Пошук

Аўторак, 22 чэрвеня 2010
Серада, 28 красавіка 2010
28.04.2010 15:20
2 мая 2010 г. Каго Мне паслаць? Глыбокапаважаныя браты і сёстры! 1. Заклапочаны справай пакліканняў, звяртаюся да вас са Святой Зямлі; звяртаюся напрыканцы пілігрымкі святароў і свецкіх асобаў, прысвечанай Году святарства; звяртаюся, прайшоўшы і памаліўшыся ў тых месцах, дзе дзейнічаў Езус Хрыстус, дзе паклікаў Апосталаў; звяртаюся з Вячэрніка, дзе Ён ўстанавіў сакрамэнт святарства. На гэтай Святой Зямлі ў маіх вушах гучаць словы прарока Ісаі: «Каго Мне паслаць? Хто пойдзе дзеля нас?» (Іс 6, 8). Ён іх пачуў і, паслухмяны волі Божай, адказаў: «Вось я, пашлі мяне» (Іс 6, 8). Гучаць скіраваныя да галілейскіх рыбакоў словы Езуса: «Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей» (пар. Мц 4, 19). Яны пакінулі ўсё і пайшлі за Хрыстом (пар. Мц 4, 20). Падобныя пытанні задае Бог і сёння. Яны ўсё мацней і мацней гучаць у сучасным свеце, які адчувае востры недахоп святароў і кансэкраваных асобаў, без якіх немагчыма нармальная дзейнасць Касцёла як сакрамэнту паўсюднага збаўлення. Святы Ян Віянэй казаў, што менавіта праз святара здзяйсняецца збаўленчая місія Хрыста. Праблема паклікання да святарства асабліва падкрэсліваецца Святым Айцом Бэнэдыктам XVI у Год святарства, які мы сёлета адзначаем. Гэты Год павінен яшчэ больш павялічыць нашае адчуванне і разуменне значэння святара ў справе збаўлення чалавека і яго місіі ў сучасным свеце, што патрабуе новай евангелізацыі. Год святарства таксама павінен заклікаць нас да больш інтэнсіўнай малітвы ў інтэнцыі пакліканняў. Малітва — гэта першае сведчанне, якое з’яўляецца дапамогай у справе паклікання 1 , — нагадвае папа Бэнэдыкт XVI. Пакліканне да святарскага і кансэкраванага жыцця — гэта незвычайны Божы дар, які з’яўляецца праяўленнем вялікага плану любові і збаўлення, што Бог мае для кожнага чалавека ў прыватнасці і для ўсяго чалавецтва. Нездарма св. апостал Павел у пасланні да Эфесцаў піша: «Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, які благаславіў нас у Хрысце ўсялякім духоўным благаслаўленнем на нябёсах, бо Ён выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові» (Эф 1, 3–4). У паўсюдным пакліканні да святасці наперад выходзіць ініцыятыва Бога, які выбірае некаторых людзей, каб былі Яго надзвычайнымі слугамі і сведкамі, якія моцаю Хрыста абвяшчаюць Божае слова, цэлебруюць сакрамэнты, асвячаюць і, з любоўю служачы людзям, будуюць хрысціянскія супольнасці. 2. Сёння мы павінны задаць сабе пытанне, якое пачуў прарок Ісая: «Каго Мне паслаць? Хто пойдзе дзеля нас?» (Іс 6, 8), і пашукаць адказу на яго ў Божым слове. Хто годны абвяшчаць Божае слова, цэлебраваць сакрамэнты, асабліва Эўхарыстыю, будаваць хрысціянскую супольнасць? Ці я — як ахрышчаны вучань Хрыста — магу штосьці зрабіць у гэтай справе? А калі так, то якім чынам? Узгадаем пакліканне апостала Паўла. Як Саул ён жорстка пераследаваў Касцёл і яго вельмі баяліся ўсе хрысціяне. Аднак пад Дамаскам ён цудоўным чынам спаткаў Хрыста. Тады ён аслеп фізічна, аднак у той жа час духоўна ўбачыў сябе ва ўсёй праўдзе (пар. Дз 9). Да гэтага здарэння ён думаў, што ясна бачыць і ведае, што павінен чыніць, а на самой справе жыў у духоўнай цемры, акунуўшыся ў нянавісць. Пасля спаткання з Езусам Павел называе сябе «неданошаным плодам», якому аб’явіў сябе Езус (пар. 1 Кар 15, 8). Метафара «неданошаны плод» змяшчае пакору св. Паўла, бо менавіта ў ім праявілася плённасць ласкі Божай, якая можа перамяніць грэшніка ў выдатнага апостала. Вось што можа ўчыніць Бог з тым, хто з евангельскага пункту гледжання мог быць прызнаны за маргінала 2 , — кажа папа Бэнэдыкт XVI. Падобнае зведаў і прарок Ісая, які выказаў сваю разгубленасць і грэшнасць перад святасцю Бога, які аб’явіўся яму ў сваёй хвале. Прарок Ісая кажа: «Гора мне, бо я загінуў» (пар. Іс 6, 5). Аднак не жыццё і смерць ёсць мэтай спаткання чалавека з Богам, але жыццё і святасць. Таму Ісая вельмі добра ўсвядоміў сабе, якое вялікае бяздонне паміж Богам і ім і яго народам, канкрэтнымі людзьмі, якія патрабуюць навяртання. З усіх сваіх братоў і сясцёр ён першы быў ачышчаны і пасланы абвяшчаць слова перамены, шлях вяртання да Бога. Таксама Пётр, знаходзячыся ў чаўне разам з Езусам, пасля цяжкай бясплённай працы ўначы, паслухаў Яго парады і выплыў на глыбіню. Парада Езуса была выніковай. Пётр злавіў так шмат рыбы, што нават сеткі рваліся. Бачачы ўсё гэта, ён настолькі ўзрушыўся, што сказаў: «Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны» (пар. Лк 5, 8). Езус, аднак, не толькі не адышоў, але запрасіў Пятра пакінуць човен і замяніць працу рыбака на сяброўства з Ім. Ён заклікаў Пятра замяніць сеткі для рыбнай лоўлі на слова Божае. Яго возерам і рыбамі павінен стаць свет і людзі. 3. Хто ж, такім чынам, прыдатны да абвяшчэння слова Божага? Калі гэта маглі чыніць такія недасканалыя людзі, якімі на пачатку былі прарок Ісая, апосталы Пётр і Павел, то ці не магу я, і ты, і іншы? Бог не хоча дзейнічаць сам, як дзейнічаюць менеджэры, якія часцей за ўсё працуюць самастойна. Бог ахвотна запрашае і ўключае ў свой план людзей, каб супрацоўнічаць з імі ў справе збаўлення. Трэба дадаць, што Ён больш ахвотна чыніць гэта са слабымі людзьмі, якім самім давялося зведаць духоўны бунт і цемру, але якія адначасова зведалі прабачэнне і ўнутраны спакой, бо яны непасрэдна на сабе ўбачылі дзеянне Божай міласэрнасці. Усведамленне таго, што мы былі адкуплены збаўленчай любоўю Хрыста, абуджае ў нас неабходнасць даверыць сябе Хрысту, які аддаў за нас сваё жыццё. Хто верыць у Бога і прымае Яго дар, той з удзячнасцю давяраецца Яму і стараецца стаць удзельнікам Яго збаўленчага плану. Калі так ёсць, то пакліканы пакідае ўсё і далучаецца да школы свайго Настаўніка. Такім чынам распачынаецца плённы дыялог паміж Богам і чалавекам, таямнічая сустрэча паміж любячым Богам і свабодным чалавекам, які, чуючы словы Хрыста: «Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў» (Ян 15, 16), вырашае ісці за Хрыстом. 4. Якім чынам гэта датычыць мяне? Кожнага з нас? Мы не можам заставацца пасіўнымі ў адносінах да голасу Бога, які кліча. Але як гэта рэалізаваць? Думаю, Евангелле пра цудоўны ўлоў рыбы будзе тут добрай дапамогай. Найперш, Езус папрасіў Пятра, каб адплыў ад берага. Таксама сёння Езус просіць, каб той, хто адчувае пакліканне, пакінуў натоўп і быў разам з Ім, каб паглядзеў Яму ў вочы, паслухаў, што Ён кажа яму. Трэба таксама прыслухацца да самога сябе, да свайго сумлення, каб зразумець веліч паклікання. Езус можа і нас, як калісьці Пятра, запрасіць адплыць на глыбіню, дзе Ён дае загады. Не трэба баяцца выплыць на глыбіню, бо адным з досведаў, які чакае нас, будзе досвед нашай грэшнасці, нягоднасці, трывогі і страху. На глыбіні нас чакае спатканне з Богам Святым. Тут справа ідзе не аб страху, але аб прыняцці новага задання. Яно нялёгкае, але заўсёды плённае, калі мы распачнём жыць жыццём, падобным да Яго жыцця, да жыцця, якое прысвечана абвяшчэнню праўды Божай, асвячэнню людзей і будаванню хрысціянскай супольнасці. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI навучае, што адказ чалавека на Божае пакліканне не можа прымаць формы бескарыснага і лянівага слугі, які з боязі хавае свой талант у зямлі (пар. Мф 25, 14–30). Наадварот, пакліканне павінна выражацца ў следаванні запрашэнню Пана. Прымаючы пад увагу аўтаномнасць пакліканых асоб, свабодны адказ чалавека на Божае пакліканне становіцца адказнасцю ў Хрысце і з Хрыстом, што чыніць пакліканага здольным прынесці вялікі плён (пар. Ян 15, 5) 3 . 5. Пакліканне Пятра, як і іншых апосталаў, паказвае нам шлях, якім чынам і мы можам стаць апосталамі Езуса. Не здзяйсняецца гэта нашымі сіламі, але моцаю Божаю. У наш час секулярызму ўсё мацней развіваецца хай-тэк і спажывальніцкае язычніцтва, калі людзі пакладаюць сваю надзею толькі на развіццё тэхнікі і імкнуцца да матэрыяльнага дабра. У такіх абставінах, калі, з аднаго боку, людзі самі адракаюцца ад веры і Бога, а з іншага — шукаюць вечнай праўды, усё мацней гучыць пытанне Бога: «Каго Мне паслаць? Хто пойдзе дзеля нас?» (Іс 6, 8). Можа, гэтае пытанне скіравана да цябе, малады чалавек? Можа, Хрыстус менавіта цябе выбраў? Можа, ты не чуеш Яго, які голасна кліча цябе да святарства ці кансэкраванага жыцця? Адплыві ад берага гаманлівага сучаснага жыцця, пабудзь разам з Хрыстом, услухайся ў Яго голас. А калі Ён скажа адплысці на глыбіню, то ўчыні гэта, каб прыняць рашэнне. Адной з найвялікшых праблем сучаснасці з’яўляецца так званы крызіс пакліканняў да святарства і манаства. Аднак на самой справе справа зусім у іншым. Кажучы, што няма пакліканняў, мы тым самым як быццам сцвярджаем, што заклік Езуса да служэння Божага не дастаткова моцны, каб прасякнуць панцыр постмадэрністкай культуры безгустоўнасці, насілля і цемры. Але Бог кліча, як клікаў і раней, кліча так моцна, як чыніў гэта заўсёды. Кліча праз малітву і кліча праз сведчанне святароў і кансэкраваных асобаў. Таму трэба, каб наша малітва аб пакліканнях была трывалай і інтэнсіўнай, а святары і кансэкраваныя асобы павінны яшчэ мацней адчуваць сваю адказнасць за пакліканні 4 , падтрымліваючы Божую ініцыятыву якасцю і багаццем свайго асабістага і супольнага сведчання 5 , — як сцвярджае Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. Такім чынам, мы ўсе разам — свецкія вернікі, святары і кансэкраваныя асобы — павінны зрабіць усё, каб голас Пана, які кліча, яшчэ мацней гучаў у сучасным свеце, каб маладыя людзі маглі пачуць Яго голас і разам з Ісаяй адказаць: «Вось я, пашлі мяне» (Іс 6, 8). 6. А якім, малады чалавек, будзе твой адказ? Не паддавайся страху ці сумненням! Даверся Богу і ідзі за Езусам, і станеш сведкам радасці, якая паходзіць з блізкай еднасці са Збаўцам. З гэтым пытаннем звяртаюся да цябе з Вячэрніка. Звяртаюся з таго святога месца, дзе Езус Хрыстус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі і святарства. Звяртаюся адтуль, дзе разам з беларускімі святарамі цэлебраваў св. Імшу, у якой прынялі ўдзел нашы пілігрымы. Гэта быў вялікі дар, ласка і шчасце цэлебраваць Эўхарыстыю там, дзе яна была ўпершыню здзейснена Хрыстом. Падчас гэтай св. Імшы мы, у часе святкавання Году святарства, дзякавалі Богу за наша пакліканне да святарства, а таксама маліліся аб новых і святых пакліканнях. Таму, малады чалавек, прымі рашэнне. Прымі цяпер! Прымі, кажучы разам з Марыяй — Маці святароў — сваё «Fiat» — сваё «Так» Богу, бо Хрыстус і вернікі чакаюць, каб праз дзейнасць моцы Збаўцы ты мог прынесці ў гэты свет больш святла, ласкі і надзеі. Амэн. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Мінск-Іерусалім-Вячэрнік, 20 красавіка 2010 г. P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае пасланне вернікам 2 мая 2010 г. Выкарыстаная літаратура: 1.    http://www.vatican.va/holy_father/benedict_ xvi/audiences/2008/ documents/hf_ben-xvi_aud_20080910_it.html 2.    http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/messages/vocations/documents/hf_ben-xvi_mes_20090120_xlvi-vocations_pl.html 3.    http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/messages/vocations/ documents/hf_ben-xvi_mes_20091113_xlvii-vocations_pl.html 4.    /2/home/vatican/news/pope-said/103447-paslannie-benedykta-xvi-47-dzien-malitwau-ab-paklikanniach.html
Чацвер, 25 сакавіка 2010
Чацвер, 18 лютага 2010
Серада, 17 лютага 2010
17.02.2010 16:34
Дарагія браты ў святарстве, вернікі дыяцэзіі! Перыяд Вялікага посту з’яўляецца нашай падрыхтоўкай да ўрачыстасці Змёртвыхпаўстання Пана. У гэты час мы павінны ажывіць веру ў Езуса Хрыста, а таксама быць Яму ўдзячнымі за здзейсненае на крыжы адкупленне. Такім чынам мы хочам падзякаваць Езусу за тое, што Ён палюбіў нас дарэшты і застаўся з намі. У гэтым годзе мы асабліва ўдзячны за тое, што ў Вялікі чацвер Хрыстус устанавіў сакрамэнт святарства і няспынна праз паслугу святароў нагадвае аб сабе на алтары падчас кожнай Эўхарыстыі. Гэтая падзяка злучае нас са Святым Айцом Бэнэдыктам XVI, які 19 чэрвеня 2009 г., ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, абвясціў у паўсюдным Касцёле Год святарства. Нагодай да гэтага стала 150-я гадавіна з дня смерці св. Яна Марыі Віянэя, пробашча з Арс. Таму ў сваім пастырскім пасланні я хачу разам з Вамі, дарагія вернікі Гродзенскай дыяцэзіі, прыгледзецца да святарскага паклікання.
Аўторак, 9 лютага 2010
Серада, 6 студзеня 2010
Серада, 30 снежня 2009
Аўторак, 22 снежня 2009
Панядзелак, 23 лістапада 2009
23.11.2009 17:37
ДАЙ НАМ, ПАНЕ, СВАЁ ЗБАЎЛЕННЕ «Пакажы нам, Пане, сваю міласэрнасць і дай нам сваё збаўленне» (Пс 85 (84), 8) Глыбокапаважаныя браты і сёстры! 1. Гэтыя словы спеву перад Евангеллем вельмі добра перадаюць тыя пачуцці, з якімі мы сёння збіраемся ў нашых касцёлах на пачатку новага літургічнага года. Мы добра ведаем, што літургічны год прадстаўляе нам гісторыю нашага збаўлення і праз адпаведныя набажэнствы робіць нас яе ўдзельнікамі. Літургічны год распачынаецца Адвэнтам, часам чакання і разважання над прыйсцем Збаўцы ў наш свет. Менавіта таму сёння Касцёл моліцца словамі псальма: «Пакажы нам, Пане, сваю міласэрнасць і дай нам сваё збаўленне» ( Пс 85(84), 8 ). Разам з Псальмістам мы просім аб Божай міласэрнасці і збаўленні. Мы добра ведаем, што ласка збаўлення — гэта ласка бязмежнай Божай міласэрнасці. Чалавек сам не змог бы збавіць сябе, бо збавіць — азначае вызваліць з грахоўнай няволі. Ніхто іншы, акрамя самога Бога, не можа гэтага ўчыніць. Менавіта таму Бог пасылае свайго Адзінароднага Сына, каб той праз сваю крыжовую смерць і ўваскрасенне збавіў чалавека. З любові да чалавека Хрыстус узыходзіць на крыж. Ягоная смерць на гэтым дрэве ганьбы, як лічылася ў тыя часы, — гэта найвышэйшая мера любові і дзеянне Бога супраць самога сябе, як навучае Папа Бэнэдыкт XVI у энцыкліцы «Бог ёсць любоў» ( пар. DCE 12 ). 2. Гэта вядомая ўсім нам гісторыя збаўлення, за якое чалавек заўсёды павінен быць удзячны Богу. Аднак, з іншага боку, адкуплены чалавек, які стаў абраным дзіцем Божым, усё часцей жыве, асабліва ў наш секулярны час, так, як быццам Бога зусім няма. Ён страціў пачуццё граху і імкнецца да абсалютнай свабоды рабіць усё, што яму хочацца. Ён не верыць у існаванне абсалютнай праўды. Для яго ўсё адносна. Сваю надзею ён ускладае на развіццё навукі і тэхналогіі, а таксама на матэрыяльныя каштоўнасці. Аднак штодзённае жыццё паказвае, што гэтага далёка не дастаткова. Нават самы паспяховы і вельмі багаты чалавек не заўсёды шчаслівы. Сёння мы жывем лепш, нашыя гарады прыгажэюць, развіваецца інфраструктура, мы карыстаемся значна лепшымі аўтамабілямі і ездзім па значна лепшых дарогах, чым 20–30 гадоў таму. Але ці больш шчаслівыя мы ад гэтага, калі, напрыклад, да працы трэба дабірацца не 20 хвілін, а цэлую гадзіну, калі на кожным кроку здараюцца стрэсы і ўсё больш людзей павінны лячыцца ад іх, калі свет паглынуты вырашэннем праблемаў фінансавага крызісу, а сучасны чалавек упадае ў глыбокую дэпрэсію і душэўны неспакой? Да таго ж усё часцей назіраюцца далёкія ад духу Евангелля адносіны паміж людзьмі, праявы сацыяльнай несправядлівасці, распаўсюджванне, асабліва сярод моладзі, розных псеўдарэлігійных рухаў, магіі і чараў, а таксама эскалацыя тэрарызму, агрэсіўнай ксенафобіі і неталерантнасці, сужэнская нявернасць, разбэшчанасць і дашлюбнае сексуальнае жыццё, імкненне да абсалютнай свабоды рабіць усё, што пажадаецца і іншыя негатыўныя з’явы. Сёння перавага аддаецца тым ці іншым каштоўнасцям паводле прынцыпу carpe diem — хапай дзень, карыстайся жыццём напоўніцу, які, са свайго боку, выключае пытанні пра будучыню. «Homo ludens» — «чалавек, які бавіцца» — бессэнсоўна трапляе ў вір жыцця. Гоман сучаснага свету ўкараняецца ў яго нутро, напаўняючы яго ажно па берагі. Яго ўжо не дасягае рэха мінулага часу, які ён ацэньвае адным словам: старое! Жыццё ён успрымае як кабарэ. Пакуль іскрыцца каляровае святло, забава працягваецца, і ніхто не пытаецца, што будзе пасля. Такое пытанне можа сапсаваць настрой. Акрамя таго, яно прагучала б як выклік будучыні, і таму на яго найчасцей адказваюць словамі самазаспакойвання: паглядзім, час пакажа, не будзем думаць пра гэта сёння, важна тое, што ёсць цяпер... Таму калі задаюцца пытанні пра тое, куды ідзе сучасны свет, у якім кірунку ён развіваецца, што яго чакае ў будучыні і падобныя, то чалавека ажно жах бярэ. Гледзячы на сучасны свет і ягоныя праблемы, мы заўважаем, што чалавецтва перажывае не столькі фінансавы крызіс, колькі маральны, які вядзе да краю бездані. У такой сітуацыі мы пытаемся ў саміх сябе: што рабіць, хто нам можа дапамагчы, да каго ўцякаць? На гэтыя і падобныя пытанні адказ дае сам Езус. У сваіх аб’яўленнях святой Фаустыне Кавальскай Ён сказаў, што адзіная надзея сучаснага свету — гэта Божая міласэрнасць. Гэта надзея насуперак надзеі ( пар. Рым 4, 18 ), надзея, якая з’яўляецца лекам ад сучаснай дэпрэсіі. Таму на пачатку новага літургічнага года Касцёл просіць Бога аб міласэрнасці і збаўленні ( пар. Пс 85 (84), 8 ). 3. Найперш гэтая міласэрнасць павінна праявіцца ў нашым навяртанні. А каб навярнуцца, трэба адвярнуцца. Ад чаго? Ад нашага эгаізму, ад нянавісці, злосці і неталерантнасці, ад звычкі не заўважаць Бога над сабою і людзей побач з намі, ад неўпарадкаванага пазасужэнскага карыстання Божым дарам сексуальнасці і іншых псеўдакаштоўнасцяў. Каб гэтага дасягнуць, трэба скіраваць свой позірк на тое, што трывае заўсёды і ніколі не змяняецца, а менавіта на адзіна сапраўдныя духоўныя каштоўнасці. На авансцэне Адвэнту з’яўляецца святы Ян Хрысціцель, заданнем якога было падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Збаўцы. Вучэнне, якое ён абвяшчаў, паходзіла не ад яго. Гэта не была ягоная мудрасць, але мудрасць таго, хто яго паслаў, мудрасць самога Бога. Гэтая мудрасць заключаецца ў тым, што, як навучаў святы Ян, трэба імкнуцца рабіць толькі дабро, навяртацца і такім чынам рыхтаваць шлях Пану, які прыходзіць ( Пар Мц 3, 2–3 ). Трэба таксама з пакорай і надзеяй адкрыцца на прыходзячага Збаўцу. Святы Ян Хрысціцель кажа, што за ім ідзе мацнейшы за яго. Як жа гэты Ян адрозніваецца ад папулярных «ідалаў» сучаснага свету! Яны абвяшчаюць саміх сябе непараўнальнымі зоркамі, а Ян, за якім ішлі натоўпы людзей, кажа, што за ім ідзе мацнейшы за яго, якому ён не варты развязаць раменьчык на сандалях ( Пар. Ян 1, 27 ). Ідзе, сапраўды ідзе, ідзе ўжо больш за 2000 гадоў і будзе ісці ажно да канца вякоў! 4. У сувязі з гэтым хацелася б нагадаць словы святога Аўгустына: «Баюся, што Хрыстус пройдзе каля мяне і ніколі не вернецца». Сапраўды, набліжаецца час Яго прыйсця. Гэта чарговы Адвэнт у жыцці кожнага чалавека, за якім наступіць Божае Нараджэнне. Занепакоеныя складанай сітуацыяй сучаснага чалавека, мы ізноў пытаемся, што рабіць, каб не размінуцца з прыходзячым Панам? Святы Ян Хрысціцель адказвае: навяртайцеся. А гэта азначае: ідзіце ў пустыню свайго духоўнага жыцця, каб, знаходзячыся здалёк ад гоману сучаснага свету, пачуць Таго, які жыве ў нас, і вызваліцца ад гоману знешняга і ўнутранага, які значна больш небяспечны, бо заглушае чалавечае сумленне. 5. Умілаваныя браты і сёстры! Падчас Адвэнту мы павінны асаблівым чынам задумацца над заўсёды жывым Божым словам. Таму трэба прымаць удзел у авдвэнтавых рэкалекцыях, жыць справядліва, рабіць учынкі міласэрнасці, чуваць і маліцца, да чаго заклікае нас у сённяшнім Евангеллі сам Езус Хрыстус ( пар. Лк 21, 34–36 ). У асабістай малітве трэба адкрыць у сабе Духа Святога, якога мы прынялі ў сакрамэнце хросту, і жыць паводле Яго наказаў, кіравацца Яго натхненнямі і не паддавацца згубным амаральным тэндэнцыям сучаснасці. Задумваючыся над сваім жыццём, трэба таксама адказаць на пытанне: які плён мы прыносім? Ці мы як хрысціяне даем добры прыклад іншым? З пакораю святога Яна Хрысціцеля трэба верыць у тое, што Езус мае моц ачысціць таго, хто гэтага шчырым сэрцам жадае ( Мк 1, 40–42 ). Трэба верыць у тое, што Ён можа адбудаваць усё знішчанае і выправіць папсаванае. Трэба таксама верыць у тое, што ў сакрамэнце пакаяння Ён хоча нам дапамагчы адшукаць тую частку духоўнага багацця, якую мы страцілі. Каб перажыць навяртанне, трэба па прыкладзе блуднага сына ўстаць і пайсці насустрач прыходзячаму Езусу ( пар. Лк 15, 18 ), які, бязмежны ў сваёй міласэрнасці, у сакрамэнце пакаяння можа ўчыніць нашае жыццё сапраўды годным сыноў і дачок Божых, учыніць яго скарбам. Давяраючы ўсіх вас Божай міласэрнасці, у Год святарства, дзякуючы якому Езус асабліва праяўляе сваю міласэрнасць, праз заступніцтва Марыі — Маці Адвэнту — ад усяго сэрца на гэты час Божай ласкі і навяртання благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Мінск, 21 лістапада 2009 г. Успамін ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі
Серада, 28 кастрычніка 2009
28.10.2009 22:44
Пятніца, 25 верасня 2009
25.09.2009 11:42
У 41-ым Пленарным пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, якое прайшло 23 верасня 2009 г. у Мінску, прынялі ўдзел усе біскупы краіны. Прысутнічалі таксама Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Ян Сяргей Гаек МІС. На пасяджэнні былі разгледжаны наступныя тэмы: 1. Абмеркавана душпастырскае значэнне ўрачыстасцяў каранацыі абразоў, што адбыліся 5 ліпеня ў Тракелях і 22 жніўня ў Браславе. Адзначаны таксама плёны агульнабеларускай сустрэчы святароў у Мінску, якая прайшла 4 жніўня. 2. Канферэнцыя з радасцю прыняла інфармацыю аб тым, што, дзякуючы шматгадовым намаганням Яго Эмінэнцыі кардынала Казіміра Свёнтка, 3 кастрычніка нанава будзе адчынены Катэхетычны каледж у Баранавічах (Пінская дыяцэзія). 3. Абмеркавана дабрачынная дзейнасць Касцёла ў Беларусі. Дырэктарам Нацыянальнага Карытас, у сувязі з заканчэннем тэрміну паўнамоцтваў кс. Андрэя Бародзіча, біскупы прызначылі кс. Віктара Гайдукевіча SDB, які будзе каардынаваць даручаную яму місію пад кіраўніцтвам біскупа Антонія Дзям’янкі, адказнага за Карытас Беларусі. 4. Абмеркаваны статуты санктуарыяў на Беларусі (нацыянальныя і дыяцэзіяльныя). 5. Адбылася дыскусія на тэму актуальных спраў Касцёла ў Беларусі ў сувязі з візітам Аd limina Apostolorum, які адбудзецца ў снежні бягучага года. Біскупы заахвочваюць вернікаў да малітвы аб добрых плёнах гэтага візіту. 6. Дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец падзякаваў іерархам за ўдзел ва ўрачыстых набажэнствах з нагоды святкавання дзесяцігоддзя біскупскага пасвячэння. Абмеркавана падрыхтоўка да святкавання дзесяцігоддзя існавання Віцебскай Дыяцэзіі. Кульмінацыяй урачыстасцяў стане кансэкрацыя касцёла Езуса Міласэрнага ў Віцебску (10 кастрычніка, 11.00), якую ўзначаліць Апостальскі Нунцый Яго Эксцэленцыя арцыбіскуп Марцін Відавіч. Гамілію прамовіць старшыня ККББ біскуп Аляксандр Кашкевіч. Іерархі запрашаюць на ўрачыстую святую Імшу з нагоды святкавання дваццацігоддзя біскупскіх пасвячэнняў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, якая адбудзецца 20 кастрычніка ў 18.30 у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. 7. Біскупы абмеркавалі таксама іншыя актуальныя справы ў жыцці Касцёла ў Беларусі.
Серада, 22 ліпеня 2009
22.07.2009 15:05
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Пастырскае пасланне з нагоды распачацця перэгрынацыі абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі ў парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі 19 красавіка 2009 г. Глыбокапаважаныя святары, законнікі і законніцы, вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі! 1. У свята Божай Міласэрнасці, калі мы завяршаем актаву Пасхі і ў духу хрысціянскай любові малітоўна яднаемся з нашымі праваслаўнымі братамі і сёстрамі, якія сёння святкуюць свята святаў — Уваскрасенне Езуса Хрыста, — у нашай архідыяцэзыі распачынаецца перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі. Гэта вельмі сімвалічна, бо міласэрнасць Пана над усімі і яна бязмежная, як навучае Святое Пісанне (пар. Пл 3, 22). Калі год таму ў Рыме праходзіў першы сусветны Кангрэс Божай міласэрнасці, у ім прымалі ўдзел таксама прадстаўнікі іншых хрысціянскіх супольнасцяў, у тым ліку і Праваслаўнай Царквы. Такое блізкае святкаванне Пасхі ў гэтым годзе яшчэ мацней падкрэслівае факт бязмежнай Божай міласэрнасці, якая цудоўным чынам праявілася у смерці і ўваскрасенні Езуса Хрыста. Менавіта з гэтай нагоды Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у сваёй першай энцыкліцы Deus caritas est — «Бог ёсць любоў» — навучае, што ў смерці Хрыста на крыжы «спаўняецца паварот Бога супраць самога сябе, праз які Ён ахвяруе сябе, каб падняць чалавека і выбавіць яго. Гэта любоў у сваёй самай радыкальнай форме. Позірк, скіраваны на прабіты бок Хрыста, пра які кажа святы Ян (пар. 19, 37), заўважае тое, што <...> „Бог ёсць любоў“ (1 Ян 4, 8). Менавіта там можна зразумець гэтую праўду. Зыходзячы з гэтага можна вызначыць, чым ёсць любоў. Пачынаючы з гэтага позірку, хрысціянін знаходзіць дарогу свайго жыцця і сваёй любові». Гэтая Божая любоў — не што іншае, як праява Божай міласэрнасці. 2. Падчас Вялікага посту мы асаблівым чынам рыхтаваліся да гэтай перэгрынацыі, каб праз яе яшчэ лепш спасцігнуць сэнс Божай міласэрнасці ў жыцці сучаснага чалавека і яго адказу на бязмежную любоў Бога. На самым пачатку трэба адзначыць дзве вельмі важныя акалічнасці падзеі, якая сёння распачынаецца. Першая акалічнасць — гэта тое, што культ Божай міласэрнасці вельмі шырока распаўсюджаны на Беларусі і ў нашай архідыяцэзіі. У часы пераследу веры мы ўздымалі свае вочы да міласэрнага Бога, заклікалі Яго на дапамогу, прасілі ласкі свабоды веравызнання. У гэтым асабліва нам дапамагаў культ Божай міласэрнасці і найбольш вядомае набажэнства, звязанае з ім — вяночак. Амаль ва ўсіх каталіцкіх сем’ях можна было ўбачыць абраз Езуса Міласэрнага. Людзі часта ездзілі ў Вільню ў Вострую Браму да Маці Міласэрнасці, дзе ў 1935 годзе ўпершыню быў выстаўлены для публічнага ўшанавання абраз Езуса Міласэрнага. Там перад Найсвяцейшаю Матуляй мы вылівалі скруху і боль нашых сэрцаў: «Няма святароў, касцёлы зачынены, няма як вучыць дзетак рэлігіі...» Там праз заступніцтва Марыі — Маці Міласэрнасці — прасілі міласэрнага Езуса аб цудзе. І гэты цуд здзейсніўся. Аднак злы дух не дрэмле. Сёння, перад абліччам небяспечных выклікаў нашага часу, мы зноў скіроўваем вочы і ўзносім малітвы да Божай міласэрнасці, поўныя надзеі, што станецца новы цуд, што сучасны чалавек будзе будаваць сваю будучыню на хрысціянскіх каштоўнасцях і не адрачэцца ад Бога. Другая акалічнасць — гэта тое, што благаслаўлёны Міхал Сапоцька — наш зямляк. Ён нарадзіўся ў Юшаўшчыне (сёння гэта вёска Навасады) і быў ахрышчаны ў касцёле ў Забрэззі, што на Валожыншчыне. Ксёндз Міхал быў пакліканы Богам стаць спаведнікам святой Фаустыны Кавальскай, якой аб’яўляўся міласэрны Езус. Гэтаму святару Бог даручыў надзвычайную місію — быць духоўным кіраўніком законніцы, праз якую Езус перадаў чалавецтву сваё пасланне міласэрнасці. Менавіта па парадзе ксяндза Міхала сястра Фаустына пачала пісаць свой «Дзённік» і такім чынам пакінула чалавецтву бязмежнай каштоўнасці дакумент аб Божай міласэрнасці і надзеі, якую яна нясе. Да гэтай надзвычайнай місіі ксёндз Міхал Сапоцька рыхтаваўся на нашай зямлі. Гэтая зямля з яе багатаю і разам з тым трагічнаю гісторыяй падаравала свету святога чалавека, якому Бог дазволіў увайсці ў таямніцу Ягонай міласэрнасці, спасцігнуць яе, апрацаваць яе тэалагічныя асновы і, нягледзячы на шматлікія перашкоды, стаць яе надзвычайным вестуном. Ці маглі мы сабе яшчэ нядаўна ўявіць, што рэліквіі нашага святога земляка, які нарадзіўся сярод нас і хадзіў па гэтай зямлі, сёння будуць наведваць яе, каб умацоўваць нашую веру і надзею на Божую міласэрнасць?! Таму перэгрынацыя, якая сёння распачынаецца, — гэта вялікі дар і ласка, а разам з тым і вялікае заданне, бо калі наш зямляк змог стаць святым, то чаму мы не можам таксама дасягнуць святасці? 3. Час перэгрынацыі абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі павінен стаць для нас часам засяроджання ўвагі на Божай міласэрнасці, якая цудоўным чынам ва ўсёй паўнаце аб’явілася ў Езусе Хрысце. Сын Божы стаўся чалавекам дзеля нас і дзеля нашага збаўлення. Ён узяў на сябе нашыя грахі і ўзышоў на крыж, каб прынесці Айцу дасканалую ахвяру Новага і Вечнага Запавету. Такім чынам крыж стаўся алтаром любові Бога да чалавека. Любоў вядзе да жыцця і таму яна знайшла свой працяг ў змёртвыхпаўстанні Хрыста, якое стала канчатковаю перамогаю над смерцю і назаўжды прымірыла чалавека з Богам. Таму смерць і ўваскрасенне Збаўцы з’яўляюцца найвышэйшаю праяваю Божай міласэрнасці ў адносінах да грэшнага чалавека. 4. Падчас перэгрынацыі мы павінны імкнуцца быць стараннымі вучнямі міласэрнага Езуса, бо сучасны свет, у якім так шмат несправядлівасці, нянавісці і зла, чакае міласэрнасці. Кожны з нас павінен стаць жывою прыладаю Божай міласэрнасці. Езус Міласэрны палюбіў нас да канца (пар. Ян 13, 1). Міласэрнасць — гэта Божая любоў, якая атуляе кожнага чалавека паасобку і ўсіх разам. З іншага боку, яна нібы прымушае нас, каб мы жылі ўжо не дзеля сябе, а дзеля памерлага і ўваскрослага дзеля нас Хрыста (пар. 2 Кар 5, 15). Таму і нам трэба жыць для іншага чалавека, у якім таксама прысутнічае Езус Хрыстус. Пры гэтым трэба памятаць, што Езус — не нейкі гістарычны персанаж з далёкага мінулага. Уваскрослы, Ён жыве ў сваім Касцёле і ў кожны момант знаходзіцца сярод нас як увасабленне Божай міласэрнасці. Нездарма Слуга Божы Ян Павел II у энцыкліцы пра Божую міласэрнасць Dives in misericordia навучае, што ў Хрысце і праз Хрыста Бог становіцца бачным у сваёй міласэрнасці. Гэта дазваляе «бачыць» Бога, які асабліва блізкі да кожнага чалавека, што, ідучы следам за Хрыстом, звяртаецца да Божай міласэрнасці . Езус казаў пра гэта ў сваіх аб’яўленнях святой Фаустыне і прасіў яе перадаць людзям Ягонае жаданне дзяліцца любоў’ю з іншымі . Аб’яўлення міласэрнага Езуса святой Фаустыне нам вельмі блізкія, бо яны адбываліся таксама і ў Вільні, а наш зямляк, благаслаўлёны ксёндз Міхал Сапоцька, будучы спаведнікам святой Фаустыны, стаў іх удзельнікам. У сваім «Дзённіку» сястра Фаустына падкрэслівае, што сам Езус яго выбраў спаведнікам для яе  і бачнаю дапамогаю для выканання волі Пана Бога . Менавіта благаслаўлёны ксёндз Міхал паклапаціўся пра тое, каб быў намаляваны першы абраз Езуса Міласэрнага, прычыніўся да распаўсюджвання малітвы вяночка да Божай міласэрнасці і падрыхтаваў грунт для ўстанаўлення другой Велікоднай нядзелі як свята Божай міласэрнасці. 5. Сёння ў свеце існуе шмат розных выяваў Езуса Міласэрнага. Аднак з увагі на тое, што першы абраз быў намаляваны паводле ўказанняў святой Фаустыны і нашага зямляка благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі, падчас перэгрынацыі вернікі нашых парафій будуць маліцца перад копіяй таго першапачатковага, так званага Віленскага, абраза, які ў гады ліхалецця захоўваўся на Беларусі ў касцёле святога Юрыя ў Новай Рудзе, а сёння знаходзіцца ў санктуарыі Божай Міласэрнасці ў Вільні. Мы павінны ўспрымаць абраз не проста як прыгожую выяву, а як дзверы ў вышэйшую рэчаіснасць, што вядуць вернікаў да міласэрнага Езуса. Вачыма цела мы глядзім на абраз — твор чалавечага мастацтва, але вачыма веры мы бачым Таго, каго ён прадстаўляе, а менавіта — самога Хрыста з Ягоным пасланнем пра Божую міласэрнасць, якая з’яўляецца надзеяй свету, бо, як навучае Слуга Божы Ян Павел II, няма для чалавека іншай крыніцы надзеі, акрамя Божай міласэрнасці . Молячыся перад абразом, мы на самай справе молімся перад Езусам Хрыстом, а гаворачы «Езу, давяраю Табе», выражаем сваю веру, праз якую распазнаем у Езусе Хрысце Месію і ўстанаўліваем з Ім асабісты кантакт. Гэтая вера спалучана з надзеяй, якая праганяе боязь і адорвае любоўю. Хто з вераю глядзіць на выяву міласэрнага Езуса, той ведае, што хоць Ён і знаходзіцца ў небе, але адначасова прысутнічае і на зямлі і праз Касцёл рэалізуе Сваю міласэрнасць. Абраз са словамі «Езу, давяраю Табе» з’яўляецца начыннем Божай міласэрнасці. Прысутнасць сярод нас міласэрнага Езуса сімвалізуюць два прамяні — чырвоны і белы. Яны адлюстроўваюць тое, што адбылося з Езусам укрыжаваным, калі, як піша святы Евангеліст Ян, «адзін з жаўнераў прабіў дзідаю Ягоны бок, і адразу выцекла кроў і вада» (Ян 19, 34). Таксама і Езус сказаў Фаустыне, што гэтыя два прамяні азначаюць кроў і ваду — белы азначае ваду, якая ачышчае душы, а чырвоны азначае кроў, якая з’яўляецца жыццём душаў. Айцы Касцёла ў гэтым знаку бачылі сакрамэнты хросту і Эўхарыстыі. Усе сакрамэнты з’яўляюцца праяваю Божай міласэрнасці, сярод якіх хрост — гэта брама хрысціянскага жыцця, а Эўхарыстыя — крыніца і вяршыня яго жыцця . Менавіта дзякуючы сакрамэнтам хрысціянін мае жывы кантакт з міласэрным Езусам. Таму абраз міласэрнага Езуса, прыбываючы ў нашыя супольнасці, ператворыць іх у санктуарыі. На свеце ёсць нямала санктуарыяў, і мы зазвычай атаясамліваем іх з тым ці іншым святым месцам, як напрыклад, Будслаў, Гудагай, Тракелі, Аглона, Вострая Брама, Чэнстахова, Люрд, Фаціма, Гвадэлупа... Аднак на самай справе гэтыя святыя месцы сваё сапраўднае значэнне атрымліваюць дзякуючы людзям, якія асвячаюць іх і самі асвячаюцца праз малітву. Перадусім жывая малітва, а не нейкія матэрыяльныя рэчы, чыніць сантктуарый святым месцам. Перэгрынуючы абраз міласэрнага Езуса пакліканы ператварыць нашыя парафіі і сем’і ў сапраўдныя санктуарыі, каб нашыя сэрцы сталіся вогнішчамі Божай міласэрнасці . 6. Дарагія браты і сёстры! Дзякуючы ўсім, хто матэрыяльна ці духоўна прычыніўся да падрыхтоўкі перэгрынацыі абраза міласэрнага Езуса і рэліквій благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі, выказваю надзею, што яна паспрыяе развіццю культу Божай міласэрнасці, стане працягам пасхальнай таямніцы ў нашым жыцці, прывядзе да навяртання да Бога і умацуе нашыя веру і надзею. Такім чынам яна стане ўвасабленнем дынамікі Божай міласэрнасці, якая здольная перамяніць каменныя сэрцы ў цялесныя (пар. Эз 36, 26) і стаць надзеяй сучаснага свету. «Там, дзе пануе нянавісць і жаданне помсты, дзе вайна прыносіць боль і смерць нявінных, патрэбная ласка міласэрнасці, якая аблягчае чалавечы розум і сэрца і нараджае супакой. Там, дзе няма пашаны да жыцця і годнасці чалавека, патрэбная міласэрная любоў Бога, у святле якой выяўляецца невымоўная каштоўнасць кожнага чалавечага існавання. Патрэбная міласэрнасць, каб усялякая несправядлівасць на свеце адступіла перад бляскам праўды», — навучае Слуга Божы Ян Павел II . Удзячныя Богу за дар перэгрынацыі, якая сёння распачынаецца, адкрыем жа свае сэрцы, каб у іх мог трапіць жыватворчы струмень з невычэрпнай крыніцы Божай міласэрнасці, каб адбыўся новы цуд нашага навяртання, умацавання веры і надзеі. Усіх удзельнікаў перэгрынацыі праз заступніцтва Марыі — Маці Міласэрнасці — давяраю міласэрнаму Езусу і ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Мінск, 12 красавіка 2009 г. Урачыстасць Уваскрашэння
22.07.2009 13:40
НЕ ХЛЕБАМ АДЗІНЫМ Шаноўныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры! 1.     Словы Езуса Хрыста: «Не хлебам адзіным будзе жыць чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых» (Мц 4, 4), разам з Ягоным заклікам: «наблізілася Валадарства Божае: кайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1, 15) павінны стаць праграмаю Вялікага посту, які мы распачалі, кіраўніцтвам да дзеяння на гэты час ласкі і збаўлення. Гэта вельмі актуальна сёлета, калі мы адзначаем Год святога апостала Паўла, які без рэшты прысвяціў сябе выключна абвяшчэнню Божага слова сярод розных народаў. 2.     Перад тым, як распачаць сваю дзейнасць, мэтай якой было абвяшчэнне Божага Валадарства і збаўленне чалавека, Езус пайшоў у пустыню, каб у малітве падрыхтавацца да тае місіі, якую даручыў Яму Ягоны нябесны Айцец. Як памятаем, Ён прабыў у пустыні сорак дзён і начэй. Калі нехта быў у пустыні і пражыў у ёй нейкі час, то добра ведае, што знаходжанне там — гэта сапраўды час выпрабавання, якое вытрымліваюць моцныя не толькі целам, але перадусім моцныя духам. Куды ні зірнеш — паўсюль бясконцыя пяскі, што сягаюць за далягляд, і толькі вецер пустыні вее над імі. Дзе-нідзе кволая травічка ды карлікавыя дрэўцы. Удзень — невыносная спякота, а ўначы — сцюдзёны холад, што прабірае да касцей. У такіх умовах вельмі хутка пачынае адчувацца недахоп прадуктаў харчавання і асабліва вады. Вядома, што ў пустынях бываюць і аазісы, дзе ёсць вада і буйная расліннасць, аднак іх вельмі мала. А піць хочацца, прычым вельмі моцна. І тут над распаленымі пяскамі паўстаюць так званыя міражы — здаецца, вось-вось зусім недалёка вада. Але на самай справе яе няма... І вось у такім месцы Езус знаходзіцца сорак дзён і начэй. Натуральна, пасля гэтага ва ўсім Ягоным целе адчуваецца вялізная стома, і гэта спрабуе выкарыстаць сатана, які Яго спакушае. Ён прапануе Яму хлеб; намаўляе кінуцца ўніз са святыні, каб Анёлы Яго ўратавалі; прапануе ўсе валадарствы свету, каб Езус толькі пакланіўся яму. Змучаны фізічна Езус Хрыстус тым не менш рашуча адкінуў гэтыя прапановы, кажучы, што аднаму Богу трэба служыць і што для жыцця чалавека патрэбны не толькі хлеб, але і слова Божае (пар. Мц 4, 1–11). 3.     Мы добра ведаем гэтую евангельскую гісторыю пра пост і спакушэнне Езуса, якую Касцёл нагадвае на пачатку Вялікага посту, і, напэўна, ужо прызвычаіліся да яе. Некаторыя, можа, нават думаюць, што некалі былі іншыя часы, калі практыкаваліся доўгія пасты і цяжкае пакаянне, сёння непрыдатныя. Сапраўды, у наш час ужо няма такіх суровых практыкаў. Аднак, як падкрэслівае Папа Бэнэдыкт XVI у сваім Пасланні на Вялікі пост 2009 года, хоць пост і служыць здароўю чалавека, але для верніка «ён з’яўляецца ў першую чаргу „тэрапіяй“, якая дапамагае вылечыць усё тое, што перашкаджае выкананню Божай волі» . Змяняецца практыка посту, змяняюцца таксама і пустыні. Так, напрыклад, у пустыні Невада ў ЗША паўстаў суперсучасны горад-казіно Лас-Вегас з вельмі развітой інфраструктурай, дзе на вуліцах растуць прыгожыя дрэвы і экзатычныя расліны. Таму многія думаюць, што калі настолькі змяняюцца ўмовы жыцця, нават у безжыццёвай раней пустыні, то могуць змяняцца і маральныя прынцыпы. У наш час чалавек таксама імкнецца пазбягаць любога негатыву, таму ў сваёй гаворцы нават пра вельмі цяжкія справы стараецца распавядаць, ужываючы выключна пазітыўныя выразы. У гэтым, канечне, няма нічога дрэннага, аднак тут існуе небяспека наўпрост не казаць таго, што павінна быць сказана. Напрыклад, мы сцвярджаем, што трэба абараняць жыццё, і ў той самы час асцерагаемся сказаць, што з хрысціянскага пункту гледжання аборт — гэта забойства, і таму ён не дапушчальны. Сярод усеагульнага неспакою і трывогі, якія выклікаў сусветны фінансавы крызіс, чуваць нямала галасоў, што ён дасць пачатак новаму развіццю эканомікі — і мы ўсе спадзяемся, што так і будзе. Аднак у той жа час трэба памятаць і пра тое, колькі няшчасцяў крызіс ужо прынёс, колькі людзей страціла працу і нават надзею, асабліва тых, хто яе ўскладаў на матэрыяльныя дабрабыт. Адзін нямецкі міліярдэр быў так узрушаны крахам свайго бізнесу, што скончыў жыццё самагубствам. Разам з тым, мы добра ведаем, што калі бацькі вучаць дзіця, як трэба пераходзіць вуліцу, то не толькі гавораць яму, што дазволена пераходзіць на зялёнае святло святлафора, але пры гэтым асабліва настойліва падкрэсліваюць, што пераходзіць на чырвонае святло забаронена. На жаль, мы з’яўляемся сведкамі таго, што прынцып «чым горш — тым лепш» часам пераносіцца і на духоўнае жыццё. Пануючы ў секулярным свеце духоўны крызіс, на думку некаторых, — гэта час ачышчэння, бо моцныя верай застануцца, а слабыя адыдуць. Не да гэтага, аднак, заклікае Езус. Ён, як Добры Пастыр, аддае сваё жыццё за авечак і шукае згубленую (пар. Лк 15, 4–6; Ян 10, 11). Пры існуючай тэндэнцыі прадстаўляць праблемы сучаснага свету ў пазітыўным рэчышчы трэба, аднак, памятаць пра тое, што Бог не заўсёды гаворыць такім чынам. Возьмем, напрыклад, Дэкалог — Дзесяць Божых запаведзяў, якія былі дадзеныя чалавеку Богам менавіта ў форме забаронаў. Кожная Божая запаведзь распачынаецца словам «не». Гэта не азначае, што Бог усё толькі забараняе. Ён як добры знаўца душы чалавека і добры настаўнік, ведаючы чалавечую слабасць, хоча, каб чалавек як мага лепш усвядоміў, да чаго можа прывесці парушэнне Ягонага закону. Найлепшым прыкладам можа быць гісторыя нашых прабацькоў Адама і Евы ў раі. Замест таго, каб быць паслухмянымі Богу, які забараніў ім есці з дрэва пазнання дабра і зла (пар. Быц 2, 17), яны паслухаліся злога духа, які сказаў Еве, што, калі яны пакаштуюць плод з гэтага дрэва, то адкрыюцца іхнія вочы, і яны будуць, як Бог, які ведае дабро і зло (пар. Быц 3, 5). Спроба пераступіць Божы наказ прывяла да катастрофы, якая закранула не толькі нашых прабацькоў, але таксама і ўсё чалавецтва. Адам і Ева не толькі павінныя былі пакінуць рай, але ад іх на ўсё чалавецтва перайшоў першародны грэх. 4.     Відавочна, што ў сучасным свеце гісторыя паўтараецца. Чалавек, пачынаючы сумнявацца ў бясспрэчнай вартасці маральных каштоўнасцяў, замест таго, каб сказаць Богу «так», кажа яму «не»; замест таго, каб у сваім жыцці ўвасобіць словы малітвы Панскай: «няхай будзе воля Твая», усё часцей кажа: «няхай будзе мая воля». Гэтым самым ён парушае ўстаноўлены Творцам парадак у духоўным і грамадскім жыцці, у экалогіі і ў іншых сферах. Мы б’ем трывогу, выказваючы занепакоенасць маральным станам сучаснага чалавека, асабліва моладзі. У сучасным свеце чалавек паводзіць сябе ўсё больш амаральна: гэта і неабмежаваная пачуццёвасць, і культ спажывання, і адсутнасць пачуцця меры ва ўсім. СНІД і наркаманія, якія ахапілі ўжо многія краіны свету, хутка распаўсюджваюцца таксама ў нас. Трэба прызнаць, што вельмі шмат намаганняў робіцца як у свеце, так і у нашай краіне, каб перамагчы гэтую пандэмію сучаснасці. Аднак, з іншага боку, надзейны лек ад гэтага вядомы, і ён існуе столькі, колькі існуе чалавецтва. Гэты лек — жыць паводле закону Божага. Сапраўды, чалавек павінен жыць не толькі штодзённым хлебам, пошукам прыемнасцяў і імкненнем да багацця і ўлады, але таксама і перадусім Божым словам. 5.     Нам, людзям XXI стагоддзя з яго нябачаным дагэтуль развіццём навукі і тэхнікі, якое нараджае надзею, што навукова-тэхнічны прагрэс дапаможа вырашыць усе праблемы, а таксама імкненнем да абсалютнай свабоды, нялёгка сабе ўявіць, што ў нашым жыцці таксама можа з’явіцца злы дух, каб нас спакушаць. Гэта не пустыя словы, бо калі злы дух наважыўся спакушаць Хрыста, то чаму не можа спакушаць нас? І ён спакушае. Трэба толькі ўмець бачыць гэта, а для гэтага неабходна адкрыць вочы на сучаснае жыццё і паводзіны сучаснага чалавека. Як Бог не памёр і не пайшоў на пенсію ці ў адпачынак, так і злы дух ніколі не дрэмле. Ён, як рыклівы леў, ходзіць, шукаючы, каго праглынуць (пар. 1 П 5, 8). Аб існаванні злога духа, якога нельга ігнараваць, і яго дзейснасці ў сучасным свеце часта гаварыў Слуга Божы Ян Павел II і працягвае гаварыць Папа Бэнэдыкт XVI. Адна легенда апавядае, як Люцыфер вырашыў праверыць, ці ягоныя д’яблы добра працуюць, гэта значыць, ці добра спакушаюць людзей. Праверка выкрыла, што яны нічога не робяць. Незадаволены Люцыфер спытаўся, чаму яны сядзяць, склаўшы рукі. Д’яблы адказалі: «Няма сэнсу абцяжарваць сябе, бо сёння людзі вельмі добра спакушаюць адзін аднаго». І гэта праўда. Каб упэўніцца ў гэтым, дастаткова паглядзець на жыццё сучаснага чалавека, асабліва моладзі, каб пераканацца, што сёння сумленне і пачуццё сораму — у вялікім дэфіцыце. Як жа мы павінны рэагаваць на гэта? Адказ нам дае сам Збаўца: «Не хлебам адзіным будзе жыць чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых» (Мц 4, 4). Таму Вялікі пост і пакаянныя практыкі «ўмацоўваюць унутраную гатоўнасць слухаць Хрыста і карміцца Яго збаўчым словам» . 6.     Дарагія браты і сёстры! На пачатку Вялікага посту, часу пакаяння і навяртання, у Год святога апостала Паўла, скажам сваё «так» Богу, каб мы не імкнуліся да канфармізму ў нашым жыцці, але радыкальна жылі паводле Евангелля, заўсёды застаючыся вернымі слугамі Пана, які за нашу вернасць адорыць нас вечны шчасцем у небе. Давяраючы ўсіх вас Марыі, з «так» якой распачалася эра збаўлення, і святому апосталу Паўлу, які прысвяціў сваё жыццё абвяшчэнню Евангелля сярод язычнікаў дзеля іх навяртання, малю Езуса Хрыста, каб вы ўсе засталіся вернымі Божаму слову, а вашыя сэрцы сталі «жывым табэрнакулюмам Бога» , і на шлях велікапоснага навяртання ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца + і Сына, + і Духа + Святога. Амэн. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Мінск, 14 лютага 2009 г. Свята св. Кірыла і Мятода
Аўторак, 21 ліпеня 2009
21.07.2009 18:59
Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялiкую радасць: нарадзiўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан (пар. Лк 2, 10–11). Глыбокапаважаныя браты ў святарстве, шаноўныя законнiкi i законнiцы, умілаваныя браты i сёстры! Гэтымi словамi, з якiмi Анёл звярнуўся да пастушкоў, ад усяго сэрца вiтаю вас ва ўрачыстасць Божага Нараджэння. Словы гэтыя адлюстроўваюць асноўны сэнс сённяшняга свята, бо абяцаны Богам Айцом яшчэ нашым прабацькам Адаму і Еве, прадказаны прарокамі, доўгачаканы Збаўца нарэшце прыйшоў у гэты свет — прыйшоў у вобразе звычайнага чалавека. Вядомы сучасны ірландскі пiсьменнiк Сэмюэл Бэккет напiсаў драму аб чаканнi. Акторы як прадстаўнiкi чалавецтва на тэатральнай сцэне стараюцца знайсцi адказ на найбольш важныя жыццёвыя пытаннi, а таксама спасцігнуць сэнс жыцця чалавека. Пры гэтым яны чакаюць нейкага прышэльца. Не ведаюць, хто гэта будзе, але чакаюць, бо спадзяюцца, што ён адкажа на iх пытаннi. Аднак чаканы госць не прыходзiць, i драма завяршаецца дарэмным чаканнем... Галоўная думка гэтага твору ў тым, каб паказаць, што без дапамогi з вышынi ў пошуку адказу на экзістэнцыяльныя пытаннi чалавек можа толькi дарэмна чакаць... У духоўным сэнсе драма Сэмюэля Бэккета — гэта не што iншае, як вобраз чалавека, якi страцiў Бога i застаўся сам-насам са сваiмi праблемамi. Доўгiя тысячагоддзi чалавецтва чакала Божага госця, якi змог бы адказаць на пытаннi, што яго хвалявалі. Сённяшняя ноч Божага Нараджэння сведчыць пра тое, што ўжо больш не трэба чакаць. Да нас прыйшоў не проста нейкi прышэлец, не іншапланецянін, але хтосьцi значна большы — прыйшоў сам Бог; прыйшоў, каб дапамагчы загубленаму ў гэтым свеце чалавеку знайсцi Яго i зразумець самога сябе. Ён, якi iснуе спрадвеку, прыйшоў у гэты свет у канкрэтную пару, калi, як гаворыць святы Апостал Павел, надышла паўната часу (пар. Гал 4, 4). Ён, Якога не можа агарнуць увесь Космас, нарадзiўся ў канкрэтным месцы — у невялічкім мястэчку Бэтлееме. Ён, бясконца вялiкi, стаўся маленькiм бездаможным немаўляткам, каб нас зрабіць вялiкiмi. Ён сышоў з неба на нашую зямлю, каб нас узнесцi на нябёсы. Ён стаўся падобным да людзей (пар. Флп 2, 7), каб мы, абагаўляючыся Божаю ласкаю, прыпадобнiлiся да Яго. Ён уцелавiўся, прыняў вобраз нашага падданага цярпенню цела, каб узяць на Сябе нашыя цяжкасцi (пар. Мц 8, 17; Гал 6, 2) i такім чынам аблегчыць iх. Прыйсце Сына Божага ў свет стала сапраўднаю рэвалюцыяй як для самога чалавека, так i ў яго адносiнах з Богам. Гледзячы чыста чалавечымi вачыма на народжанага ў беднасці Езуса, можна спытацца, а што новага Ён, якi распачаў сваё жыццё ў бэтлеемскай стаенцы, а завяршыў на дрэве крыжа, прынёс у наш свет i нашае жыццё? Ён не стаў Хрыстафорам Калумбам і не адкрыў Амерыкі, не стаў Iсакам Ньютанам i не адкрыў закону сусветнага прыцягнення, не стаў Альбертам Эйнштэйнам i не адкрыў тэорыі адноснасці, не стаў вучоным з сусветным імем i не адкрыў, напрыклад, законаў тэрмаядзернай рэакцыі цi генетыкі, не стаў першым касманаўтам i не адкрыў шляхоў у бязмежны сусвет — гэты пералік можна працягваць амаль да бясконцасці. Відавочна, што ўсе гэтыя i падобныя справы Езус пакінуў рабіць чалавеку, адорваючы яго розумам i вольнаю воляю. Але Ён зрабіў тое, чаго сам чалавек нiколi не змог бы зрабіць. Ён з’явіўся перад людзьмі як уцелаўлёны Бог, Бог з чалавечым абліччам i сэрцам. Дзякуючы гэтаму Бог стаў блiзкiм чалавеку i яго патрэбам — мiласэрны i ў той жа час справядлiвы. Праз сваё ўцелаўленне Езус надаў сэнс жыццю чалавека i вярнуў яму годнасць Божага стварэння. Ён не ацэньвае чалавека на падставе колеру скуры, мовы, адукацыi, банкаўскага рахунку, здольнасцяў ці іншых другасных рэчаў, але робiць гэта паводле крытэрыяў нязменнай вартасцi. Ён першы сказаў тое, што сённяшняя дэмакратыя любiць прыпісваць сабе, а менавiта, што чалавек — гэта не нейкая рэч i адны людзі не могуць выкарыстоўваць іншых. Такім чынам Ён падкрэслiў роўнасць усiх людзей. Дзякуючы Яму кожны чалавек з’яўляецца дзiцем Божым i братам Богачалавека, паклiканым да вечнага шчасця. Таму кожны чалавек мае не толькi свой адзiны i непаўторны генетычны код, але і звышнатуральную каштоўнасць i годнасць адкупленага дзiцяцi Божага. Вельмi добра гэтую праўду выяўлялi першыя хрысцiяне, якiя не толькi абвяшчалi сваiм жыцём Евангелле, але прадусiм жылi iм. Менавiта яны гаварылi: «Бачыш брата — значыць бачыш Бога». Калi язычніцкi Рым пакінуў пасля сябе прыказку: «Чалавек чалавеку — воўк», то Хрыстус у сваiм Евангеллi заклiкае да таго, каб чалавек чалавеку быў братам. Яшчэ ў XVII стагоддзi вялiкi французскi мыслiцель Блез Паскаль пiсаў, што без Хрыста чалавек не ведае, чым ёсць жыццё i смерць, кiм ёсць Бог i кiм — ён сам. Нездарма Слуга Божы Ян Павел II казаў, што чалавек можа зразумець сябе толькi ў Хрысце 1 . Рэвалюцыя Езуса Хрыста ў тым i заключаецца, што Ён нам адкрыў, кiм з’яўляецца Бог, бо Бога нiхто ніколі не бачыў, і толькi адзiнародны Сын Яго аб’явiў (пар. Ян 1, 18). Ён паказаў чалавеку, кiм ёсць чалавек i ў чым сэнс чалавечага жыцця, цярпення i смерцi. Ён сказаў чалавеку, дзеля чаго ён жыве i што яго чакае ў вечнасцi. Езус — гэта Эмануэль — Бог з намi, Бог у нашай чалавечай прыродзе, у нашай чалавечай гiсторыi, у нашым жыццi — вось тыя вялiкiя праўды, вось тая рэвалюцыя, якую зрабiў Езус. Здзейснiлася мара чалавека сваiмi вачыма ўбачыць Бога-Збаўцу. Кардынал Ёзаф Ратцынгер — сённяшнi Папа Бэнэдыкт XVI — падкрэслiвае, што хрысцiянская вера накiроўвае нас да Бога як чалавека. Гэтым самым яна нібы перакiдвае мост памiж вечным i часовым, бачным i нябачным i дае нам магчымасць сустрэцца з Богам як з чалавекам, сустрэцца з вечным, як з часовым, сустрэцца, як з адным з нас. Дзякуючы Богаўцелаўленню вера прыносiць вечнае ў наш свет. Той, каго нiхто i нiколi не бачыў, стаўся адкрытым для нашых вачэй, для дотыку нашых рук: дастаткова зрабiць толькi два-тры крокi насустрач таму Чалавеку з Палестыны. Бог адкрываецца чалавеку праз Езуса Хрыста, у якiм канчаткова сябе праяўляе чалавечае быццё i якi адначасова з’яўляецца Богам. Такiм чынам, Сын Божы — гэта цэнтр i сэнс усёй чалавечай гiсторыi2 . У гiстарычны момант прыйсця Хрыста ў свет для Яго не знайшлося месца ў аніводным доме (пар. Лк 2, 7). Не прынялi Яго свае, хоць найперш прыйшоў да iх (пар. Ян 11, 11). А сёння? Як ёсць сёння? Як ёсць у маiм i тваiм, дарагi браце, дарагая сястра, жыццi? Езус i сёння стукаецца ў дзверы нашых сэрцаў. Ён хоча ўвайсцi i зрабіць у іх духоўную рэвалюцыю, бо як жа шмат людзей сёння жыве так, як быццам Бога зусiм няма, або згадваюць пра Яго толькi на Божае Нараджэнне цi на Вялікдзень! Як жа шмат людзей сёння не хочуць ісці ў касцёл, каб толькi не сустрэць там жывога Хрыста! Як жа шмат выпаленых сухавеем секулярызму, маральнага рэлятывiзму і ліберальнай ілжээтыкі душаў, якія не падаюць ужо й прыкметаў духоўнага жыцця, у якіх не растуць гаючыя плады Божай ласкi. Так шмат забарыкадаваных ад Езуса сэрцаў з-за боязі, каб Ён толькi не ўвайшоў i не разварушыў сумлення, бо чалавек хоць i ведае, што з’яўляецца духоўна хворым, але пры гэтым свядома не жадае лячыцца. Сучасны чалавек знайшоў шлях у космас, быў на Месяцы, даследуе Марс і іншыя планеты, будуе мiжнародныя касмiчныя станцыi i пакрысе ўваходзiць у эпоху касмiчнага турызму, усур’ёз задумваецца пра пабудову касмiчных гарадоў i нават пра прамысловую дзейнасць у космасе. Дзякуючы iнтэрнэту ён ператварыў нашу вялiкую планету быццам бы ў маленькую вёсачку, дзе ў імгенне вока ўсё і ўсім становіцца вядома. Дасягненнi навукi так захапляюць i вабяць, што здаецца, вось-вось чалавек не толькi зможа вырашыць усе праблемы, але ва ўсім стане самадастатковым. Аднак у той самы час простым вокам вiдаць, што чалавек згубiў шлях да Бога, а таму ў час нябачанага дагэтуль прагрэсу i эканамiчнага развiцця ён жыве ў пастаянным страху i непакоі за сваю будучыню. Пацвярджае гэта і выбух фінансавага крызісу, што ў апошні час ахапіў увесь свет. Прычына крызісу крыецца перадусім у пазбаўленай маральнага і чыста чалавечага вымярэння банкаўскай і эканамічнай дзейнасці, якая скіравана на немаральнае выкарыстанне фінансавых сродкаў і імкненне абагаціцца за кошт іншых. Гісторыя яшчэ раз паказала, што трывалым фундаментам нашага жыцця з’яўляецца Бог і Ягоная праўда, а не матэрыяльныя каштоўнасці. Мы радуемся, што нашыя касцёлы сёння поўныя, што ў іх шмат людзей, што дзецi з захапленнем падыходзяць да яселек, што адбываюцца батлейкi i мы весела спяваем калядкi. Але для сапраўднага перажывання Божага Нараджэння гэтага крыху замала. Езус павінен нарадзiцца сваёю ласкаю ў нашых душах, каб яны сталi Бэтлеемам нашага часу. Сын Божы нам дадзены не проста як гiстарычная асоба, але як Той, хто заўсёды прыходзiць. Трэба Яго толькi прыняць, дакрануцца да Яго, каб па-сапраўднаму перажыць гэтае збаўчае свята. Езус прыходзіць да нас у сакрамэнтах і Божым слове. Пра гэта варта ўзгадаць асабліва цяпер, калі мы разам з усім паўсюдным Касцёлам адзначаем Год святога апостала Паўла, які нястомна абвяшчаў Божае слова язычнікам, верачы ў тое, што яно — гэта сам Езус Хрыстус, Бог і чалавек. Ад усяго сэрца вiншую вас, браты i сёстры, а таксама ўсiх людзей добрай волi з урачыстасцю Нараджэння Пана! Вiншую вернікаў іншых хрысцiянскiх канфесiй, асаблiва братняй Праваслаўнай Царквы. Езус прыйшоў да ўсiх людзей, i ўсе мы, хоць i належым да розных хрысцiянскiх супольнасцяў, верым у аднаго Збаўцу, якi нарадзiўся з Панны Марыi ў Бэтлееме, і вызнаем тую самую веру ў Богаўцелаўленне. Наша супольнае iмя — хрысцiянiн — паходзiць ад Хрыста — нашага Збаўцы. Таму i наша вера і радасць — супольныя. Перад небяспечнымi выклiкамi сучаснасцi мы яшчэ мацней павінны з’яднацца ў супольным вызнаннi нашай веры, каб своечасова i годна на iх адказаць i тым самым будаваць нашу будучыню на каштоўнасцях Евангелля. Жадаю вам радасцi ў нованароджаным Месіі! Няхай Ён сваёю ласкаю заўсёды нараджаецца ў нашых сэрцах. Не трэба баяцца, бо сёння нарадзiўся нам Збаўца (пар. Лк 2, 11), які ёсць Бог з намi (пар. Мц 1, 23) — наша радасць, надзея i збаўленне! Давяраючы ўсiх вас апецы Багародзіцы Марыi, якая дала свету Збаўцу Езуса Хрыста, ад усяго сэрца благаслаўляю ў iмя Айца, + i Сына i Духа Святога. Амэн. Мiнск, 8 снежня 2008 г. Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыi
21.07.2009 18:40
ПАДРЫХТАВАЦЦА ДА ПРЫЙСЦЯ ЎЦЕЛАЎЛЁНАГА СЛОВА Пастырскае пасланне на Адвэнт 2008 года 1. Прадстаўнікі аднаго з афрыканскiх плямёнаў вельмi часта моляцца наступнымi словамi: «Ойча наш, спашлi нам сваё Слова». На пытанне, што азначае гэтая малiтва, яны адказваюць, што такiм чынам моляць Найвышэйшую Iстоту, каб паслала iм чалавека, якi вывеў бы iх на сапраўдную дарогу, дапамагаў бедным, быў лiтасцiвым да дзяцей, лячыў хворых, узмацняў iх, адарыў супакоем i дабрабытам. Гэтая малiтва язычнiкаў вельмi сугучная духу таго лiтургiчнага перыяду, які мы сёння раcпачынаем, — перыяду Адвэнту, часу чакання прыйсця Збаўцы. 2. «Ойча наш, спашлi нам сваё Слова». Гэтая афрыканская малiтва нагадвае нам пра прыйсце таго, каго так доўга чакала чалавецтва, — Богачалавека Езуса Хрыста. Аднак па сваёй сутнасцi Адвэнт не можа быць толькi ўспамінам пра падзеі, якія адбыліся больш за дзве тысячы гадоў таму. Ён павінен стаць часам глыбокага ўсведамлення і перажывання гэтай праўды. Адвэнт павінен стаць благаслаўлёным часам, калі мы нібы нанава будзем перажываць тыя доўгiя тысячагоддзi, на працягу якіх чалавецтва чакала Слова Божае, каб Яно сталася целам i жыло памiж нас; Слова, якое вядзе на добрую дарогу i прыносiць сапраўдны супакой. Чаканне, аднак, не можа праходзіць у дрымоце цi ў сне. Чаканне павінна быць чуваннем. 3. Не да сну, але да чування i тугі па Богу, які ёсць нашым Айцом, заклiкае нас у Адвэнце Касцёл. У гэты час ён прапануе нам разважаць над словамі прарока Iсаi, якога называюць евангелiстам Старога Запавету, бо ён прадказаў прыйсце Сына Божага (пар. Iс 40, 3–5). У Евангеллі Езус заклiкае нас чуваць і быць гатовымі да Ягонага прыйсця (пар. Мк 13, 32–37), і Касцёл вуснамi святога Яна Хрысцiцеля заахвочвае нас падрыхтаваць дарогу Збаўцы, які прыходзіць (пар. Мк 1, 3). Гэта азначае, што нам трэба перажываць Адвэнт не пасіўна, але актыўна. Да дзейснага чування заклiкае нас i вобраз Марыi, якую Касцёл асаблiва праслаўляе i ўшаноўвае ў перыяд Адвэнту. Яна з глыбокаю вераю прымае вестку пра тое, што менавiта Яе Бог абраў стаць Маці Збаўцы. У Яе кароткім станоўчым адказе fiat — «няхай мне станецца паводле твайго слова» (Лк 1, 38) — праяўляецца Яе гатоўнасць стаць дзейснай удзельніцай вялікіх справаў Божых. Яна не спiць i не дрэмле, пасіўна чакаючы Збаўцу, але бярэ актыўны ўдзел у таямніцы Яго прыйсця ў гэты свет. Гэтую праўду асабліва выразна падкрэслiвае кардынал Ёзаф Ратцынгер — сённяшнi Папа Бэнэдыкт XVI — у сваёй вельмi папулярнай i фундаментальнай для нашай веры кнiзе «Уводзіны ў хрысцiянства». Ён пiша, што Марыя з’яўляецца вобразам чакаючага чалавецтва, якое давяраецца дзейнасцi праз дар Божай ласкі і абсалютнай любові, што дасць яму сэнс і збаўленне (пар. Йозеф Ратцингер. Введение в христианство. Москва, 2006, с. 232). Ужо блiзкае Божае Нараджэнне, блiзкі Бог i блiзкая нашая вечнасць. Таму мы не маем права спаць i пасіўна чакаць. Трэба чуваць i рыхтавацца сустрэць прыходзячага Пана. 4. Лiтургiя Адвэнту нагадвае нам пра прыйсце Збаўцы. Найперш пра Яго гiстарычнае прыйсце больш за дваццаць стагоддзяў таму. Потым — пра Яго прыйсце ў Божым слове, у Эўхарыстыi і ў іншых сакрамэнтах. І нарэшце пра нашу сустрэчу з Iм у хвіліну завяршэння нашага зямнога жыцця і Яго другое прыйсце ў хвале ў канцы вякоў. Кожны чалавек, безумоўна, ведае, што кожны пражыты дзень наблiжае яго да смерці, да таго моманту, калі Бог пакліча яго з гэтага свету. Гэта — праўда, пра якую ўсе мы ведаем, але не хочам пра яе гаварыць і нават думаць. Сучасны чалавек, асабліва малады, імкнецца як мага больш урачыста адсвяткаваць свой дзень нараджэння ці Новы Год. Аднак пры гэтым ён часцей за ўсё зусiм не задумваецца над тым, што стаў на год старэйшым, а гэта значыць, што яшчэ на год стаў бліжэй канец ягонага жыцця. Ён жыве пераважна адною хвiлiнаю i хоча ўзяць ад жыцця як мага больш у адпаведнасці з лацiнскаю сентэнцыяй carpe diem — «хапай момант». Насамрэч, з кожным днём усё бліжэй падыходзячы да канца нашага жыцця, мы ўсё больш набліжаемся да Бога, калi iдзем дарогаю, якую Ён сам нам паказаў. 5. У гэты час падрыхтоўкі да Божага Нараджэння Касцёл заклiкае нас з усёю адказнасцю і шчырасцю зазірнуць у нашыя сэрцы, у іх самыя цёмныя закуткi, бо менавіта там тояцца самыя пакрыёмыя нашыя імкненні. Найперш мы павінны адказаць сабе на шэраг пытанняў. Цi гатовае маё сэрца прыняць Збаўцу? Цi не скаванае яно грахом, празмернаю прывязанасцю да зямных справаў? Ці не трапіла маё сэрца ў палон амаральных сувязяў, што з’яўляюцца парушэннем Божага закону аб чыстасці, ці не знаходзіцца ў залежнасці ад адурманьваючай алкагольнай ці наркатычнай атруты? Ці не супраціўляецца яно Божай волі ў тым, што датычыцца еднасцi, адзiнства i непадзельнасцi сям’i як Творцам устаноўленага iнстытуту мужчыны i жанчыны, ці не шукае апраўдання палавых ненармальнасцяў, забойства ненароджаных дзяцей, пазбаўлення жыцця праз эўтаназiю невылечна хворых, кланавання чалавечых істотаў для здабыцця «запасных» органаў? Ці не паддалося сэрца спакусе адмовіцца ад хрысціянскіх каранёў і традыцый, ці няма ў ім імкнення да бескантрольнай свабоды рабіць, што хочацца, не звяртаючы ўвагі на Божыя запаведзі? Ці здольнае яно даваць адэкватную маральную ацэнку маіх паводзінаў? Ці не стала маё сэрца глухім да голасу Пана Бога? Сёння мы перажываем вялiкi парадокс. Нават хрысцiяне чамусьці ўсё часцей спрабуюць шукаць мімалётнага задавальнення ў тым, што ў маральным сэнсе з’яўляецца грахоўным і ў выніку вядзе да роспачы і згубы. Жыццё многіх людзей нібы пацвярджае справядлівасць прымаўкі пра тое, што забаронены плод заўжды здаецца салодкім. І чалавек зноў і зноў дае сябе ашукаць гэтак жа, як былі ўведзены ў зман першыя людзі — нашыя прабацькі Адам і Ева. Вынікам іх непаслухмянасці стала страта раю, а цяжар першароднага граху лёг на ўсё чалавецтва. На жаль, чалавек часта забываецца пра гэтыя наступствы, забываецца пра тое, якім горкім у рэшце рэшт аказваецца адыход ад Бога, да чаго вядзе непаслухмянасць Ягоным запаведзям. Шукаючы недазволенай «слодычы», чалавек робіць памылковы выбар насуперак маральным нормам, пускае ў сваё сэрца агідную грахоўную гнілізну, якая ўсё больш i больш запаўняе сучасны свет. Такім чынам ён прычыняецца да будавання цывiлiзацыі нянавiсцi i смерцi, замест таго, каб будаваць цывiлiзацыю любовi i жыцця. Замест таго, каб з удзячнасцю прымаць з рук Творцы хлеб жыцця, ён беспаспяхова спрабуе насычацца гнілізнаю духоўнай смерці і прапануе гэта іншым. Так, як скамянелыя ў сваiх грахах фарысеi або цар Iрад не змаглi ўбачыць народжанага Збаўцу, так i глухiя да голасу прыходзячага Пана сэрцы не змогуць сустрэць Яго нават у свята Божага Нараджэння. 6. Таму заклiк святога Яна Хрысцiцеля зрабіць роўнымі дарогi Збаўцы, які прыходзіць (пар. Мк 1, 3), як i заклiк самога Хрыста да чування і навяртання (пар. Мк 13, 32–37) павінны стаць праграмаю нашай падрыхтоўкі да Божага Нараджэння. Гэты заклiк — гэта слова Божае, якое з’яўляецца крынiцаю нашай надзеi; слова, якое заусёды жывое i дзейснае (пар. Гбр 4, 12); слова, якое асвятляе нашае жыццё. I таму яно павінна дапамагчы нам падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Збаўцы i спрыяць нашаму асабiстаму навяртанню. Трэба памятаць, што гэты заклiк не мае нiчога агульнага з неспакойным чуваннем вартаўніка, што вартуе дабро ад злодзеяў, але тугою па мiласэрным Богу. Некаторым людзям бывае недаспадобы слова «навяртанне», і заклiк Касцёла да навяртання часта выклікае ў іх унутраны пратэст. Каму патрэбна навяртанне? Я рэгулярна хаджу ў касцёл, падтрымлiваю яго сваімі ахвяраваннямі, і мне яшчэ патрэбна навяртанне?! Няхай навяртаюцца бязбожнiкi, грэшнiкi, няверуючыя, але толькi не я! З такiмі цi падобнымі думкамi даводзіцца сустракацца не так ужо і рэдка. Аднак сумнаю праўдаю нашага жыцця з’яўляецца тое, што ўсе мы грашым, а таму няма ніводнага чалавека, якому б не было патрэбнае навяртанне. Яно з’яўляецца ўмоваю, без выканання якой немагчыма годна сустрэць Бога. Навяртацца — гэта значыць кожны дзень нашага жыцця імкнуцца жыць па прыкладзе Хрыста, кожны дзень усё больш i больш прыпадабняцца да Яго, кожны дзень наследваць Яго, кожны дзень адракацца ад уласнага самалюбства i ад усялякага зла, кожны дзень усё больш i больш станавіцца дзецьмi Божымi, а таксама братамi i сёстрамi. Навяртацца — гэта значыць пакінуць грахоўную дарогу, па якой мы ішлі дагэтуль, i вярнуцца на шлях святасці і праўды; змяніць сваё мысленне, змяніць сэрца i змяніць жыццё. Час Адвэнту — спрыяльны час для таго, каб спытацца ў саміх сябе, цi нашае мысленне, сэрца i жыццё сапраўды з’яўляюцца хрысцiянскiмi? Наколькi мы з’яўляемся падобнымi да Хрыста? Цi iдзем за Iм? Цi ў сваiм жыццi кiруемся духам Евангелля? Навяртацца не азначае таго, што, напрыклад, перад святам чалавек паспавядаўся, прыняў Камунію, а на наступны дзень ужо зноў жыве так, як жыў раней. Такі падыход несур’ёзны i не хрыцiянскі. Выкананне абрадаў без грунтоўнай змены жыцця — гэта не што iншае, як самападман, фармальнасць, выкананая «для птушачкі», бо насамрэч нiчога не было зроблена. Сапраўднае навяртанне — гэта ўпарадкаванне жыцця паводле наказаў Езуса, у адпаведнасці з Яго святым Евангеллем, рашучы разрыў са злом i грахом. Грэх — гэта заўсёды адыход ад Бога, а таму нашым адвэнтавым абавязкам павінна стаць вяртанне да Бога з дапамогаю Ягонай ласкi. У гэтым вяртаннi чалавек знойдзе сваё найбольшае шчасце. Трэба памятаць, што пасведчанне хросту, прыналежнасць да пэўнай парафіі цi касцёльнай супольнсцi, і нават касцёльная ўзнагарода не з’яўляюцца гарантыяй збаўлення. У вачах Бога сапраўдную каштоўнасць мае толькi пазітыўны адказ на Ягоны заклiк. Трэба памятаць, што Бог дае ласку навяртання i такім чынам прапануе чалавеку збаўленне, пакідаючы яму поўную свабоду выбару. Бог нiкога ні да чаго не змушае. Ён толькі прапануе, а чалавек або прымае прапанову, або не. Бог не з’яўляецца нашым даўжнiком. Наадварот, мы — ягоныя даўжнікі i таму павінны прасiць Яго: «Адпусцi нам правiны нашыя». Мы можам навяртацца кoжны дзень, але нiколi не будзем навернутымi дастаткова, бо толькi адзiн Бог з’яўляецца дасканалым. 7. Дарагiя браты i сёстры, на пачатку новага лiтургiчнага года, якi распачынаецца Адвэнтам, прымем глыбока ў нашыя сэрцы заклiк да навяртання i падрыхтоўкі дарогi надыходзячаму Збаўцы. Гэта адзiная ўмова годнай падрыхтоўкі да Божага Нараджэння. Калі яна будзе выканана, гэтае свята стане для нас часам, калi Нябесны Айцец сапраўды спашле нам сваё спрадвечнае Слова — нашага Збаўцу; станецца часам нараджэння Бога ў нашых сэрцах. Тады нашыя супольнасці стануць сучасным Бэтлеемам, дзе неспасцігальны i iсны па-за часам Бог уцелавiўся, прыняў вобраз чалавека i з’явiўся нам з чалавечымі сэрцам i абліччам, каб больш не быць Богам далёкiм i недасяжным, а быць сапраўдным Эмануэлем — Богам з намi (пар. Мц 1, 23). Падчас Адвэнту заклікаю ўсіх звярнуць асаблівую ўвагу на чытанне Святога Пісання, бо Божае слова — гэта сам Езус Хрыстус, які прыходзіць да нас як Богачалавек. Час адвэнтавага чакання ў Год святога Апостала Паўла мусіць стаць часам новага ўсведамлення таго, што Божае слова заўсёды жывое і дзейснае (пар. Гбр 4, 12), што яно «трывае навекі» (Іс 40, 8; 1 П 1, 23–25) і змяняе чалавека. На шлях сапраўднага навяртання, падрыхтоўкі дарогi надыходзячаму Збаўцы i прыняцця Яго як уцелаўлёнага Слова нябеснага Айца, давяраючы ўсiх вас апецы Марыi — Маці дзейснага чакання — ад усяго сэрца благаслаўляю ў iмя Айца, i Сына i Духа Святога. Амэн. Арцыбiскуп Тадэвуш Кандрусевiч Мiтрапалiт Мiнска–Магiлёўскi г. Мiнск, 23 лiстапада 2008 г. Урачыстаць Хрыста Валадара Сусвету
21.07.2009 16:43
Умілаваныя вернікі Гродзенскай дыяцэзіі! Жыццё святых — гэта гонар паўсюднага Касцёла. Мы спасылаемся на заслугі іх жыцця, калі прыходзім з просьбамі ў Божы храм і верым, што Бог прыслухоўваецца да іх малітваў. Тое, што святыя трываюць у духоўнай лучнасці з намі, мы вызнаем у «Сімвале веры», калі кажам: «Веру ў еднасць святых». І, безумоўна, асаблівая лучнасць звязвае іх з жыхарамі той зямлі, адкуль яны паходзілі і дзе жылі. 27 кастрычніка 2007 г. у базыліцы святога Яна на Латэране адбылася беатыфікацыя сястры змёртвыхпаўстанкі Цэліны Бажэнцкай. На жаль, не ўсе вернікі мелі магчымасць прысутнічаць на гэтай урачыстасці. Я б хацеў заахвоціць вас, дарагія дыяцэзіяне, каб вы бліжэй пазнаёміліся з жыццём благаслаўлёнай Цэліны і таму запрашаю ўсіх зацікаўленых на ўрачыстасць падзякі за дар яе беатыфікацыі, якая адбудзецца 2 мая бягучага года ў Заневічах каля Гродна. Менавіта з гэтай парафіяй і гэтым кутком гродзенскай зямлі быў звязаны доўгі перыяд жыцця благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай. Цэліна нарадзілася 29 кастрычніка 1833 г. у Антовілі, непадалёку ад Оршы. Паходзіла яна з сям’і Хлудзінскіх. З малых гадоў Цэліна выхоўвалася ў асяроддзі, дзе старанна захоўваліся каталіцкія і нацыянальныя традыцыі. У сям’і Цэліна атрымала добрае выхаванне і адукацыю. Яе духоўнае жыццё развівалася пад уплывам бацькоў, а малітоўнае пытанне — «Божа, што хочаш, каб я ўчыніла са сваім жыццём?» — ніколі не пакідала яе. Паслухмяная волі бацькоў і парадам свайго спаведніка, якія прымала як Божую волю, яна ў 1853 г. узяла шлюб з Юзафам Бажэнцкім, уласнікам Абрэмшчыны. Адносіўся гэты маёнтак да парафіі Заневічы, што непадалёку ад Гродна. Пры гэтым, як яна сама занатавала ў сваіх лістах, Цэліна прадчувала, што «сваё жыццё не закончыць звычайна». Пасля шлюбу яе чакала моцнае і балеснае выпрабаванне, выйсці з якога ёй дапамог давер да Божай апекі. З поўнай адданасцю яна ўвайшла ў ролю жонкі, гаспадыні дому і маці. Цэліна перажыла смерць дваіх сваіх дзяцей-немаўлятак, пры жыцці засталіся дзве дачкі. Цэліна, як гаспадыня дому, вяла дабрачынную працу сярод сельскіх жыхароў. У 1863 г. за дапамогу паўстанцам, разам з дачкой Ядзвігай, якой было ўсяго некалькі тыдняў, трапіла ў царскую турму ў Гродне. Пасля кароткага арышту яе выпусцілі. У Абрэмшчыне Цэліну чакала чарговае выпрабаванне лёсу. Яе мужа Юзафа Бажэнцкага разбіў параліч, і ён не мог хадзіць. Цэліна клапатліва і цярпліва даглядала змучанага хваробай мужа на працягу ўсёй яго доўгай і невылечнай хваробы. Пры гэтым адначасова займалася справамі маёнтку. За некалькі тыдняў да смерці (у 1874 г.) Юзаф Бажэнцкі прадыктаваў тэстамэнт, у якім сведчыў пра любоў, гераічнасць, адвагу і разважлівасць сваёй жонкі. У 1875 г. Цэліна Бажэнцкая прыбыла ў Рым. І там да яе зноў вярнуліся думкі пра манаскае жыццё. Грунтоўна пазнаць сябе і зразумець дарогу, па якой яе вядзе Бог, Цэліне дапамог генерал ордэна змёртвыхпаўстанцаў кс. Пётр Семяненка, які пазней падрыхтаваў яе да заснавання новай кангрэгацыі. Дзякуючы яго духоўнай падтрымцы Цэліна разам з дачкой Ядзвігай прыйшла да рашэння заснаваць жаночае адгалінаванне гэтай супольнасці з кантэмпляцыйна-дзейсным харызматам. Заданнем супольнасці было духоўнае і маральнае адраджэнне жанчыны праз навучанне і хрысціянскае выхаванне дзяўчат. У 1891 г. Цэліна Бажэнцкая атрымала падтрымку ад духоўных уладаў і ва ўзросце 58-мі гадоў узначаліла новую манаскую супольнасць, якая атрымала назву Кангрэгацыі Змёртвыхпаўстанак. У тым жа годзе Цэліна разам з сёстрамі адкрыла ў Кентах каля Бельска (Польшча) першы манаскі дом, а ў 1896 годзе распачала апостальскую працу ў Балгарыі, затым у Чэнстахове і Варшаве, а ў 1900 г. — у Злучаных Штатах Амерыкі. Новая супольнасць развівалася дынамічна. Гэта схіліла сясцёр да таго, каб пашырыць свой харызмат, уключыўшы ў яго клопат пра рух апостальства свецкіх у парафіях. Мэтай свецкага жаночага руху было не толькі асабістае асвячэнне, але і імкненне пашыраць Божае Валадарства і напаўняць духам Евангелля ўсе сферы грамадскага жыцця. Цэліна Бажэнцкая памерла ў Кракаве 26 кастрычніка 1913 г. Беатыфікацыйны працэс маці Цэліны быў распачаты ў Рыме яшчэ ў 1944 г., а дэкрэт пра гераічнасць цнотаў падпісаў Папа Ян Павел ІІ у 1982 г. У 2002 г. у Кракаве было праведзена даследаванне аздараўлення Анджэя Мехежыньскага-Віктара, праўнука маці Цэліны, які цудоўным чынам пасля звароту да Слугі Божай Цэліны з малітвай аб заступніцтве вылечыўся ад цяжкой траўмы пазваночніка. Цуд аздараўлення прыспешыў заканчэнне беатыфікацыйнага працэсу. 16 снежня 2006 г. Папа Бэнэдыкт XVI падпісаў дэкрэт, якім пацвердзіў цуд аздараўлення праз пасрэдніцтва маці Цэліны Бажэнцкай. Незвычайным быў 80-гадовы жыццёвы шлях благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай. У яе жыцці вылучаюцца чатыры важныя этапы —  як жонкі, маці, удавы і законніцы. У рэалізацыі свайго паклікання на кожным з гэтых этапаў у яе жыцці выразна бачна адзіная мэта людскога паклікання — святасць жыцця. Благаслаўлёная Цэліна, як у мінулым, так і сёння, з’яўляецца прыкладам святасці ў выкананні Божай волі — з поўнай пакорай, адданасцю і глыбокай малітвай. У такім жа духу яна старалася выхоўваць сваіх дачок, каб адзіным імкненнем у іх жыцці і ва ўзрастанні ў святасці была пакора перад Богам. Не парушыла яе вернасці Богу нават раптоўная смерць дачкі Ядзвігі, разам з якой яна заснавала супольнасць. Яна сказала тады такія словы: «Няма таго, што не вытрывала б душа з любові да Пана Езуса». Некалькі разоў Цэліна прыязджала з Рыма ў Абрэмшчыну, дзе яе віталі мясцовыя жыхары, якія ўжо пры жыцці лічылі яе святой. Менавіта ў Абрэмшчыне каля Заневіч, на месцы былога маёнтка з камення, якое засталося ад яго, была пабудавана першая капліца ў гонар благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай. 2 мая бягучага года капліца будзе асвечана, каб мы маглі выпрошваць Божыя ласкі праз заступніцтва благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай для ўсіх жыхароў нашай зямлі, асабліва для жонак і маці. Яна з’яўляецца ўзорам і заступніцай для ўсіх, хто цярпліва і ахвярна выконвае абавязкі маці і жонкі. Прыміце ў якасці заахвочвання да годнай рэалізацыі свайго паклікання словы благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай, якія яна калісьці запісала ў сваім дзённіку: «Малю Хрыста Пана, каб вы пры жыцці ўваскрэслі ў духу, калі спазналі гэтую велізарную ласку быць пакліканымі да такой вялікай і хвалебнай таямніцы. Недастаткова ахапіць гэтую ласку розумам, патрэбна праца над сабой і ўчынкі, якія асвячаюць душу на падставе вялікай пакоры і ўдзячнасці Пану Богу». Ахвярная любоў нясе шчасце блізкім і дае нам надзею на жыццё вечнае. Няхай яна будзе багаццем кожнай сям’і на нашай зямлі — сужэнцаў, бацькоў і дзяцей. Працуйма над сваім асвячэннем і не пераставайма аказваць адно аднаму зразуменне і любоў. Яны здольны перамяніць свет, а нашаму прысвячэнню даць радасць і скіраваць нас да вечнай  любові Бога. Мы верым, што благаслаўлёная Цэліна выпрасіць у Бога духоўныя дары, падтрымае на шляху да неба наш Касцёл і нашыя сем’і. Маючы перад вачыма прыклад яе жыцця, будзем імкнуцца да асвячэння асабістага і грамадскага жыцця, каб яшчэ дакладней выконваць на зямлі Божую волю і некалі атрымаць вечны ўдзел у святасці Бога. Няхай радасць святых Пана стане і нашым удзелам у небе. На руплівае наследаванне жыцця святых Пана і радаснае перажыванне ўрачыстасці падзякі ў нашай дыяцэзіі ў гонар благаслаўлёнай Цэліны сардэчна благаслаўляю. Аляксандр Кашкевіч, Біскуп Гродзенскі Гродна, 10.04.2008 Прашу шаноўных святароў Гродзенскай дыяцэзіі прачытаць гэты ліст у межах гаміліі падчас кожнай святой Імшы ў VI Велікодную нядзелю, 27 красавіка, а таксама азнаёміць вернікаў з праграмай дыяцэзіяльнай урачыстасці падзякі, якая абудзецца 2 мая б. г. у Заневічах.
21.07.2009 16:37
Умілаваныя ў Змёртвыхпаўсталым Пану браты ў біскупскім і святарскім служэнні, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры! 1. «Не бойцеся, бо ведаю, што вы шукаеце Езуса ўкрыжаванага. Няма Яго тут, Ён уваскрос, як сказаў. Падыдзіце, паглядзіце на месца, дзе быў пакладзены» (Мц 28, 5–6) . Гэтыя словы Анёла, які сядзеў на камені каля ўваходу ў грабніцу Пана, сёння гучаць у нашых касцёлах і капліцах, у нашых супольнасцях. Гэтыя словы глыбока пранікаюць у нашыя сэрцы, перамяняюць іх і напаўняюць радасцю, даючы нам новую надзею. Радасным воклічам: «Хрыстус уваскрос! — Сапраўды ўваскрос!», — мы абвяшчаем праўду збаўчай урачыстасці Змёртвыхпаўстання Пана і дзелімся ёю з іншымі. Мы нясем яе ў свет, спяшаемся з ёю да іншых людзей, так, як паспяшаліся жанчыны-міраносіцы, калі, прынёсшы алеі для намашчэння, замест цела Езуса ўбачылі пустую грабніцу, куды яно тры дні таму было пакладзена. 2. Вечна жывое і заўжды актуальнае Божае слова, якое прыносіць нам гэтую радасную пасхальную вестку, павінна быць таксама і дзейсным (пар. Гбр 4, 12) , павінна заахвочваць да навяртання і духоўнага адраджэння. Для гэтага нам неабходна дазволіць Хрысту, каб Ён сваёю ласкаю ўваскрасіў нас да новага жыцця. Ці магчыма гэтага дасягнуць у наш секулярны час? Жанчыны-міраносіцы непакоіліся, кажучы адна адной: «Хто адсуне нам камень ад уваходу ў магілу?» (Мк 16, 3) . У нашым жыцці адбываецца нешта падобнае. Жыццё здалёк ад Бога і Ягонай ласкі, або нават такое жыццё, як быццам Бог наогул не існуе, становіцца тым каменем, які закрывае перад Хрыстом уваход у нашыя сэрцы. Прычым часам нам здаецца, што гэты камень такі вялікі, што ніхто не ў стане адсунуць гэты камень. Аднак праўда Уваскрасення сведчыць пра адваротнае. Няўжо ж Хрыстус, які ўскрасіў Лазара (пар. Ян 11, 38–44) і сам паўстаў з мёртвых, не зможа нас вызваліць з грахоўнай няволі? Безумоўна, Ён — міласэрны Езус — можа гэта зрабіць і робіць гэта. Трэба толькі дазволіць Яму дзейнічаць. Сам Ён нікога ні да чаго не прымушае: прапануючы сваю дапамогу, Хрыстус паважае свабоду чалавека. Таму толькі ад нас залежыць, ці прымем мы яе, ці адмовімся ад яе. Перажываючы год Божага слова — крыніцы надзеі, якая, як вучыць нас Папа Бэнэдыкт XVI, з’яўляецца асноўным словам біблейскай веры (пар. SS 2) , неабходна звярнуцца да яго сілы, каб яно разам з Традыцыяй Касцёла заахвоціла нас адсунуць камень ад уваходу ў цёмную пячору нашай душы, каб праўда Уваскрасення Пана заззяла ў нас. 3. Мы перажываем надыход вясны, якая на нашых вачах абуджае прыроду да новага жыцця. Таксама і моц Уваскрасення Хрыста, якая праяўляецца таксама ў Божым слове, павінна ажыўляць чалавека. Вядома, што дрэва з пашкоджаным карэннем сохне і памірае. Таксама і хрысціянін, які па сваёй волі адмаўляецца ад уласных каранёў і не прымае праўды пра Уваскрасенне, такім чынам асуджае сябе на духоўную смерць. Таму, каб не змарнаваць збаўчай і жыватворчай ласкі Уваскрасення Пана, неабходна заўсёды захоўваць вернасць свайму хрысціянскаму пакліканню. Недастаткова быць толькі намінальнымі і ананімнымі хрысціянамі, якіх з Касцёлам не аб’ядноўвае нічога, акрамя пасведчання хросту. Недастаткова толькі раз на год, на Вялікдзень, прыйсці ў касцёл, каб асвяціць святочныя стравы, пазахапляцца велічным спевам «Аллелюя», вялікімі натоўпамі вернікаў, а пасля зноў надоўга забыцца пра шлях да святыні. Толькі гэтага далёка не дастаткова… Пасхальныя традыцыі належыць прыняць і перажываць ва ўсёй глыбіні сэнсу гэтай галоўнай хрысціянскай урачыстасці. Так, напрыклад, асвячэнне велікодных страваў павінна дапамагаць у духоўным асэнсаванні свята Пасхі. Асвячоныя яйкі, якія з’яўляюцца сімвалам жыцця, — гэта знак таго, што Змёртвыхпаўстанне Пана вядзе да новага жыцця і дае надзею. 4. Уваскрасенне Хрыста павінна стаць часткаю нашага жыцця. Калі ўваскрослы Хрыстус стукаецца ў дзверы нашых сэрцаў, заваленыя цяжкімі камянямі грахоў, трэба перш адсунуць камяні, каб іх адчыніць. Для гэтага разам з марнатраўным сынам з евангельскай прыпавесці кожны павінен сказаць: «Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою» і кінуцца на шыю нашаму Міласэрнаму Айцу (пар. Лк 15, 21) . Не памёршы для граху, мы не зможам уваскрэснуць да новага жыцця. Як не было ўваскрасення Хрыста без Яго крыжовай смерці, так не можа быць і нашага вызвалення з няволі граху без збаўчага крыжа пакаяння. Неабходна ўсвядоміць сваю слабасць і звярнуцца да Хрыста са словамі злачынцы, які пакаяўся: «Узгадай мяне, Пане, калі прыйдзеш у сваё Валадарства» (Лк 23, 42) . Гэта неабходна зрабіць, каб у адказ пачуць поўнае надзеі абяцанне: «Сапраўды кажу табе, што сёння будзеш са Мною ў раі» (Лк 23, 43) . Крыж — гэта знак Божай міласэрнасці, ён вядзе нас да ўнутранай свабоды. Таму нельга абыякава абмінуць яго. Хоць чалавеку і нялёгка пакінуць свае дрэнныя схільнасці і звычкі, тым не менш неадменнаю ўмоваю ўваскрашэння да новага жыцця з’яўляецца разрыў з мінулым. Гэта і ёсць крыж нашага жыцця, але крыж, праз які дасягаецца збаўленне. 5. У вандроўцы з егіпецкай няволі ў Абяцаную зямлю юдэі з жалем узгадвалі пра тое, як яны сядзелі пры катле з мясам і елі ўдосталь хлеба (пар. Зых 16, 3) . Перад абліччам часовых цяжкасцяў яны лічылі няволю лепшаю за свабоду, абы толькі мець ежы ўдосталь. Матэрыяльныя даброты сталіся для іх вышэйшымі за дар свабоды. Калі ў жыцці месца Бога і Ягонага закону занятае ідаламі багацця, безадказнай вольнасці, амаральных асалодаў, задаволення неўпарадкаваных жаданняў, лібералізму, маральнага рэлятывізму, хлуслівай «рэлігійнай паліткарэктнасці» і іншых сучасных бажкоў, такі чалавек не зможа ва ўсёй паўнаце перажыць праўду Уваскрасення Хрыста. Замест радасці прыняцця Хрыстовых таямніцаў духоўна свабоднага чалавека яму больш даспадобы «кацёл з мясам» егіпецкай няволі ў яе новых формах. 6. Пазбаўлены ўнутранай свабоды і закуты ў кайданы грахоўнай няволі чалавек не зможа перажыць усёй глыбіні таямніцы Змёртвыхпаўстання Пана, бо Пасха — гэта пераход з няволі да свабоды, Пасха — гэта вызваленне! Беручы прыклад са святога Аўгустына мы павінны баяцца свядома абмінуць Бога, пазбягаючы сустрэчы з Ім і імкнучыся ў няволю граху, спажывальніцтва, задавальненняў і іншых формаў залежнасці. У наш постмадэрнісцкі час неабходна прыняць Уваскрослага Хрыста так, як Яго прынялі апосталы. Таямніца Змёртвыхпаўстання Пана вярнула ім страчаную надзею, а спасланы ім Святы Дух натхніў на самаадданае абвяшчэнне Добрай Навіны. 7. Уваскрослы Хрыстус сёння звяртаецца да нас са словамі: «Не бойцеся!» (Мц 28, 10) , таксама, як сказаў гэта жанчынам-міраносіцам. Словы «Не бойцеся!» сталі дэвізам служэння Слугі Божага Яна Паўла ІІ (пар. МЗ, с. 26) , трыццацігоддзе абрання якога на пасад святога Пятра мы будзе адзначацца сёлета. Яго заклік далей развівае Папа Бэнэдыкт XVI, падкрэсліваючы, што не варта баяцца Пана Бога, які нічога не забірае, а толькі дае (пар. WSP, s. 36) . Сёння, перад абліччам выклікаў секулярызму, рэлігійнай абыякавасці, а таксама праяваў адыходу ад веры, Хрыстус, які кажа: «Не бойцеся», бо «Я перамог свет» (Ян 16, 33) , перамог грэх, смерць і сатану, заклікае нас спазнаць і палюбіць праўду, якою з’яўляецца Ён сам, наш Уваскрослы Пан. Гэтая праўда даражэйшая за ўсе матэрыяльныя даброты і задавальненні гэтага свету. У святле праўды Змёртвыхпаўстання Пана, які адкрывае нам шлях да вечнага шчасця, неабходна ўсвядоміць і прыняць глыбока ў сваё сэрца тое, што з’яўляецца сапраўднаю каштоўнасцю, і адмовіцца ад ілюзій, якія вядуць да расчараванняў. Нягледзячы на тое, што сучаснаму чалавеку, асабліва маладому, пагражае вялізная колькасць небяспекаў, перадусім для яго духоўнага жыцця, яму неабходна ўважліва ўслухацца ў заклік Хрыста: «Не бойцеся!», бо, калі Езус здольны ўваскрасіць памерлага з магілы, то Яму не будзе складана вырашыць і нашыя духоўныя праблемы. Трэба толькі спадзявацца на Яго і жыць у свабодзе дзяцей Божых. 8. Мы таксама павінны з пашанаю ставіцца да новых умоваў набытай свабоды веравызнання, захоўваць і абараняць першынство Божага закону, які з’яўляецца гарантыяй дабра для кожнага чалавека. Неабходна памятаць, што свабода з’яўляецца патрабавальнай; яна не захоўваецца аўтаматычна і знішчае сябе тады, калі жадае стаць неабмежаванаю, спрыяючы развіццю маральнага рэлятывізму, як падкрэслівае Папа Бэнэдыкт XVI (пар. CPE, s. 133–135) . Таму перад абліччам небяспечных выклікаў сучаснасці нам неабходна прыняць праўду Уваскрасення Хрыста і жыць ёю; неабходна дазволіць Хрысту дзейнічаць у нас, бо будучыні не ўдасца пабудаваць толькі на мінімалісцкай этыцы, на павярхоўнай традыцыйнай рэлігійнасці, якой пагражаюць небяспекі секулярызму, маральнага рэлятывізму і «рэлігійнай паліткарэктнасці». 9. Браты і сёстры! Уваскрасенне Хрыста напоўніла апосталаў радасцю і надзеяй. Таму пасля Вялікага посту — часу нашага навяртання — узрадуемся і мы светламу святу Пасхі, святу жыцця і надзеі! Ад усяго сэрца віншую вас са збаўчаю ўрачыстасцю ўваскрасення Хрыстова. Віншую таксама хрысціянаў іншых веравызнанняў, якія сёння адзначаюць гэтае Свята святаў. Віншую вернікаў Праваслаўнай Царквы, якія перажываюць святы час падрыхтоўкі да Вялікадня і ад усёй душы жадаю, каб ён сапраўды стаў бласлаўлёным часам для нашых праваслаўных братоў і сясцёр. Перад абліччам выклікаў секулярызму мы пакліканыя да сумеснага сведчання пра хрысціянскія каштоўнасці і да іх абароны. Ад гэтага будзе залежаць, ці стане набыткам нашых сучаснікаў збаўчая праўда Уваскрасення Хрыста, якая вядзе да духоўнай свабоды. Праз заступніцтва Марыі, якая з радасцю прыняла вестку пра Змёртвыхпаўстанне Яе Сына, усім вам жадаю шчасця, радасці і шчодрых ласкаў ад Уваскрослага Збаўцы і ад шчырага сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн. Хрыстус уваскрос! — Сапраўды ўваскрос! Мінск, 15 сакавіка 2008 г. Урачыстасць св. Юзафа   Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні: Бэнэдыкт XVI, энцыкліка Spe salvi (SS) . Иоанн Павел II, «Мысли о земном». Москва 1992 (МЗ) . Benedykt XVI, «Według serca Pana». Warszawa 2005 (WSP) . Jozeph Kardynał Ratzinger, «Czas przemian w Europie». Wydawnictwo «M», Kraków 2005 (CPE) .
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця