаў на чале грамады людзей, якія ідуць да Айца. Вось Яго дзеці, Яго сябры, Яго самыя блізкія! Колькі ж яны каштавалі Яму! Таму Ён глядзіць на іх, як на адшуканыя скарбы. За знявагі, спазнаныя перад смерцю, Хрыстус пасля Уваскрасення адплаціў людзям дабрынёй, сардэчнасцю, блізкасцю і радасцю. Які ж Ён велікадушны! Пасля Уваскрасення Ён мог добра «адплаціць» фарысеям, кніжнікам, Іраду, Пілату і нават вучням, якія Яго пакінулі, асабліва Пятру, які адрокся ад Яго, — усім! Усім! Ён жа мог запытацца: «А дзе ж вы, сыночкі, дзеліся, калі Я быў на крыжы?». На шчасце, Хрыстус ні пра што такое не пытаўся. Пра гэта ў Евангеллі няма ніводнай згадкі. Ён трымаў сябе так, нібы ўсяго гэтага не было. Як жа гэта цудоўна — забываць і прабачаць! Гэта ўнутрана вызваляе, чыніць чалавека сапраўды вялікім і адначасова блізкім і братэрскім. Менавіта такой з’яўляецца любоў, менавіта такім бывае сапраўднае сяброўства! Хрыстус вучыць уменню быць адно з адным і ўзвышацца над усім, што для нас магло б стаць непрыемным і балючым. Ён вучыць нас забываць. Што было — тое прайшло! Хрыстус увёў нас у новае жыццё і ў новую атмасферу. Вось як паводзіць сябе Хрыстус Уваскрослы. Так павінны паводзіць сябе таксама і мы ў сваім жыцці, на працы і ў адносінах з іншымі людзьмі. Так паводзяць сябе ўсе, хто любіць Хрыста, і ўсе, хто любіць адно аднаго ў Хрысце. Ён нам паказаў, як трэба адносіцца да акружэння, каб жыць у згодзе з братамі. Няхай нашае суіснаванне будзе адзначана Божай радасцю! Няхай дом кожнага з нас будзе домам Божай радасці, домам сяброўства, добразычлівасці, дабрыні і роднасці, дзе ўжо не памятаюць абразаў і не нагадваюць пра спазнаныя крыўды, бо тут валадарыць любоў, якая ўсё перамагае, пра ўсё забываецца і прабачае. Умілаваныя браты і сёстры, з нагоды Велікодных святаў прыміце мае самыя шчырыя пажаданні шчодрых ласкаў і благаславенняў Уваскрослага Хрыста ў вашым асабістым, сямейным і грамадскім жыцці. Кардынал Казімір Свёнтэк Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі
Камунікат з 28-га Пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
13.07.2009 15:10
[4 красавіка 2006 г., Сакратарыят ККББ у Мінску] У пасяджэнні бралі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі на чале са Старшынёю ККББ кардыналам Казімірам Свёнткам. Прысутнічаў таксама Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч. Удзельнікі пасяджэння абмяняліся думкамі адносна адзначэння ў дыяцэзіях на Беларусі І-й гадавіны смерці Слугі Божага Яна Паўла ІІ. У касцёлах з удзелам вялікай колькасці вернікаў адбыліся святыя Імшы ў інтэнцыі хуткай беатыфікацыі, прайшлі начныя чуванні моладзі, адбылася спецыяльная Імша з удзелам духавенства і кансэкраваных асобаў. Сродкі масавай інфармацыі, у тым ліку і дзяржаўныя, падалі інфармацыю пра асобу Вялікага Папы і пра адзначэнне І-й гадавіны з дня яго адыходу ў вечнасць. У сувязі з тым, што 15-годдзе аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі прыпадае на Вялікі чацвер, было вырашана абмежавацца зваротам з пастырскім лістом, які будзе прачытаны ва ўсіх касцёлах краіны. Старшыня перадаў дыяцэзіяльным біскупам пасланне Папы Бэнэдыкта XVI, адрасаванае семінарыстам, і 3 сведчанні. Са зместам гэтых пасланняў будуць азнаёмленыя выхаванцы духоўных семінарый краіны. Удзельнікі зацвердзілі тэкст Рытуалу Сужэнства ў перакладзе на беларускую мову, падрыхтаваны Секцыяй па перакладах Камісіі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў ККББ. Былі таксама зацверджаныя прадпісанні адносна парадку фатаграфавання, а таксама кіна- і відэаздымкі ў касцёлах, падрыхтаваныя згаданай Камісіяй. Яны становяцца абавязковымі з моманту іх апублікавання. Старшыня даў інфармацыю пра запрашэнне польскім епіскапатам пілігрымаў з Беларусі на святую Імшу з удзелам Папы Бэнэдыкта XVI, якую ён будзе цэлебраваць у Варшаве 26 мая г.г. Каардынатарам пілігрымкі на нацыянальным узроўні быў прызначаны дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Біскупы азнаёміліся з планам трансляцыі беларускім тэлебачаннем сёлетніх пасхальных урачыстасцяў з Ватыкану і з Беларусі. Старшыня перадаў удзельнікам Пасланні Святога Айца Бэнэдыкта XVI з нагоды XL Сусветнага дня сацыяльнай камунікацыі і ХХІ Сусветнага дня моладзі, просячы як найшырэй распаўсюдзіць іх у дыяцэзіях. Старшыня Рады па справах сям’і паведаміў пра тое, як 25 сакавіка г.г. адзначаўся Дзень абароны жыцця і як адбывалася акцыя «Духоўнае ўсынаўленне» ў парафіях. Ён прапанаваў, каб завяршэнне «Духоўнага ўсынаўлення» адбылося ў нядзелю Святой Сям’і ў актаве Нараджэння Пана. Генеральны сакратар ККББ даў інфармацыю пра ўдзел прадстаўнікоў Беларусі ў Канферэнцыі, арганізаванай Папскай Радаю Cor Unum, якая праходзіла ў Рыме 23–24 студзеня г.г., і ў пасяджэнні выканаўчага камітэта Камісіі па сродках масавай інфармацыі Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Еўропы, якое адбылося ў Рыме 10–12 сакавіка г.г. Былі таксама абмеркаваныя іншыя душпастырскія патрэбы Касцёла ў Беларусі. Біскуп Антоній Дзям’янка Генеральны сакратар ККББ
Пастырскі ліст на Божае Нараджэнне 2005 года
13.07.2009 15:04
«Пойдзем у Бэтлеем і паглядзім, што там сталася» (Лк 2, 15) «А Слова сталася целам і пасялілася між намі» (Ян 1, 14) Ва ўрачыстасць Божага Нараджэння нашыя вочы, нашыя вушы, нашыя сэрцы скіраваны да Бэтлеема, да стайні, да ясляў, бо мы жадаем нанава перажыць збаўчую таямніцу ўцелаўлення Божага Сына. У гэтую святую Бэтлеемскую Ноч адбылася доўгачаканая сустрэча чалавека з Богам. Для таго, каб належным чынам зразумець і адпаведна ацаніць гэтую сустрэчу, неабходна вярнуцца да часу стварэння чалавека, калі Творца пасяліў яго ў раі, дзе чалавек мог не толькі сустракацца з Богам, але і бачыць Яго твар у твар. На жаль, гэты благаслаўлёны час сустрэчы чалавека з Богам працягваўся не вельмі доўга. Па нашэптванні д’ябла чалавек парушыў Божую забарону пазнання дабра і зла і, у якасці пакарання, быў выгнаны з раю, такім чынам страціўшы прывілей сустракацца з Богам і непасрэдна прабываць з Ім. Для чалавека распачаліся доўгія гады, цэлыя стагоддзі зямнога жыцця ў аддаленасці ад Бога — усемагутнага Творцы, магутнага Валадара, суровага Пана. Праўда, за дабро, за змену да лепшага Бог быў літасцівы да чалавека і прабачаў яго, благаславіў яму, але за новыя адступленні, за грахі ізноў сурова караў. Але ж у сэрцы чалавека пастаянна жыла туга па сустрэчы з Богам, па прабыванні з Ім. Аднак калі чалавек усё больш аддаляўся ад Бога, калі замест пашаны адзінага, сапраўднага Творцы чалавек аддаваўся ідалапаклонству, Бог у сваёй адвечнай дабрыні і любові да сваіх стварэнняў вырашыў спаслаць на зямлю свайго Сына, каб адкупіць чалавечы род, каб навярнуць людзей да сапраўднай веры, каб прымірыцца з чалавекам. «Шмат разоў і па-рознаму прамаўляў калісьці Бог да айцоў нашых праз прарокаў, у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына» (Гбр 1, 1–2). «Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае» (Ян 3, 16). І вось дзве тысячы гадоў таму назад «Слова сталася целам і пасялілася між намі» (Ян 1, 14). Якім жа дзіўным было прыйсце на зямлю Сына Божага, гэтая сустрэча Бога з чалавекам! Здавалася б, што Сыну Божаму больш пасавала б нарадзіцца ў царскім палацы, а пазней — прыняць уладу і Божай моцай наладзіць ва ўсім свеце парадак, угрунтаваны на Божым праве. Аднак Бог абраў цалкам іншы спосаб прыйсця на зямлю. Святы Лука вельмі сцісла апісвае гэтую найвялікшую з падзей, якія калі-небудзь адбываліся на зямлі: «... надышоў час нарадзіць Ёй. І нарадзіла Сына свайго першароднага, і спавіла Яго, і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе» (Лк 2, 6–7). Сярод тых, хто акружаў Дзіцятка Езуса ў бэтлеемскай стайні, не было магутных гэтага свету, а былі толькі пакорная Марыя, убогі Юзаф, некалькі наёмных пастухоў і пара жывёлінаў. А нованароджаны Сын Божы? Ён ляжаў у яслях, бездапаможна варушыў ручкамі, чакаў матчынага малака і час ад часу плакаў ад холаду. Толькі спеў анёлаў «дакументаваў» таямніцу прыйсця Божага Сына на зямлю. Так выглядала сустрэча Бога з чалавекам. Таямніца Божага Нараджэння ў сваім глыбокім вымярэнні з’яўляецца надзвычайнай сустрэчай чалавека з Богам і Бога з чалавекам на працягу гісторыі чалавецтва. У Бэтлееме Юдэйскім распачалася найпрыгажэйшая гісторыя перакрыжавання шляхоў Бога і чалавека: стары свет граху і новы свет ласкі, любоў і прымірэнне дасягаюць найбольшай блізкасці, што адкрывае новую перспектыву гісторыі чалавека і свету. Бог увайшоў у гісторыю чалавецтва, у біяграфію кожнага чалавека, каб выбавіць нас з няволі граху, каб мы нанава «ад Бога нарадзіліся» (пар. Ян 1, 13), сталіся братамі Яго Сына і Яго ўсыноўленымі дзецьмі. У Бэтлееме сустракаюцца вялікая любоў Бога і шчырая вера чалавека. Праз бэтлеемскую стайню Бог спяшаецца да людзей, а людзі вандруюць да Яго. Божы Сын стаў блізкі чалавеку, пасяліўся між людзей: Ён з імі, сярод іх і для іх. Там, у стайні, да Яго працягнуліся шматлікія рукі. І найбольш чулыя рукі Маці, і поўныя клопату рукі Юзафа, і спрацаваныя рукі пастухоў, і добразычлівыя рукі, якія перанеслі Божае Дзіцятка з ясляў у дом, і рукі вучоных Мудрацоў з Усходу. Але да Дзіцяці працягнуліся таксама і рукі нянавісці, забруджаныя крывёю забітых бэтлеемскіх немаўлят. Гэтая Бэтлеемская Ноч сталася сапраўды ноччу чалавечых рук, працягнутых да Бога. Праз трыццаць гадоў скрытага жыцця ў Назарэце Божы Сын Езус Хрыстус распачаў сваю публічную збаўчую дзейнасць. У нястомных сустрэчах з людзьмі на працягу трох гадоў Ён абвяшчаў Добрую Навіну любові да Бога і бліжняга, чыніў шматлікія цуды і ахвяраваў сябе ажно да смерці — крыжовай смерці — дзеля адкуплення чалавечага роду і прымірэння людзей з Богам. Пасля свайго ўваскрасення і ўнебаўшэсця, верны свайму абяцанню — «не пакіну вас сіротамі» (пар. Ян 14, 18), «і вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (пар. Мц 28, 20), — Езус застаўся ў сваім Касцёле — Яго Містычным Целе, — які атрымаў дары Духа Святога, каб у сустрэчах з людзьмі ў святых сакрамэнтах весці іх да свайго вечнага Валадарства. На Апошняй Вячэры, калі Езус устанавіў Боскую Эўхарыстыю, Ён даў людзям магчымасць штодзённа сустракацца з Ім праз удзел у святой Імшы — аднаўленні Яго крыжовай Ахвяры — праз прыняцце Яго Цела і Крыві ў постацях хлеба і віна, духоўнага спажытку для душы, праз наведванне і адараванне Яго ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, у табэрнакулюме — жывой Эўхарыстычнай Стаенцы. Неабходна часта і доўга заставацца на каленях перад Езусам Хрыстом, утоеным у Эўхарыстыі, каб належным чынам ушаноўваць Яго, каб дзякаваць Яму за атрыманыя ласкі, каб перапрашаць за ўчыненыя знявагі, каб прасіць Яго аб благаслаўленні. І так, пачынаючы ад Бэтлеемскай Ночы, на працягу дзвюх тысяч гадоў ажно да канца гісторыі чалавецтва пастаянна і няспынна адбываюцца сустрэчы Бога з чалавекам і чалавека з Богам. Якія ж невымоўныя дабрыня, міласэрнасць і любоў Бога ў адносінах да людзей! Пастаянныя сустрэчы з Богам даюць чалавеку магчымасць прабываць з Ім ужо ў гэтым зямным жыцці і тым самым гарантуюць атрыманне прывілею вечнага прабывання з Богам у Нябесным Валадарстве. З найлепшымі святочнымі пажаданнямі і пастырскім благаслаўленнем Кардынал Казімір Свёнтэк Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі .
Камунікат 27-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
13.07.2009 15:02
[13 снежня 2005 г., г. Мінск] У пасяджэнні ўзялі ўдзел усе каталіцкія біскупы ў Беларусі на чале са Старшынёй ККББ кардыналам Казімірам Свёнткам. Прысутнічаў таксама Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Марцін Відаваіч. Дырэктар нацыянальнага «Caritas» прадставіў прысутным праект статуту парафіяльных «Caritas». Пасля ўнясення магчымых заўвагаў біскупаў, статут будзе вынесены на зацвяржэнне Канферэнцыі. Кожны ўдзельнік пасяджэння таксама атрымаў агульную справаздачу аб дзейнасці нацыянальнага «Caritas» за 11 месяцаў бягучага году і план дзейнасці арганізацыі на наступны год. Была зацверджана душпастырская праграма на 2006 год, мэтай якой з’яўляецца асвятленне постаці і набліжэнне вучэння Слугі Божага Яна Паўла ІІ. Згодна з гэтаю праграмай, 16 чысла кожнага месяца Касцёл у Беларусі будзе маліцца за хуткую беатыфікацыю і кананізацыю Слугі Божага Яна Паўла ІІ. Старшыня Рады па пытаннях сужэнства і сям’і ККББ прадставіў прысутным выдадзеныя ў форме брашуры Рэкамендацыі па душпастырстве сем’яў . Пасля рассылкі па парафіях пастановы Рэкамендацый будуць рэалізоўвацца душпастырамі. Сабраныя біскупы зацвердзілі тэмы разважанняў на май 2006 г. Яны будуць прысвечаны рэлігійным рухам і апостальскім групам у Касцёле. Пасля абмену вопытам прысутныя аднагалосна падтрымалі прапанову Старшыні кожны год арганізоўваць у дыяцэзіях сімпозіумы і рэкалекцыі, прысвечаныя пакліканням, з мэтаю паказаць маладым людзям прыгажосць і патрэбу служэння Богу ў духоўным стане. Месцам правядзення такіх сустрэчаў былі вызначаны духоўныя семінарыі. На пасяджэнні былі абмеркаваныя таксама і іншыя душпастырскія патрэбы Касцёла ў Беларусі. Антоній Дзям’янка Генеральны Сакратар ККББ
Распараджэнне аб несанкцыянаванай дзейнасці моладзевых каталіцкіх арганізацый
13.07.2009 15:00
У сувязі з тым, што ў апошні час актывізавалася дзейнасць пэўных асобаў, якія называюць сябе моладзевай каталіцкай арганізацыяй, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі лічыць патрэбным растлумачыць духавенству і вернікам Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне, што гэтыя асобы дзейнічаюць без дазволу, а часта і без ведама Касцёльных уладаў. У прыватнасці, у Інтэрнэце з’явіліся абвесткі пра арганізацыю гэтымі асобамі пілігрымкі на сёлетнюю экуменічную сустрэчу моладзі ў Мілане, якую праводзіць супольнасць Тэзэ. Аднак гэтыя «арганізатары» і «лідэры» не былі ўпаўнаважаныя ад імя Касцёла на арганізатарскую дзейнасць кампетэнтнымі Касцёльнымі ўладамі, а таму апошнія не могуць несці ніякай адказнасці за іх дзеянні. Згаданыя асобы таксама выступілі з ініцыятывай арганізацыі курсаў для выдаўцоў парафіяльных бюлетэняў і правядзення з’езду каталіцкай моладзі на нацыянальным узроўні. Беручы пад увагу адсутнасць інфармацыі пра гэтых асобаў, а таксама іх яўна недастатковую кампетэнтнасць у названых пытаннях, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў лічыць немагчымым прызнаць за імі паўнамоцтвы, на якія яны прэтэндуюць, і не дазваляе духавенству і вернікам Каталіцкага Касцёла ў Беларусі падтрымліваць іх дзейнасць і ўдзельнічаць у гэтых праектах і ініцыятывах. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі заклікае ўсіх удзельнікаў неафіцыйных арганізацый і груп, якія называюць або лічаць сябе каталіцкімі, спыніць несанкцыянаваную дзейнасць, бо яна падрывае дысцыпліну ў мясцовым Касцёле на Беларусі і наносіць шкоду яго адзінству. Канферэнцыя таксама нагадвае пра неправамоцнасць у адпаведнасці з Кодэксам Кананічнага Права і з агульнапрынятымі нормамі міжнароднага права выкарыстання назвы «каталіцкі» без дазволу кампетэнтных Касцёльных уладаў і лічыць неадпаведным маральным прынцыпам выкарыстоўваць словы «каталік, каталікі» у назвах груп, не зацверджаных тымі ж уладамі. Разам з тым Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі настойліва рэкамендуе пробашчам давесці да ведаму аніматараў парафіяльных моладзевых груп і ўсіх асобаў, адказных за працу з моладдзю, пра недапушчальнасць у межах іх дзейнасці любых кантактаў з прадстаўнікамі несанкцыянаваных арганізацый і рухаў рэлігійнага, грамадскага або палітычнага кірункаў. Канферэнцыя таксама нагадвае, што права змяшчаць інфармацыю адносна жыцця Касцёла маюць выключна зарэгістраваныя каталіцкія выданні і інфармацыйны партал catholic.by у сеці «Інтэрнэт». За інфармацыю, змешчаную ў іншых крыніцах, Касцёльныя ўлады адказнасці не нясуць. Кардынал Казімір Свёнтэк Старшыня ККББ
Паведамленне з XXVI Пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
13.07.2009 14:57
[27 верасня 2005 г., Мінск] У пасяджэнні прынялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі на чале са старшынёй ККББ кс. кардыналам Казімірам Свёнткам. На пасяджэнні прысутнічаў Яго Эксцэленцыя арцыбіскуп Марцін Відавіч, нунцый Апостальскай Сталіцы, а таксама новапрызначаны сакратар нунцыятуры кс. пралат Е.М. Цудны. Старшыня паінфармаваў прысутных, што Год Эўхарыстыі на Беларусі будзе працягвацца да 31 снежня 2005 г., а таксама аб тым, што на лістапад месяц апрацаваны і будуць выдадзены тэксты катэхезы і адарацый пра пакліканні. Біскупы зацвердзілі дату правядзення сімпозіума, прысвечанага пакліканням. Ён адбудзецца 18–19 лістапада бягучага года ў Маладзечне. Пастаноўлена таксама, што 3 лістапада г.г. ва ўсіх касцёлах Беларусі будуць служыцца святыя Імшы за памерлых – за святароў і за асобаў кансэкраваных. Біскуп, адказны за агульнае душпастырства, прадставіў праграму на 2006 г., прысвечаную памяці Слугі Божага Яна Паўла ІІ і яго вучэнню. Быў абмеркаваны план катэхетычных заняткаў для дзяцей і моладзі школьнага ўзросту. Старшыня Канферэнцыі заахвоціў прысутных да далейшага збору матэрыялаў аб асобах, якія падчас пераследавання Касцёла далі сведчанне веры. Старшыня перадаў усім членам Канферэнцыі апрацаваныя раней Нормы выступлення духоўных асобаў у мас-медыях. Прысутныя былі паінфармаваныя аб удзеле прадстаўнікоў з Беларусі ў VII Пленарным Кангрэсе Камісіі Біскупаў Еўропы па справах медыяў, які адбыўся 15–18 верасня 2005 г. у Варшаве, а таксама аб тэмах, якія там абмяркоўваліся. На пасяджэнні былі разгледжаны таксама іншыя пытанні аб душпастырскіх патрэбах Касцёла на Беларусі. Біскуп Антоні Дзям’янка, генеральны сакратар ККББ
Паведамленне з ХXV Пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
13.07.2009 14:54
[ 30 чэрвеня 2005 г., Мінск ] У пасяджэнні прынялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі на чале са Старшынёй ККББ кардыналам Казімірам Свёнткам. Прысутнічаў таксама арцыбіскуп Марцін Відавіч, Апостальскі Нунцый на Беларусі. Напачатку старшыня звярнуў увагу, што гэта ХХV юбілейнае пасяджэнне членаў ККББ. Ён узгадаў аб умовах і акалічнасцях першага пасяджэння і намаганнях, якія былі зроблены дзеля таго, каб Канферэнцыя магла выконваць свае абавязкі. Старшыня паведаміў аб рашэнні Апостальскай Сталіцы прадоўжыць тэрмін дзейнасці Статутаў ККББ на 5 гадоў – уключна да 2010 г. Сабраныя падзяліліся меркаваннямі аб душпастырскіх праграмах у парафіях і дыяцэзіях на наступныя 2 гады. Біскупы ўхвалілі прапанову па стварэнні праграмы ўшанавання памяці Божага Слугі Яна Паўла ІІ, працэс беатыфікацыі якога быў урачыста распачаты 28 чэрвеня і падчас Пантыфікату якога адрадзіліся структуры Каталіцкага Касцёла на Беларусі. Быў прадстаўлены выдадзены нядаўна Кампендыўм Катэхізіса Каталіцкага Касцёла . Біскупы пастанавілі ў бліжэйшы час зрабіць яго пераклад на беларускую мову. Сабраныя абмяркоўвалі справы, звязаныя з фармацыяй кандыдатаў да святарства. Старшыня зазначыў, што арганізоўваецца спецыяльны асяродак для душпастырства пакліканняў. Разглядаліся магчымасці арганізацыі гадавога падрыхтоўчага курсу для кандыдатаў у духоўныя семінарыі. У сувязі з існуючай патрэбай абмяркоўваліся пытанні, якія датычаць сацыяльнага і пенсійнага забеспячэння святароў. На пасяджэнні былі зацверджаны нормы адносна выступлення духоўных асобаў на радыё, тэлебачанні і ў прэсе. Абмяркоўваліся таксама іншыя душпастырскія патрэбы Касцёла на Беларусі. Біскуп Антоні Дзям’янка, Генеральны сакратар KKББ
Пастырскі ліст Епіскапату Беларусі да вернікаў на Год Эўхарыстыі
13.07.2009 14:52
«Я — Хлеб Жыцця» (Ян 6, 35) . Дарагія святары! Шаноўныя сёстры законныя! Умілаваныя браты і сёстры! У кастрычніку 2004 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ распачаў Год Эўхарыстыі, які будзе працягвацца да кастрычніка 2005 г. У гэты час увесь Каталіцкі Касцёл, усе дыяцэзіяльныя і парафіяльныя супольнасці павінны засяродзіцца на Вялікай Таямніцы, якую пакінуў нам Хрыстус, калі падчас Апошняй Вячэры прамовіў такія знамянальныя словы: «Бярыце і ешце з гэтага ўсе, бо гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдана. (...) Бярыце і піце (...) гэта ёсць келіх Крыві Маёй новага і вечнага запавету, якая за вас і за многіх будзе праліта дзеля адпушчэння грахоў», — і дадаў: «Гэта чыніце на Маю памяць». З таго памятнага моманту Касцёл прабывае ў нястомным захапленні перад гэтым дарам, які пакінуў яму Пан Езус, застаўшыся ў Таямніцы Эўхарыстыі. Год Эўхарыстыі, на думку Святога Айца Яна Паўла ІІ, павінен быць своеасаблівым працягам Вялікага Юбілею, калі ўвесь Касцёл быў запрошаны ўглядацца ў аблічча Хрыста. Год Эўхарыстыі мы адзначаем услед за Годам Ружанца, каб уваходзіць у гэтую таямніцу разам з Марыяй, якая найбольш поўна сузірала Аблічча Езуса, Божага Сына, які ад Яе прыняў чалавечае Цела. Менавіта гэтае чалавечае Цела Ён склаў у Ахвяру за збаўленне свету, цудоўным чынам застаючыся з намі і для нас у Таямніцы Эўхарыстыі. Святы Айцец Ян Павел ІІ заклікае ўвесь Касцёл асаблівым чынам сузіраць, ушаноўваць, адараваць гэты невымоўны Сакрамэнт. «Ecclesia de Eucharistia vivit» («Касцёл жыве дзякуючы Эўхарыстыі») — такімі словамі Святы Айцец Ян Павел ІІ распачынае энцыкліку «Ecclesia de Eucharistia» . У ёй Папа нагадвае вучэнне ІІ Ватыканскага Сабора, згодна з якім Эўхарыстычная Ахвяра з’яўляецца «крыніцай і разам з тым вяршыняй усяго хрысціянскага жыцця». «Бо ў Найсвяцейшай Эўхарыстыі заключаецца ўсё духоўнае багацце Касцёла, гэта значыць, сам Хрыстус, наша Пасха і Хлеб жывы, які праз сваё ажыўленае Духам Святым і жыватворнае Цела дае жыццё людзям» (EccE, 1) . Касцёл нарадзіўся з пасхальнай таямніцы, якая ахоплівае ўсе тыя падзеі, што мелі месца ў Вячэрніку, а пазней — у Садзе Аліўным і, урэшце, нязмерную Крыжовую ахвяру Пана Езуса, якая была прынесена на Кальварыі. Кожная святая Імша з’яўляецца не толькі ўспамінам усіх гэтых падзеяў, але таксама іх актуалізацыяй. Упэўненасцю ў гэтым жыла хрысціянская супольнасць з самага пачатку Касцёла. Ужо ў першых апісаннях Дзеяў Апосталаў можна прачытаць, што яны верна «трывалі ў навуцы апостальскай, у супольнасці і ламанні хлеба, ды ў малітвах» (Дз 2, 42) . «Ламанне хлеба» азначае менавіта Эўхарыстыю. «Устанаўленне Эўхарыстыі ў вечар Вялікага чацвярга падчас Апошняй Вячэры сакрамэнтальным чынам папярэджвала падзеі, якія ў хуткім часе павінны былі адбыцца, пачынаючы ад канання ў Гефсіманіі, (...) дзе Хрыстус на малітве перажываў смяротную трывогу, „і быў пот Яго як кроплі крыві, што падалі на зямлю“ (Лк 22, 44) . Распачыналася праліццё крыві — тае самай Крыві, якую крыху раней Ён ахвяраваў Касцёлу як напой зба ўлення ў сакрамэнце Эўхарыстыі; канчаткова яна будзе пралітая на Галгофе і станецца прыладаю нашага Адкуплення» (ЕссЕ, 3) . Сапраўды, гэта была гадзіна нашага адкуплення. Хрыстус, хоць і перажываў бязмежную трывогу, ведаў, што прыйшоў дзеля гэтае гадзіны: Ён прыйшоў здзейсніць справу адкуплення чалавека — адкуплення ўсіх людзей, бо ўсіх Ён палюбіў. «І што мне сказаць? Ойча, збаў Мяне ад гэтае гадзіны; але ж дзеля гэтае гадзіны Я і прыйшоў» (Ян 12, 27) . «У тое месца і ў тую гадзіну духоўна пераносіцца кожны святар, які цэлебруе святую Імшу, разам з супольнасцю хрысціянаў, якая ў ёй удзельнічае» (ЕссЕ, 4) . «Кожны раз, калі Касцёл цэлебруе Эўхарыстыю, вернікі могуць пэўным чынам нанава перажываць досвед двух вучняў з Эмаус: „І тады расплюшчыліся ў іх вочы, і яны пазналі Яго“ (Лк 24, 31) (ЕссЕ, 6) . Святы Тамаш Аквінскі, вялікі філосаф і тэолаг, які, спасцігаючы глыбіню гэтай Таямніцы, ствараў гімны на ўшанаванне Найсвяцейшага Сакрамэнту, пісаў літургічныя тэксты на свята Божага Цела, паказвае, наколькі слабы чалавечы розум, калі дакранаецца да гэтай вялікай таямніцы: «Праслаўляю з верай, Божа мой, Цябе, Ты пад відам хлеба скрыты для мяне. З сэрцам, поўным веры, Божа, прад Табой, усё губляе вартасць у велічы Тваёй...». Так, «Касцёл атрымаў Эўхарыстыю ад Хрыста, свайго Пана, не ў якасці аднаго з многіх каштоўных дароў, — тлумачыць далей Святы Айцец, — але як найвялікшы дар, бо гэта дар самога сябе, дар уласнай асобы ў яе святой чалавечнасці, а таксама дар Яго справы збаўлення» (ЕссЕ, 11) . Mane nobiscum Domine («Застанься з намі, Пане») Глыбокая асабістая сустрэча з Езусам, утоеным у Таямніцы Эўхарыстыі, перамяняе жыццё чалавека. Усемагутны Бог, які ёсць Любоў, Святасць і Мудрасць, стварыў чалавека: «І стварыў Бог чалавека паводле вобразу Свайго, паводле вобразу Божага стварыў яго» (Быц 1, 27) . Чалавек, адораны Любоўю, Святасцю і Мудрасцю, паддаючыся спакусам шатана, зацірае ў сабе гэтыя рысы, але калі ў Эўхарыстыі з верай і любоўю да Пана Бога прымае Божае Цела і Кроў, ён аднаўляе і павялічвае ў сабе Любоў, Святасць і Мудрасць. Эўхарыстыя — гэта найбольш дзейсны сродак для таго, каб перамагчы свае недахопы, і самы кароткі шлях да дасканаласці. «Прыйдзіце да Мяне ўсе працуючыя і абцяжараныя, і Я супакою вас» (Мц 11, 28) . Эўхарыстыя адкрывае нашыя вочы на пазнанне праўды, а сэрцы напаўняе любоўю. Эўхарыстыя з’яўляецца таямніцай святла «перадусім таму, што ў кожнай святой Імшы літургія Божага слова папярэднічае эўхарыстычнай літургіі: гэта еднасць двух „сталоў“ — стала Слова і стала Хлеба» (MnD, 11) . У клопаце пра духоўнае дабро вернікаў Айцы ІІ Ватыканскага Сабора выказалі жаданне, каб была адчынена для вернікаў скарбніца Святога Пісання. Таму Касцёл даў дазвол, каб падчас літургіі чыталіся фрагменты з Бібліі на нацыянальнай мове, зразумелай для ўсіх. Гэта сапраўдны дар, бо «калі ў Касцёле чытаецца Святое Пісанне, прамаўляе сам Хрыстус». Таму пабожнае слуханне Слова і разважанне ў маўчанні так неабходныя для таго, каб Божае Слова ўвайшло ў нашае жыццё і яго асвяціла. Нішто таксама не заменіць гамілію, падчас якой святар растлумачвае прачытанае Слова Божае (гл. MnD, 13) . Год Эўхарыстыі накіроўвае позірк веруючых на Езуса ў табэрнакулюме, прысутнасць якога павінна з’яўляцца «нібы полюсам прыцяжэння для ўсё большай колькасці душаў, любячых Яго, здольных доўгі час слухаць Яго голас і амаль адчуваць, як б’ецца Яго сэрца» (MnD, 18) . Святы Айцец заахвочвае законныя і парафіяльныя супольнасці распачаць эўхарыстычную адарацыю таксама па-за святой Імшой. Нам трэба доўгі час заставацца на кленчніку перад Езусам Хрыстом, прысутным у Эўхарыстыі, перапрашаць нашай верай і любоўю за тыя занядбанні, забыццё і нават знявагі, якія церпіць наш Збаўца ў многіх месцах свету (гл. MnD, 18) . Святы Айцец раіць вернікам звярнуць асаблівую ўвагу таксама на ўдзел у нядзельнай Эўхарыстыі, каб нанава адкрываць і ў поўні перажываць нядзелю як дзень Панскі і дзень Касцёла (MnD, 23) . Дазволіць, каб Эўхарыстыя вяла цябе Моц, зачэрпнутая з Эўхарыстыі, вызначае шляхі нашага апостальства. Так было ў выпадку вучняў з Эмаус, якія, пазнаўшы Езуса пры ламанні хлеба, «у той жа час вярнуліся ў Ерузалем» (пар. Лк 24, 33), каб перадаць тое, што ўбачылі і пачулі. Чалавек, які сапраўды перажыў сустрэчу з Езусам, спажываючы Яго Цела і Яго Кроў, не ў стане захаваць толькі для сябе радасць, якую перажывае. Сустрэча з Хрыстом абуджае ў Касцёле і ў кожным хрысціяніне вострую патрэбу сведчыць і евангелізаваць. Словы «Ідзіце ў супакоі Хрыста», якія святар прамаўляе ў канцы кожнай святой Імшы, з’яўляюцца наказам, які пабуджае кожнага хрысціяніна прыняць актыўны ўдзел у распаўсюджванні Евангелля і ажыўлення грамадства хрысціянскім духам (гл. MnD, 24) . Хрысціянін павінен дазволіць, каб Эўхарыстыя вяла яго, бо яна з’яўляецца сапраўднай сілай у штодзённасці чалавека і вызначае ў пэўнай ступені праграму яго жыцця. У Год Эўхарыстыі хрысціяне павінны прыкласці намаганні, каб яшчэ з большай моцай сведчыць аб прысутнасці Бога ў свеце. Нельга баяцца казаць пра Бога, але трэба нават з гордасцю насіць знакі веры. Ян Павел ІІ заклікае адкрывацца на «культуру Эўхарыстыі», якая пабуджае актыўна ўдзельнічаць у будаванні больш справядлівага і братэрскага грамадства (MnD, 26) . Гэтая культура не дазваляе чалавеку заставацца абыякавым да розных патрэбаў бліжніх. Трэба адкрываць вочы, каб у бліжэйшым аружэнні, у парафіі ці асяроддзі заўважыць людзей, якія ў нястачы, а таксама знаходзіць спосабы добразычлівай дапамогі ім. У гэтых адносінах кожны чалавек можа нешта ўчыніць. Важная не толькі матэрыяльная дапамога — хоць і яна часам бывае неабходнай, каб чалавек мог справіцца з крызісам ці нястачай, — але ж існуюць разнастайныя формы ўбоства: хваробы, самота старых людзей, цяжкасці, якія перажываюць беспрацоўныя, і іншыя няшчасці. «Мы не павінны ашукваць саміх сябе: толькі па ўзаемнай любові і клопату пра патрабуючых нас пазнаюць як сапраўдных вучняў Хрыста (пар. Ян 13, 35; Мц 31–46) . Менавіта гэта з’яўляецца крытэрыем, паводле якога будзе мерацца сапраўднасць нашых эўхарыстычных цэлебрацый» (MnD, 28) . «Прымаючы ўдзел у Эўхарыстыі, мы можам ужо тут, на зямлі, перажываць неба, валодаць гэтым шчасцем як прадчуваннем будучай паўнаты, якая абдыме чалавека да канца» (EccE, 18) . «У гэты Год не перастаём дзякаваць Богу за тое, што «ў пакорным знаку хлеба і віна, перамененых у Яго Цела і Яго Кроў, — чытаем у заканчэнні ліста Mane nobiscum Domine , — Хрыстус падарожнічае разам з намі, як нашая моц і наш віятык, і чыніць нас сведкамі надзеі для ўсіх». Калі перад гэтай таямніцай розум чалавека адчувае ўласную абмежаванасць, то сэрца, асвечанае ласкаю Духа Святога, добра ведае, якую трэба прыняць паставу, паглыбляючыся ў адарацыю і любоў без межаў. Учынім жа сваімі пачуцці святога Тамаша Аквінскага, знакамітага тэолага і адначасова палымянага песняра Хрыста Эўхарыстычнага; дазволім, каб і нашая душа адкрылася ў надзеі на сузіранне мэты, да якой імкнецца сэрца, што прагне радасці і спакою: Добры Пастыр, сапраўдны Хлебе, Езу, змілуйся над намі; накармі нас і беражы, давядзі нас да вечнага багацця ў краіне жывых. Ты, які ўсё ведаеш і можаш, які нас корміш на зямлі, давядзі сваіх братоў да гасціны нябеснай, да радасці Тваіх святых (ЕссЕ, 62). З пастырскім благаслаўленнем, Каталіцкія Біскупы Беларусі
Спецыяльнае паведамленне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з нагоды абрання Папы Бэнэдыкта XVI
13.07.2009 14:44
Найдастойнейшыя Біскупы, Вялебныя Святары, Шаноўныя Сёстры Законныя, Дарагі народзе Божы, HABEMUS PAPAM — У НАС ЁСЦЬ ПАПА! 19 красавіка 2005 года ў 17 гадзін 50 хвілін (па сярэднееўрапейскім часе) з коміна над Сікстынскай Капэлай пайшоў белы дым, а праз некалькі хвілін пачалі біць званы базылікі Святога Пятра і на балконе з’явіўся новавыбраны Папа, да гэтага часу — кардынал Ёзаф Ратцынгер, які ўзяў сабе імя Бэнэдыкт XVI. Браты і сёстры, мы дзелімся з вамі гэтай вялікай радасцю, што ахапіла ўвесь Касцёл і ўсіх людзей добрай волі. Пасля амаль 27 гадоў выдатнага пантыфікату адышоўшага да вечнасці Папы Яна Паўла ІІ, моцаю Духа Святога, што кіруе Касцёлам, Калегія Кардыналаў выбрала чарговага Наступніка святога Пятра, які з балкону базылікі ўдзяліў сваё першае благаслаўленне Urbi et orbi — Гораду і свету. Мы сардэчна вітаем Папу Бэнэдыкта XVI і жадаем яму шчодрых дароў Святога Духа ў кіраванні Касцёлам ў справах веры і маралі, працягваючы апостальскае служэнне, прынятае ім ад Вялікага і, напэўна, Святога яго Папярэдніка Папы Яна Паўла ІІ. Цвёрда, шчыра і пераканаўча запэўніваем Папу Бэнэдыкта XVI у нашай вернасці, паслушэнстве і любові як да новага Намесніка Хрыста. Абяцаем Яго Святасці Папу Бэнэдыкту XVI нашую нястомную малітву у Яго інтэнцыі, каб Бог адарыў яго доўгім жыццём, моцным здароўем і нязломнаю сілаю душы і цела ў выкананні апостальскай місіі перад Богам, Касцёлам і светам. Цалуем персцень Рыбака — знак Пятровай улады. Мінск, 20 красавіка 2005 г. Кардынал Казімір Свёнтэк Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Ліст біскупаў Каталіцкага Касцёла на Беларусі Камерленгу Святога Каталіцкага Касцёла
13.07.2009 14:41
4 красавіка біскупы Каталіцкага Касцёла на Беларусі накіравалі ліст у Ватыкан Яго Эмінэнцыі кардыналу Эдуарду Марцінэсу Самало – Камерленгу Святога Каталіцкага Касцёла. Яго Эмінэнцыі Кардыналу Эдуарду Марцінэсу Самало Камерленга Святога Каталіцкага Касцёла Ватыкан Ваша Эмінэнцыя, У вігілію нядзелі Божай Міласэрнасці мы атрымалі сумную вестку: Святы Айцец Ян Павел ІІ адышоў у дом Нябеснага Айца. Мы, біскупы Рымска-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, разам з усім народам Божым з глыбокім болем перажываем адыход у вечнасць нашага Айца. У нашым болю мы яднаемся з усім Касцёлам і прабываем у малітоўным чуванні разам з усімі вернікамі. Мы асаблівым чынам удзячныя Божаму Провіду за вялікую любоў, з якой Святы Айцец адносіўся да народаў Усходняй Еўропы, за тое, што можам сёння радавацца адраджэнню Касцёла на нашай зямлі. У дні, напоўненыя болем, мы з надзеяй услухоўваемся ў словы Адкупіцеля: «Я — уваскрасенне і жыццё. Кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ навекі» (пар. Ян 11, 25-26). Нябеснаму Айцу, шчодраму на міласэрнасць, даручаем душу нашага Святога Айца Яна Паўла ІІ, а таксама ўзносім малітвы за ўвесь Касцёл, спадзеючыся, што ў асобе Яна Паўла ІІ ён будзе мець свайго заступніка перад Панам. Біскупы Рымска-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі
Пастырскі ліст на Вялікдзень 2005 года
13.07.2009 14:36
Праўда Пасхі «Не бойцеся тых, хто забівае цела, і пасля гэтага не можа больш нічога зрабіць» (Лк 12, 4). Калі ў Вялікую пятніцу Пілат пачуў вызнанне Хрыста: «Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у свет, каб сведчыць аб праўдзе» (Ян 18, 37), то задаў Хрысту пытанне: «Што такое праўда?» (Ян 18, 38). Пытанне Пілата ў Вялікую пятніцу засталося без адказу. Гэты адказ Пілат і Ерузалем пачулі на трэці дзень пасля Вялікай пятніцы — раніцай у Велікодную нядзелю — і, на жаль, ён не быў прыняты ні Пілатам, ні старазапаветным Ерузалемам. А гэта быў надзвычайны адказ, які ўразіў увесь Ерузалем, і па сённяшні дзень уражвае ўсё чалавецтва. Хрыстус, асуджаны Пілатам на смерць, укрыжаваны і пахаваны, уваскрос! Яго грабніца пустая! Вось вялікая праўда, пра якую засведчыў Хрыстус, уваскрослы ў Велікодную раніцу. Для таго Ён нарадзіўся і для таго прыйшоў на свет, каб, прынёсшы сябе ў ахвяру на крыжы за чалавечыя грахі дзеля адкуплення роду людскога, перамагчы смерць і адкрыць для людзей брамы да вечнага жыцця. Чалавек будзе жыць вечна! Жыццё чалавека нельга закрыць у цесных рамках ад нараджэння да смерці. Чалавек павінен сапраўды сысці ў магілу, але з гэтай магілы ён напэўна выйдзе. Ніхто і нішто не можа забіць чалавека назаўсёды, навечна. Пра гэтую Пасхальную праўду Хрыстус сведчыць у Касцёле, які Ён сам заснаваў і ў якім ужо на працягу дваццаці стагоддзяў няспынна прысутнічае ў Боскай Эўхарыстыі. Уваскрослы Хрыстус кажа: «Не бойцеся тых, хто забівае цела, і пасля гэтага не можа больш нічога зрабіць» (Лк 12, 4). Гэтае настаўленне датычыць розных праяваў адносін і дзеянняў, накіраваных супраць паасобных людзей, а таксама супраць розных чалавечых супольнасцяў. Такім чынам, не бойцеся хваробаў, якія нішчаць зямное жыццё чалавека. Не бойцеся калецтва, старасці, якія чыняць чалавека слабым і бездапаможным. Не бойцеся ўсяго таго, што знішчае цела. Гэта праўда, што боль і цярпенне — цяжкі крыж, чалавек не жадае іх прымаць і ў меру сваіх фізічных сіл абараняецца. Але ў святле Велікоднай раніцы ўсе гэтыя зямныя выпрабаванні змяншаюцца і слабнуць. Пакуты зямнога жыцця нельга параўнаць з хвілінай, якая чакае нас у будучым жыцці ў вечнасці. «Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах» (Мц 5, 12). Таксама не бойцеся людзей, якія вас мучаць, можа, нават здзекуюцца з вас. Гэта могуць быць суседзі, але могуць быць таксама і члены сям’і. Не бойцеся тых, хто прычыняе вам духоўную ці матэрыяльную крыўду, хто прымушае вас плакаць. Сам Пан Езус зведаў усё гэта: Яго бічавалі, укаранавалі цернем, усклалі крыж на плечы, укрыжавалі, паклалі ў грабніцу. І вось Ён уваскрос і дасягнуў радасці паяднання з Богам Айцом у небе. Святы Павел у сваім лісце да Рымлянаў піша: «Той, Хто ўваскрасіў Хрыста з мёртвых, ажывіць і вашы смяротныя целы Духам сваім, што жыве ў вас» (Рым 8, 11). Не бойцеся тых, хто знішчае духоўныя каштоўнасці, не прызнае праўды, злоўжывае справядлівасцю, абмяжоўвае свабоду, сее нянавісць, забівае нявінных. Прыйдзе час, калі праўда, свабода, справядлівасць і любоў перамогуць, калі запануе Валадарства Хрыста Уваскрослага. І ўрэшце, не бойцеся сатаны і яго вераломства. Бо князь гэтага свету, які шнарыць у пошуках, каб звесці каго-небудзь са шляху праўды і любові, ужо быў асуджаны Хрыстом Уваскрослым. Няма такога граху і такога зла, ад якога дзякуючы Хрысту Уваскросламу немагчыма было б вызваліцца і атрымаць вечнае шчасце. Бо дабро мацнейшае за зло, ласка мацнейшая за грэх, свабода мацнейшая за няволю, любоў мацнейшая за нянавісць, жыццё мацнейшае за смерць. Гэта тая вялікая праўда, якая грунтуецца на факце Змёртвыхпаўстання Пана. Аднак трэба прызнаць, што праўду прымаць часам цяжка. Сёння мы часта шукаем праўду, аднак плануем наперад, якой яна павінна быць. А калі яна не адпавядае нашым разумовым магчымасцям, мы яе не прымаем. Пасхальнай праўды немагчыма пазнаць толькі з дапамогай розуму, асабліва ў цяперашні час, калі людзі дастаткова часта аддаляюцца ад Касцёла, ад веры, ад Бога. Гэтую праўду можна пазнаць і прыняць толькі і выключна з дапамогаю веры. І таму, між іншым, Пілат, хаця ўжо ў Вялікую нядзелю меў адказ на сваё пытанне, гэтай праўды не прыняў. Не зразумеў. Яму не хапіла веры. І яшчэ адно варта ўсвядоміць: вера ў Змёртвыхпаўстанне Хрыста нарадзілася не з наіўных жаданняў; не са сведчання варты, што стаяла каля грабніцы Езуса; не з чутак, якія разносілі жанчыны; не са слоў Магдалены, якая Яго любіла; не з вестак, што кружылі сярод легкаверных людзей. Наадварот, навіна пра змёртвыхпаўстанне Хрыста сутыкалася з недаверам апосталаў да словаў жанчын, Магдалены, а св. Тамаш цэлы тыдзень супраціўляўся, казаў, што не паверыць, пакуль не дакранецца да ранаў і боку Езуса. Вера ў змёртвыхпаўстанне Езуса выйшла з самога Хрыста. Ён сваімі неаднаразовымі з’яўленнямі пасля паўстання з грабніцы, а таксама сваім выразным і рашучым словам абгрунтоўваў у свядомасці вучняў упэўненасць, што сапраўды перад імі іх уваскрослы Настаўнік. Толькі са шматразовых аб’яўленняў і прадказанняў Святога Пісання нарадзілася вера ў Хрыста, які ажыў. Пасля зразумення гэтага надзвычайнага факту ў апосталаў з’явілася гатоўнасць памерці за Хрыста, як і Хрыстус памёр за іх і за ўсіх людзей. Яны набылі таксама ўпэўненасць у тым, што як Хрысус перамог смерць, так і яны атрымаюць вечнае жыццё. Такім чынам, вялікая Нядзеля Змёртвыхпаўстання Пана сталася фундаментам хрысціянскай веры. Кожны, хто хоча паглыбіць веру, павінен прыходзіць да пустой грабніцы Езуса, дзе ляжалі толькі «палатніна і хуста, што была на галаве Яго» (пар. Ян 20, 7). Умацаванне веры — гэта нішто іншае, як нястомныя пошукі Хрыста Уваскрослага, гэта жаданне сустрэцца з Ім. Няхай гэтая Пасхальная праўда — Змёртвыхпаўстанне Хрыста Пана — ажыўляе нашую веру ў Яго прысутнасць да сканчэння вякоў у перамененых постацямі хлеба і віна ў святой Імшы, у святой Камуніі і ў табэрнакулюмах каталіцкіх святыняў. Няхай Уваскрослы Хрыстус, які пастаянна прабывае сярод нас у Эўхарыстыі, будзе крыніцай хрысціянскай мужнасці, каб мы не баяліся, але смела перамагалі ў нашым жыцці і паводзінах усялякія цяжкасці і перашкоды — як цялесныя, так і духоўныя, — згодна з Пасхальнай праўдай аб тым, што чалавек жыве вечна, што любоў мацнейшая за ўсялякае зло, а жыццё перамагае смерць. Будзем жа непарушна з’яднаныя з Езусам Хрыстом Уваскрослым, заўсёды прысутным у Эўхарыстыі, бо гэта ўмацоўвае нас у выпрабаваннях зямнога жыцця і з’яўляецца задаткам нашага змёртвыхпаўстання да хвалебнага жыцця ў вечнасці. Такія мае Велікодныя пажаданні вам, дарагія дыяцэзіяне, і да іх я далучаю сваё пастырскае благаслаўленне. Кардынал Казімір Свёнтэк Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі
Эўхарыстыя — крыніца міласэрнасці
13.07.2009 14:35
Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Перыяд Вялікага посту, які мы цяпер перажываем, з’яўляецца найлепшай нагодай для разважання пра вялікую любоў Бога, аб’яўленую ў місіі Езуса Хрыста, асабліва ў таямніцы Яго крыжовай ахвяры, якая няспынна ўзнаўляецца ў Эўхарыстыі. Жадаючы, каб таямніца Адкуплення і таямніца Эўхарыстыі сталі прадметам нашага разважання, Святы Айцец Ян Павел ІІ устанавіў Год Эўхарыстыі і ў Апостальскім лісце “Застанься з намі, Пане” (7 кастрычніка 2004 г.) даў нам парады, як належыць перажыць гэты год. Сённяшняя нядзеля ў нашай краіне прысвечана дабрачыннай арганізацыі “Карытас”, мэта дзейнасці якой — клопат пра найбольш бедных, пра тых, хто ў нястачы. Гэты клопат вынікае з нашай братняй любові, якая сваю сілу чэрпае з ахвярнай любові Хрыста, аб’яўленай ў Яго сакрамэнтальнай прысутнасці ў Эўхарыстыі. Такім чынам, можна сказаць, што дзейсная братняя любоў — гэта выраз свядомай удзячнасці Езусу за Яго сакрамэнтальную прысутнасць сярод нас. Таму ў гэтым Пастырскім лісце, ідучы за парадамі Святога Айца, мы імкнёмся паяднаць сваю свядомасць з Вялікай Таямніцай нашай веры і выявіць цесную сувязь, якая існуе паміж Эўхарыстыяй і дзейснай любоўю да бліжняга. “Пан Езус у тую ноч, калі быў выдадзены” (1 Кар 11, 23), устанавіў Эўхарыстычную Ахвяру свайго Цела і сваёй Крыві. Словы св. Паўла з’яўляюцца не толькі ўспамінам той падзеі ў Вячэрніку, але ўзнаўляюць сакрамэнтальную прысутнасць Езуса Хрыста і Яго Крыжовую Ахвяру. Гэтая праўда добра выражаецца ў словах, якія кажа народ Божы ў адказ на словы святара: “Гэта вялікая таямніца веры” — “Абвяшчаем смерць Тваю, Пане Езу”. Касцёл атрымаў Эўхарыстыю ад Хрыста, свайго Пана, не як адзін са шматлікіх каштоўных дароў, але як самы каштоўны дар, бо гэта — дар самога сябе, Яго ўласнай асобы. Дар Эўхарыстыі — гэта дар Божага збаўлення. Гэты дар не абмежаваны толькі мінулым, ён не з’яўляецца толькі ўспамінам былых падзей, бо тое, што Хрыстус учыніў для нас, перанёсшы столькі пакут дзеля ўсіх людзей, належыць да Божай вечнасці і пераўзыходзіць усе часы. Калі Касцёл здзяйсняе Эўхарыстыю — успамін Смерці і Змёртвыхпаўстання Хрыста, — здзяйсняецца справа нашага збаўлення. Дзякуючы гэтаму кожны вернік можа ў ёй удзельнічаць і карыстацца яе невычэрпнымі пладамі. Гэта вера, якою на працягу вякоў жылі пакаленні, якую нязменна абвяшчаў Касцёл, праз усе вякі заахвочваючы верных да ўдзячнасці (Павел VI, урачыстае вызнанне веры, 30.06.1968 г.). Што ж яшчэ мог учыніць для нас Езус? У Эўхарыстыі аб’яўляецца любоў Хрыста, якая ідзе ажно да канца; любоў, якая не ведае межаў (пар. 1 Кар 13, 1). Эўхарыстыя ў такім разуменні была прадметам асаблівага ўшанавання з самага пачатку яе існавання. Так сцвярджае вялікі настаўнік веры св. Тамаш Аквінскі, які ў сваіх працах напісаў, што здзяйсненне Найсвяцейшай Ахвяры мае такую ж вартасць, як і смерць Пана Езуса на крыжы. Святы Ян Віянэй таксама вучыў, што мучаніцтва чалавека за веру мае меншую вартасць, чым Ахвяра святой Імшы. Мучаніцтва за веру — гэта ахвяра чалавека для Бога, а святая Імша — гэта Ахвяра Бога для чалавека. Вынікам гэтага вучэння былі словы Папы Пія XII, на выказванні якога абапіраўся таксама ІІ Ватыканскі Сабор. Ён казаў, што Ахвяра Галгофы не адрозніваецца ад ахвяры, якая складаецца на алтарах нашых касцёлаў, бо кожны алтар — гэта ўзгорак, на якім узвышаецца крыж з Укрыжаваным і працягваецца паяднанне чалавека з Богам. Падсумаваннем вучэння Касцёла пра Эўхарыстыю з’яўляецца энцыкліка Святога Айца Яна Паўла ІІ пра Эўхарыстыю ў жыцці Касцёла Ecclesia de Eucharistia , абвешчаная 17 чэрвеня 2003 года. У ёй Святы Айцец выразна кажа, што Хрыстус раз і назаўсёды прынёс ахвяру і даверыў яе Касцёлу, каб складаў яе як Ахвяру і карміў ёю верных да сканчэння свету. Святы Айцец зноў выразна падкрэслівае, што ў Эўхарыстыі ёсць сіла, якая нас унутрана перамяняе, умацоўвае і сее ў нас зерне надзеі ў нашай зямной вандроўцы. У Эўхарыстыі таксама нараджаецца і ажывае місія кожнага чалавека ў Касцёле. На падставе гэтага Святы Айцец разважае над праблемай грамадскага значэння Эўхарыстыі. Хрысціяне, спажываючы Эўхарыстыю, умацоўваюць сваю душу. З Эўхарыстыі паходзіць дар любові і салідарнасці, бо сакрамэнт алтара нельга аддзяліць ад запаведзі ўзаемнай любові (Год Эўхарыстыі — Дакументы Касцёла, с. 109). Не выпадкова ў Евангеллі св. Яна мы не знаходзім апісання ўстанаўлення Эўхарыстыі, але чытаем пра тое, як Езус абмывае ногі Апосталам (Ян 13, 1-10). Такім чынам Пан Езус аб’явіў любоў, якая не пануе, а служыць. Сённяшняму свету так патрэбныя менавіта такія простыя і канкрэтныя знакі любові. Іх мерай з’яўляецца Эўхарыстыя, і нам усім неабходныя тыя знакі як прыклады для наследавання. Аднак не трэба думаць, што толькі сёння мы пачалі гаварыць пра грамадскае значэнне Эўхарыстыі. Гэтыя прынцыпы былі ўжо вядомыя ў першыя стагоддзі хрысціянства. Ужо ў ІІ стагоддзі св. Ігнацый з Антыёхіі акрэслівае хрысціянаў як тых, хто захоўвае прадпісанне адносна нядзелі, а таксама жыве верай у Змёртвыхпаўстанне Хрыста і Яго рэальную прысутнасць падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі. Святы Юстын нагадвае, каб тыя, хто жыве ў дастатку, падзяліліся, як палічаць патрэбным, сабранымі дарамі, каб перадалі іх таму, хто ўзначальвае супольнасць, а той няхай дапаможа сіротам і ўдовам, пакінутым з-за хваробы ці па іншай прычыне, а таксама чужаземцам і вязням. Карацей кажучы, няхай дапаможа ўсім, хто ў патрэбе (Год Эўхарыстыі — Дакументы Касцёла, с. 110). Такім чынам, святая Камунія ўсім дае свае плады, умацоўвае нашую еднасць з Хрыстом, аддзяляе нас ад граху, заахвочвае дапамагаць бедным і дае задатак вечнага жыцця (ККК 1391–1398). Плады святой Камуніі не аднолькавыя ва ўсіх, яны залежаць ад падрыхтоўкі да святой Імшы і падзякі пасля яе. Святы Тамаш Аквінскі нават піша, што ласка святой Камуніі ўзрастае па меры таго, як узрастае падзяка. Маючы на ўвазе ўзрастанне нашых заслуг праз розныя добрыя ўчынкі, мы хацелі б перанесці малітоўную падзяку пасля святой Камуніі на “падзяку ўчынкам”, якая рэалізуецца праз дзейсную дапамогу бедным і патрабуючым. Такая падзяка для таго, хто прымае святую Камунію, стане заслугай, а для бедных — духоўнай радасцю ад атрыманай дапамогі. Няхай з узрастаннем колькасці людзей, якія прымаюць святую Камунію, павялічваецца колькасць учынкаў міласэрнасці і памяншаецца колькасць тых бліжніх, якія жывуць у нястачы. Праз нашыя ўчынкі міласэрнасці паводле слоў св. Яна Хрызастома мы будзем “зямлю ператвараць у неба”. Дзякуючы гэтаму нашая хрысціянская любоў, якая канцэнтруецца на Эўхарыстыі як пачатку, будзе працягвацца ў канкрэтным служэнні чалавеку і будаваць свет паводле Божай задумы (“Я — з вамі”, адвэнтавыя рэкалекцыі, с. 98). Плады дабрачыннай працы паасобных людзей, хоць яны і збаўчыя, у сённяшняй рэчаіснасці не такія шматлікія, як у арганізаванай групе. Не ўсе людзі ведаюць адзін аднаго. Сярод нас жыве шмат бедных, пра якіх ніхто не ведае, якім ніхто не дапамагае, а яны з-за нясмеласці не адважваюцца прасіць іншых аб дапамозе. Дапамога паасобных людзей заўсёды будзе адзінкавай і залежнай ад індывідуальных магчымасцяў. Паўсюдную дапамогу, якая ахоплівае ўсіх тых, хто жыве ў нястачы, можа арганізаваць толькі парафія, якая з’яўляецца супольнасцю вернікаў. Парафія павінна дзейнічаць праз парафіяльную дабрачынную групу, якая можа складацца з адпаведных людзей, здольных прысвяціць сябе ахвярнай працы. Члены камітэта павінны добра ведаць сітуацыю ў парафіі і мець больш блізкі кантакт з беднымі. Кіраўніком групы павінен быць пробашч парафіі, і яго таксама трэба інфармаваць аб патрэбах парафіі. Парафіяльная група павінна ўзяць на сябе ўсе ініцыятывы, якія датычаць дапамогі бедным, а таксама здабывання фінансавых сродкаў і іх размеркавання. У размеркаванні дапамогі нельга кіравацца выключна рэлігійнымі меркаваннямі, але неабходна аказваць дапамогу згодна з вучэннем Хрыста. Трэба, каб паўставалі і дзейнічалі на нашай зямлі парафіяльныя дабрачынныя групы. Ажыўленне дабрачыннай дзейнасці ў парафіі будзе найлепшым пладом Эўхарыстычнага Года і трывалай падзякай Езусу, які прабывае між намі і прыходзіць у нашыя сэрцы. На гэтую плённую працу шчырым сэрцам благаслаўляем: у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Біскупы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі
Паведамленне з ХXІІІ Пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
13.07.2009 14:33
[ 28 снежня 2004 г., Мінск ] У пасяджэнні прынялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі разам са Старшынёй ККББ кардыналам Казімірам Свёнткам. Старшыня паведаміў прысутным аб прызначэнні Святым Айцом 14 снежня біскупа Антонія Дзям’янка Дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і аб адначасовым звальненні яго з пасады Дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі. Прысутныя зацвердзілі душпастырскую праграму на 2005 г., распрацаваную з улікам абвешчанага Святым Айцом Года Эўхарыстыі. Гэтая праграма ўключае між іншым наступныя ініцыятывы: дэкараванне святыняў эўхарыстычнымі сімваламі і сімваламі пакліканняў; клопат пра бяспечнае і годнае захоўванне Найвяцейшага Сакрамэнта ў табернакулюме; утварэнне дыцяэзіяльных камітэтаў эўхарыстычных святкаванняў; распрацоўка Календара адарацыі ў кожнай парафіі; правядзенне Эўхарыстычных кангрэсаў у Будслаўскім, Тракельскім, Удзельскім і Лагішынскім санктуарыях; засяроджанне асаблівай увагі ў лістападзе, месяцы пакліканняў, на пакліканнях да святарства і манаскага жыцця праз: сімпозіумы у кожнай дыяцэзіі; малітвы аб святарскіх і манаскіх пакліканнях у парафіях і сем’ях; малітвы за памерлых духоўных і кансэкраваных асобаў; правядзенне катэхезаў і выпуск бюлетэняў на тэму пакліканняў; сведчанні і катэхезы, сустрэчы клерыкаў з міністрантамі, моладдзю і вернікамі ва ўрачыстасць Хрыста Валадара ў розных парафіях па ўсёй краіне. стварэнне ўмоў для прыняцця Святой Камуніі хворымі і пажылымі людзьмі прынамсі раз у месяц; стварэнне ў касцёлах адпаведных умоў для адарацыі вернікамі Найсвяцейшага Сакрамэнта на працягу тыдня; арганізацыя пілігрымак у санктуарыі, у тым ліку для дзяцей, якія прынялі Першую Камунію; асвятленне эўхарыстычных тэмаў у сродках масавай інфармацыі (часопісах, газетах, Інтэрнэце); абвяшчэнне казанняў на тэму Эўхарыстыі на працягу года, у тым ліку падчас святой Імшы па радыё; праяўленне ініцыятывы адносна пабудовы святыні Божага Цела ў кожнай дыяцэзіі, асабліва ў новых мікрараёнах вялікіх гарадоў. Прысутныя прынялі прадстаўлены Старшынёю пераклад на беларускую мову Цырыманіялу пасвечанняў біскупа, святара, дыякана. Тэкст Цырыманіялу будзе высланы ў Кангрэгацыю Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў для зацверджання. Старшыня Рады па справах моладзі пазнаёміў прысутных з ходам падрыхтоўкі да Сусветных дзён моладзі, якія адбудуцца ў Кёльне 16–21 жніўня 2005 г. Старшыня паінфармаваў прысутных аб выданні адпаведнага дэкрэту, які ўводзіцца ў дзеянне з 1 студзеня 2005 г. і абавязвае пры цэлебраванні святой Імшы на беларускай мове карыстацца выключна зацверджаным тэкстам Імшалу Editio typica III. Прынята рашэнне выдаць на 3-ю нядзелю Вялікага посту Пастырскі ліст ККББ аб «Карытасе». Віцебскі біскуп падзяліўся вопытам арганізацыі ў яго дыяцэзіі ўжо ў трэці раз Дзён хрысціянскай культуры. Былі абмеркаваны таксама іншыя душпастырскія патрэбы Касцёла ў Беларусі. Біскуп Антоні Дзям’янка, Генеральны сакратар
Пастырскі ліст на Божае Нараджэнне 2004 года Пана
13.07.2009 14:27
Шаноўныя браты і сёстры, умілаваны народ Божы! 1. Ва ўсіх нашых святынях — як у старажытных, так і ў новазбудаваных, як у багата аздобленых, так і ў сціплых — паўсюль, дзе ў гэтыя святочныя дні мы збіраемся, каб разам узносіць малітвы да нябеснага Айца, наша ўвага скіроўваецца да маленькіх яселькаў, у якіх на сене ляжыць нованароджанае Дзіцятка. Мы глядзім на Яго, і сэрцы напаўняюцца цеплынёю, а ў душу вяртаюцца супакой і радасць.Тое, што адбылося ў Бэтлееме шмат стагоддзяў назад, і сёння застаецца вельмі важным і актуальным, бо і ў наш час усім нам так патрэбны вера, надзея і любоў. Дзелячыся аплаткам, спяваючы калядкі, мы нанова перажываем Нараджэнне Езуса ў нашым жыцці. У гэты час Бог становіцца асабліва блізкім, і кожны можа пачуць Яго голас у сваім сэрцы, а таксама ў словах Святога Пісання, што гучаць падчас Святой Імшы. Давайце ж уважліва ўслухаемся ў іх, разважаючы пра бясконцую любоў Бога да чалавека, да кожнага з нас, да ўсяго роду людскога, і запросім Езуса ў нашыя сем’і, прымаючы Святую Камунію. 2. У літургіі слова сённяшняй урачыстасці мы чуем: «Шмат разоў і па-рознаму прамаўляў калісьці Бог да айцоў нашых праз прарокаў, у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына» (гл. Гбр 1, 1-2). Праз Сына, які, будучы спрадвечным Богам, стаў чалавекам. Ён нарадзіўся ў Бэтлееме, нарадзіўся таксама як і ўсе людзі. І першыя, хто ўзрадаваўся Яго прыйсцю на свет, былі Яго Маці Марыя і апякун Юзаф. У захапленні мы схіляемся перад велічнай таямніцай, пра якую гаворыцца ў Евангеллі: «Напачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова» (гл. Ян 1, 1). «Слова, якое сталася Целам і пасялілася між намі» (гл. Ян 1, 14) — гэта Пан Езус. «У Ім, у Слове, якое сталася Целам, была аб’яўлена не толькі таямніца Бога, але таксама таямніца чалавека. У Ім (у Езусе) чалавек знаходзіць адкупленне і паўнату», – нагадвае нам гэтую праўду Папа Ян Павел ІІ у Апостальскім лісце «Застанься з намі, Пане», прысвечаным Эўхарыстыі (Ян Павел ІІ, Апостальскі ліст, п. 6). Менавіта гэтую праўду святой веры мы вызнаём, калі прамаўляем словы малітвы «Анёл Панскі». У ёй мы кожны дзень у думках вяртаемся да векапомнай гістарычнай падзеі ў Бэтлееме, перажываем таямніцу любові Бога да нас і ўсведамляем нашую чалавечую годнасць. 3. Уражвае сваёй глыбінёю думка вялікага паэта і мысліцеля Адама Міцкевіча, які нарадзіўся ў Навагрудку ў Вігілію Божага Нараджэння. Ён сказаў: «Дарэмна нарадзіўся Езус у бэтлеемскіх яслях, калі не нарадзіўся ў табе». Як жа нараджаецца Пан Езус у табе, браце; у табе, сястра; у кожным з нас, вернікаў Ягонага Касцёла? Ён нараджаецца тады, калі чалавек шчыра просіць у Бога прабачэння за свае грахі і прымае Святую Камунію. «У сакрамэнце Эўхарыстыі Збаўца, які дваццаць стагоддзяў назад прыняў цела ва ўлонні Марыі, працягвае ахвяраваць сябе чалавецтву як крыніца Божага жыцця» (Выш. цыт., п. 7). Такім чынам, узгадваючы Нараджэнне Пана Езуса ў Бэтлееме, мы павінны таксама ўсведамляць Яго жаданне нарадзіцца ў нас. Удзел у Імшы і прыняцце Святой Камуніі пасля шчырай споведзі — гэта ўдзел у вялікай справе любові Бога да чалавека, да кожнага з нас; гэта запрашэнне Езуса да сябе і абранне Яго сваім спадарожнікам на жыццёвым шляху, бо менавіта Ён з’яўляецца «Крыніцаю Божага Жыцця» (Тамсама, п. 7). «Актуалізуючы мінулае, Эўхарыстыя разам з тым скіроўвае нас у будучыню — да апошняга прыйсця Хрыста перад канцом свету. Гэты “эсхаталагічны” аспект надае сакрамэнту Эўхарыстыі сілу, якая захапляе і дапамагае з надзеяй крочыць хрысціянскім шляхам» (Тамсама, п. 15). Наймілейшыя! 4. Праз абвешчаны Год Эўхарыстыі, Божы Провід дае цудоўную магчымасць і дапамогу, каб умацаваць нас у зямным вандраванні. На працягу ўсіх гэтых месяцаў, да кастрычніка 2005 года, ідучы за заклікам Святога Айца Яна Паўла ІІ, мы будзем асаблівым чынам разважаць аб «такім вялікім Сакрамэнце». У гэтым разважанні дапаможа нам таксама першы Імшал на беларускай мове, зацверджаны Апостальскай Сталіцай, якім мы пачынаем карыстацца з першых дзён новага года. 5. Сабраныя ва ўрачыстасць Божага Нараджэння каля алтара і яселькаў, каб праз удзел у Эўхарыстыі нанова перажыць збаўчую падзею, удзельнікамі якой сталі бэтлеемскія пастушкі, мы ўсе ўкленчым, калі будзем вымаўляць добра вядомыя нам словы з Вызнання веры: «Ён дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўлення зышоў з неба. І ўцелавіўся ад Духа Святога з Дзевы Марыі, і стаўся чалавекам». Вось таямніца ўцелаўлення Бога ў Спрадвечным Сыне. Стоячы на каленях, мы выяўляем нашую веру ў гэтую невымоўную рэчаіснасць. 6. Калі прыступаем да Святой Камуніі, святар, паказваючы Найсвяцейшую Гостыю, гаворыць: «Цела Хрыста», і кожны адказвае «Амэн». Гэта слова, якое з’яўляецца выразам нашай веры, а таксама прызнання, праслаўлення і ўдзячнасці. Яно лучыць нас з бэтлеемскімі пастушкамі ў перспектыве той святой ночы, калі «Слова сталася Целам» — Целам і Крывёю Новага Запавету Бога з чалавекам. У Святой Камуніі мы пачынаем разумець, што Бог ёсць любоў. Толькі гэтае ўсведамленне можа вывесці душу чалавека з любых аблудных шляхоў яго зямнога існавання і вызваліць ад пачуцця бязвыхаднасці. Эўхарыстыя — гэта дар Бога, які дае чалавеку сілу пераадольваць нават самыя цяжкія этапы ў яго жыцці. Бэтлеемскія пастушкі, якія паслухаліся нябесных пасланнікаў (пар. Лк 2, 9-14), не толькі да сваёй працы вярнуліся іншымі, але і сябе зразумелі па-іншаму, паўней, радасней. Колькі разоў, падобна да бэтлеемскіх пастушкоў, чалавек наблізіцца да «Слова, якое сталася Целам», — гэта значыць да Езуса — і гасцінна прыме Яго ў Боскай Эўхарыстыі, столькі разоў зменяцца яго адносіны да Бога, да людзей, да навакольнага свету і да асабістага «я». 7. Жадаю вам, умілаваныя браты і сёстры, а таксама ўсім людзям добрай волі глыбейшага ўсведамлення праўды аб тым, што Божае Нараджэнне трывае надалей, бо Хрыстус нараджаецца кожны раз, калі цэлебруецца Святая Імша; Ён хоча пастаянна нараджацца ў нашых сэрцах; Ён працягвае да нас рукі і дорыць нам збаўленне і міласэрнасць, дорыць сваю Любоў. Прытуліце Яго да сябе, прыміце ў свае сем’і і ідзіце з Ім па жыцці, абвяшчаючы хвалу Бога ў небе і супакой людзям добрай волі. Жадаю, каб Божая радасць, нанова абуджаная ва ўрачыстасць Нараджэння Пана, трывала ў вас і сваім святлом праганяла шэрасць будняў у новым 2005 годзе. Няхай дапаможа вам у гэтым традыцыйная і заўсёды новая малітва «Анёл Панскі». Жадаю, каб радасць паяднання з Хрыстом у Эўхарыстыі вы не трымалі толькі ў сабе, але неслі яе сваім блізкім і ўсім, хто з намі жыве і працуе. На ажыццяўленне гэтых і іншых высакародных пажаданняў ад усяго сэрца благаслаўляю. Кардынал Казімір Свёнтэк Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі
Старонка 20 з 23
У пачатак
Назад
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
Наперад
У канец
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Галоўная
Навіны
Анонсы
divider
Беларусь
Ватыкан
Замежжа
divider2
Дашлі навіну
Публіцыстыка
Касцёл у Беларусі
Літургія
Бібліятэка
Пра нас
Папулярныя радзелы навінаў
Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
Віцебская дыяцэзія
Гродзенская дыяцэзія
Пінская дыяцэзія
Грэка-каталіцкая Царква
Апостальская Сталіца
Замежжа
Інтэрв'ю
Папа Францішак
Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця