Яго тут няма; Ён уваскрос (Лк 24, 5–6).
Гэтыя словы прамовіў Анёл да жанчын у велікодную раніцу. Яны пасля свята Пасхі прыйшлі да грабніцы, каб выканаць традыцыйныя абрады над нябожчыкам, чаго не паспелі зрабіць падчас пахавання. Прыйшлі ў смутку ад страты свайго Настаўніка і Цудатворцы, якога чалавечая нянавісць пазбавіла жыцця. Але сутыкнуліся з фактам знікнення цела Хрыста з грабніцы, куды яно было пакладзена ў Вялікую пятніцу, калі блізкія вучні, зняўшы яго з крыжа, з пашанаю пахавалі. Толькі хвіліну ў іх была няўпэўненасць, разгубленасць і слёзы. Незнаёмы каля грабніцы запытаўся: «Жанчына, чаго ты плачаш? Каго шукаеш?» (Ян 20, 15). І ў Ім Марыя пазнае Таго, каго лічыла памерлым…
Імкліва развіваліся падзеі ў велікодную раніцу. Вестку пра ўваскрасенне Хрыста перадавалі з вуснаў у вусны жыхары Ерузалема і іншых мясцовасцяў. Дзякуючы першым сведкам пустой грабніцы пра падзеі велікоднай раніцы даведаліся многія, а сёння ведае ўвесь свет.
Сёння мы святкуем тую вялікую падзею. Гэта не проста нейкая сенсацыя: хрысціяне называюць яе таямніцаю. Але гэта здарылася. Першы раз у гісторыі чалавецтва грабніца апусцела. Пан не памёр, але спіць — так разважае Касцёл у Вялікую суботу. Ён перамог смерць.
Пустая грабніца сведчыць пра той факт, што Езус уваскрос. Ён адчыніў брамы раю, якія былі зачыненыя перад чалавекам з прычыны першароднага граху нашых прабацькоў Адама і Евы. Вось чаму надзея велікоднай раніцы не пакідае абыякавымі жыхароў зямлі. «Хрыстос уваскрос з памерлых», — так гучыць велікодны спеў вернікаў. Ён прайшоў праз адхлань і сваім уваскрасеннем прынёс радасць тым праведнікам, якія перад Яго прыйсцем адышлі з гэтага свету. Мы штодзённа згадваем пра гэта, прамаўляючы Сімвал веры.
Адзіная пустая грабніца ў гісторыі чалавецтва сведчыць пра тое, што жыццё змяняецца, але не сканчваецца. Яно працягваецца ў іншым вымярэнні. Езус сустракаецца з вучнямі, дазваляе дакрануцца да ранаў на Яго руках і да свайго прабітага боку. Вучні пераконваюцца ў тым, што гэта не з’ява і не сон — гэта іх Настаўнік, якога яны слухалі, які быў забіты бязбожнікамі. Гэта іх умілаваны Месія, якога пахавалі ў новай грабніцы. Ён уваскрос!
Уваскрасенне адбылося нечакана, вучні не былі падрыхтаваныя да такога развіцця падзеяў, але пасля сустрэчы з Уваскрослым жыццё тых, хто шчыра паверыў, грунтоўна перамянілася. Яны сталі сведкамі ўваскрасення і пачалі абвяшчаць у свеце таямніцу велікоднай раніцы, пустой грабніцы Хрыста, і гэтаму цалкам прысвяцілі сваё жыццё, як сведчаць Дзеі Апосталаў.
Да прыняцця таямніцы велікоднай раніцы кожны католік рыхтуецца на працягу перыяду Вялікага посту, які папярэднічае святу. Так, як вучні Езуса, як жанчыны, якія першыя ўбачылі пустую грабніцу, няхай кожны з нас атрымае адноўленую ласку моцнай веры.
Вера ва Ускрослага Хрыста няхай дапамагае хворым людзям з трывалаю надзеяй несці цяжкі крыж хваробы. Тым, хто дапамагае хворым, церпячым, нямоглым, святло Хрыстовага ўваскрасення няхай будзе крыніцаю новых сілаў у іх ахвярным служэнні. Разважанне пра цуд уваскрасення Езуса няхай дапамагае ўсім, ад каго шмат у чым залежыць будучы лёс чалавецтва, бескампрамісна служыць праўдзе і несці людзям дабро і надзею.
Няхай Уваскрослы дапаможа кожнаму ў пошуках свайго месца ў жыцці, свайго служэння ў грамадстве. Дзякуючы разважанням пра таямніцу ўваскрасення тыя, каго Хрыстус кліча да асаблівага служэння ў Яго Касцёле, няхай па прыкладзе апосталаў прымуць мужнае рашэнне і стануць на шлях абвяшчэння Добрай Навіны ў сённяшнім секулярызаваным свеце. У свеце, які з цікаўнасцю разглядае старыя і новыя тэорыі знікнення Хрыста; у свеце, які да сённяшняга дня сумняваецца ў тым, што грабніца сапраўды апусцела.
Выбар святарскага паклікання, выбар манаскага жыцця ў сучасным свеце — гэта яскравае сведчанне для ўсіх, што ў велікодную раніцу грабніца сапраўды была пустою.
Вестка пра ўваскрасенне Пана няхай дадасць мужнасці ўсім бацькам у выхаванні дзяцей у адпаведнасці з маральнымі нормамі Касцёла — супольнасці, заснаванай Хрыстом.
Няхай з нашых вуснаў сёння і на працягу ўсяго Велікоднага перыяду ўсе навокал пачуюць вокліч радасці і надзеі: «Хрыстос уваскрос! — Сапраўды уваскрос! Аллелюя!».
Апостальскі Адміністратар
Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі