1. 11 кастрычніка 1992 г. папа Ян Павел II перадаў вернікам усяго свету Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, прадстаўляючы яго як «тэкст аднясення»1 для катэхезы, адноўленай каля жывых крыніц веры. Такім чынам, праз трыццаць гадоў пасля адкрыцця Другога Ватыканскага Сабору (1962–1965) было паспяхова здзейснена выказанае ў 1985 г. Надзвычайным Сходам Сіноду Біскупаў жаданне скласці катэхізіс усёй каталіцкай дактрыны адносна веры і маралі.
Праз пяць гадоў, 15 жніўня 1997 г., абвясціўшы ўзорнае выданне Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, Найвышэйшы Пантыфік пацвердзіў асноўную мэту гэтай працы: «Поўнае і цэласнае прадстаўленне каталіцкага веравучэння, якое дазволіць усім пазнаць, што сам Касцёл вызнае, цэлебруе, чым жыве, як моліцца ў сваім штодзённым жыцці»2.
2. Каб больш падкрэсліць значэнне Катэхізіса і выйсці насустрач жаданню, выказанаму на Міжнародным Катэхетычным Кангрэсе ў 2002 г., Ян Павел II склікаў у 2003 г. Спецыяльную Камісію на чале з кард. Ёзафам Ратцынгерам, прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння, абавязваючы яе распрацаваць Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, які змяшчаў бы больш сінтэтычныя фармуліроўкі тых самых пастулатаў веры. Пасля двух гадоў працы быў падрыхтаваны праект Кампендыя і высланы на абмеркаванне кардыналам і старшыням Канферэнцый Біскупаў. Праект у цэлым атрымаў станоўчую ацэнку з боку абсалютнай большасці рэспандэнтаў. Таму Камісія распачала перагляд вышэйзгаданага праекта, беручы пад увагу атрыманыя прапановы па яго паляпшэнні, і падрыхтавала канчатковы тэкст.
3. Кампендый адзначаецца трыма характэрнымі рысамі: цеснай сувяззю з Катэхізісам Каталіцкага Касцёла; формай дыялогу; выкарыстаннем ілюстрацый у катэхезе.
Перш за ўсё Кампендый не з’яўляецца самастойнай працай і не імкнецца нейкім чынам замяніць Катэхізіс Каталіцкага Касцёла: наадварот, ён пастаянна спасылаецца на яго, дакладна ўказваючы нумары адсылкі, а таксама ўвесь час нагадвае пра яго структуру, паслядоўнасць і змест. Больш за тое, мэта Кампендыя — нанова абудзіць зацікаўленасць і захапленне Катэхізісам, які дзякуючы сваім мудрым тлумачэнням і глыбокай духоўнасці надалей застаецца сёння асноўным тэкстам касцёльнай катэхезы.
Кампендый, як і Катэхізіс, падзелены на чатыры часткі ў адпаведнасці з асноўнымі законамі жыцця ў Хрысце.
Першая частка пад загалоўкам «Вызнанне веры» змяшчае неабходны сінтэз lex credendi, г.зн. вызнаванай Каталіцкім Касцёлам веры, і заканчваецца Апостальскім сімвалам веры, дапоўненым Нікейска-Канстанцінопальскім сімвалам веры, пастаяннае прамаўленне якога на хрысціянскіх сходах дазваляе захаваць жывую памяць пра галоўныя праўды веры.
Другая частка пад загалоўкам «Цэлебрацыя хрысціянскай таямніцы» прадстаўляе істотныя элементы lex celebrandi. Сапраўды, абвяшчэнне Евангелля знаходзіць свой прывілеяваны адказ у сакрамэнтальным жыцці. У ім вернікі зведваюць і даюць сведчанне ў кожны момант свайго існавання аб збаўчай плённасці Пасхальнай таямніцы, праз якую Хрыстус здзейсніў справу нашага адкуплення.
Трэцяя частка пад загалоўкам «Жыццё ў Хрысце» нагадвае пра lex vivendi, г.зн. пра абавязак, якім ахрышчаныя павінны кіравацца ў сваіх паводзінах і этычным выбары, — вернасць вызнаванай і цэлебраванай веры. Вернікі сапраўды пакліканы Панам Езусам здзяйсняць справы, якія надаюць ім годнасць дзяцей Айца ў любові Духа Святога.
Чацвёртая частка пад загалоўкам «Хрысціянская малітва» прадстаўляе сінтэз lex orandi, г.зн. малітоўнага жыцця. На ўзор Езуса, дасканалага прыкладу малітвы, хрысціянін таксама пакліканы да дыялогу з Богам у малітве, асаблівым выяўленнем якой ёсць Ойча наш — малітва, якой навучыў нас сам Езус.
4. Другая характэрная рыса Кампендыя — форма дыялогу, якая аднаўляе старажытны літаратурны жанр катэхезы ў форме пытанняў і адказаў. Гаворка ідзе аб тым, каб прапанаваць ідэальны дыялог паміж настаўнікам і вучнем пры дапамозе паслядоўных пытанняў, якія ўцягваюць чытача і запрашаюць яго пастаянна адкрываць новыя аспекты праўдаў сваёй веры. Форма дыялогу спрыяе таксама значнаму скарачэнню тэксту, зводзячы яго да істотных рэчаў. Гэта напэўна паспрыяе засваенню і магчымаму запамінанню зместу.
5. Трэцяя характэрная рыса — наяўнасць пэўных ілюстрацый, якія раскрываюць змястоўную цэласнасць Кампендыя. Яны паходзяць з вельмі багатай хрысціянскай іканаграфічнай спадчыны. Векавая саборная традыцыя сведчыць пра тое, што абразы таксама з’яўляюцца абвяшчэннем Евангелля. Мастакі ўсіх часоў прапанавалі вернікам для кантэмпляцыі і разважання вядомыя факты таямніцы збаўлення, паказваючы іх у багацці колераў і ў дасканалай прыгажосці. Гэта сведчанне таго, што сёння, у цывілізацыі вобраза, сакральны вобраз, як ніколі раней, можа выражаць нашмат больш, чым само слова, паколькі яго дынамізм камунікацыі і перадачы евангельскага паслання з’яўляецца нашмат больш дзейсным.
6. У саракавую гадавіну заканчэння Другога Ватыканскага Сабору і ў Год Эўхарыстыі Кампендый можа быць далейшай дапамогай як у наталенні голаду праўды для вернікаў усіх узростаў і асяроддзяў, так і ў задавальненні патрэбаў тых, хто, не з’яўляючыся вызнаўцамі веры, прагне праўды і справядлівасці. Абнародаванне Кампендыя адбудзецца ва ўрачыстасць св. апосталаў Пятра і Паўла, стаўпоў паўсюднага Касцёла і выдатных прапаведнікаў Евангелля ў старажытным свеце. Гэтыя Апосталы бачылі тое, што прапаведвалі, і сведчылі аб праўдзе Хрыста ажно да мучаніцтва. Будзем жа падобнымі да іх у місійным запале і просім Пана, каб Касцёл заўсёды наследаваў навучанне Апосталаў, ад якіх атрымаў першае радаснае абвяшчэнне веры.
20 сакавіка 2005 г., Пальмовая нядзеля.
КАРД. ЁЗАФ РАТЦЫНГЕР
Старшыня Спецыяльнай Камісіі
1 Пар. GIOVANI PAOLO II, Cost. ap. Fidei depositum, 11 ottobre 1992.
2 GIOVANI PAOLO II, Lett. ap. Laetamur magnopere, 15 agosto 1997.