Пошук

Панядзелак, 13 ліпеня 2009
13.07.2009 16:07
    Мінск, 3 красавіка 2009 года Яго Святасць Папа Бэнэдыкт XVI Ватыкан Ваша Святасць, Мы, каталіцкія біскупы Беларусі, занепакоены жорсткімі беспадстаўнымі нападкамі, якія апошнім часам назіраюцца ў многіх краінах на Вашу Паважаную і Шаноўную Асобу, Пятра нашага часу і Яго навучанне. Мы не згаджаемся з іх зместам і метадамі. Мы кіруем да Вашай Святасці сардэчныя выразы салідарнасці, падтрымку для Вашых адказных, адважных і годных пашаны рашэнняў, якія перадаюць з любоўю і мудрасцю чыстую і непарушную дактрыну Касцёла, нічога не лагодзячы, не змяняючы ці замоўчваючы. Мы, біскупы Беларусі разам з святарамі, кансэкраванымі асобамі і тымі, якія рыхтуюцца да законнага жыцця, алюмнамі абедзвюх Вышэйшых духоўных семінарый (у Гродне і Пінску) і народам, нам давераным, – усе – салідарныя з Вашай Святасцю і прагнем хаця б крыху злагодзіць нясенне крыжа, ускладзенага на плечы Вашай Святасці. Мы хочам абяцаць трывалую і арганізаваную малітоўную падтрымку і сістэматычнае вывучэнне папскага навучання. З дапамогай Марыі — Маці Касцёла — ад першай нядзелі месяца прысвечанага Ёй (31.05.2009), кожная дыяцэзія будзе прысвячаць асаблівыя малітвы і абвяшчэнні навучання Найвышэйшага Пастыра вызначаны тыдзень у цыклічным парадку: - І тыдзень месяца: Мінска-Магілёўская архідыяцэзія - ІІ тыдзень месяца: Гродзенская дыяцэзія - ІІІ тыдзень месяца: Пінская дыяцэзія - IV тыдзень месяца: Віцебская дыяцэзія «Папскае дзяжурства чування» будзе пачынацца ў нядзелю і заканчвацца ў суботу. У нядзелю, у дыяцэзіяльным марыйным санктуарыі будзе адпраўлена святая Імша ў інтэнцыі Святога Айца з «папскім навучаннем», ва ўсіх святынях на кожнай святой Імшы будзе ўзнесена малітва ў інтэнцыі Святога Айца і азнаямленне з «папскім навучаннем». У адмысловыя дні ва ўсіх святынях, катэхетычных залах «дыяцэзіі, якая чувае» адбудуцца малітоўныя сустрэчы і набажэнствы, а таксама абвешчана «папскае навучанне». Па меры магчымасцяў будуць паказаны фільмы з апостальскіх падарожжаў ці ўрачыстасцяў з удзелам Вашай Святасці. У першую нядзелю месяца святая Імша, якая транслюецца беларускім радыё на тэрыторыю ўсёй Беларусі, будзе адпраўлена ў інтэнцыі Святога Айца з абвяшчэннем «папскага навучання». У душпастырскіх аб’явах кожнай нядзельнай трансляцыі святой Імшы, будзе падавацца інфармацыя, якая дыяцэзія на даным тыдні рэалізуе «Папскае дзяжурства чування». Каталіцкія часопісы і газеты на сваіх старонках будуць прысвячаць больш месца на навучанне Папы. Святы Ойча, спадзяёмся, што наш сыноўні і душпастырскі выраз адзінства і салідарнасці на стэрэатыпы і варожасць, скіраваную да Вашай Асобы і Касцёла, стане суцехай і падтрымкай, а для нас далейшай падрыхтоўкай да спаткання з Пятром нашага часу на змучанай беларускай зямлі. Sursum corda, Святы Ойча! Няма нічога злога, што б не выйшла на добрае, бо «Ласка і міласэрнасць над Яго абранымі і над святымі Яго Провід» (Мдр 4, 15). Пакорная любоў у Праўдзе, якую Ты абвяшчаеш, гэта моц, з якой ніякая сіла не можа змерыцца. Святы Ойча, сардэчна просім, благаславі біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў, тых, хто рыхтуецца да законнага жыцця, семінарыстаў, увесь народ, давераны нашай душпастырскай апецы, а таксама творчую рэалізацыю плана «Салідарныя з Папам». За гэтую ласку сардэчна дзякуем. Адданыя ў Хрысце
13.07.2009 16:05
[3 красавіка 2009 г., г. Мінск] У пасяджэнні прынялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі на чале са Старшынёй ККББ біскупам Аляксандрам Кашкевічам. Прысутнічаў таксама Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч. З нагоды надыходзячых велікодных святаў сабраныя на канферэнцыі ўдзельнікі накіравалі віншаванні Святому Айцу Бэнэдыкту XVI, падкрэсліваючы лучнасць з ім у яго намаганнях адносна захавання хрысціянскай этыкі і маралі. Сабраныя азнаёміліся з прапановамі адносна збору касцёльнай дакументацыі з мінулых дзесяцігоддзяў, калі адсутнічалі поўныя касцёльныя структуры ў Беларусі. Былі абмеркаваны некаторыя пытанні адносна каардынацыі дабрачыннай дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Сабраныя прынялі справаздачы з дзейнасці Інтэрнэт-службы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і Бюро Адказнага за СМІ пры Сакратарыяце ККББ. Была прынята справаздача з дзейнасці Душпастырскага цэнтра пры ККББ і ўзгоднены будучыя душпастырскія планы і праекты. Біскуп Антоній Дзям’янка Генеральны Сакратар ККББ
13.07.2009 16:04
«Хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае, а хто прымае Мяне, прымае таго, хто паслаў Мяне. Бо, хто меншы сярод усіх вас, той будзе вялікі» (пар. Лк 9, 48). Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры! Урачыстасць Звеставання Пана з’яўляецца адначасова ўспамінам Уцелаўлення Божага Сына ва ўлонні Панны Марыі i пачаткам нашага збаўлення. Сёння мы асабліва ўсведамляем бясконцую любоў Бога, які першым выйшаў да грэшнага чалавека са сваім дарам міласэрнасці i «так палюбіў свет, што аддаў Сына [свайго] Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (пар. Ян 3, 16) . З вялікай пакораю і ўдзячнасцю мы вызнаём нашую веру, паўтараючы: «Ён дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўлення зышоў з неба. І ўцелавіўся ад Духа Святога з Дзевы Марыі, і стаўся чалавекам» (Апостальскі Сімвал веры) . Уцелаўленне Божага Сына найперш паказвае нам звышнатуральную каштоўнасць i святасць чалавечага жыцця, якое паходзіць ад Бога. Езус пачаў жыць пад сэрцам Марыі, Бог прыняў людское цела, a таму кожнае чалавечае жыццё набыло вялікую каштоўнасць. Аднак сёння мы часта з’яўляемся сведкамі зневажання жыцця i годнасці чалавека, драматычным сведчаннем чаго стала забойства ненароджаных дзяцей, эўтаназія, бессэнсоўныя войны, насілле i забойства бязвінных людзей. Супрацьстаянне гэтым сучасным тэндэнцыям і падкрэсліванне святасці жыцця — гэта наш хрысціянскі абавязак. Таму таксама Дзень святасці жыцця, які адзначаецца ва ўрачыстасць Звеставання Пана, на стала замацаваўся ў літургічным календары Каталіцкага Касцёла на Беларусі. Кожная сапраўдная сужэнская любоў павінна быць скіравана на новае жыццё як плён свайго ўзаемнага з’яднання. Нараджэнне i выхаванне дзяцей — адна з першых мэтаў сужэнства. Чым больш у сям’і дзяцей, зачатых у праўдзівай любові сужэнцаў, тым больш Божага благаслаўлення ў іх выхаванні да ахвярнасці i любові. Сужэнцы, прымаючы рашэнне наконт колькасці дзяцей, не могуць кіравацца эгаізмам, любоўю да выгодаў, кантрацэпцыяй, але павінны кіравацца ахвярнай любоўю. Паколькі сям’я з’яўляецца асяродкам жыцця, то самым цяжкім грахом у гэтай сферы з’яўляецца забойства зачатага жыцця, г. зн. аборт. Часта спрабуюць зменшыць i апраўдаць гэтае злачынства, называючы яго рэгуляцыяй, аперацыяй, перарываннем цяжарнасці або іншымі ўкрытымі назвамі. Заклапочаны шчасцем сем’яў Слуга Божы Ян Павел ІІ падкрэслівае, што «Бог, Даўца і Валадар жыцця, чакае ад сужэнцаў, каб у служэнні жыццю яны ніколі не адважваліся яго забіваць. Забойства ненароджаных дзяцей — гэта вялікая знявага годнасці i справядлівасці, трэба яго бязлітасна асуджаць i рашуча адкідваць… Народ, які забівае ўласных дзяцей — гэта народ без будучыні» (пар. FC 30) . Ніводная акалічнасць не можа апраўдваць такога дзеяння. Пра забойства зачатага дзіцяці не мае права вырашаць ні айцец, ні маці. Асмельваемся тут таксама нагадаць, што згодна з кананічным правам кожны, хто дапускае грэх аборту, пасля яго здзяйснення падлягае экскамуніцы моцаю самога права (пар. кан. 1398) , не толькі маці, але таксама муж, урач і іншыя саўдзельнікі гэтага граху. Таму трэба прыняць кожнае зачатае дзіця, як Божы дар, бо з самага пачатку гэта чалавек, які развіваецца і створаны паводле Божага вобраза і падабенства. Гэта азначае, што, калі мы служым жыццю, мы служым таксама Стварыцелю. Жыццё кожнага чалавека, без выключэння, ад пачатку ажно да натуральнай смерці, павінна аберагацца не толькі Божым законам, але таксама законам чалавечым. Каб абараніць наш народ ад злачынства забойства дзяцей, мы распачынаем сёння — у Дзень святасці жыцця — справу духоўнага ўсынаўлення зачатага дзіцяці. Яна заключаецца ў прыняцці пад малітоўную апеку аднаго дзіцяці, якому пагражае смерць ва ўлонні маці. Імя гэтага дзіцяці вядома толькі Богу. Малітвай ахопліваем не толькі зачатае дзіцё, але таксама яго бацькоў, каб яны прынялі яго з любоўю i добра выхавалі. Абавязацельства да такой малітвы прымае канкрэтная асоба на дзевяць месяцаў, г. зн. на час прабывання дзіцяці ва ўлонні маці, а менавіта з хвіліны зачацця да нараджэння. Штодзённая малітва ў інтэнцыі духоўна ўсыноўленага дзіцяці складаецца з адной таямніцы Ружанца, спецыяльнай малітвы, якую атрымаеце ад сваіх душпастыраў, a таксама дабравольна распачатых дадатковых рэлігійных практык (напр., пост, св. Камунія, дапамога патрабуючым, барацьба з дрэннымі звычкамі і г. д.). Духоўнае ўсынаўленне вынікае з міласэрнай любові да найменшай і цалкам безабароннай істоты. Гэта непасрэднае даручэнне Богу ў малітве гэтага духоўна ўсыноўленага дзіцяці, a таксама просьба аб змене мыслення яго бацькоў, каб, напоўненыя любоўю, яны не закрываліся на новае жыццё, не баяліся яго, бо яно з’яўляецца Божым дарам. Гэта вельмі важна, бо перыяд прабывання ва ўлонні маці найважнейшы для далейшага развіцця чалавека. Выпрошванне ў малітве бацькам любові да зачатага дзіцяці, перамены сэрца самых блізкіх, якія супраціўляюцца прыйсцю на свет маленькага чалавека, топіць лёд эгаізму ў свеце. Сем’і, якія любяць зачатае i народжанае дзіця, здольныя прыняць міласэрнасць Бога. Усё часцей здараецца, што сужэнствы, якія не могуць мець уласных дзяцей, пасля распачацця гэтай малітвы, згаджаюцца на духоўнае ўсынаўленне аднаго, a нават некалькіх дзяцей. Яны становяцца аазісамі цяпла любові ў эгаістычным свеце. Ратуючы зачатых дзяцей, мы прымаем удзел у перамяненні свету, запальваем для свету надзею. Гэта адпаведнае заданне для кожнага хрысціяніна, які павінен быць «святлом для свету». Духоўнае ўсынаўленне вядзе таксама да ўмацавання супакою ў свеце і ў сэрцах людзей, супрацьстаіць тэрарызму, цывілізацыі смерці i з’яўляецца крыніцай любові паміж людзьмі, а таксама вядзе да адказнасці за жыццё іншых. Яна вызваляе ў чалавеку крыніцы дабра, не дазваляючы з абыякавасцю абмінуць беды, драмы i трагедыі іншых людзей. На гэтую тэму выказвалася Маці Тэрэза Калькуцкая: «Жыццё — гэта найпрыгажэйшы дар Бога. Ён стварыў нас для вялікіх справаў — любіць і быць любімымі… Вучыце сваіх маладых любіць Бога. Вучыце іх маліцца. Калі палюбяць Бога, зробяць усё, што Ён хоча. Будуць любіць і шанаваць прыгожы дар жыцця. Будуць любіць i шанаваць цудоўны дар магчымасці перадаваць новае жыццё» (Маці Тэрэза Калькуцкая. Лісты) . Духоўнае ўсынаўленне дазваляе таксама чалавеку па-іншаму паглядзець на сябе, ацаніць пачуццё ўласнай годнасці i велічы як Божага дзіцяці, як дару ад Найвышэйшага, як падзяку за тое, што я існую, што жыву i што Бог мяне бязмежна любіць; што я сам, распачынаючы справу духоўнага ўсынаўлення, магу быць таксама дарам для іншых. Гэта будзе выяўляцца ў павазе да кожнай жанчыны, якая чакае патомства, a таксама да бацькоў шматдзетных сем’яў. Справа духоўнага ўсынаўлення распачынаецца таксама як справа пакаяння за грахі забойства дзяцей. Тады нашая малітва з’яўляецца выпрошваннем у Бога міласэрнасці для свету i такім чынам рыхтуе свет да паўторнага прыйсця Хрыста. Праз хвіліну будзем даваць абяцанне духоўнага ўсынаўлення. Нагадаем словы Езуса: «Хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае, а хто прымае Мяне, той прымае таго, хто паслаў Мяне» (пар. Лк 9, 48) , а таксама: «Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (пар. Мц 25, 40) . Гэтыя словы з’яўляюцца гарантыяй узнагароды i Божай прысутнасці ў нашым жыцці, калі мы будзем адкрытымі на тых «найменшых», якія патрабуюць дапамогі. Молячыся да Бога за духоўна ўсыноўленае дзіця, мы дапамагаем самому Хрысту, які жыве ў сваім Касцёле. Даручаем Багародзіцы, Маці жыцця, усе патрэбы кожнага жыцця. Усім, хто распачынае сёння справу духоўнага ўсынаўлення, абаронцам жыцця ненароджаных, бацькам, цяжарным маці, урачам, медыцынскім і сацыяльным работнікам ад усяго сэрца благаслаўляем + у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн. + Каталіцкія Біскупы Беларусі
13.07.2009 16:02
Любоў і пакора — гэта прынцып дзейнасці «Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго» (пар. Ян 13, 34). Дарагія браты і сёстры ў Хрысце Пану! Сёння, у трэцюю нядзелю Вялікага посту, мы хочам запрасіць вас у Вячэрнік, дзе Пан Езус разам з Апосталамі спажываў Апошнюю Вячэру. Як у запрошаных гасцей, у нас ёсць магчымасць паслухаць размову Хрыста з Апосталамі, мы можам убачыць, як Ён мые ім ногі, а потым прамаўляе да іх: «Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго» (пар. Ян 13, 34). Можна ўявіць, як збянтэжыліся Апосталы. Напэўна, некаторыя з іх маглі абурыцца, бо Той, хто быў іх Настаўнікам, каму яны паверылі, сёння гаворыць ім, што запаведзь любові — гэта штосьці новае. Той, з кім яны елі і пілі, гаворыць ім, што яны не ведаюць таго, што звычайна называецца любоўю да бліжняга. Не звяртаючы на гэта ўвагі, Езус працягвае далей: «Па гэтым пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго» (пар. Ян 13, 35). Пан Езус не толькі гаварыў Апосталам пра любоў да іншага чалавека, але перш за ўсё ўласным прыкладам паказваў, як рэалізоўваць гэтую любоў у штодзённым жыцці. Дарагія браты і сёстры, прыгадаем сцэну з жанчынаю-блудніцаю, якую прывялі да Езуса. Памятаем, што ўсе тады пагардзілі ёю, а Езус паставіўся да яе з пашанаю, дабрынёю і спагадаю. А калі да Яго прыйшлі фарысеі і падступна пыталіся: «Ці трэба плаціць падатак, ці не трэба?» — Ён зразумеў іх няшчырыя намеры і, нягледзячы на гэта, прыхільна і сур’ёзна адказаў на пастаўленае пытанне (пар. Мц 22, 15–22). Той жа заклік любові да бліжняга Езус таксама скіраваў і да нас. А дасканалым прыкладам рэалізацыі гэтай запаведзі Ён назваў самога сябе. З таго часу чалавек вучыцца нанава адкрываць тое, як жыць паводле найважнейшай запаведзі, пакінутай яму Езусам. Гэтаму вучыліся Апосталы, і сёння яны даюць нам неацэнныя падказкі і парады адносна нашых узаемаадносінаў з іншымі людзьмі. У Год святога апостала Паўла мы заахвочваем вас паслухаць парады, з якімі ён звяртаўся да першых касцёльных супольнасцяў. Такія словы ён скіраваў да Рымлянаў: «Старайцеся рабіць дабро ўсім людзям... Радуйцеся з тымі, хто радуецца, плачце з тымі, хто плача. Будзьце аднамысныя паміж сабою; не мудруйце празмерна, але наследуйце пакорных. ... » (пар. Рым 12, 15–16). Толькі такія ўчынкі пакажуць нам шлях да іншых людзей. Чым больш у нас будзе пакоры, тым больш чалавечых сэрцаў будзе для нас адкрыта. Чым больш у нас будзе дабрыні і спагады, тым больш будзе ўпэўненасці ў тым, што да нас прыйдуць  людзі, якім патрэбна наша дапамога. А чым больш у нас будзе весялосці і радасці, тым больш мы знойдзем людзей, якія павялічаць нашую радасць. Менавіта гэтага чакае ад нас Пан Езус: быць з тымі, хто радасны, хто сумны, хто пакуте ад няшчасця і голаду, і з тымі, хто багаты душою і сэрцам. Такой любові да бліжняга вучыць нас Боскі Настаўнік, бо мы сапраўды больш патрэбныя бедным, галодным, сумным і хворым людзям. Па прыкладзе Езуса Хрыста мы пасланыя менавіта да тых людзей, якіх Ён найбольш палюбіў. Гэта людзі, якія па-рознаму пакрыўджаныя лёсам, якія чакаюць, што хтосьці працягне ім руку дапамогі. Менавіта да іх мы пасланыя з любоўю і пакораю, якія павінны быць асноваю дзейнасці кожнага хрысціяніна. Пра гэтую дзейнасць, якая адкрывае нам шлях да служэння бедным і хворым, гаворыць святы апостал Павел: «Не думайце пра сябе лепш, чым трэба думаць, але ацэньвайце сябе цвяроза, паводле меры, удзеленай кожнаму Богам веры. ... Так, паводле дадзенай ласкі, маем розныя дары: (...) калі гэта размеркаванне — мы павінны раздаваць у прастаце; (...) калі міласэрнасць — быць ласкавымі. Любоў няхай будзе некрывадушная. Майце нянавісць да зла, гарніцеся да дабра» (пар. Рым 12, 3–9). Праз любоў і пакору кожны хрысціянін пакліканы служыць бліжнім, а асабліва тым, каму найбольш патрэбная дапамога. У Касцёле ёсць таксама арганізацыі, галоўная задача якіх заключаецца ў дапамозе бедным, абяздоленым, хворым, тым, хто знаходзіцца ў палоне залежнасці, а таксама ўсім адкінутым грамадствам. «Caritas» — гэта дабрачыннае каталіцкае таварыства, якое ўжо шмат гадоў аказвае дапамогу такім людзям. Дзякуючы «Caritas» шмат людзей, якія не маюць дастатковых фінансавых сродкаў, каб жыць годна, атрымліваюць адзенне і прадукты харчавання. Дзякуючы «Caritas» сотні дзяцей, бацькі якіх не могуць забяспечыць належны адпачынак, могуць адпачываць бясплатна. Немагчыма пералічыць усёй дабрачыннай дзейнасці, якую вядзе «Caritas». Аднак заўсёды трэба памятаць, што гэта адбываецца дзякуючы шчодрасці людзей усяго свету, якія рознымі ахвяраваннямі спрыяюць таму, каб дабрачыннае таварыства «Caritas» магло прыходзіць на дапамогу найбольш незабяспечаным людзям. Сёння мы жадаем падзякаваць усім тым, хто якім-небудзь чынам аказвае дапамогу бедным і людзям у патрэбе. Няхай заахвочваннем на далейшае служэнне дзеля слабых, бедных, найбольш самотных і адкінутых грамадствам будуць словы святога апостала Паўла, які гаворыць пра ўзаемную любоў: «Сам Бог і Айцец і наш Пан Езус няхай скіруе да вас шлях наш. А вас няхай памножыць Пан і перапоўніць любоўю адзін да аднаго і да ўсіх, якую і мы маем да вас; каб умацаваць сэрцы вашыя беззаганнымі ў святасці перад Богам і Айцом нашым у час прыйсця Пана нашага, Езуса, з усімі Ягонымі святымі» (пар. 1 Тэс 3, 11–13).   Ад усяго сэрца  усіх благаслаўляем. Каталіцкія біскупы Беларусі Мінск, 9 лютага 2009 года
13.07.2009 16:01
Возьмем пад апеку сямейнае жыццё Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры! Чарговы раз Божы Провід дазваляе нам адзначаць свята Святой Сям’і. І гэтае сённяшняе свята скіроўвае нашыя думкі і сэрцы да таго месца, дзе Пан Езус  разам з Марыяй і Юзафам правёў гады свайго дзяцінства і юнацтва, а менавіта — да дома ў Назарэце. У гэтым доме развіваліся сямейныя адносіны паміж Езусам, Марыяй і Юзафам, тут Пан Езус адчуў сямейнае цяпло, узрастаў у мудрасці, якой вучыўся ад бацькоў, і такім чынам пазнаваў Бога і людзей. Сёння Евангелле запрашае нас разам з Марыяй, Юзафам і Езусам у святыню, куды, паводле закона, трэба было прынесці першароднае дзіця, каб ахвяраваць Богу. У святыні Святая Сям’я сустракае Сімяона, які, убачыўшы Дзіцятка Езуса, узнёс прыгожы гімн праслаўлення. У той жа час з ягоных вуснаў Марыя пачула таксама словы, якія тады не зразумела, але якія захавала ў сваім сэрцы. Потым Святая Сям’я вярнулася дадому ў Назарэт. Езус «рос і ўмацоўваўся, і напаўняўся мудрасцю, а ласка Божая спачывала на Ім»  (пар. Лк 2, 40). За гэтымі словамі відаць звычайнае, простае сямейнае жыццё, якое і для нашых сем’яў  з’яўляецца школаю евангельскага жыцця. Гледзячы на жыццё Святой Сям’і ў Назарэце, мы вучымся праслаўляць Бога сярод штодзённых цяжкасцяў, бо, хоць  Марыя, Юзаф і Езус спазналі беднасць і пераслед, яны заўсёды давяралі Богу. Мы перажываем у Касцёле год святога Паўла, апостала народаў. Сёння нам трэба асаблівым чынам далучыцца да Марыі і Юзафа, якія разам з Езусам, баючыся за Яго жыццё, уцякаюць у Егіпет. Якая ж адважная была Марыя, калі, пачуўшы словы Юзафа аб тым, што трэба ісці, узяла Дзіцятка і ноччу накіравалася ў невядомы шлях. Яны былі адважныя, бо ахоўвалі сваю сям’ю, жыццё свайго дзіцяці ад бязлітаснага Ірада. Святы Павел нагадвае: «Бог не даў нам Духа боязі, але сілы, любові і разважлівасці» (пар. 2 Цім 1, 7). Гэта значыць, што, дзякуючы Божай ласцы, мы таксама пакліканыя да такой жа адвагі і разважлівасці ў барацьбе за хрысціянскую сям’ю, за кожнае ненароджанае і народжанае чалавечае жыццё. Слуга Божы Ян Павел ІІ у Энцыкліцы Evangelium vitae нагадвае нам, што  выбар Хрыста — гэта таксама прызнанне святасці чалавечага жыцця: «Рашучы выбар на карысць жыцця набывае сваё поў¬нае рэлігійнае і маральнае значэнне, калі вынікае з веры ў Хрыста, праз яе ўдасканальваецца і з яе чэрпае сваю моц. Нішто так не дапамагае правільна падыходзіць да канфлікту паміж смерцю і жыццём, які з’яўляецца нашаю рэальнасцю, як вера ў Сына Божага, які стаўся чалавекам і прыйшоў да лю¬дзей» (EV 28). Кожны чалавек адораны розумам, вольнаю воляй і сумленнем, а кожны хрысціянін мае маральны і рэлігійны наказ адважна абараняць і шанаваць кожнае чалавечае жыццё. Менавіта ў Хрысце Бог дае нам дапамогу, робячы нас здольнымі дзейнічаць, рабіць дабро, «любіць чалавечае жыццё, служыць яму, абараняць і падтрымліваць яго» . У супольнасці, якой з’яўляецца Касцёл, мы ўсе пакліканыя любіць чалавечае жыццё і служыць жыццю. У Энцыкліцы Evangelium vitae Папа піша: «Усе мы павінны несці нашаму бліжняму паслугу любові, баронячы яго жыццё і заўсёды падтрымліваючы яго, асабліва тады, калі яно слабое альбо знаходзіцца ў небяспецы. Мы павінны клапаціцца пра яго не толькі паасобку, але таксама  супольна, беручы падмурак для новага грамадства, як безагаворачную павагу да чалавечага жыцця» (EV, 77). Каталіцкі Касцёл у Беларусі таксама ажыццяўляе шмат ініцыятываў, скіраваных на абарону чалавечага жыцця ад зачацця да натуральнай смерці. Адна з такіх ініцыятываў, якая называецца «Духоўнае ўсынаўленне», ужо некалькі гадоў праводзіцца ў нашай краіне. Дзякуючы адвазе і вытрымцы многіх тысяч вернікаў шмат ненароджаных дзяцей, якія знаходзяцца ў небяспецы смерці, застаюцца жыць. Дзякуючы малітвам і самаахвярнасці гэтых людзей бацькі, перад якімі стаіць дылема, перамагаюць страх і прымаюць смелае рашэнне, каб пакінуць свайму дзіцяці жыццё, а потым выхоўваюць яго ў атмасферы сямейнай любові. Мы ведаем, што «Духоўнае ўсынаўленне» звязана з асаблівымі намаганнямі і самаадрачэннем. Для многіх людзей іх уласнае цярпенне набыло сэнс, калі яны ахвяравалі яго ў інтэнцыі безабароннага дзіцяці, якому пагражае небяспека аборту. Папа Ян Павел ІІ, сёння Слуга Божы, у 1994 годзе, калі вярнуўся са шпіталя, такім чынам тлумачыў сэнс свайго цярпення: «Усё гэта з-за таго, што сям’я знаходзіцца ў небяспецы, сям’і наносіцца ўдар. Папа таксама трапляе пад удар, і ён павінен цярпець, каб падрыхтаваць будучыню, трэцяе тысячагоддзе сем’яў: кожнай сям’і і ўсіх сем’яў». Усім вернікам, якія ў мінулым годзе з энтузіязмам уключыліся ў «Духоўнае ўсынаўленне», мы выказваем словы сваёй глыбокай удзячнасці. Мы дзякуем і молімся за тых, хто якім-небудзь чынам служыць сям’і і чалавечаму жыццю. На працу служэння сем’ям і жыццю мы даручаем усіх вас словамі малітвы Слугі Божага Яна Паўла ІІ: «Няхай Святая Сям’я, ікона і ўзор для кожнай чалавечай сям’і, дапаможа кожнаму дзейнічаць у духу Назарэта. Няхай яна  дапаможа кожнай сям’і паглыбляць усведамленне ўласнай місіі ў грамадстве і ў Касцёле праз слуханне Божага слова, малітву і годнае братэрскае жыццё. Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя, Маці прыгожай любові, і святы Юзаф, апякун Адкупіцеля, суправаджаюць усіх сваёю пастаяннаю апекаю» (Ян Павел ІІ, Ліст да сем’яў, 23). Ад шчырага сэрца ўсіх вас благаслаўлем. Каталіцкія Біскупы Беларусі Мінск, 5 снежня 2008 года +Антоні Дзям’янка Тытулярны біскуп Лесві Адказны за Душпастырства
13.07.2009 16:00
5 снежня 2008 г., Сакратарыят ККББ, Мінск У Пленарным пасяджэнні прынялі ўдзел усе біскупы, а таксама ксёндз прэлат Крыспін Дубель, сакратар Апостальскай Нунцыятуры, і ксёндз Архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі Візітатар для Грэка-католікаў Беларусі. 1. На пачатку Пленарнага пасяджэння біскупы сустрэліся са старшынямі мужчынскіх манаскіх супольнасцяў, якія працуюць у Беларусі, і абмеркавалі каардынацыю душпастырскіх праграмаў, супрацоўніцтва і працу на карысць пакліканняў да святарства і манаскага жыцця. 2. Сабраныя павіншавалі сакратара Апостальскай Нунцыятуры з нагоды надання яму тытулу капелана Яго Святасці. 3. У сувязі са смерцю Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Алексія II сабраныя выслалі тэлеграму на імя кіраўніцтва Рускай Праваслаўнай Царквы са словамі спачування. 4. Сабраныя падтрымалі ініцыятыву Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага аб падрыхтоўцы і выданні «Літургічнай агенды», у якой будуць змешчаныя літургічныя тэксты для святара, што выкарыстоўваюцца на набажэнствах і сустрэчах з вернікамі. 5. Старшыня Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў пры ККББ прадставіў сабраным пераклад рытуалу «Сакрамэнту паяднання». Прысутныя, адзначыўшы, што тэкст патрабуе пэўных удакладненняў, шляхам галасавання зацвердзілі яго. 6. Біскуп, дэлегаваны ад ККББ на Сінод Біскупаў, які праходзіў у Рыме ў кастрычніку гэтага года, падрабязна распавёў прысутным аб працы Сінода. 7. Прысутныя вызначылі даты Пленарных пасяджэнняў ККББ у наступным годзе. Пасяджанні адбудуцца: 02.04.09, 25.06.09, 23.09.09, 02.12.09. 8. Старшыня Камісіі па агульнаму душпастырству ККББ прадставіў на разгляд прапанову душпастырскага плана на 2009 год. Старшыня Рады па справах сям’і ККББ прадставіў на разгляд сабраным праект Ліста на нядзелю Святой Сям’і з Назарэта. 9. Сабраныя абмеркавалі працу Сакратарыята ККББ і Нацыянальнага Caritas Беларусі. Былі таксама абмеркаваны некаторыя іншыя справы, актуальныя для Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне. Біскуп Антоні Дзям’янка Генеральны сакратар ККББ
13.07.2009 15:58
11 верасня 2008 г. у сакратарыяце Каталіцкіх Біскупаў Беларусі ў Мінску адбылося 37-е Пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. У пасяджэнні прынялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі на чале са старшынёю ККББ біскупам Аляксандрам Кашкевічам. На пасяджэнні прысутнічаў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч, сакратар Апостальскай нунцыятуры кс. Крыспін Дубель, а таксама Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў на Беларусі Архімандрыт Сяргей Гаек. Прысутныя падвялі вынікі візіту Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці папы Бэнэдыкта XVI кардынала Тарчызіо Бэртонэ ў Беларусь. Малітоўныя сустрэчы з іерархам Ватыкана адбыліся ў многіх месцах Беларусі з удзелам шматлікіх вернікаў. Біскупы адзначылі цёплы прыём і сардэчнасць з боку дзяржаўных уладаў, вернікаў і іншых жыхароў Беларусі. Прабыванне кардынала Тарчызіо Бэртонэ на Беларусі шырока асвятлялася ў сродках масавай інфармацыі. Дзякуючы гэтаму візіту як Касцёл, так і грамадства краіны стала больш вядомым у свеце. Сабраныя выказалі сваю занепакоенасць парадкам запрашэння і рэгістрацыі замежных святароў, накіраваных на душпастырскую працу ў Беларусь, а таксама запрошаных і прабываючых у краіне кансэкраваных асобаў з-за мяжы. Палічылі неабходным працягваць займацца вырашэннем гэтага пытання з дзяржаўнай уладай. Сабраныя разважалі над утварэннем структуры душпастырства пакліканняў у межах краіны, аб арганізацыі адпаведных сустрэчаў для моладзі, якая шукае сваё пакліканне. Абмяркоўвалася падрыхтоўка сужэнцаў да VI Сусветнай сустрэчы сем’яў, якая адбудзецца ў студзені 2009 г. у Мексіцы. Кожны атрымаў тэксты катэхезаў, якія прызначаюцца для дапамогі ў лепшай духоўнай падрыхтоўцы сем’яў да сустрэчы ў Мехіко. Былі разгледжаны некаторыя дакументы адносна паглыблення душпастырства сем’яў у краіне. На пасяджэнні прысутныя атрымалі інфармацыю пра заканчэнне тлумачэння тэкстаў II Ватыканскага Сабору на беларускую мову, а таксама пра падрыхтоўку да выдання гэтых важных і актуальных касцёльных дакументаў. Было прынята рашэнне ў пастаральным плане год Святога Паўла праводіць пад дэвізам «Слова Божае — жывое і дзейснае». Сабраныя з радасцю прынялі паведамленне аб прызнанні кіраўніцтвам Люблінскага каталіцкага універсітэта Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу тытула Doctor honoris causa гэтага універсітэта. Урачыстасць уручэння адбудзецца 25 верасня 2008 г. у Люблінскім універсітэце падчас ІІІ Кангрэсу хрысціянскай культуры, на якім Мітрапаліт выступіць з адпаведным дакладам. Антоні Дзям’янка Генеральны сакратар ККББ
13.07.2009 15:54
12.03.2008 г., цэнтр св. Лукі, в. Ляскоўка   У пасяджэнні прынялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі разам са Старшынёй ККББ біскупам Аляксандрам Кашкевічам. На пасяджэнні прысутнічаў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч.   Біскупы прынялі папраўкі і дапаўненні да нормаў Кананічнага Права ў адпаведнасці з прадпісаннямі для Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў паасобных краінаў.   Біскупы разгледзелі магчымасць прыняцця адзінага плана катэхезы для нарачоных. Гэтаму павінны дапамагчы катэхезы для нарачоных «Пакліканыя да любові», якія выдадзены па ініцыятыве Рады па справах сям’і пры ККББ.   На разгляд быў прадстаўлены пераклад рытуалу «Святая Камунія і культ эўхарыстычнай таямніцы па-за святой Імшой» на беларускую мову, падрыхтаваны Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ. Рытуал будзе высланы ў Апостальскую Сталіцу на зацвярджэнне.   Акрамя таго, сабраныя вырашалі арганізацыйныя пытанні па правядзенні сёлетняга фестывалю «Магутны Божа» ў Магілёве, свята Маці Божай Будслаўскай 2 ліпеня (узгоднена праграма правядзення). Быў вызначаны склад дэлегацыі з Беларусі на Сусветныя дні моладзі ў Сіднэі. Біскупы таксама абмеркавалі план правядзення ў тым жа часе моладзевай сустрэчы ў Івянцы, каб быць у лучнасці з сабранаю моладдзю ў Сіднэі.   Сабраныя выказалі сваю занепакоенасць у сувязі з зацвярджэннем новай пастановы Савета Міністраў РБ ад 30.01.2008 г. № 123, звязанай з парадкам запрашэння замежных грамадзянаў для ажыццяўлення рэлігійнай дзейнасці ў Беларусі.   11.03.2008 г. беларускія біскупы прымалі ўдзел у сустрэчы Caritas нашай краіны і некаторых краінаў Еўропы з мэтаю актывізацыі і каардынацыі дабрачыннай дзейнасці Caritas у Беларусі.   На пасяджэнні былі разгледжаны таксама іншыя пытанні, якія датычылі душпастырскіх патрэбаў Касцёла на Беларусі.   Генеральны сакратар ККББ біскуп Антоні Дзям’янка
13.07.2009 15:49
Чарговы раз у трэцюю нядзелю Вялікага посту мы адзначаем Нацыянальны дзень Caritas . Ён прыпадае на год, калі ў Канадзе адбудзецца 49-ы Эўхарыстычны кангрэс. Рыхтуючыся да гэтай падзеі, Касцёл нагадвае нам пра вялікае значэнне Эўхарыстыі ў жыцці хрысціяніна. Указвае на тое, што яна з’яўляецца Божым дарам для жыцця кожнага чалавека і ўсяго свету. Ідучы да Езуса Эўхарыстычнага, мы вучымся ахвяроўваць сябе іншым. Папа Бэнэдыкт ХVІ у адгартацыі Sacramentum Caritatis выразна падкрэслівае, што, «прымаючы ўдзел у ахвяры крыжа, хрысціянін удзельнічае ў ахвярнай любові Хрыста і атрымлівае здольнасць, а таксама абавязак жыць гэтай любоўю ва ўсіх сваіх жыццёвых паставах і чынах» (SC, 82) . Дзякуючы частаму ўдзелу ў Эўхарыстыі, мы напаўняем сваё сэрца клопатам пра людзей, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. «Ніводную хрысціянскую супольнасць немагчыма стварыць, калі ў яе няма кораня і асновы ў цэлебрацыі Найсвяцейшай Эўхарыстыі. [...] Каб цэлебрацыя Эўхарыстыі была сапраўднай і поўнай, яна павінна таксама весці да розных справаў міласэрнасці і ўзаемадапамогі» (Presbyterium ordinis, 6) , — вучыць Другі Ватыканскі Сабор. З пачатку гісторыі Касцёла таямніца Эўхарыстыі сягае яшчэ далей, ахопліваючы ўсіх, хто знаходзіцца ў патрэбе. Неўзабаве пасля спаслання Духа Святога вернікі ерузалемкай супольнасці пачалі дабравольна аддаваць свае дамы, каб апосталы маглі дзяліць паміж беднымі грошы, атрыманыя ад іх продажу (пар. Дз 2, 44) . Касцёл у ІІ стагоддзі яднаў з Эўхарыстыяй — Хлебам Божым — дзяленне звычайным хлебам. У той час вернікі складалі ў рукі святара, які ўзначальваў Эўхарыстыю, розныя дары. «Бо Ён атуляе клопатам сіротаў, удоваў, хворых або тых, хто з іншае прычыны церпіць нястачу, вязняў, чужаземцаў, гасцей, карацей кажучы, спяшаецца на дапамогу ўсім, хто мае патрэбу», — напісана ў адным з твораў святога Юстына. Дзякуючы ахвярнасці вернікаў, хрысціянская супольнасць можа спазнаць тое, што абвяшчае ў Божым слове і што цэлебруе ў Эўхарыстыі. Цяжка гаварыць пра дзейснае прапаведванне і пра плённую літургію, калі ім не спадарожнічае адказнасць за бліжняга і калі слова і сакрамэнт не вядуць да служэння, да аказання дапамогі тым, хто знаходзіцца ў патрэбе. Эўхарыстычная камунія з Хрыстом адкрывае вочы веры на вечныя каштоўнасці, робіць нас здольнымі распазнаваць аблічча Хрыста ў тварах бліжніх, якія знаходзяцца ў патрэбе. З усіх бакоў даходзіць да нас найчасцей бязгучная просьба аб дамозе. Уменне з разуменнем ставіцца да іншага чалавека патрабуе выйсця з кола ўласнага эгаізму і адкрыцця значэння і прыгажосці служэння бліжніму, нават калі ён здаецца «найменшым» у вачах іншых людзей. Салідарнасць з тымі, хто знаходзіцца ў патрэбе, азначае прысутнасць чалавечага сэрца. У бескарыслівым абмене нараджаецца рэальнае дабро, якое вяртае надзею, умацоўвае, а таксама здольнае падняць з найцяжэйшага ўпадку. У перыяд Вялікага посту Касцёл нагадвае нам пра асноўныя практыкі, якімі з’яўляюцца малітва, пост і міласціна. Яны павінны дапамагчы нам у працэсе ўнутранай адновы. А Пасланне Святога Айца Бэнэдыкта ХVI на Вялікі пост 2008 года звяртае нашу ўвагу на міласціну, «якая з’яўляецца канкрэтным спосабам дапамогі тым, хто знаходзіцца ў патрэбе, і ў той жа час аскетычным практыкаваннем з мэтаю вызваліцца ад прывязанасці да зямных дабротаў. [...] Міласціна дапамагае нам перамагчы гэтую неадступную спакусу і вучыць нас ісці насустрач патрэбам бліжніх, дзелячыся з іншымі тым, што мы маем дзякуючы Божай шчодрасці. Для гэтага прызначаны спецыяльныя зборы ахвяраванняў на карысць бедных, якія падчас Вялікага посту адбываюцца ў многіх рэгіёнах свету. Такім чынам, унутранае ачышчэнне дапаўняецца жэстам касцёльнай еднасці, як гэта адбывалася ўжо ў раннім Касцёле». Хрыстус абуджае ў нас пачуццё адказнасці за грамадскія справы. Калі Яго вучні спрабуюць аддаліць ад сябе праблему галодных людзей, прапануючы Яму загадаць ім разысціся і купіць сабе ежы ў навакольных вёсках, бо ўжо позняя гадзіна, Езус рашуча і катэгарычна адказвае: «Не трэба ім ісці, вы дайце ім есці!» Катэгарычныя словы Хрыста «вы дайце ім есці» застаюцца актуальнымі аж да сканчэння свету. Ніхто з людзей не вызвалены ад гэтага грамадскага абавязку. Ніякае «няхай яны неяк самі спраўляюцца», ніякія падказкі, што, можа, «няхай іншыя гэта зробяць», не могуць брацца пад увагу. Езус, прысутны ў галодным натоўпе, заўсёды будзе глядзець на кожнага чалавека позіркам, поўным просьбы. Можа, мяне непакоіць думка, што мая сям’я не дастаткова заможная і няздольная на справы дабрачыннасці. Сапраўдная любоў усё ж грунтуецца на прынцыпе: бедныя — бедным. Паслухайце сведчанне святой маці Тэрэзы з Калькуты: «Аднойчы вечарам у наш дом прыйшоў нейкі мужчына і сказаў, што ёсць сям’я, у якой восем дзяцей, і ім даўно ўжо няма чаго есці. Я занесла гэтай сям’і крыху рысу. На тварах дзяцей я бачыла жудасныя прыкметы голаду. А маці падзяліла рыс на дзве часткі і выйшла. Калі яна вярнулася, я запытала: „Куды ты хадзіла? Што рабіла?“ Прыгожым быў адказ гэтай жанчыны: „Яны таксама галодныя“. Я не здзівілася, што яна падзялілася з суседзямі. Яна вызнавала індуізм, а суседзі былі мусульманамі». Дзейнасць маці Тэрэзы, як і многіх іншых добрых людзей, не магла вырашыць праблему голаду ў сусветным маштабе. Аднак шмат могуць зрабіць паасобныя хрысціяне. Давайце задумаемся пра тысячы тон хлеба, які выкідаецца ў адходы. Пра вялікія сумы грошай, якія выдаткоўваюцца на дыеты і іншыя сродкі для пахудзення, яшчэ больш на алкаголь, цыгарэты і раскошнае адзенне. Тым, хто так робіць, — як і кожнаму з нас — маці Тэрэза кажа: «Калі часам нашы бедныя былі вымушаны паміраць з голаду, то не таму, што Бог не паклапаціўся пра іх, але таму, што ты і я нічым іх не адарылі, не былі прыладамі любові ў руках Бога, не далі ім хлеба, не далі ім адзежы, не распазналі Хрыста, калі Ён прыйшоў яшчэ раз у бедным адзенні, у галодным, у самотным, у бяздомным чалавеку і ў тым, хто шукае прытулку, у дзіцяці». Аказанне неадкладнай дапамогі тым, хто знаходзіцца ў патрэбе, не можа вырашыць усіх праблемаў, вакол якіх засяроджваецца дабрачынная дзейнасць. Неадкладаная дапамога можа аказвацца дзейсна і ў дастатковай колькасці асобам, якія маюць часовую патрэбу. Аднак у грамадстве заўсёды ёсць шмат катэгорый людзей, якім патрэбна пастаянная апека (дзеці, інваліды, невылечна хворыя і іншыя). Апека над імі патрабуе пастаяннага клопату, кваліфікаванага персаналу, сістэматычнага фінансавання і іншых захадаў). Усяго гэтага можна дасягнуць толькі арганізавана, таму абедзве гэтыя формы дзейнасці неабходныя і ўдзел католікаў у абодвух абавязковы. Дабрачынная дзейнасць, якая вядзецца Дабрачынным каталіцкім таварыствам Caritas у нашай краіне, ахоплівае ўсіх людзей, якія знаходзяцца ў патрэбе, незалежна ад іх веравызнання і нацыянальнасці. Галоўным крытэрыем аказання дапамогі з’яўляецца чалавек, які мае патрэбу. Дабрачыннае таварыства Caritas скіроўвае гуманітарную дапамогу ў шпіталі, дамы састарэлых, дзіцячыя дамы, у школы і каталіцкія парафіі. Арганізоўвае адпачынак, злучаны з кліматычным лячэннем, для дзяцей і моладзі як у Беларусі, так і за мяжою. З нагоды Божага Нараджэння дзеці з бедных і шматдзетных сем’яў атрымліваюць падарункі. Аказваецца таксама медыцынская дапамога. У некаторых мясцовасцях дзейнічаюць прытулкі, дзе дзеці са шматдзетных і праблемных сем’яў могуць зрабіць урокі і атрымаць гарачую ежу. У сталоўках для бедных выдаюцца абеды. Праводзяцца акцыі дапамогі інвалідам. Дзейнічае швейная майстэрня і камп’ютэрныя класы. Цэнтр св. Лукі ў Мінску аказвае дапамогу сем’ям, якія маюць дзяцей, хворых на рак. Ва ўсіх гэтых акцыях удзельнічаюць валанцёры. Дапамога патрабуючым не абмяжоўваецца толькі жыхарамі Беларусі. Мы далучаемся таксама да сусветных акцый, напрыклад, была аказана дапамога ахвярам землятрусу ў Іране і стыхійнага бедства ў Азіі. Мы хочам шчыра падзякаваць тым, хто штодня праяўляе любоў і міласэрнасць да сваіх блізкіх. Выконваючы запаведзь любові ў найбліжэйшым асяроддзі, яны будуюць Божае Валадарства. Сведчаць пра тое, што жыццё паводле Евангелля ў сённяшні час магчымае і дае шчасце зямное і вечнае. У першую чаргу мы дзякуем дзецям, якія не забываліся пра сваіх старых і хворых бацькоў і знайшлі для іх месца ў сваіх дамах. Суседзям, якія спяшаюцца са штодзённаю дапамогаю інвалідам, старым і самотным асобам. Усім, хто змог заўважыць людзей, якія знаходзяцца ў патрэбе, і падтрымаць іх словам, дарам, дапамогаю або малітваю. Няхай Божая ласка дапамагае нам служыць бліжнім так, каб мы калісьці пачулі словы Пана: «Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне» (Мц 25, 35–36) і радаваліся прабываннем з Ім ў небе. Усім людзям, якія пэўным чынам аказваюць дапамагу тым, хто знаходзіцца ў патрэбе, выказваем словы шчырай удзячнасці і на далейшую працу ў справах міласэрнасці ад усяго сэрца благаслаўляем. Каталіцкія біскупы Беларусі 24 лютага 2008 г., ІІІ нядзеля Вялікага посту.
13.07.2009 15:47
Мінск, 11 снежня 2007 г.   Біскупы зацвердзілі агульны план душпастырства на наступны, 2008 год. Ён будзе праходзіць пад дэвізам «Божае Слова — крыніца надзеі».   У агульнай душпастырскай праграме прадугледжаны паглыбленыя катэхезы пра сутнасць Касцёла як супольнасці, якая дапамагае нам на шляху да збаўлення; ажыўленне дыялогу з іншымі хрысціянамі на падставе праўды і ўзаемнай павагі. Сярод душпастырскіх мерапрыемстваў: IV Міжнародная медыцынская канферэнцыя, правядзенне якой запланавана на 17 мая 2008 г. у Віцебску, а таксама сустрэча моладзі ў Івянцы (сярэдзіна ліпеня), прымеркаваная да Сусветных дзён моладзі ў Сіднэі (Аўстралія).   Удзельнікам пасяджэння быў прадстаўлены тэкст перакладу на беларускую мову новай энцыклікі Святога Айца Бэнэдыкта XVI Spe salvi .   Напрыканцы года сабраныя біскупы разгледзелі справаздачы кіраўнікоў катэхетычнай і літургічнай камісій і прадстаўленыя імі планы працы на бліжэйшы час.   Былі вылучаныя біскуп і дэлегаты ад моладзі з усіх дыяцэзій на Сусветныя дні моладзі ў Сіднэі (Аўстралія).   На пасяджэнні арцыбіскуп Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч быў зацверджаны ў якасці старшыні рады ККББ па сродках масавай інфармацыі.   Былі абмеркаваныя таксама іншыя пытанні з жыцця Касцёла. Генеральны Сакратар ККББ біскуп Антоні Дзям’янка
13.07.2009 15:45
Нарадзіўся нам Хрыстус Збаўца Браты ў біскупскім і святарскім служэнні, кансэкраваныя асобы, верны народ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі! 1. Сардэчна вітаю ўсіх вас і віншую са збаўчай урачыстасцю Нараджэння Пана ў год усеагульнага паклікання да святасці! Літургія сённяшняй урачыстасці адбываецца пад знакам адной надзвычай важнай весткі, што нас умацоўвае, — нарадзіўся нам Збаўца, які ёсць сама святасць. Прарок Ісая, пераносячы нас у атмасферу чакання прыйсця Хрыста сцвярджэннем, што «ідзе Збаўленне» (пар. Іс 62, 11) , адначасова гаворыць пра нараджэнне Валадара-Месіі: «Народ, які хадзіў у цемры, убачыў святло вялікае; над жыхарамі краіны смяротнага ценю заззяла святло. (…) Бо Дзіця нарадзілася нам, Сын дадзены нам; і ўлада спачыла на плячах Яго, і дадуць імя Яму: Цудоўны Дарадчык, Бог Моцны, спрадвечны Айцец, Князь супакою» (Іс 9, 1. 5) . 2. Час, у які мы сёння жывем, ужо больш не напоўнены чаканнем прыйсця Месіі-Збаўцы, як гэта было падчас першага гістарычнага Адвэнту. Вось што піша аўтар Паслання да Габрэяў: «Шмат разоў і па-рознаму прамаўляў калісьці Бог да айцоў нашых праз прарокаў, у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына» (Гбр 1, 1–2) . Раней Бог прамаўляў праз прарокаў, каб падрыхтаваць людзей да прыйсця свайго Сына. Цяпер, аднак, Ён дазволіў, каб прамовіў Яго Сын. Гэта выключна важнае і фундаментальнае сцвярджэнне. Неабходна адзначыць, што аўтар Паслання да Габрэяў менавіта гэтымі словамі пачынае свае разважанні, каб паказаць, што Хрыстус — гэта завяршэнне Аб’яўлення Бога (пар. Гбр 1, 13) . 3. Хто ж Ён, народжаны ў бэтлеемскай стаенцы Збаўца? Аўтары Новага Запавету, з аднаго боку, прапануюць нам адказ на гэтае пытанне, карыстаючыся паняццямі таго часу, з другога ж — гэты адказ надзвычай багаты ў тэалагічным вымярэнні. Збаўца з’яўляецца «спадкаемцам усяго» (Гбр 1, 2), — піша аўтар паслання да Габрэяў. Паняцце спадчыны мела вялікае значэнне на старажытным Усходзе. Спадкаемца — гэта той, хто ўвасабляе гаспадара і яго справы; ён мае роўныя з ім правы. Таму апостал Ян Багаслоў у сваім Евангеллі кажа, што Збаўца «прыйшоў да свайго» (пар. Ян 1, 11) . Бог стварыў свет праз свайго Сына. «Усё праз Яго сталася» (Ян 1, 3) , — падкрэслівае святы Ян Багаслоў. Папа Бэнэдыкт XVI у сувязі з гэтым у сваёй энцыкліцы Deus caritas est (Бог ёсць любоў) кажа, што «ўвесь свет быў створаны дзякуючы моцы Яго творчага слова» (пар. DCE 9) . Увесь свет сваім існаваннем абавязаны Хрысту і скіраваны да Хрыста, бо толькі ў Ім ён знаходзіць падставу і сэнс свайго існавання. Збаўца з’яўляецца ззяннем хвалы Бога і вобразам Яго постаці (пар. Гбр 1, 3) , — сцвярджае аўтар ужо цытаванага Паслання да Габрэяў. Таму Ён роўны Богу Айцу. Для таго, каб растлумачыць гэтую праўду, апостал Ян выкарыстоўвае метафару «Слова» (лпгпт) і кажа, што «Слова было ў Бога, і Богам было Слова» (Ян 1, 1) . Як Сын Божы, Збаўца з’яўляецца пасрэднікам паміж Богам і людзьмі (пар. 1 Цім 2, 5) , бо толькі Яму Бог сказаў: «Ты — Сын мой» (Гбр 1, 4) . Збаўца адорвае духоўным жыццём і святлом. Жыццё — гэта тая Божая энергія, якая гарантуе чалавеку сувязь з Богам на гэтым свеце і ў вечнасці. Не можа быць жыцця без святла. Біялагічнае жыццё знікне, калі раптам перастане свяціць сонца. Невычэрпнаю крыніцаю Божага святла і, такім чынам, крыніцаю жыцця, своеасаблівым Сонцам, што ніколі не заходзіць, з’яўляецца Сын Божы. Магчыма, для нас, людзей ужо ХХІ стагоддзя, гэтыя тэалагічна-філасофскія разважанні гучаць ужо не настолькі пераканаўча, як для хрысціянаў апостальскіх часоў. Аднак яны павінны дапамагчы нам зразумець і паглыбіць нашую ўпэўненасць у тым, што ў момант нараджэння Дзіцяці ў Бэтлееме здзейснілася штосьці непаўторнае. А менавіта, здзейснілася таямніца Богаўцелаўлення, і на свет прыйшоў такі доўгачаканы Збаўца; споўнілася прароцтва Ісаі: «валадарыць Бог твой! (…) суцешыў Пан народ свой (…). Пан адкрыў святое плячо сваё перад вачыма ўсіх народаў» (Іс 52, 7. 9. 10) . Такім чынам, чалавечая гісторыя атрымала новую якасць — яна абагавілася, у ёй з’явіўся Бог з чалавечымі абліччам і сэрцам; Бог, блізкі да людзей. Пададзеныя вышэй думкі, узятыя з Новага Запавету, таксама паказваюць, што ў таямніцы Богаўцелаўлення дабро пэўным чынам уваходзіць у гісторыю чалавецтва, як адзначае кардынал Ёзаф Ратцынгер, сённяшні Папа Бэнэдыкт XVI, ва ўступе да кнігі Слугі Божага Яна Паўла ІІ «Памяць і самасвядомасць». Тут быццё самога Бога, абсалютнага Бога ўваходзіць у тканіну гісторыі. Творца становіцца стварэннем. Дзякуючы гэтаму анталагічнаму кроку ў заплямленую высакамернасцю і эгаізмам волю чалавека ўваходзіць іншая, не скампраметаваная нічым воля. Пакора ўцелаўлення — гэта радыкальны кантраст з пыхаю, якая стала для чалавека другою натураю (пар. «Памяць і самасвядомасць», Уступ) . 4. У літургічным календары толькі дзве падзеі маюць надзвычай яскравую асаблівасць і незабыўную атмасферу, калі пачуццё чакання і цярпення перамяняецца ў радасць. Гэта — Божае Нараджэнне і Пасха. Радасць прыйсця ў свет Збаўцы і радасць Яго перамогі над злом аб’ядноўваюць дзве гэтыя падзеі падобна да таго, як мост яднае два берагі ракі. Разам з тым яны з’яўляюцца як быццам повяззю, што знітоўвае ўсё зямное жыццё Езуса Хрыста. 5. У калядную вігілію мы збіраемся за адным сталом, каб падзяліцца аплаткаю і пажадаць адно аднаму супакою, шчасця, радасці. Менавіта за агульным вігілійным сталом асаблівым чынам перажываецца таямніца супакою, якім Бог адорвае людзей добрай волі (пар. Лк 2, 14) . З гэтаю атмасфераю душэўнага супакою мы прыходзім у нашыя касцёлы, каб нанава перажываць таямніцу Богаўцелаўлення і ўслухацца ў тое, чаму вучыць нас урачыстасць Нараджэння Пана. 5.1. У першую чаргу яна кажа пра рэальнасць уваходжання Бога ў гісторыю чалавека і пра Божую любоў да яго, любоў да свету, у якім чалавек жыве. У цяжкія моманты нашага жыцця мы часта забываемся, што менавіта Сын Божы прыйшоў у гэты свет і прыняў на сябе чалавечыя пакуты, прыняў чалавечую долю і нядолю. Сын Божы на ўласным вопыце ведае, што кожны з нас перажывае і з чым не можа справіцца. Таму без боязі, што нас не зразумеюць, мы можам звяртацца да Яго, можам шукаць у Яго выйсця з цяжкай сітуацыі і дапамогу. Мы не можам забыцца пра тое, што праз уваходжанне Сына Божага ў чалавечую гісторыю Ён асвяціў і ўзвысіў да збавеннай годнасці дзейнасць чалавека. Мы павінны памятаць пра гэта, распачынаючы кожны новы дзень, бо дзякуючы Нараджэнню Хрыста нашая дзейнасць набыла новае і найвышэйшае з усіх магчымых вымярэнне. 5.2. Сённяшняя ўрачыстасць таксама кажа нам пра ўзвышэнне і хвалу простых людзей. Бо першымі, каму была дадзена ласка ўбачыць нованароджанага Збаўцу і пакланіцца Яму, былі не кіраўнікі ізраэльскага народа, не фарысеі, не старазапаветныя святары, не моцныя гэтага свету, а простыя пастухі. Менавіта яны першымі прынялі вестку пра нараджэнне Збаўцы і паверылі ёй. Менавіта іх, непрыкметных у ценю моцных і слаўных гэтага свету, узвялічыў Пан Бог і пра іх апавядае Евангелле, якое будзе абвяшчацца да канца часоў. У сувязі з гэтым мы павінны сёння запытацца ў саміх сябе: а якое нашае стаўленне да евангельскай весткі? Як мы сёння ўспрымаем Добрую Навіну, у тым ліку і пра Нараджэнне Хрыста? Ці цалкам мы яе прымаем? А можа, мы гатовыя прыняць з яе толькі тое, што адпавядае нашаму спосабу мыслення ці секулярнай культуры сучаснага свету? Мы маем перад сабою дзве магчымасці: прыпадобніцца да цара Ірада, які жадаў знішчыць усё, што нагадвала пра Хрыста, ці па прыкладзе бэтлеемскіх пастухоў паверыць і прыняць Добрую Навіну пра збаўленне. 5.3. І нарэшце, сённяшняя ўрачыстасць гаворыць нам, што важна не тое, як і дзе нарадзіўся чалавек, а тое, як ён жыве. Збаўца прыйшоў на гэты свет у крайняй галечы, Яму не знайшлося нават месца ў заездзе (пар. Лк 2, 7) . Аднак Хрыстус сваім жыццём паказаў, што вартасць чалавека вызначаюць каштоўнасці, якія ён вызнае і нясе ў сабе. У гэтым сэнсе Хрыстус пакінуў нам найлепшы прыклад для пераймання. 6. Таму Нараджэнне Пана — гэта нібы лекцыя для нас. Лекцыя, якая павінна перасцерагчы ад падзення з высокага п’едэсталу, на які мы самі сябе ўзносім. Гэта лекцыя пакоры для нас — людзей, якія, жывучы ў эпоху постмадэрнізму, спадзяюцца толькі на ўласныя сілы, на рацыянальны розум, на дасягненні навукі і тэхнікі. Гэта, нарэшце, лекцыя вытрымкі ў імкненні да дасканаласці. 7. «Бачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны» (Ян 1, 14) . Гэтае вызнанне, якое мы знаходзім у Евангеллі паводле святога Яна, павінна стаць нашым вызнаннем, вызнаннем людзей ужо ХХІ стагоддзя. Узнёслую вестку пра Нараджэнне Збаўцы нельга абвяшчаць інакш, як вызнаючы яе перад усім светам: мы адчулі на сабе, што Бог увайшоў у наш свет і ў Езусе стаў чалавекам, і гэтае вызнанне павінна стаць набыткам усіх людзей. У Хрысце матэрыяльны свет атрымаў свой цэнтр. У ім свет атрымаў «Жыццё» і «Святло». «А святло свеціць у цемры» (Ян 1, 5) , і гэта азначае, што «Жыццё» прабілася ў наш свет праз акасцянелую і закарэлую паверхню. Таму чалавек ужо не павінен навобмацак шукаць чагосьці невядомага, пра што нічога не ведае. Ён не павінен уцякаць ад рэальнасці жыцця, бо ў Хрысце яно перастала быць цёмнаю пусткаю без сэнсу. Для чалавека скончыўся шлях у невядомае, і ён у Хрысце атрымаў сваю мэту. Бог выйшаў насустрач чалавеку, дзякуючы чаму чалавек адчувае сябе ў гэтым свеце бяспечна, як у сябе дома, бо тут яго сустракае бязмежная любоў Бога. Жыццё чалавека набыло сэнс. Таму ўцёкі ад рэальнасці былі б уцёкамі ў бессэнсоўнасць. 8. Сёння, святкуючы ўрачыстасць Нараджэння Пана, мы нанава пераасэнсоўваем учалавечанне Бога, перажываем нашую ўпэўненасць ва ўсеабдымнай і бязмежнай любові Бога. Можа, гэта гучыць сентыментальна, але менавіта таямніцы Нараджэння Хрыста належыць абяцаны Богам супакой людзям добрай волі (пар. Лк 2, 14) . І толькі тады, калі мы самі нясем іншым супакой, мы абвяшчаем учалавечанне Бога і тую рэчаіснасць, якою мы самі жывем. 9. Умілаваныя ў народжаным Збаўцы браты і сёстры! Ад усяго сэрца віншую вас з Божым Нараджэннем! Віншую іншыя хрысціянскія Цэрквы і супольнасці, якія разам з намі святкуюць гэтую збавенную ўрачыстасць. Віншую вернікаў Беларускай Праваслаўнай Царквы, якія праз трынаццаць дзён будуць ушаноўваць Нараджэнне Збаўцы, і жадаю ім як найлепш падрыхтавацца да гэтага свята. Усе мы, хрысціяне розных Цэркваў і супольнасцяў, вызнаем тую ж самую праўду пра Богаўцелаўленне, што стала знакам прыйсця ў свет Бога ў вобразе чалавека, які аднавіў парушаную першароднам грахом гармонію. Хрыстус, стаўшы цэнтрам чалавечай гісторыі, для ўсіх нас з’яўляецца таксама цэнтрам прыцягнення. Гэта — імператыў, які абавязвае нас да новага бескампраміснага, пазбаўленага «рэлігійнай паліткарэктнасці» абвяшчэння праўды Евангелля і да абароны маральных каштоўнасцяў з мэтаю стварэння цывілізацыі любові і пабудовы грамадства, заснаванага на ўзаемнай павазе, узаемнай любові, справядлівасці і абяцаным Збаўцам супакоі. Ад усяго сэрца жадаю вам Божых ласкаў, здольнасці і сілаў перанесці на ўсе дні вашага жыцця атмасферу сённяшняга свята, атмасферу любові, супакою і адзінства. Радасці вам, шчасця, шчодрага Божага благаслаўлення на святы Божага Нараджэння і калядны перыяд, а таксама на ўвесь надыходзячы Новы 2008 год, які ў душпастырскай праграме Каталіцкага Касцёла на Беларусі будзе праходзіць пад дэвізам: «Слова Божае — крыніца надзеі». Выбіраючы такую тэму, наш мясцовы Касцёл імкнецца больш поўна ўдзельнічаць у жыцці Паўсюднага Касцёла. Гэта звязана з тым, што 28 чэрвеня 2008 г. распачынаецца Год святога апостала Паўла, які нястомна абвяшчаў Евангелле ўсім народам, а ў кастрычніку ў Ватыкане распачне працу чарговы Сінод Біскупаў, прысвечаны слову Божаму ў жыцці і місіі Касцёла. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у сваёй апошняй энцыкліцы Spe salvi (У надзеі мы збаўленыя) заклікае ўслухацца ў сведчанне Бібліі пра надзею, бо сапраўды слова «надзея» з’яўляецца цэнтральным словам біблейскай веры (пар. SS 2). Яшчэ раз, браты і сёстры, са святам, з Нараджэннем Хрыстовым! Даручаючы ўсіх вас заступніцтву Багародзіцы Марыі, якая нарадзіла свету Збаўцу, я дзялюся з вамі аплаткаю на знак еднасці, і ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Мінск, 8 снежня 2007 г. Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі
13.07.2009 15:43
27 чэрвеня 2007 г.   Ёсць сужэнствы, якія не могуць мець уласных дзяцей. У сувязі з гэтым у апошні час заканадаўства ў некаторых краінах свету дазваляе так званае «сурагатнае мацярынства». Гэтая працэдура супярэчыць хрысціянскай маральнасці.   Сурагатнае мацярынства заключаецца ў тым, што эмбрыён імплантуецца ў матку іншай жанчыны, якая пасля перыяду цяжарнасці і нараджэння перадае дзіця генетычнай маці (ад якой паходзіць яйцаклетка); альбо калі жанчына зацяжарала ў выніку апладнення яе яйцаклеткі (натуральным шляхам або штучным метадам) спермай мужчыны, які не з’яўляецца яе мужам, з намерам аддаць дзіця таму, хто яго «замовіў».   З пункту гледжання права магчымыя адносіны паміж генетычнымі бацькамі дзіцяці і сурагатнай маці павінен акрэсліць дагавор. Паводле дагавору, такая «паслуга» можа быць бескарыслівай альбо платнай. Таму юрыдычная сітуацыя дзіцяці, які паходзіць ад сурагатнай маці, вельмі няпэўная. Абодва бакі могуць адмовіцца ад ранейшага пагаднення, і такога роду абавязацельства цяжка спагнаць. Акрамя таго, наёмная маці прыніжаецца да ролі прылады, якая вырабляе чалавека, а дзіця — да ролі тавару.   З псіхалагічнага пункту гледжання сурагатнае мацярынства — гэта насілле над мацярынскай любоўю, што нараджаецца ў сэрцы жанчыны да дзіцяці, якое яна носіць у сваім улонні, а ў выпадку біялагічнай маці — пазбаўляе яе магчымасці наладзіць кантакт з дзіцём ужо ў дародавы перыяд. Са шкодаю для самога мацярынства мацярынства сурагатнае аддзяляе яго біялагічнае вымярэнне ад псіхічнага і духоўнага. Сурагатнае мацярынства свядома парушае сямейныя адносіны (біялагічная маці — сурагатная маці). Яно таксама мае негатыўны ўплыў на развіццё дзіцяці. Само азначэнне «мацярынства» з’яўляецца неадэкватным для дадзенай сітуацыі, бо з самага пачатку выключае мацярынскую любоў да дзіцяці і адказнасць за яго. Такім чынам мацярынства пазбаўляецца годнасці (паклікання і бескарыслівага дару) і зводзіцца да катэгорыі паслугі.   Каталіцкі Касцёл рашуча і адназначна не прымае практыку наёмных маці. У Інструкцыі Кангрэгацыі Веравучэння Donum vitae , зацверджанай 22 лютага 1987 г., выразна гаворыцца, што сурагатнае мацярынства з’яўляецца маральна недапушчальным, бо яно супярэчыць еднасці сужэнства і годнасці чалавечай плоднасці. Яно абражае годнасць дзіцяці і парушае яго права быць зачатым, нарадзіцца і выхоўвацца ўласнымі бацькамі. Практыка наёмных маці прыводзіць да фізічнага, псіхічнага і маральнага разбурэння адзінства сям’і, устаноўленага Творцам (пар. DV ІІ А 3; пар. ККК, 2376) .   Перад сужэнствамі, якія не могуць мець уласных дзяцей, адкрыты шлях усынаўлення. Шмат пакінутых дзяцей чакаюць, каб хтосьці даў ім прытулак і адарыў бацькоўскай любоўю (пар. ККК, 2378 і 2279) .   Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі звяртаецца з заклікам да ўсіх вернікаў, каб яны, давяраючы вучэнню Касцёла, якое абапіраецца на Божае права, зрабілі ўсё, што ў іх моцы, каб сурагатнае мацярынства наогул не мела месца, а асабліва сярод хрысціянаў.
13.07.2009 15:41
Мінск, 25-26 чэрвеня 2007 г.   1. Сабраныя на падставе галасавання прынялі ўдакладняючыя нормы да кананічнага права. Нормы былі апрацаваныя спецыяльнай групай святароў і папярэдне раздадзеныя кожнаму члену канферэнцыі для азнаямлення. Пасля публікацыі і распаўсюджання яны будуць мець абавязковую моц.   2. Сабраныя на падставе галасавання прынялі адпаведныя дакументы, якія датычацца унутранай дзейнасці духоўных семінарый у Беларусі.   3. Былі разгледжаны праблемы забеспячэння душпастырамі парафій краіны. У многіх мясцовасцях каталікі не маюць магчымасці сустрэчы з каталіцкім душпастырам з-за адсутнасці месца культу і пастаяннага пражывання там святара.   4. Перакладзены на беларускую мову Кампендыум сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла. Сабраныя разгледзелі магчымасць выдання гэтага дакумента.   5. Была разгледжана магчымасць выдання літургічных кніг на беларускай мове, зацверджаных адпаведнымі Кангрэгацыямі ў Ватыкане.   6. У сувязі з запланаванай у Рыме на восень 2008 года звычайнай сесіяй Сіноду Біскупаў, сабраныя абмеркавалі некаторыя пытанні адносна падрыхтоўкі да гэтага прадстаўнічага Форуму.   7. Быў вызначаны дэлегат ад Беларусі на сусветны Эўхарыстычны кангрэс, які адбудзецца 15-22 чэрвеня 2008 г. у Канадзе.   8. Сабраныя выказалі пажаданне аб павелічэнні інфармацыі па працы паасобных камісій і радаў пры ККББ на інтэрнэт-старонцы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.   9. Было абмеркавана пытанне аб фінансаванні квартальніка Дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытыс» у Беларусі «Міsericordia».   Акрамя таго быў абмеркаваны шэраг іншых пытанняў з актуальнага жыцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.
13.07.2009 15:36
CONSILIUM CONFERENTIARUM EPISCOPORUM EUROPAE (CCEE) Sekretariat: CH-9000 St. Gallen, Gallusstr. 24, Tel.: ++41-71-227 60 40; Fax ++41-71-227 60 41; Email: ccee@ccee.ch Сакратары Каферэнцый біскупаў Еўропы ў Беларусі Мінск, 14–18 чэрвеня 2007 г. ЗАКЛЮЧНАЕ КАМЮНІКЕ   14–18 чэрвеня 2007 г. у сталіцы Беларусі г. Мінску сабраліся Генеральныя сакратары Канферэнцый біскупаў Албаніі, Беларусі, Босніі і Герцэгавіны, Чэхіі, Харватыі, Германіі, Англіі і Уэльса, Ірландыі, Італіі, Літвы, Мальты, Нідэрландаў, Польшчы, Партугаліі, Румыніі, Расіі, Скандынавіі, святых Кірыла і Мятода (Македонія, Чарнагорыя і Сербія), Шатландыі, Славеніі, Іспаніі, Швейцарыі, Турцыі, Венгрыі, Украіны візантыйскага і лацінскага абрадаў. Удзельнікі вельмі ўдзячныя за запрашэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, а асабліва яе Генеральнаму сакратару Я. Э. біскупу Антонію Дзям’янку, Апостальскаму Адміністратару Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Упершыню ў гісторыі ў Беларусі сабралася такая прадстаўнічая дэлегацыя еўрапейскіх епіскапатаў.   Сустрэча распачалася ўрачыстай цэлебрацыяй Эўхарыстыі ў чацвер 14 чэрвеня ў мінскім катэдральным касцёле з удзелам біскупаў з Беларусі, якую ўзначаліў Апостальскі Нунцый у гэтай краіне Я. Э. арцыбіскуп Марцін Відавіч. Прыемнай нечаканасцю стала прамоўленае на шасці розных мовах (нямецкай, іспанскай, польскай, італьянскай, англійскай, беларускай) цёплае прывітальнае слова ў «цэнтры Еўропы»: сапраўды, Беларусь уваходзіць у склад цэнтральнай часткі Старога Свету і вялікай сям’і еўрапейскіх краінаў. Насамрэч, Касцёл заўсёды бачыць «вялікую Еўропу»: ад Атлантыкі да Урала, з двума лёгкімі. Рада канферэнцый біскупаў Еўропы (РКБЕ), якая арганізавала сустрэчу, — гэта касцёльная структура, якая ўжо ў 1971 г., калі была створана, прароча прадстаўляла Еўропу без муроў, калі ніхто не мог нават уявіць сабе такога развіцця падзеяў.   Генеральныя сакратары былі ўражаныя сардэчным прыёмам, аказаным ім у краіне і мясцовым Касцёлам. Цэлебрацыя Эўхарыстыі ў некаторых з 32-х парафій горада Мінска ўвечары ў пятніцу 15 чэрвеня, Імша ў касцёле святых Сымона і Алены ўвечары ў суботу 16 чэрвеня і наведанне некалькіх парафіяльных супольнасцяў у нядзелю 17 чэрвеня падчас падарожжа ў Нясвіж, дзе цэлебравалася Эўхарыстыя, дазволілі пазнаёміцца з жыццём і трывалаю вераю гэтага народа. Гэта вера, якая прайшла праз выпрабаванні гісторыі. На дарогах былі відаць крыжы ў памяць пра ахвяры апошняй вайны і пераследу камуністычнага рэжыму. Вядома шмат гісторый жыцця мучанікаў за веру. Пасля падзення камунізму, дзяржаўная атэістычная палітыка саступіла месца адраджэнню і аднаўленню Касцёла. Яшчэ цяжка прывесці дакладныя статыстычныя дадзеныя, але Каталіцкі Касцёл мае вельмі значную прысутнасць, якая перавышае розныя падлікі. Пажаданне Каталіцкаму Касцёлу ў Беларусі атрымаць неабходнае супрацоўніцтва як ад братніх Касцёлаў Еўропы, так і ў краіне, каб мець магчымасць развіваць арганізацыю душпастырства і будаваць парафіяльныя цэнтры і касцёлы, неабходныя для служэння свайму народу.   У пятніцу 15 чэрвеня адбылася важная сустрэча прадстаўнікоў Канферэнцый біскупаў Еўропы з Яго Высокапраасвяшчэнствам Філарэтам, праваслаўным Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, на якой прысутнічаў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч. Сустрэча, якая прайшла ў сардэчнай братняй атмасферы, стала сведчаннем няспыннага канструктыўнага дыялогу і ўзаемапавагі паміж каталікамі і праваслаўнымі ў краіне.   Цэнтральнаю тэмаю працы Генеральных сакратароў стала міграцыя. Гэта з’ява, з якой востра сутыкаецца кожная краіна, сапраўдны «знак часу». Мы назіраем за насамрэч глабальным перамяшчэннем народаў. Пасля зменаў, якія адбыліся ў Румыніі ў 1989 г., з краіны выехала каля 15% насельніцтва, пераважна моладзь. Пры камуністычным рэжыме эміграваць было немагчыма. У Албаніі за гэта пагражаў расстрэл. У мінулым Іспанія была краінаю эміграцыі, а сёння — іміграцыі. Дзесяць гадоў таму ў ёй было паўмільёна імігрантаў, а сёння іх больш за 4 мільёны.   Касцёл заклапочаны сацыяльнымі праблемамі, звязанымі са з’яваю міграцыі: нелегальнасць, беспрацоўе, старэнне насельніцтва краінаў выезду, гандаль людзьмі, разбіццё сем’яў, дзеці, якія растуць без бацькоў… Салідарная дабрачынная дзейнасць хрысціянаў — неабходны і неадкладны адказ на гэты выклік. Але рашаючую ролю будуць мець палітычныя дзеянні на сусветным узроўні, скіраваныя на пераадоленне першапрычынаў, якія змушаюць людзей да міграцыі: беднасць, насілле, несправядлівасць, эканамічная адсталасць, беспрацоўе. Акрамя таго, вельмі важнаю з’яўляецца праца ў галіне культуры: выхаванне павагі да чалавечай асобы, асуджэнне ксенафобіі, якую часта прапагандуюць СМІ, спрыянне сапраўднай інтэграцыі, якая дапаможа захаваць асабістую ідэнтычнасць. Генеральныя сакратары з краінаў Заходняй Еўропы у духу рэалізму адзначылі, што іміграцыя — гэта таксама праява «дэмаграфічнай хваробы», якая паразіла іх краіны. У прыватнасці Канферэнцыі біскупаў вырашаюць душпастырскія пытанні, якія ставіць перад імі міграцыя: душпастырская апека над рознымі этнічнымі групамі, якія жывуць у краіне, павага да ўнёску групаў з іншых краінаў у жыццё мясцовага Касцёла, абмен персаналам для правядзення душпастырства. Міграцыя таксама прынесла з сабою экуменічную рэчаіснасць і сустрэчу розных рэлігій, што стала новым для некаторых краінаў.   У гэтай справе Касцёл дзякуючы сваёй паўсюднасці (каталіцкасці) мае незвычайны шанц: ён можа падтрымліваць унікальную сець салідарнасці і душпастырскага супрацоўніцтва паміж краінамі выезду і краінамі прыбыцця мігрантаў. Варта сур’ёзна падысці да гэтай магчымасці.   Паглыбленне каталіцкасці — гэта адзін з лейтматываў дзейнасці, што стаіць на павестцы РКБЕ. Удзел дэлегацыі еўрапейскіх біскупаў у Генеральнай канферэнцыі біскупаў Лацінскай Амерыкі, якая праходзіла ў Апарэсідзе ў Бразіліі 15–31 мая гэтага года і была адкрытая Папам, таксама стала сведчаннем жадання шукаць новыя шляхі супрацоўніцтва паміж Касцёламі на двух кантынентах. Паміж біскупамі з Еўропы і з Афрыкі праводзіцца шэраг семінараў на тэмы, што ўяўляюць узаемны інтарэс. У лістападзе 2007 г. у Гане адбудзецца сустрэча на тэму рабства і новых відаў рабства.   Неабходнасць культурнай дзейнасці і душпастырства ў галіне культуры будзе абмеркавана на сустрэчы выкладчыкаў і рэктараў універсітэтаў Еўропы, якая пройдзе ў Рыме 21–24 чэрвеня 2007 г. і збярэ каля 2000 удзельнікаў.   Яшчэ адною важнаю тэмаю сустрэчы ў Мінску стала тэма экуменізму і падрыхтоўкі да ўжо недалёкай ІІІ еўрапейскай экуменічнай асамблеі, якая пройдзе ў Сібіу 4–9 верасня 2007 г. Асамблея ў Сібіу з’яўляецца кульмінацыяй «паломніцтва» хрысціянаў Еўропы, распачатага ў Рыме ў студзені 2006 г., працягнутага ў Вітэнбергу ў лютым 2007 г. і перажытага перадусім на ўзроўні паасобных краінаў дзякуючы сотням сустрэчаў. Дэлегацыі Канферэнцый Біскупаў і іншых структураў і рухаў на асамблею ў Сібіу маюць асаблівую кваліфікацыю. Перад 2500 афіцыйнымі ўдзельнікамі будзе стаяць заданне стаць «пашыральнікамі» еўрапейскага вопыту паяднання. У некаторых краінах экуменічны працэс зайшоў у «тупік», але ў іншых адбываюцца сустрэчы і падзеі, дагэтуль нябачаныя. Зрухі ў гэтым кірунку магчымыя. Нешта новае на гэтым этапе экуменізма можа стаць толькі вынікам сур’ёзнага супольнага навяртання да «Хрыста — святла, якое асвятляе ўсіх» (тэма асамблеі). Поспех асамблеі будзе ў вялікай ступені залежаць ад здольнасці па-новаму паглядзець на праблемы Еўропы і свету ў святле, якое сыходзіць з хрысціянскага аб’яўлення.   Касцёл у Еўропе ўважліва сочыць за працэсам еўрапейскай інтэграцыі, які 25 сакавіка 2007 г. адзначыў пяцідзесятую гадавіну падпісання Рымскай дамовы, якою быў заснаваны Еўрапейскі Саюз. Пяцьсот упаўнаважаных дэлегатаў з палітычных і касцёльных колаў прынялі ўдзел у Кангрэсе, арганізаваным Камісіяй епіскапатаў краін Еўрасаюза (Comece), прысвечаным тэме «Каштоўнасці і перспектывы для Еўропы», які прайшоў у Рыме 25–27 сакавіка. Касцёл паслядоўна падтрымлівае працэс інтэграцыі, які нясе з сабою развіццё і мір, аднак мае сур’ёзныя пытанні, што датычацца так званых «каштоўнасцяў», якія некаторыя члены Еўрасаюза імкнуцца распаўсюдзіць у асобных краінах, асабліва ў галіне адукацыі, адносна ролі рэлігіі, жыцця і сям’і, якія з’яўляюцца небяспечнымі для самога бачання чалавечай асобы.   Іншыя пытанні, узнятыя Генральнымі сакратарамі, былі наступныя: якая будучыня ў Канстытуцыйнага акта? Якія вынікі сустрэчы адказных за еўрапейскія ўстановы з рэлігійнымі лідэрамі, што адбылася 15 мая ў Бруселі? Якія наступствы «Балонскага працэсу» для тэалагічных факультэтаў? Якая роля Касцёла ў далейшым працэсе інтэграцыі?   Была дасягнута агульная згода адносна тэрміновай неабходнасці наяўнасці еўрапейскай сеці кампетэнтных свецкіх хрысціянаў, якія змогуць дзейнічаць у сферы праблематыкі Еўрасаюза: па праблемах біяэтыкі, па сацыяльных і юрыдычных праблемах. Канферэнцыя біскупаў Англіі паспяхова развівае падрыхтоўку моладзі, якая мае намер заняцца палітычнай дзейнасцю.   Канферэнцыі біскупаў Еўропы адчуваюць неабходнасць вынесці на павестку разважанне пра сувязь Касцёла з грамадскім жыццём адносна правоў чалавека і «канфліктаў» паміж правамі, якія часта з’яўляюцца. Гэтае патрабаванне вынікае з назірання ўскладнення сітуацыі вакол каталіцкіх агенцтваў, якія займаюцца ўсынаўленнем, з-за брытанскага заканадаўства, якое забараняе дыскрымінацыю па сексуальнай арыентацыі.   Былі разгледжаны таксама і іншыя актуальныя пытанні: душпастырства моладзі і Сусветныя дні моладзі 2007 г. ў Сіднэі, дзейнасць Канферэнцый біскупаў па абароне стварэння.   У 2008 г. сустрэча Генеральных сакратароў Канферэнцый біскупаў Еўропы пройдзе ў Іспаніі 26–30 чэрвеня.   Мінск, 18 чэрвеня 2007 г.   Альдо Джардано, Генеральны сакратар РКБЕ Рада Канферэнцый біскупаў Еўропы (РКБЕ) збірае Старшыняў існуючых 34-х Канферэнцый біскупаў Еўропы. Яе ўзначальвае кардынал Петэр Эрдо, арцыбіскуп Эстэргомска-Будапешцкі, Прымас Венгрыі; намеснікі Старшыні — кардынал Ёсіп Бозаніч, арцыбіскуп Заграбскі, і кардынал Жан-П’ер Рыкар, арцыбіскуп Бардоскі. Генеральны сакратар РКБЕ — монсіньёр Альдо Джардано. Сядзіба сакратарыяту знаходзіцца ў Сен-Галлене (Швейцарыя).   Арыгінальны тэкст гэтага камюніке на італьянскай мове ў асобным файле можна спампаваць тут >>>  
13.07.2009 15:34
У Евангеллі паводле святога Мацвея гаворыцца, што Езус, паглядзеўшы на натоўпы людзей, якія ішлі за Ім, убачыў, што яны былі знясіленыя і пакінутыя, нібы авечкі, якія не маюць пастыра, і таму скіраваў да сваіх вучняў такія словы: «Маліце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво сваё» (Мц 9, 38) . Гэта не проста заклік да малітвы, а наказ, скіраваны да сумлення ўсіх ахрышчаных. Адказваючы на гэты заклік Добрага Пастыра, мы сёння жадаем ва ўсім Касцёле на Беларусі звярнуцца з палымянымі просьбамі да Гаспадара жніва — да Бога, — ад якога паходзяць кожнае пакліканне і ўсе чалавечыя намеры, каб моцаю Святога Духа натхніў маладыя і высакародныя сэрцы дзяўчатаў і хлопцаў на выбар адзінай і найпрыгажэйшай Любові — Бога, а таксама на велікадушнае і поўнае прысвячэнне свайго жыцця працы ў вінаградніку Пана. Мы ўзносім нашыя малітвы ў еднасці з усім паўсюдным Касцёлам, які ў чацвертую Велікодную нядзелю — нядзелю Добрага Пастыра, адзначае Дзень малітваў аб пакліканнях, устаноўлены Папам Паўлам VI 23 студзеня 1964 г. падчас Другога Ватыканскага Сабору. Святы Айцец жадаў, каб адна з нядзеляў Велікоднага перыяду была прысвечана малітвам аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця і разважанню пра таямніцу паклікання. Выбіраючы для гэтага нядзелю паміж урачыстасцямі Змёртвыхпаўстання Пана і Спаслання Духа Святога, Папа Павел VI падкрэслівае, што пакліканне бярэ выток у таямніцы Уваскрасення, а сваёй паўнаты дасягае моцаю Святога Духа, якога апосталы прынялі ў дзень Пяцідзесятніцы. Езус Хрыстус, уцелаўлёны Бог, Адкупіцель чалавецтва, сказаў пра сябе: «Я — добры пастыр. Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак» (Ян 10, 11) . У гэтых словах Пан Езус праводзіць паралель з біблейскім матывам пастыра і авечак. Юдэі назвалі Бога пастырам Ізраэля. Шырока вядомыя словы псальму: «Пан — мой пастыр, ні ў чым не буду мець нястачы» (Пс 23 (22), 1) . Ізраэліты былі жывёлаводамі, таму гэтая вобразная аналогія, узятая са штодзённага жыцця, была для іх вельмі красамоўнай. З пастырамі параўноўваліся таксама выбраныя і ўстаноўленыя Богам правадыры народа. Вось што Бог вуснамі прарока Ераміі абяцае выбранаму народу: «Я дам вам пастыраў паводле Майго сэрца, і яны будуць пасвіць вас мудра і разважліва» (Ер 3, 15) . Наогул, пастыр — гэта той, хто клапоціцца пра статак, сцеражэ яго, вядзе на пашы і да патокаў вады. Хрыстус пашырае значэнне гэтага слова: пастыр — гэта той, хто аддае жыццё сваё за авечак (пар. Ян 10, 11–18) . Такім павінен быць добры пастыр, якога Езус адрознівае ад найміта, што не клапоціцца пра авечак. Менавіта такі сам Езус — першаўзор і прыклад добрага пастыра. Ён, пасланы Айцом, ахвяраваў на крыжы сваё жыццё, каб ніводзін чалавек не загінуў, але меў паўнату вечнага жыцця. У Вялікі чацвер, напярэдадні сваёй смерці, Езус Хрыстус устанавіў знак сваёй таямнічай прысутнасці сярод народа новага Запавету і даручыў актуалізаваць і працягваць сваю збаўчую справу выбраным апосталам, якія павінны былі дзейнічаць ад Яго імя і Яго моцаю. Езус застаўся з намі на ўсе дні аж да сканчэння свету (пар. Мц 28, 20) , а вымаўляючы словы «Ідзіце і навучайце ўсе народы» (Мц 28, 19) , паслаў сваіх вучняў па ўсім свеце, жадаючы, каб праз іх служэнне Добрая Навіна і збаўчая моц дасягнула ажно да краёў зямлі. Місія Хрыста працягваецца ў гісторыі ў служэнні пастыраў, якім Ён даручае сваіх авечак. Ужо амаль дзве тысячы гадоў, як і падчас свайго зямнога жыцця ў чалавечым целе, Хрыстус скіроўвае да сэрца і розуму многіх людзей свой заклік «Ідзі за Мною!» (Мк 2, 14) . Часта так здараецца, што гэты заклік, які з’яўляецца прапановаю жыццёвага шляху, з’яўляецца неспадзяваным і незразумелым. Падобна, як гэта было з апосталамі, Бог кліча і выбірае тых, каго сам пажадае, не звяртаючы ўвагі на асобу. Святы апостал Павел піша ў сваім лісце да карынцянаў, што Пан, даючы пакліканне, не звяртае ўвагі на мудрасць у вачах людзей, матэрыяльны дабрабыт ці паходжанне, але выбірае зусім па-іншаму, каб мы не ганарыліся перад Богам (пар. 1 Кар 26 – 29) . Бог сам выбірае і здзіўляе… Прыкладам такога выбару можа для нас служыць гісторыя Давіда. Прарок Самуэль, пасланы ў Бэтлеем, увайшоў у дом Есэя, каб там выбраць і намасціць аднаго з ягоных сыноў на цара. Першым ён убачыў Эліява і падумаў, што гэта ён з’яўляецца памазаннікам Пана. Аднак падчас малітвы Пан сказаў Самуэлю не звяртаць увагі на ягоны выгляд і высокі рост, бо Бог глядзіць інакш, чым чалавек. Бог глядзіць на сэрца, а чалавек — на тое, што можна ўбачыць вачыма; яшчэ доўга памыляўся Самуэль, пакуль, нарэшце, не знайшоў Давіда, якім напачатку ўвогуле не цікавіліся: у той час ён працаваў, пасучы авечак (пар. 1 Сам 16, 4–12) . Не выключана, што калі б самі вернікі або святары скіроўвалі кандыдатаў у семінарыю ці ў ордэн, то шмат абраннікаў Божых не мелі б ніякага шанцу. Слуга Божы Ян Павел ІІ, разважаючы над гісторыяй свайго святарства, коратка і ёміста абагульніў сэнс і значэнне паклікання да служэння Богу і людзям у Касцёле. Вялікі Папа назваў гэта «Дарам і Таямніцаю». І сапраўды, кожнае пакліканне да святарскага жыцця, да манаства ці да місіянерскага служэння з’яўляецца дарам Бога, якога ніякім чынам немагчыма заслужыць. Чалавек не можа па сваёй ініцыятыве ступіць на шлях паклікання. Яно застаецца таксама поўнаю таямніцаю міласэрнай любові Бога да чалавека, якога Ён запрашае да асаблівага ўдзелу ў сваёй місіі і дае ў яго рукі моц сваёй прысутнасці ў Касцёле. Ніякім чынам немагчыма зразумець, ані растлумачыць гэтай таямніцы. Перад гэтым Божым дарам і таямніцаю чалавек можа толькі з пакораю ўсклікнуць разам з Псальмістам: «Чым аддзячу я Пану за ўсе дабрадзействы Яго для мяне? Келіх збаўлення ўзніму і буду заклікаць імя Пана» (Пс 116В (115), 12–13) . Насамрэч, кожнае пакліканне з’яўляецца сустрэчаю дзвюх свабодаў: свабоды Бога, які кліча, і свабоды чалавека, які адказвае Богу «так» або «не». Сёння мы таксама дзякуем Пану Богу за дар святарскіх і манаскіх пакліканняў на нашай беларускай зямлі. Як жа шмат тых, хто ў цяжкія часы панавання атэістычнага рэжыму мужна адказаў на голас паклікання, пераадольваючы разнастайныя перашкоды і не адступаючы перад заплохваннем і пераследам. Доўгія гады чакалі яны дазволу на тое, каб паступіць у семінарыю, або таемна рыхтаваліся да апостальскага служэння. Дзякуем Пану Богу за гады ахвярнай і трывалай працы святароў і кансэкраваных асобаў, якія ўжо адышлі да Пана. Вялікім жывым знакам пастырскай адданасці з’яўляецца для нас Сведка веры кардынал Казімір Свёнтэк. Дзякуем Пану Богу таксама за малодшае пакаленне хрыстовых апосталаў; за тых, хто рыхтаваўся да душпастырскай дзейнасці за межамі Беларусі і на нашай зямлі. Мы адчуваем вялікую радасць ад плёну дзейнасці семінарый у Гродне і Пінску, а таксама ад развіцця супольнасцяў кансэкраванага жыцця. Аднак у апошнія гады назіраецца невялікае змяншэнне колькасці пакліканняў. Прычыну гэтага мы ў пэўнай ступені бачым у змяншэнні натуральнага прыросту насельніцтва, а таксама ў секулярызацыі жыцця вернікаў і ў наступствах атэістычнай сістэмы. Сапраўды, цяжка пачуць голас паклікання там, дзе справы веры і рэлігійнага жыцця адыходзяць на другі план, а такія каштоўнасці, як самаадрачэнне і ахвярнасць сёння «не ў модзе». Заклік Езуса да малітвы аб пакліканнях сведчыць пра адказнасць усіх вернікаў за дапамогу ў распазнанні і абуджэнні пакліканняў. Мы звяртаемся перадусім да бацькоў, каб у сваіх сем’ях будавалі хатні Касцёл, дзе маладое пакаленне зможа пачуць бязгучны голас Хрыста, які кліча да святога служэння. Менавіта бацькі з’яўляюцца для сваіх дзяцей тымі першымі «азбукамі» і «катэхізісамі», з разгорнутых старонак якіх дзеці пазнаюць праўду пра Бога і навакольны свет, у тым ліку пра вышэйшыя каштоўнасці, пра святасць, пра ўзнёсласць святарскага і манаскага пакліканняў. Мы заклікаем бацькоў усіх дзяцей, якія чуюць голас Божага паклікання, ахвотна і велікадушна дапамагаць ім яго правільна зразумець і ўвасобіць у жыццё. Мы звяртаемся да святароў з просьбаю свядома і актыўна дзейнічаць у сферы душпастырства пакліканняў, а перадусім святасцю і радасцю свайго асабістага жыцця сведчыць пра прыгажосць і прывабнасць жыцця ў святарстве. Кансэкраваных асобаў мы просім быць у мясцовых супольнасцях жывымі сведкамі прысутнасці сярод нас Уваскрослага Пана. Усіх свецкіх вернікаў мы заахвочваем няспынна маліцца аб пакліканнях, бо сапраўды жніво ў Касцёле вялікае, а работнікаў на ім усё яшчэ мала (пар. Мц 9, 36–37) . Моладзь, поўную юнацкага запалу, мы заклікаем не прыстасоўвацца да гэтага свету, але ў малітве ўсклікаць: «Кажы, Пане, бо жадае пачуць Цябе слуга Твой» (пар. Рым 12,2; 1 Сам 3, 9) . На заканчэнне ўсе разам просім Пана Бога: Добры Пастыру, Гаспадару жніва, абудзі ў нашым народзе шмат палымяных пакліканняў да святарства, манаства і місіянерскага служэння, каб Тваю любоў удзялялі ўсё больш адданых Табе работнікаў Твайго вінаградніка. Каталіцкія Біскупы Беларусі
13.07.2009 15:32
12 красавіка 2007 г., Сакратарыят ККББ, Мінск   У пасяджэнні прынялі ўдзел усе члены Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, прысутнічалі таксама Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч і сакратар Апостальскай Нунцыятуры кс. пралат Ежы Мірослаў Цудны.   На пасяджэнні былі разгледжаны дапаўненні да Кодэксу Кананічнага права, якія згодна з касцёльным заканадаўствам зацвярджае кожная Канферэнцыя епіскапату.   Старшыня ККББ прадставіў прысутным пераклад Кампендыума Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, а таксама Рытуалу сакрамэнту намашчэння хворых.   Сабраныя зацвердзілі новага дырэктара Нацыянальнага «Caritas». Ім стаў кс. дырэктар «Caritas» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.   Сабраныя абмеркавалі магчымасць удзелу дэлегацыі каталіцкай моладзі з Беларусі ў Сусветным дні моладзі, які пройдзе ў 2008 г. у Сіднэі (Аўстралія).   Прысутныя пазнаёміліся з ходам падрыхтоўкі да фестывалю «Магутны Божа», правядзенне якога запланавана на 12–21 ліпеня 2007 года ў Магілёве, і абмеркавалі магчымасць удзелу ў гэтай рэлігійна-культурным мерапрыемстве кожнай дыяцэзіі.   Сабраныя таксама пазнаёміліся з папярэднім планам урачыстасці Маці Божай Будслаўскай, якая пройдзе 2 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе. Сустрэча ў гэтым годзе адбудзецца пад дэвізам: «Прыгледзьцеся, браты, да вашага паклікання», згодна з праграмай душпастырства, якая сёлета прысвечана святасці.   Кардынал Казімір Свёнтэк, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі, прадставіў сабраным план святкаванняў урачыстасці 350-годдзя мучаніцкай смерці св. Андрэя Баболі. Урачыстасці запланавана правесці ў месцы мучаніцкай смерці гэтага святога, які быў закатаваны казакамі ў Янаве Палескім (Іванаве). Урачыстасці распачнуцца ў дзень яго мучаніцкай смерці 16 мая а 15-й гадзіне.   Былі абмеркаваныя таксама іншыя пытанні з жыцця Касцёла.   Біскуп Антоні Дзям’янка Генеральны сакратар
13.07.2009 15:32
У адказ на заклік Святога Айца Яна Паўла ІІ, выказаны ў 1995 г. у энцыкліцы Evangelium vitae , кожны год ва ўрачыстасць Звеставання Пана адзначаецца Дзень святасці жыцця. У гэты дзень мы дзякуем Пану Богу за дар жыцця і далучаемся да патоку малітваў, ахвяраў і ўчынкаў міласэрнасці ў інтэнцыі кожнага зачатага чалавечага жыцця. Хоць тая праўда, што жыццё паходзіць ад Бога, здаецца бясспрэчнай, для многіх, аднак, гэта не так. Неаднойчы можна пачуць пра адсутнасць пашаны да жыцця. Словы «аборт» і «эўтаназія», якія так часта паўтараюцца, цалкам адмаўляюць святасць жыцця. Бог, Даўца Жыцця, жадае, каб мы прынялі кожнае чалавечае жыццё і атулілі яго любоўю. У іерархіі каштоўнасцяў чалавечае жыццё павінна стаяць на першым месцы. Таму ўслед за Слугою Божым Янам Паўлам ІІ нам трэба заклікаць да паўсюднай мабілізацыі сумленняў і да супольных намаганняў у сферы этыкі, каб ажыццявіць вялікую стратэгію абароны жыцця. «Абараняць жыццё і ўмацоўваць яго, шанаваць яго і любіць — вось заданне, якое Бог даручае кожнаму чалавеку» (EV, 42). У вачах свету мы не маем для гэтага вялікіх сродкаў, аднак у нас, як у веруючых, ёсць незвычайная сіла і засцярога ад зла — малітва, якая, калі ўзносіцца з глыбокай верай да трону Спрадвечнага, можа чыніць цуды. Дзякуючы справе духоўнага ўсынаўлення ўратавана мноства чалавечых жыццяў. Духоўнае ўсынаўленне — гэта малітва ў інтэнцыі дзіцяці, якому пагражае забойства ва ўлонні маці, а таксама гэта просьба да Бога аб патрэбных ласках і святасці для яго бацькоў. Малітва працягваецца дзевяць месяцаў. Яна заключаецца ў тым, што кожны дзень моляцца адну таямніцу Ружанца і чытаецца спецыяльная малітва. Яе атрымліваюць падчас святой Імшы, калі складаюцца ўрачыстыя абяцанні — супольна або індывідуальна. Той, хто прадпрымае справу духоўнага ўсынаўлення, павінен таксама спаўняць дабравольна прынятыя рэлігійныя практыкі. Гэта можа быць, напрыклад, часты ўдзел у святой Імшы ў буднія дні і прыняцце святой Камуніі ў інтэнцыі духоўна ўсыноўленага дзіцяці, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, рэгулярнае чытанне Святога Пісання, пост на хлебе і вадзе, змаганне з уласнымі дрэннымі звычкамі, дапамога тым, хто гэтага патрабуе, пэўныя дадатковыя малітвы. Сутнасць духоўнага ўсынаўлення — абарона ўжо зачатага жыцця. Гэта таксама падзяка за ўласнае жыццё і адначасова дапаўненне дару бацькоўства для тых, хто не можа мець уласных дзяцей. Уключэнне ў справу духоўнага ўсынаўлення ёсць праяваю поўнага даверу да Бога з надзеяй на тое, што Ён у сваёй звышнатуральнай моцы здзейсніць перамену сэрцаў, настроеных супраць жыцця. Ненароджаным дзецям, якім пагражае аборт, а таксама жанчынам, якія апынуліся ў складанай сітуацыі, сужэнствам і бацькам вельмі патрэбны нашая малітоўная падтрымка, нашыя ахвяры, індывідуальныя пастановы — тое, што мы ў іх інтэнцыі ўзносім да Бога. Таму вельмі важна вытрываць у штодзённай малітве і такім чынам пасадзейнічаць выратаванню цалкам безабаронных чалавечых істотаў. Дзякуючы Богу за дар кожнага чалавечага жыцця і перапрашаючы за шматлікія грахі непашаны ў адносінах да гэтага дару, непашаны да жыцця ад моманту зачацця да натуральнай смерці, мы далучаемся да патоку і малітваў, ахвяраў і ўчынкаў міласэрнасці ў інтэнцыі кожнага зачатага чалавечага жыцця. Няхай Дзень святасці жыцця будзе для вернікаў, якім не абыякава чалавечае жыццё, нагодай для распачацця справы духоўнага ўсынаўлення зачатага дзіцяці. Усіх тых, хто прымае ўдзел у справе духоўнага ўсынаўлення, сардэчна благаслаўляем. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
13.07.2009 15:30
11 сакавіка 2007 г., ІІІ нядзеля Вялікага посту «Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім» (1 Ян 4, 16)     Бог стварыў чалавека паводле свайго вобразу і падабенства і адначасова даў яму зямлю, якая павінна была забяспечваць чалавека неабходнай для жыцця ежаю. Пакуль паміж Богам і чалавекам існавала гармонія, усё ў чалавека было добра: ён жыў у дастатку і цешыўся Божым благаслаўленнем. Аднак чалавек паддаўся спакусе і дапусціў, што з яго сэрца знік давер да Божай дабрыні і любові. Чалавек сам захацеў быць як Бог, але без Бога і па-над Богам (пар. ККК, 397, 398) . Праз першародны грэх смерць, хваробы і боль увайшлі ў гісторыю чалавецтва, пачаліся падзелы, і некаторыя людзі сталі адчуваць нястачу штодзённага хлеба. Праблема, якая як у даўнія часы, так і сёння стаіць перад чалавецтвам, гэта праблема недахопу любові. Уважліва назіраючы за тым, што цяпер адбываецца на зямлі, мы бачым вялікую дыспрапорцыю паміж рознымі краінамі. Адны краіны вельмі багатыя і заможныя, іншыя церпяць з прычыны беднасці і нястачы. Больш магутныя і багатыя імкнуцца любым коштам навязваць сваю волю і падпарадкоўваць сабе меншыя і слабейшыя. На жаль, гэта з’ява глабальнага маштабу. Касцёл рознымі спосабамі імкнецца задаволіць чалавечыя патрэбы і паказвае шлях да збаўлення, да сапраўднага дабра, якое вяртае надзею і прыносіць палёгку. Давайце задумаемся, чаму сучасны свет забываецца пра Бога і з цяжкасцю знаходзіць шлях да свайго Збаўцы? Святы Ян Багаслоў піша: «Той, хто не любіць брата свайго, якога бачыць, не можа любіць Бога, якога не бачыць» (1 Ян 4, 20) . Мы ведаем евангельскую прыпавесць пра багача і Лазара: «Быў адзін багаты чалавек, які апранаўся ў парфіру і тонкае палатно і кожны дзень цудоўна банкетаваў» (Лк 16, 19) . І вось, гэты багаты чалавек з Евангелля паводле Лукі памірае і апынаецца ў пекле. Такі прысуд для яго становіцца поўнай нечаканасцю: ён жа не краў, не рабаваў, не пазычаў пад працэнты. Няўжо быць багатым — гэта грэх? Безумоўна, не. Багач асуджаны не за тое, што меў багацце, бо і ў самога Езуса былі адданыя сябры сярод заможных людзей, гасціннасцю якіх Ён неаднойчы карыстаўся. У Бібліі асуджаюцца не столькі багатыя людзі, колькі іх грахі. А грахі гэтыя, як вучыць нас шматвяковы вопыт, асабліва буяюць на глебе, удобранай золатам. У чым зграшыў багаты чалавек з прыпавесці Езуса? Каля брамы яго дому ляжаў хворы ўбогі чалавек, якога звалі Лазар. Багач ведаў пра яго існаванне і ўбоства, але не звяртаў на яго ніякай увагі, нічым яму не дапамог. Не заўважаць свайго бліжняга, асабліва калі той знаходзіцца ў крайняй нястачы, не працягнуць яму руку дапамогі, калі гэта так лёгка зрабіць, застацца абыякавым да беднасці вакол нас — гэта трывожная праява. Чалавек, які не ведае літасці, не можа быць справядлівым, пабожным, поўным унутранай дабрыні і блізкім да Бога. Міласэрнасць — гэта адна з формаў любові. Хто не мае міласэрнасці, той не любіць і гэтым самым парушае асноўную запаведзь Евангелля. «Калі хтосьці мае дастатак у свеце, — піша Ян Багаслоў, — і бачыць брата свайго ў нястачы, і закрывае перад ім сваё сэрца, то як любоў Божая можа жыць у ім?» (1 Ян 3, 17) . Такі падыход, калі не заўважаюцца патрэбы іншага чалавека, асабліва беднага, калі яму адмаўляецца ў любові, пагражае кожнаму, не толькі багатаму. Але заможныя людзі ў гэтым сэнсе знаходзяцца ў асаблівай небяспецы. Адбываецца гэта перадусім таму, што багацце скіроўвае ўсю ўвагу яго гаспадара не на асобаў, а на рэчы. Сэрца пастаянна жыве пажадлівасцю таго, што ўбачылі вочы, па чым засумавалі пачуцці, і не ў стане адчуць патрэбаў бліжняга. Мы павінны заўсёды памятаць пра тое, што ў абліччы бедных да нас прыходзіць Хрыстус. Адкрытасць сэрца на патрэбы іншых людзей і гатоўнасць прыйсці ім на дапамогу — гэта тое, без чаго немагчыма стаць паўнавартасным чалавекам і хрысціянінам. Немагчыма без цяжкасцяў, самаадрачэння і ахвяры заўважыць добрае ў бліжнім, асабліва калі яно крыецца пад абліччам бедняка ці чалавека, адкінутага грамадствам. У Евангеліі паводле святога Мацвея ёсць апісанне апошняга суда, у якім Езус кажа асуджаным на вечны праклён: «Я быў галодны, і вы не далі Мне есці; прагнуў, і вы не напаілі Мяне; быў падарожным, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне» (Мц 25, 42–43) . Ігнаруючы чалавека, не бачачы ў бедным Хрыста, багаты можа дайсці да таго, што перастане бачыць і Бога. Яму будзе здавацца, што ўсе яго жаданні могуць задаволіць грошы. Звычкі сучасных багатых людзей ні для каго не з’яўляюцца таямніцай. Прэса, радыё, кіно, тэлебачанне ахвотна звяртаюцца да гэтай тэмы, бо ўсе добра ведаюць, што гэта тэма, якая кранае «за жывое». Колькі ж людзей з зайздрасцю кідаюцца на гэтыя апісанні, колькі людзей са шчырым захапленнем, амаль робячы з гэтага культ, назіраюць за банкаўскімі рахункамі вядомых мільянераў, за тым, як яны апранаюцца, падарожнічаюць і легкадумна трацяць грошы. Мы ўжо бачылі, за што багач з евангельскай прыпавесці пайшоў у пекла. Адсутнасць спагады да Лазара была толькі часткаю большага і складанага цэлага, была трагічным фіналам дрэнна накіраванага і дрэнна пражытага жыцця, была сведчаннем заганнага ўнутранага выбару, які паставіў яго вышэй не толькі за Лазара, але вышэй за ўсіх людзей і нават вышэй за Бога. Але і бедны чалавек можа мець такое сэрца, як у таго багача, што да бяспамяцтва зачаравана скарбамі гэтага свету, якое «ўсёю сілаю, усёю душою, усімі сваімі думкамі» прагне не Бога, а дабрабыту. Іншая праява дэфіцыту міласэрнасці ў наш час — гэта недахоп часу. Усюды гаворыцца, што час — гэта грошы, але для хрысціяніна час — гэта любоў. У пагоні за кар’ерай, дабрабытам ці ведамі чалавек забываецца пра свой абавязак быць побач з жонкаю, мужам, дзецьмі, бацькамі. У выніку міграцыі з вёсак у гарады шмат людзей пажылога ўзросту засталося ў сваіх родных дамах часта зусім без дапамогі. Дзеці жывуць у гарадах, часам прыязджаюць. Але ці дастаткова такога клопату пра пажылых бацькоў? Час Вялікага посту павінен нам дапамагчы зразумець, што міласэрнасць адносіцца не толькі да незнаёмых людзей, якія сядзяць на вуліцы каля магазіна або касцёла, але і да нашых блізкіх. Як часта я наведваю бацькоў? Ці цікавіць мяне іх лёс і патрэбы? Хто і калі апошні раз адводзіў іх у касцёл ці запрашаў да іх святара? Такіх пытанняў можна задаваць шмат: яны дапамагаюць нам рэальна глядзець на нашу рэчаіснасць і заўважаць у ёй чалавека. Святы Айцец Бэнэдыкт ХVІ у энцыкліцы Deus Caritas est («Бог ёсць любоў») разважае над рознымі аспектамі любові: над любоўю паміж жанчынай і мужчынам, і над той формай бескарыслівай любові, якая праяўляецца праз учынкі любові да бліжняга, перадусім да хворага, беднага, адкінутага. Гэты дакумент звяртае асаблівую ўвагу на дабрачынную місію Касцёла і нагадвае, што канкрэтныя праявы любові да бліжняга — гэта абавязак кожнага хрысціяніна. «Уся дзейнасць Касцёла — гэта выраз любові, якая жадае абсалютнага дабра чалавеку: жадае яго евангелізацыі праз Слова і сакрамэнты, што часта бывае гераічнаю справаю ў яе гістарычнай рэалізацыі; жадае яго развіцця ў розных сферах жыцця і чалавечай дзейнасці. Такім чынам, любоў — гэта служэнне, якое здзяйсняе Касцёл, каб нястомна адказваць на цярпенні і патрэбы людзей, у тым ліку і матэрыяльныя». Як католікі, мы павінны памятаць пра ўчынкі міласэрнасці для цела бліжняга і здзяйсняць іх, бо яны найлепш адлюстроўваюць наша стаўленне да бліжніх. Паўтараючы за Катэхізісам Каталіцкага Касцёла: галодных накарміць, спрагненых напаіць, нагіх адзець, падарожных прыняць у дом, хворых адведаць, вязняў суцешыць, памерлых пахаваць, мы ў той жа час чуем словы Хрыста: «Што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40) . Каталіцкія Біскупы Беларусі
13.07.2009 15:29
У імя Божае мы распачалі новы 2007 Год Пана. Бог у сваёй бязмежнай дабрыні дазволіў нам увайсці ў чарговы год трэцяга тысячагоддзя. 2006 год, які ўжо стаў гісторыяй, вернікі Каталіцкага Касцёла на Беларусі перажывалі ў духу памяці пра Слугу Божага Яна Паўла ІІ і пра яго вучэнне, дзякуючы такім чынам за дар гэтага Вялікага Папы і разважаючы над багатым вучэннем, якое ён пакінуў нам за 26 гадоў пантыфікату. Згодна з рашэннем Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, гэты год нашай зямной пілігрымкі мы будзем перажываць пад дэвізам: «Усе пакліканы да святасці». Такім чынам мы хочам нагадаць пра пакліканне кожнага чалавека да святога жыцця і нанава засяродзіцца на словах Другога Ватыканскага Сабору, які асабліва падкрэсліў, што «ўсе ў Касцёле, незалежна ад таго, адносяцца яны да іерархіі ці з’яўляюцца аб’ектам яе пастырскай апекі, пакліканы да святасці, згодна са словамі Апостала: „Бо воля Божая — гэта вашае асвячэнне“ (1 Тэс 4, 3) » ( Lumen gentium 39). Некаторыя людзі памылкова лічаць святасць чымсьці надзвычайным, даступным толькі для абраных, забываючыся, што кожны без выключэння чалавек можа яе дасягнуць, калі будзе нястомна супрацоўнічаць з Божай ласкай. У адказ на пытанне юнака: «Што належыць рабіць, каб быць збаўленым?», Хрыстус сказаў: «Калі хочаш увайсці ў жыццё вечнае, захоўвай запаведзі» (пар. Мц 19, 16–17) . Гэта значыць, што святым становіцца той, хто ў штодзённым жыцці кіруецца Божым законам, яднаецца з Богам у святых сакрамэнтах, асабліва ў Эўхарыстыі, і з любоўю служыць Богу ў бліжніх. Сапраўдная святасць не залежыць ад маштабу ўчынкаў, але заключаецца ў выкананні Божай волі. Таму кожны чалавек мае шанц стаць святым. Пра святасць хрысціяніна можна гаварыць тады, калі ён як мага паўней захоўвае вернасць вучэнню Хрыста, калі імкнецца да Яго, яднаецца з Ім і Яго наследуе. Аднак не ўсім дадзены аднолькавыя магчымасці ісці за Хрыстом. Яны адрозніваюцца ў залежнасці ад узросту чалавека, яго культурна-рэлігійнай фармацыі, узроўню жыцця, прафесіі або паклікання і нават ад стану здароўя. Шлях да святасці хрысціянскіх сужэнцаў будзе адрознівацца ад шляху святара або кансэкраванай асобы. Аднак кожны ахрышчаны абавязаны выкарыстаць дадзеныя яму для гэтага магчымасці. Усе пакліканні, усе прафесіі і жыццёвае становішча павінны разглядацца як шанц для рэалізацыі паклікання да святасці, або, інакш кажучы, як шанц для рэалізацыі паклікання да дасканалай любові ў адносінах да Бога і людзей. Такім чынам, святым чалавек становіцца не таму, што выбраў шлях кансэкраванага або святарскага жыцця, але таму, што яго жыццё ў адпаведнасці са становішчам і пакліканнем ператвараецца ў любоў да Бога і бліжняга. Такое разуменне святасці адкрывае надзвычай творчае асэнсаванне вартасці нават найбольш свецкага жыццёвага шляху і цалкам свецкай дзейнасці. Такая святасць мае шанц узрастаць і гераічна рэалізавацца нават пры самай звычайнай дзейнасці, калі толькі гэтая дзейнасць з’яўляецца вынікам любові да Бога і людзей. Распачынаючы год, на працягу якога мы засяродзім увагу на ўсеагульным пакліканні да святасці, звяртаемся да вас, дарагія браты ў святарстве. Дзякуючы вам за вашае ахвярнае святарскае служэнне, мы хочам нагадаць, што менавіта вы асабліва пакліканы да святасці, бо прынялі сакрамэнт святарства. Святы Айцец Ян Павел ІІ у Апостальскай адгартацыі Pastores dabo vobis напісаў, што пакліканне да святасці асабліва датычыцца святароў: «Яны пакліканы не толькі як ахрышчаныя, але таксама і асабліва як святары, гэта значыць, на падставе новага сану і асаблівых умоваў, якія вынікаюць з сакрамэнту святарства» (PDV 19) . Згодна з вучэннем Аб’яўлення, святар у Каталіцкім Касцёле з’яўляецца не толькі «паслом» Езуса Хрыста, але ў пэўнай ступені «другім Хрыстом» (alter Christus), — менавіта гэта асаблівым чынам вылучае каталіцкага святара. «Святарская тоеснасць, — тлумачыць Кангрэгацыя па справах духавенства, — вынікае з асаблівага ўдзелу ў святарстве Хрыста, дзякуючы якому той, хто прыняў пасвячэнне, становіцца ў Касцёле і для Касцёла сапраўдным, жывым і выразным вобразам Хрыста Святара, «сакрамэнтальнай актуалізацыяй Езуса Хрыста, Галавы і Пастыра» (PDV 15) . Таму жыццё і служэнне святара з’яўляюцца працягам жыцця і дзейнасці Хрыста. Дарагія браты, ваша імкненне да святасці выяўляецца ў пастырскай любові, якая з’яўляецца ў першую чаргу дарам сябе самога, прынясеннем без рэшты сябе самога ў дар Касцёлу, па прыкладзе дару Хрыста і ў супольнасці з Ім. Ён «палюбіў Касцёл і аддаў сябе за яго» (Эф 5, 25) . У вашай святарскай штодзённасці гэтая пастырская любоў павінна выяўляцца ў правільнай і самаахвярнай цэлебрацыі святых сакрамэнтаў, у ахвярнай і нялёгкай катэхетычнай і прапаведніцкай працы, у прыкладзе вашага жыцця, у кіраванні даручанай вам супольнасцю, у дабрачыннай і выхаваўчай дзейнасці, у лучнасці са сваім біскупам і ў еднасці з іншымі святарамі. Са словамі заахвочвання мы звяртаемся да кансэкраваных асобаў. Гэта вы, ідучы за голасам паклікання, велікадушна ўзялі на сябе заданне наследаваць Хрыста цнатлівага, убогага і паслухмянага Айцу. Ян Павел ІІ у адгартацыі Vita conseсrata падкрэслівае, што кансэкраванае жыццё, як дар Айца, «знаходзіцца ў самым сэрцы Касцёла як элемент, які мае вырашальнае значэнне для яго місіі, таму што выражае найглыбейшую сутнасць хрысціянскага паклікання» (VC 3). Фундаментам вашага жыцця з’яўляецца кансэкрацыя, якая азначае поўнае і выключнае адданне сябе Богу на векі. Ваш вобраз жыцця з’яўляецца радыкальным супрацьпастаўленнем часовым каштоўнасцям гэтага свету, якія зводзяцца да цялеснай пажадлівасці, пажадлівасці вачэй і жыццёвай пыхі. Вы з’яўляецеся для свету знакам таго, што існуе звышнатуральнае вымярэнне, рэальнасць неба, да якой чалавек, як Божае стварэнне, пакліканы. Вашае асабістае асвячэнне мае грамадскае вымярэнне; яно прыносіць карысць усяму Касцёлу, узмацняючы яго і паказваючы частку будучай хвалы. Заахвочваем, каб вы як духоўная святыня ўсё больш асвячалі сваё жыццё па прыкладзе Таго, Хто вас паклікаў. Нашае пастырскае слова мы скіроўваем да свецкіх асобаў. Без вас, свецкіх вернікаў, Касцёл не быў бы Касцёлам. Калі б у Касцёле не было свецкіх, то духоўныя і кансэкраваныя асобы страцілі б сваю ўласную тоеснасць. Святы Айцец Ян Павел ІІ у Апостальскай адгартацыі Christifideles laici заклікае ўсіх свецкіх, каб усё глыбей усведамлялі, што яны «не толькі належаць да Касцёла, але самі з’яўляюцца Касцёлам» (ChL 9) , а ў сваю чаргу, усё жыццё касцёльнай супольнасці павінна імкнуцца да святасці. На жаль, многія з ахрышчаных сцвярджаюць, што дастаткова быць «добрым хрысціянінам», гэта значыць, такім чалавекам, які ўпэўнены, што не чыніць цяжкіх грахоў, але таксама і не імкнецца да дасканаласці, задавольваючыся «адгаворваннем» штодзённых пацераў, «слуханнем» нядзельнай святой Імшы і спавядаючыся адзін раз на год, і пры гэтым лічыць, што амаль не мае грахоў. Прывілею духоўнага жыцця, імкненне да святасці такі хрысціянін пакідае святарам, кансэкраваным асобам, і ў першую чаргу законнікам і законніцам. Для такой пазіцыі духоўнага жыцця характэрна павярхоўнасць, таму што ў гэтым жыцці не адведзена першае месца Хрысту як Асобе, — жывому і праўдзіваму, — хоць сама назва «хрысціянін» адназначна ўказвае на вучня Хрыста. Існуе яшчэ іншая катэгорыя — умоўныя хрысціяне, гэтак званыя «яшчэ веруючыя, але ўжо не практыкуючыя». Такі падыход указвае на жахлівае скажэнне праўды пра Бога і пра чалавека, а значыць, на адсутнасць веры як фундамента духоўнага жыцця. У хрысціянскай веры Бог — гэта не ідэалогія, створаная людзьмі для іх часовага карыстання. Ён з’яўляецца жывой, хоць і нябачнай Асобай, Якую пазнаваць, прызнаваць і для Якой чыніць усё — значыць любіць Яе ўсім сэрцам, усім розумам і ўсёй душой. Добры хрысціянін, такім чынам, гэта сталы ў веры чалавек, для якога духоўнае жыццё з’яўляецца найглыбейшай і найважнейшай патрэбай самарэалізацыі ў пакліканні быць чалавекам «па вобразе Божым» і хрысціянінам, — гэта значыць Божым Дзіцём, — свядомым, што ён таксама быў адкуплены Крывёй Хрыста. Нагадваючы пра ўсеагульнае пакліканне да святасці, нельга абмінуць праблему небяспекаў, якія існуюць у сучасным свеце. Секулярызм, маральны рэлятывізм і іншыя тэндэнцыі сучаснага свету моцна пагражаюць духоўнаму жыццю хрысціянаў. На жаль, многія сучасныя хрысціяне слухаюць зманлівы голас свету, які намагаецца любым коштам пераканаць, што сёння святасць немагчымая. Свет імкнецца пераканаць чалавека, што ўчынкі, за якія яго дакарае сумленне, робяць усе. Абмовы, злосць, нянавісць, распуста, алкаголь, наркотыкі, кантрацэпцыя і гэтак далей — усё гэта, на жаль, папулярна ва ўсім свеце і закранае сотні мільёнаў людзей. Гэта сапраўды так. Аднак Касцёл з плошчы святога Пятра вуснамі Папы няспынна аб’яўляе ўсяму свету імёны тых, хто на ўзор Хрыста праведна прайшоў шляхам зямнога жыцця. Гэта тыя, хто жыў, кіруючыся хрысціянскімі каштоўнасцямі, часта аддаючы за іх сваё жыццё. Яны не былі вольнымі ад людскіх слабасцяў, але заўсёды падымаліся і вярталіся, безупынна і глыбока верачы ў Божую Міласэрнасць. Усё яшчэ гучыць у нашай памяці вокліч Божага народа пасля адыходу Яна Паўла ІІ: «Santo subito!» — «Ужо святы!». Гэта ён здзейсніў 1338 беатыфікацый і 482 кананізацыі, каб заахвоціць нас наследаваць святых. Ён заклікаў дарослых і моладзь, духоўных і свецкіх: «Не бойцеся імкнуцца да святасці». Ідучы ў кірунку святасці, гэта значыць да збаўлення, неабходна ўспрымаць сваё зямное жыццё як экзамен на здольнасць кіравацца вераю і як час для назапашвання добрых справаў. Змаганне за святасць з’яўляецца для чалавека адказам на Божы заклік, нялёгкай і ахвярнай рэалізацыяй прынятага хросту. Зразумела, што святасць перавышае прыродныя сілы чалавека, але, заклікаючы да яе, Бог даў нам вялікую дапамогу: Ён даў нам Евангелле, якое з’яўляецца праўдай пра Бога, пра людзей, пра свет; даў сакрамэнт паяднання, Эўхарыстыю, даў нам свайго Духа. А таму давайце нанава ўсвядомім тую праўду, што мы пакліканыя да святасці, паверым, што можам яе дасягнуць, і будзем святымі, наследуючы нашага Настаўніка з Назарэта! Ад усяго сэрца благаслаўляем. Каталіцкія Біскупы Беларусі
13.07.2009 15:27
Умілаваныя ў Хрысце Пану! Кожны год у актаву Божага Нараджэння мы перажываем свята Святой Сям’і, якая з’яўляецца цудоўным узорам для кожнай сям’і. Яна — выключная, бо ў цэнтры яе штодзённага жыцця знаходзіцца Езус — Божы Сын, наш Збаўца. Гэта Ён учыніў яе шчасліваю, нягледзячы на тое, што яна цярпела нястачу, выгнанне і страх перад Ірадам. Тое, што Святую Сям’ю сустракала ў зямным жыцці, яна перажывала з Богам. У сённяшнія часы найбольш церпяць сем’і. Яны знішчаюцца і часта распадаюцца з-за разводаў, эгаізму, распусты, алкагалізму, забойства зачатых дзяцей. Так адбываецца, калі сям’я забываецца пра тое, што самай важнай асобай у іх сямейным жыцці павінен быць Бог, калі ў сваіх выбарах не лічыцца з Яго воляй. Літургія сённяшняга свята запрашае сем’і да таго, каб яны даверыліся Богу, каб глыбока з’ядналіся з Ім. Нагадвае, што асвячэнне штодзённага жыцця з’яўляецца першым заданнем і павінна быць самым важным клопатам сям’і. Яно з’яўляецца шляхам да асабістага развіцця і крыніцай сямейнага шчасця. Спяшаючыся на дапамогу сям’і, Касцёл прадпрымае шматлікія дзеянні. Адным з самых важных з’яўляецца ратаванне жыцця зачатага дзіцяці. Радасцю нас напаўняе той факт, што ў справу так званага «духоўнага ўсынаўлення» ўключылася шмат людзей, таксама і ў нашай краіне. На працягу дзевяці месяцаў праз добрыя ўчынкі і малітву, якая распачалася 25 сакавіка ў свята Звеставання Пана і працягваецца ажно да Божага Нараджэння, мы падтрымліваем маці, якія чакаюць патомства, просім для іх аб мужнасці прыняць дзіця, нарадзіць і палюбіць яго. Мы верым, што такім чынам была выратавана шматлікая колькасць зачатых чалавечых істотаў, жыццё якіх аказалася пад пагрозай. Мы жадаем падзякаваць усім тым, хто праз малітву і ахвяру прычыніўся да выратавання зачатых дзяцей. Спадзяёмся, што гэты жэст любові не будзе аднаразовым, але будзе паўтарацца кожны год многімі людзьмі з клопатам пра ратаванне жыцця, якое знаходзіцца пад пагрозай, а таксама пасадзейнічае распаўсюджанню цывілізацыі любові ў секулярызаваным свеце. Асаблівую падзяку жадаем скіраваць у адрас пробашчаў, якія заахвочвалі вернікаў да распачацця духоўнага ўсынаўлення. Усіх тых, якія распачалі гэтую высакародную справу і жадаюць яе працягваць, шчырым сэрцам благаслаўляем. Каталіцкія Біскупы ў Беларусі, сабраныя на XXXI Пленарнай канферэнцыі ў Мінску 12 снежня 2006 г.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця