Пошук

28.04.2010 15:20  

2 мая 2010 г.

Каго Мне паслаць?

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Заклапочаны справай пакліканняў, звяртаюся да вас са Святой Зямлі; звяртаюся напрыканцы пілігрымкі святароў і свецкіх асобаў, прысвечанай Году святарства; звяртаюся, прайшоўшы і памаліўшыся ў тых месцах, дзе дзейнічаў Езус Хрыстус, дзе паклікаў Апосталаў; звяртаюся з Вячэрніка, дзе Ён ўстанавіў сакрамэнт святарства.

На гэтай Святой Зямлі ў маіх вушах гучаць словы прарока Ісаі: «Каго Мне паслаць? Хто пойдзе дзеля нас?» (Іс 6, 8). Ён іх пачуў і, паслухмяны волі Божай, адказаў: «Вось я, пашлі мяне» (Іс 6, 8). Гучаць скіраваныя да галілейскіх рыбакоў словы Езуса: «Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей» (пар. Мц 4, 19). Яны пакінулі ўсё і пайшлі за Хрыстом (пар. Мц 4, 20).

Падобныя пытанні задае Бог і сёння. Яны ўсё мацней і мацней гучаць у сучасным свеце, які адчувае востры недахоп святароў і кансэкраваных асобаў, без якіх немагчыма нармальная дзейнасць Касцёла як сакрамэнту паўсюднага збаўлення. Святы Ян Віянэй казаў, што менавіта праз святара здзяйсняецца збаўленчая місія Хрыста.

Праблема паклікання да святарства асабліва падкрэсліваецца Святым Айцом Бэнэдыктам XVI у Год святарства, які мы сёлета адзначаем. Гэты Год павінен яшчэ больш павялічыць нашае адчуванне і разуменне значэння святара ў справе збаўлення чалавека і яго місіі ў сучасным свеце, што патрабуе новай евангелізацыі. Год святарства таксама павінен заклікаць нас да больш інтэнсіўнай малітвы ў інтэнцыі пакліканняў. Малітва — гэта першае сведчанне, якое з’яўляецца дапамогай у справе паклікання1, — нагадвае папа Бэнэдыкт XVI.

Пакліканне да святарскага і кансэкраванага жыцця — гэта незвычайны Божы дар, які з’яўляецца праяўленнем вялікага плану любові і збаўлення, што Бог мае для кожнага чалавека ў прыватнасці і для ўсяго чалавецтва. Нездарма св. апостал Павел у пасланні да Эфесцаў піша: «Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, які благаславіў нас у Хрысце ўсялякім духоўным благаслаўленнем на нябёсах, бо Ён выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові» (Эф 1, 3–4).

У паўсюдным пакліканні да святасці наперад выходзіць ініцыятыва Бога, які выбірае некаторых людзей, каб былі Яго надзвычайнымі слугамі і сведкамі, якія моцаю Хрыста абвяшчаюць Божае слова, цэлебруюць сакрамэнты, асвячаюць і, з любоўю служачы людзям, будуюць хрысціянскія супольнасці.

2. Сёння мы павінны задаць сабе пытанне, якое пачуў прарок Ісая: «Каго Мне паслаць? Хто пойдзе дзеля нас?» (Іс 6, 8), і пашукаць адказу на яго ў Божым слове. Хто годны абвяшчаць Божае слова, цэлебраваць сакрамэнты, асабліва Эўхарыстыю, будаваць хрысціянскую супольнасць? Ці я — як ахрышчаны вучань Хрыста — магу штосьці зрабіць у гэтай справе? А калі так, то якім чынам?

Узгадаем пакліканне апостала Паўла. Як Саул ён жорстка пераследаваў Касцёл і яго вельмі баяліся ўсе хрысціяне. Аднак пад Дамаскам ён цудоўным чынам спаткаў Хрыста. Тады ён аслеп фізічна, аднак у той жа час духоўна ўбачыў сябе ва ўсёй праўдзе (пар. Дз 9). Да гэтага здарэння ён думаў, што ясна бачыць і ведае, што павінен чыніць, а на самой справе жыў у духоўнай цемры, акунуўшыся ў нянавісць. Пасля спаткання з Езусам Павел называе сябе «неданошаным плодам», якому аб’явіў сябе Езус (пар. 1 Кар 15, 8). Метафара «неданошаны плод» змяшчае пакору св. Паўла, бо менавіта ў ім праявілася плённасць ласкі Божай, якая можа перамяніць грэшніка ў выдатнага апостала. Вось што можа ўчыніць Бог з тым, хто з евангельскага пункту гледжання мог быць прызнаны за маргінала2, — кажа папа Бэнэдыкт XVI.

Падобнае зведаў і прарок Ісая, які выказаў сваю разгубленасць і грэшнасць перад святасцю Бога, які аб’явіўся яму ў сваёй хвале. Прарок Ісая кажа: «Гора мне, бо я загінуў» (пар. Іс 6, 5). Аднак не жыццё і смерць ёсць мэтай спаткання чалавека з Богам, але жыццё і святасць. Таму Ісая вельмі добра ўсвядоміў сабе, якое вялікае бяздонне паміж Богам і ім і яго народам, канкрэтнымі людзьмі, якія патрабуюць навяртання. З усіх сваіх братоў і сясцёр ён першы быў ачышчаны і пасланы абвяшчаць слова перамены, шлях вяртання да Бога.

Таксама Пётр, знаходзячыся ў чаўне разам з Езусам, пасля цяжкай бясплённай працы ўначы, паслухаў Яго парады і выплыў на глыбіню. Парада Езуса была выніковай. Пётр злавіў так шмат рыбы, што нават сеткі рваліся. Бачачы ўсё гэта, ён настолькі ўзрушыўся, што сказаў: «Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны» (пар. Лк 5, 8). Езус, аднак, не толькі не адышоў, але запрасіў Пятра пакінуць човен і замяніць працу рыбака на сяброўства з Ім. Ён заклікаў Пятра замяніць сеткі для рыбнай лоўлі на слова Божае. Яго возерам і рыбамі павінен стаць свет і людзі.

3. Хто ж, такім чынам, прыдатны да абвяшчэння слова Божага? Калі гэта маглі чыніць такія недасканалыя людзі, якімі на пачатку былі прарок Ісая, апосталы Пётр і Павел, то ці не магу я, і ты, і іншы?

Бог не хоча дзейнічаць сам, як дзейнічаюць менеджэры, якія часцей за ўсё працуюць самастойна. Бог ахвотна запрашае і ўключае ў свой план людзей, каб супрацоўнічаць з імі ў справе збаўлення. Трэба дадаць, што Ён больш ахвотна чыніць гэта са слабымі людзьмі, якім самім давялося зведаць духоўны бунт і цемру, але якія адначасова зведалі прабачэнне і ўнутраны спакой, бо яны непасрэдна на сабе ўбачылі дзеянне Божай міласэрнасці.

Усведамленне таго, што мы былі адкуплены збаўленчай любоўю Хрыста, абуджае ў нас неабходнасць даверыць сябе Хрысту, які аддаў за нас сваё жыццё. Хто верыць у Бога і прымае Яго дар, той з удзячнасцю давяраецца Яму і стараецца стаць удзельнікам Яго збаўленчага плану. Калі так ёсць, то пакліканы пакідае ўсё і далучаецца да школы свайго Настаўніка. Такім чынам распачынаецца плённы дыялог паміж Богам і чалавекам, таямнічая сустрэча паміж любячым Богам і свабодным чалавекам, які, чуючы словы Хрыста: «Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў» (Ян 15, 16), вырашае ісці за Хрыстом.

4. Якім чынам гэта датычыць мяне? Кожнага з нас? Мы не можам заставацца пасіўнымі ў адносінах да голасу Бога, які кліча.

Але як гэта рэалізаваць? Думаю, Евангелле пра цудоўны ўлоў рыбы будзе тут добрай дапамогай. Найперш, Езус папрасіў Пятра, каб адплыў ад берага. Таксама сёння Езус просіць, каб той, хто адчувае пакліканне, пакінуў натоўп і быў разам з Ім, каб паглядзеў Яму ў вочы, паслухаў, што Ён кажа яму. Трэба таксама прыслухацца да самога сябе, да свайго сумлення, каб зразумець веліч паклікання.

Езус можа і нас, як калісьці Пятра, запрасіць адплыць на глыбіню, дзе Ён дае загады. Не трэба баяцца выплыць на глыбіню, бо адным з досведаў, які чакае нас, будзе досвед нашай грэшнасці, нягоднасці, трывогі і страху. На глыбіні нас чакае спатканне з Богам Святым. Тут справа ідзе не аб страху, але аб прыняцці новага задання. Яно нялёгкае, але заўсёды плённае, калі мы распачнём жыць жыццём, падобным да Яго жыцця, да жыцця, якое прысвечана абвяшчэнню праўды Божай, асвячэнню людзей і будаванню хрысціянскай супольнасці.

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI навучае, што адказ чалавека на Божае пакліканне не можа прымаць формы бескарыснага і лянівага слугі, які з боязі хавае свой талант у зямлі (пар. Мф 25, 14–30). Наадварот, пакліканне павінна выражацца ў следаванні запрашэнню Пана. Прымаючы пад увагу аўтаномнасць пакліканых асоб, свабодны адказ чалавека на Божае пакліканне становіцца адказнасцю ў Хрысце і з Хрыстом, што чыніць пакліканага здольным прынесці вялікі плён (пар. Ян 15, 5)3.

5. Пакліканне Пятра, як і іншых апосталаў, паказвае нам шлях, якім чынам і мы можам стаць апосталамі Езуса. Не здзяйсняецца гэта нашымі сіламі, але моцаю Божаю.

У наш час секулярызму ўсё мацней развіваецца хай-тэк і спажывальніцкае язычніцтва, калі людзі пакладаюць сваю надзею толькі на развіццё тэхнікі і імкнуцца да матэрыяльнага дабра. У такіх абставінах, калі, з аднаго боку, людзі самі адракаюцца ад веры і Бога, а з іншага — шукаюць вечнай праўды, усё мацней гучыць пытанне Бога: «Каго Мне паслаць? Хто пойдзе дзеля нас?» (Іс 6, 8). Можа, гэтае пытанне скіравана да цябе, малады чалавек? Можа, Хрыстус менавіта цябе выбраў? Можа, ты не чуеш Яго, які голасна кліча цябе да святарства ці кансэкраванага жыцця? Адплыві ад берага гаманлівага сучаснага жыцця, пабудзь разам з Хрыстом, услухайся ў Яго голас. А калі Ён скажа адплысці на глыбіню, то ўчыні гэта, каб прыняць рашэнне.

Адной з найвялікшых праблем сучаснасці з’яўляецца так званы крызіс пакліканняў да святарства і манаства. Аднак на самой справе справа зусім у іншым. Кажучы, што няма пакліканняў, мы тым самым як быццам сцвярджаем, што заклік Езуса да служэння Божага не дастаткова моцны, каб прасякнуць панцыр постмадэрністкай культуры безгустоўнасці, насілля і цемры. Але Бог кліча, як клікаў і раней, кліча так моцна, як чыніў гэта заўсёды. Кліча праз малітву і кліча праз сведчанне святароў і кансэкраваных асобаў. Таму трэба, каб наша малітва аб пакліканнях была трывалай і інтэнсіўнай, а святары і кансэкраваныя асобы павінны яшчэ мацней адчуваць сваю адказнасць за пакліканні4, падтрымліваючы Божую ініцыятыву якасцю і багаццем свайго асабістага і супольнага сведчання5, — як сцвярджае Святы Айцец Бэнэдыкт XVI.

Такім чынам, мы ўсе разам — свецкія вернікі, святары і кансэкраваныя асобы — павінны зрабіць усё, каб голас Пана, які кліча, яшчэ мацней гучаў у сучасным свеце, каб маладыя людзі маглі пачуць Яго голас і разам з Ісаяй адказаць: «Вось я, пашлі мяне» (Іс 6, 8).

6. А якім, малады чалавек, будзе твой адказ? Не паддавайся страху ці сумненням! Даверся Богу і ідзі за Езусам, і станеш сведкам радасці, якая паходзіць з блізкай еднасці са Збаўцам.

З гэтым пытаннем звяртаюся да цябе з Вячэрніка. Звяртаюся з таго святога месца, дзе Езус Хрыстус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі і святарства. Звяртаюся адтуль, дзе разам з беларускімі святарамі цэлебраваў св. Імшу, у якой прынялі ўдзел нашы пілігрымы. Гэта быў вялікі дар, ласка і шчасце цэлебраваць Эўхарыстыю там, дзе яна была ўпершыню здзейснена Хрыстом. Падчас гэтай св. Імшы мы, у часе святкавання Году святарства, дзякавалі Богу за наша пакліканне да святарства, а таксама маліліся аб новых і святых пакліканнях.

Таму, малады чалавек, прымі рашэнне. Прымі цяпер! Прымі, кажучы разам з Марыяй — Маці святароў — сваё «Fiat» — сваё «Так» Богу, бо Хрыстус і вернікі чакаюць, каб праз дзейнасць моцы Збаўцы ты мог прынесці ў гэты свет больш святла, ласкі і надзеі. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск-Іерусалім-Вячэрнік, 20 красавіка 2010 г.

P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае пасланне вернікам 2 мая 2010 г.


Выкарыстаная літаратура:

1.    http://www.vatican.va/holy_father/benedict_ xvi/audiences/2008/ documents/hf_ben-xvi_aud_20080910_it.html
2.    http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/messages/vocations/documents/hf_ben-xvi_mes_20090120_xlvi-vocations_pl.html
3.    http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/messages/vocations/
documents/hf_ben-xvi_mes_20091113_xlvii-vocations_pl.html
4.    /2/home/vatican/news/pope-said/103447-paslannie-benedykta-xvi-47-dzien-malitwau-ab-paklikanniach.html

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа