Пошук

14.07.2009 11:48  

Найдастойнейшаму спадару
д-ру Франчэска Франджаллі
Сакратару Сусветнай арганізацыі турызму

З Ватыкана, 8 верасня 2006 г.

Шаноўны спадару,

З нагоды Сусветнага дня турызму, які адбудзецца 27 верасня гэтага года, я з радасцю перадаю вам сардэчнае прывітанне Яго Святасці Бэнэдыкта XVI разам з пажаданнем, каб гэтае значнае мерапрыемства дапамагло падкрэсліць станоўчы патэнцыял турызму, таму што яго натхняюць чалавечыя і духоўныя каштоўнасці. Тэма, якую прапануе сёлета гэтая Сусветная арганізацыя, — «Турызм узбагачае» — дае магчымасць паразважаць над тым, як яшчэ далей вызначыць культуру падарожжа і перамяшчэння людзей так, як яна прадстаўлена рознымі формамі сучаснага турызму. У той жа час яна дае магчымасць прааналізаваць значныя эканамічныя і фінансавыя інтарэсы, а таксама шматлікія сацыяльныя, рэлігійныя, культурныя, палітычныя і экалагічныя аспекты, да якіх сучасныя глабальныя аб’ёмы турызма прыцягваюць адказную ўвагу дзяржаваў і народаў.

Турызм, бясспрэчна, з’яўляецца крыніцаю дабрабыту, бо ён дапамагае функцыянаванню нацыянальных эканомік і складае асноўную частку унутранага валавага прадукту і плацёжнага балансу большасці краінаў. Акрамя таго, розныя заняткі, звязаныя з турыстычнай дзейнасцю, даюць працу мільёнам людзей, якія належаць да самых разнастайных сацыяльных катэгорый. Засноўваюцца міжнародныя фінансавыя карпарацыі і разнастайныя нацыянальныя прадпрыемствы, якія такім узроставым катэгорыям, як моладзь і пенсіянеры, аблягчаюць перамяшчэнне з мэтай турызма ва ўсе поры года. Мільёны людзей і сем’яў займаюцца турызмам; гэта спрыяе стварэнню працоўных асацыяцый, сямейных і калектыўных кааператываў; гэта закранае горад і вёску, датычыць горных і прыморскіх рэгіёнаў, а таксама мясцінаў з адметнай прыродаю ці культурным значэннем. Турызм таксама з’яўляецца цудоўнай магчымасцю і несумненнай крыніцаю для мастацтва і народных промыслаў. Да таго ж, дзякуючы новым сучасным тэхналогіям (інтэрнэт, самалёты, караблі, аўтамагістралі, хуткасныя цягнікі і г. д.) пераадолены ўсе адлегласці ў часе і ў прасторы, і турыст можа лёгка трапіць у любы куток зямлі. Ва ўзаемнай гасціннасці, якая адбываецца паміж наведвальнікам і прымаючым бокам, можа здзяйсняцца абмен зямнымі дабротамі і культурны абмен, што робіць чалавечае суіснаванне больш братэрскім і салідарным.

Як неаднаразова нагадвала гэтая Сусветная арганізацыя, турызм — гэта перш за ўсё справа людзей. Таму узбагачэнне, якое ён дае, не павінна быць толькі эканамічным ці матэрыяльным. Гэта лепш дапамагае зразумець назіранне, зробленае ІІ Ватыканскім Саборам: «Больш-менш агульнае змяншэнне працоўнага часу з кожным днём павялічвае магчымасці многіх людзей. Неабходна правільна выкарыстоўваць вольны час для адпачынку і ўмацавання здароўя душы і цела (…), дзякуючы падарожжам у іншыя краіны (турызм), праз што ўдасканальваецца духоўны свет чалавека, а людзі ўзбагачаюцца знаёмствам адных з другімі» (Канст. Gaudium et spes, 61). Турызм можа спрыяць сапраўднаму чалавечаму і грамадскаму развіццю дзякуючы большым магчымасцям для дзялення дабротамі, для плённага культурнага абмену, для доступу да хараства прыроды і мастацтва, для супастаўлення розных менталітэтаў, традыцый і рэлігій. Падарожжы духоўна ўзбагачаюць чалавека, які кіруецца ў дарогу для таго, каб адкрыць штосьці новае, у якога з’яўляецца стымул даведацца, якія адказы далі іншыя людзі на вялікія пытанні быцця. Асабліва ў наш час турызм можа выяўляць асноўнае патрабаванне чалавечай асобы — павялічваць веды і адчуваць, што чалавек з’яўляецца ў той жа час носьбітам культуры і дабра. Каб гэта стала магчымым, абавязкова патрэбная сур’ёзная падрыхтоўка, якая выключае спантаннасць і павярхоўнасць. Таму пажадана, каб дзяржавы, асацыяцыі турыстычных агентаў, універсітэцкія і культурныя ўстановы, прафсаюзы, якія дзейнічаюць у гэтым сектары, спрыялі набыццю адпаведнай кампетэнцыі і давалі канкрэтныя гарантыі па прёме турыстаў. Вельмі важна, каб пачала ажыццяўляцца пераканаўчая адукацыйная дзейнасць, прысвечаная каштоўнасцям турызму, у адносінах да людзей і ў абарону асобаў, супольнасцяў і прыродных і культурных багаццяў прымаючых краінаў. Толькі такім чынам гэтыя «новыя арэапагі», якімі з’яўляюцца турызм і вольны час, стануць крыніцаю сапраўднага чалавечага ўзбагачэння для ўсіх, не выключаючы і тых, хто жыве ў менш спрыяльных умовах, якія склаліся з натуральных ці грамадска-культурных прычынаў.

Яго Святасць заклікае ўсіх, хто ўдзельнічае ў дзейнасці заслугоўваючай павагі Сусветнай арганізацыі турызму, кожнаму ў межах сваёй кампетэнцыі прыкласці канкрэтныя намаганні, каб турызм перажываўся як магчымасць для чалавечага і духоўнага ўзбагачэння. Такім чынам, турызм можа стаць яшчэ адной плённай крыніцаю сапраўднага ўзбагачэння чалавецтва; на самай справе, дзякуючы яму людзі і культуры абменьваюцца каштоўнасцямі ведаў і дабрабыту, справядлівасці і свабоды, прыгажосці і міру, якія даюць жыццю поўны сэнс. Разам з гэтым пажаданнем ён запэўнівае ў асаблівай малітоўнай памяці і для ўсіх просіць Божага благаслаўлення. Я таксама з радасцю далучаю маё шчырае прывітанне і, карыстаючыся нагодаю, запэўніваю ў сваёй глыбокай павазе.

Кардынал Анджэло Садано
Дзяржаўны Сакратар

Абноўлена 05.06.2017 13:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця