Асаблівай пашаны заслугоўваюць тыя асобы, якія працуюць выхавацелямі ў дзіцячых дамах, служаць дзецям, памяншаючы такім чынам іх цярпенні, выкліканыя стратай сям’і. Неабходна таксама ўзгадаць пра розныя грамадскія арганізацыі, прыватных спонсараў са свету бізнесу, якія для сіротаў арганізоўваюць адпачынак у нашай краіне і за мяжой. Іх самаадданую працу Слуга Божы Ян Павел ІІ назваў супрацоўніцтвам у справе стварэння цывілізацыі любові.
На жаль, нават найлепш упарадкаваныя дзіцячыя дамы не заменяць сямейнай атмасферы. Нішто і ніхто не дасць столькі цяпла дзецям, колькі можа даць штодзённае жыццё ў поўнай і любячай сям’і.
Касцёл заклікае сужэнствы і хрысціянскія сем’і прыйсці на дапамогу дзецям-сіротам. Найлепшая дапамога — гэта падзяліцца атмасферай сямейнага цяпла і ўзяць такое дзіця на выхаванне. Такім чынам можна дзейсна перадаць дзецям традыцыі нашых продкаў і бясцэнны дар веры.
Дзеці — гэта будучыня грамадства, будучыня нацыі і Касцёла. Усыноўленае дзіця, выхаванае ў сям’і веруючых, сустракаецца ў штодзённым жыцці са сведчаннем дабрыні Бога, адчувальна перажывае благаслаўленне, якое нараджаецца тады, калі чалавек становіцца на шлях веры. Таму я вельмі прашу сужэнствы і сем’і, якія маюць адпаведныя хатнія і матэрыяльныя ўмовы, адкрыць свае сэрцы і прыняць на выхаванне адно ці некалькіх дзяцей-сіротаў.
Са шматгадовай душпастырскай практыкі я ведаю, што такое дзіця часта становіцца падтрымкай для бацькоў у старасці. Будзем таксама памятаць пра заслугу перад Богам: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых найменшых, тое Мне зрабілі». Прыкладам для нас з’яўляюцца сем’і з нашай краіны і з-за мяжы, якія чакаюць сваёй чаргі, каб усынавіць дзяцей-сіротаў, часта хворых або калекіх.
Нават калі сем’і не маюць адпаведных матэрыяльных умоваў для таго, каб узяць назаўсёды да сябе дзіця-сірату, я заклікаю не зачыняць сваіх дамоў для сіротаў. Можна дапамагаць такім дзецям, запрашаючы іх да сябе з нагоды розных святаў, значных датаў у жыцці дзіцяці, напрыклад, з нагоды дзён нараджэння ці імянінаў, на час школьных канікулаў. Дзяржаўны закон прадугледжвае і такія кантакты сем’яў з сіротамі. Гэтым законам ужо карыстаюцца і прадстаўнікі іншых хрысціянскіх веравызнанняў.
Важнай і вострай праблемай з’яўляецца праблема дапамогі хворым дзецям, пазбаўленых сем’яў, дзецям, якія жывуць у спецыяльных установах.
Нават тады, калі мы не ў стане матэрыяльна дапамагчы дзецям-сіротам, мы можам дапамагаць ім духоўна. Мы можам памятаць пра іх у нашых малітвах, прасіць добрага Бога, каб на іх жыццёвым шляху Ён паставіў людзей, якія адкрыюць свае сэрцы на іх патрэбы.
Усіх тых, хто клапоціцца пра матэрыяльнае забеспячэнне і выхаванне дзяцей-сіротаў і інвалідаў, усіх, хто распрацоўвае законы на карысць сіротаў, усіх, хто прыняў у свае сем’і гэтых дзяцей, я шчыра благаслаўляю.
Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
біскуп Антоній Дзям’янка