Пошук


MOTU PROPRIO

для зацвярджэння і апублікавання

Кампендыя

Катэхізіса Каталіцкага Касцёла


Шаноўным братам кардыналам, патрыярхам, арцыбіскупам, біскупам, прэзбітэрам, дыяканам і ўсім членам Божага народу

Ужо мінула дваццаць гадоў з таго часу, калі па жаданні Надзвычайнага Сходу Сіноду Біскупаў з нагоды дваццатай гадавіны заканчэння Другога Ватыканскага Сусветнага Сабору была распачата праца над Катэхізісам Каталіцкага Касцёла.

Бясконца дзякую Пану Богу за тое, што даў Касцёлу Катэхізіс, абвешчаны ў 1992 г. маім шаноўным і ўмілаваным Папярэднікам папам Янам Паўлам II.

Вялікая карысць і каштоўнасць гэтага дару пацверджана перш за ўсё пазітыўным і шырокім прыняццем яго біскупамі, да якіх у першую чаргу быў скіраваны як дакладны і аўтэнтычны тэкст для навучання каталіцкай дактрыне, а асабліва для распрацоўкі мясцовых катэхізісаў. Катэхізіс быў таксама прыхільна і велікадушна прыняты ўсім Божым народам, які мог пазнаёміцца з ім больш чым на пяцідзесяці мовах, на якія ён быў перакладзены да гэтага часу, і ацаніць яго.

Сёння з вялікай радасцю зацвярджаю і абвяшчаю Кампендый гэтага Катэхізіса.

Такім было пажаданне ўдзельнікаў Міжнароднага Катэхетычнага Кангрэса, што праходзіў у кастрычніку 2002 г., якія такім чынам выразілі шырока распаўсюджанае ў Касцёле прагненне. Святой памяці мой Папярэднік, падтрымліваючы гэтае пажаданне, прыняў у лютым 2003 г. рашэнне аб падрыхтоўцы Кампендыя і даручыў яго рэдакцыю спецыяльнай Камісіі Кардыналаў, на чале са мною, у супрацоўніцтве з рознымі экспертамі. У ходзе прац праект гэтага Кампендыя быў прадстаўлены на ацэнку ўсім найдастойнейшым кардыналам і старшыням Канферэнцый Біскупаў, якія ў пераважнай большасці прыхільна прынялі яго і ацанілі.

Кампендый, які прадстаўляю паўсюднаму Касцёлу, з’яўляецца верным і дакладным сінтэзам Катэхізіса Каталіцкага Касцёла. Ён змяшчае ў скарочаным выглядзе ўсе істотныя і фундаментальныя элементы веры Касцёла і такім чынам стварае, як гэтага жадаў мой Папярэднік, своеасаблівы vademecum, які дазваляе веруючым і няверуючым асобам ахапіць адным позіркам адразу ўсю панараму каталіцкай веры.

Па структуры, змесце і мове Кампендый дакладна адлюстроўвае Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, які дзякуючы гэтаму сінтэзу набывае большую папулярнасць і будзе глыбей пазнаны.

Таму з надзеяй даручаю гэты Кампендый у першую чаргу ўсяму Касцёлу і асабліва кожнаму хрысціяніну, каб яны дзякуючы яму адшукалі ў гэтым трэцім тысячагоддзі жывое натхненне для адноўленага абавязку евангелізацыі і выхавання ў веры, што павінна характарызаваць кожную касцёльную супольнасць і кожнага веруючага ў Хрыста, незалежна ад узросту і нацыянальнай прыналежнасці.

Гэты Кампендый, з прычыны сваёй сцісласці, яснасці і цэласнасці, адрасаваны таксама кожнаму чалавеку, які, жывучы ва неўпарадкаваным свеце і знаходзячыся пад уплывам разнастайных пасланняў, жадае пазнаць Шлях Жыцця, Праўду, якую Бог даверыў Касцёлу праз свайго Сына.

Чытаючы гэты аўтарытэтны дапаможнік, якім ёсць Кампендый, няхай кожны, дзякуючы галоўным чынам заступніцтву Найсвяцейшай Марыі, Маці Хрыста і Касцёла, распазнае і прыме ўсю невычэрпную прыгажосць, унікальнасць і актуальнасць найцудоўнейшага Дару, які Бог даў чалавецтву: свайго адзінага Сына, Езуса Хрыста, які ёсць Дарогай, Праўдай і Жыццём (пар. Ян 14, 6).

28 чэрвеня 2005 г., у вігілію ўрачыстасці св. Пятра і Паўла, у першы год майго Пантыфікату.

БЭНЭДЫКТ XVI
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа