Пошук

09.02.2010 10:28  
СОРАК ДЗЁН І НАЧЭЙ БОЖАЙ ЛАСКІ І ЛЮБОВІ

«Будзь са мной, Пане, у маім няшчасці» (пар. Пс 91 (90), 15)

Дарагія браты і сёстры!

1. Гэты рэфрэн рэспансарыйнага псальма вельмі добра перадае атмасферу, у якой мы распачынаем Вялікі пост — час нашага навяртання. Касцёл заклікае нас уважліва ў святле Духа Святога паглядзець на сябе, каб лепш разгледзець і паглыбіць наш унутраны свет, у якім увесь час адбываецца барацьба паміж дабром і злом.

У гэтым падарожжы ў наш унутраны свет мы найперш павінны адкрыць прыгажосць раю, дзе Бог меў сяброўскія адносіны з чалавекам, дзе паўсюль была гармонія. На жаль, гэта гармонія была парушана праз прыняцце спакусы паставіць сябе на месца Бога.

На шляху да сапраўднага хрысціянскага жыцця і святасці сустракаецца шмат спакус. Барацьба з імі ўскладняецца нашай спажывальніцкай свядомасцю і прывабнасцю камерцыйных спосабаў забавы, а таксама імкненнем не да таго, што сапраўды патрэбна для нашага збаўлення, а да таго, што нам падабаецца, што нас заварожвае. Таму Вялікі пост — гэта час, каб знайсці тое, што нам сапраўды патрэбна на шляху да духоўнай дасканаласці.

2. Напэўна, кожны з нас некалі бываў у ціхім, ізаляваным ад сучаснага індустрыяльнага свету месцы. Можа, гэта было падчас адпачынку ці на вёсцы. У такіх абставінах мы сапраўды маем час для роздуму аб сваім жыцці і яго асэнсавання. Гэта таксама добры час, каб задумацца над сваім духоўным жыццём, памаліцца, падзякаваць Богу за тыя дары, якімі Ён нас адорвае, час прасіць благаслаўлення.

3. У суровым кантрасце з гармоніяй раю сённяшняе Евангелле прадстаўляе нам спробу спакусіць Езуса ў бясплоднай пустыні. Што прывяло Езуса туды? Той, хто хоць аднойчы быў у пустыні, добра ведае, што гэта месца са шматлікімі небяспекамі: днём нязносная спякота, у начы — холад, які праймае да касцей, дзікія звяры, скарпіёны, недахоп ежы і вады. Пустыня заўсёды была месцам выпрабавання і аднаўлення. Майсей падняўся на гару Сінай, каб сустрэць Бога, і застаўся там на сорак дзён і начэй. Прарок Ілля правёў сорак дзён у падарожжы ў пустыню. Езус таксама правёў у пустыні сорак дзён і начэй, каб падрыхтавацца да місіі, якую Яму вызначыў нябесны Айцец.

Аднак падрыхтоўка Езуса ўключала час выпрабавання і спакушэння злым духам. Слова «спакушаць» на беларускай мове азначае схіляць да граху. У той жа час гэтае слова азначае і выпрабаванне кагосьці, ці можа ён выканаць даверанае яму заданне. Так, напрыклад, пілоты праходзяць тэсціраванне або выпрабаванне, каб упэўніцца, што яны сапраўды могуць кіраваць самалётам. Студэнты медыцыны выпрабоўваюцца, ці змогуць рабіць аперацыі. Бог выпрабоўвае сваіх вернікаў, ці верныя яны Яму і ці можа Ён карыстацца імі. Бог выпрабоўваў Абрагама, каб угрунтаваць яго веру. Ізраільцяне выпрабоўваліся падчас егіпецкай няволі, перад тым як Бог цудоўным чынам вывеў іх з яе. Езус таксама не быў выключэннем з такога выпрабавання.

4. Пасля саракадзённага посту Езус адчуваў вялікі голад. Злы дух выкарыстоўвае гэта і ўсялякім чынам спакушае Яго, выпрабоўвае. Ён кажа яму: «Калі Ты Сын Божы, скажы гэтаму каменю, каб ён стаў хлебам» (Лк 4, 3). Поўны моцы Духа Езус адказвае, што не адзіным хлебам жыве чалавек, а ўсялякім словам Божым (пар. Лк 4, 4). Далей сатана прапануе Езусу ўсю ўладу свету, калі толькі Ён яму паклоніцца (пар. Лк 4, 5–7). На што д’ябал чуе ў адказ: пакланяцца і служыць трэба аднаму Богу (пар. Лк 4, 8). І, нарэшце, трэцяе выпрабаванне, калі злы дух прапануе Езусу кінуцца ўніз з верху святыні, каб анёлы Яго насілі на руках (пар. Лк 4, 9–11). Езус, аднак, упэўнена адказвае, што не дазволена спакушаць Бога (пар. Лк 4, 12).

У гэтай барацьбе са злым духам Езус прыняў на сябе ўмовы нашага чалавечага жыцця ва ўсёй іх паўнаце і сваім прыкладам навучыў нас, як трэба дзейнічаць перад абліччам спакусаў. Ён да канца даверыўся свайму нябеснаму Айцу, які даў Яму сілы і моц духа, каб іх перамагчы.

5. У сваім жыцці мы павіны памятаць пра тое, што злы дух заўсёды спакушае чалавека. Нездарма св. апостал Пётр кажа, што «д’ябал, як леў, кружыць з рыкам, шукаючы, каго пажэрці» (1 П 5, 8). Прыкладам гэтага ў сучасным свеце ёсць неўмеркаванае імкненне да багацця і ўлады, прапаганда спажывальніцкага стылю жыцця, імкненне да ўцехаў гэтага свету, нязгодныя з Божаю воляю сексуальныя адносіны і распушчанасць моладзі, што спрыяе распаўсюджванню СНІДу, наркаманія, алкагалізм, імкненне да абсалютнай свабоды без адказнасці, тэндэнцыі да свабоднага трактавання ці нават змены маральнага закону, што праяўляецца ў развіцці ідэй маральнага рэлятывізму і агрэсіўнага лібералізму, захапленне магіяй, разводы, аборты, эўтаназія, генетычныя маніпуляцыі, эканамічныя злачынствы, карупцыя, тэрарызм, жорсткае забіццё хатніх жывёлаў і іншыя адмоўныя з’явы сучаснага свету.

У гэтых спакусах вельмі часта бярэ ўдзел чалавек, якога выкарыстоўвае злы дух. Тады чалавек становіцца супрацоўнікам д’ябла. У адной прыпавесці распавядаецца пра тое, што аднойчы Люцыфер вырашыў праверыць, як працуюць яго падуладныя. Каля брамы аднаго з гарадоў ён убачыў злога духа, які нічога не рабіў, і пачаў абвінавачваць яго у ляноце. На гэта д’ябал адказаў Люцыферу, што няма патрэбы хвалявацца, бо сучасныя людзі вельмі добра спакушаюць адно аднаго. І сапраўды, колькі бессаромнай рэкламы, фільмаў, інтэрнэт-сайтаў. У моладзі пануе нездаровае імкненне выглядаць сексуальна.

Калі нашы ўчынкі менавіта такія, то мы становімся падобнымі да тых людзей, якія здзекаваліся з паміраючага на крыжы Езуса, кажучы Яму, каб уратаваў сябе самога (пар. Лк 23, 39). Падчас выпрабавання спакусамі мы апраўдваем сабе: чаму ж я павінен адракацца ад уцехаў гэтага свету? Мы як быццам разам з разгневаным людам, які кажа Езусу: «Сыдзі з крыжа», кажам самі сабе: сыдзі і ты ўніз, сыдзі з крыжа маральных патрабаванняў, і свет з яго прыемнасцямі будзе каля тваіх ног! Праз гэта мы нібы яшчэ мацней падкрэсліваем другое спакушэнне Хрыста з сённяшняга Евангелля: пакланіся злому духу, і Тваімі будуць усе валадарствы свету (пар. Лк 4, 5–7).

Сыдзі ўніз! — шэпча сатана. Будзь як іншыя разважлівыя людзі, якія праводзяць час, не зважаючы на Божы закон. Сыдзі ўніз і далучыся да натоўпу людзей. Ідзі разам з імі шырокай дарогай без усялякага абмежавання. Будзь свабодны.

Сыдзі ўніз! Будзь сучасным. Працягні сваю руку да алкаголю і наркотыкаў. Не дапусці, каб рэлігія кіравала тваім жыццё. Паглядзі, большасць людзей не верыць і не ходзіць да касцёла.

Сыдзі ўніз! Калі ты ўжо стаміўся захоўваць сужэнскую вернасць і мяркуеш, што жонка ці муж не адпавядае твайму стылю жыцця, дык звярніся да іншай асобы, якая табе падабаецца, звярніся, каб расслабіцца.

Сыдзі ўніз! Адкажыся ад высокіх маральных патрабаванняў да самога сябе. Чаму ты так адрозніваешся ад іншых? Стань як яны, будзь прасцейшым і адным з натоўпу, не рабі з сябе святога.

Сыдзі ўніз! Жыццё падобна да гульні. Таму, як і жаўнеры на Галгоце, якія кінулі жэрабя на тканую туніку Езуса, ты таксама зрабі тое самае. Паддаквай сваім слабасцям, апатыі і індыферэнтнасці, як быццам ніколі не было ні ясляў у Бэтлееме, ні крыжа на Кальварыі. Бог у рэшце рэшт бязмежна міласэрны.

Сыдзі ўніз! Акуніся ў сучаснае жыццё, якое так вабіць і прыцягвае. Дай сабе волю. Будзь сучасны, і ў тваім жыцці не будзе Божых запаведзяў, не будзе Касцёла, які блакуе твае жаданні, не будзе споведзі, якая чырвоніць тваё сумленне. Забудзь Езуса і ідзі за натоўпам.

6. Перад абліччам такіх спакусаў мы ўсе павінны быць Хрыстафорамі Калумбамі. Ён, нягледзячы на цяжкасці, ні разу не павярнуў назад, не сышоў з крыжа свайго жыцця і дзякуючы гэтаму адкрыў Амерыку. Таксама і мы павінны адкрыць сваю «Амерыку», для чаго трэба толькі перамагчы сябе, свой эгаізм, сваё самалюбства, упэўненасць у сваёй самадастатковасці. Трэба застацца на крыжы нашага жыцця і ніколі не сыходзіць з яго, бо ён — адзіны знак нашай надзеі, як кажа св. апостал Андрэй. Трэба выйсці з ілюзіі самадастатковасці, каб усвядоміць уласны недахоп у бліжніх і ў Богу, патрэбу Яго прабачэння і Яго сяброўства, — як піша папа Бэнэдыкт XVI у Пасланні на Вялікі пост 2010 г.

7. Як гэтага ўсяго дасягнуць? Мы стараемся запоўніць нашу ўнутраную пустэчу імкненнем мець як мага больш матэрыяльных багаццяў і пошукам прыемнасцяў. Аднак раней ці пазней мы пачуем марнасць гэтага шляху і патрэбу навяртання нашага сэрца. Нашы сэрцы могуць спазнаць супакой толькі ў Богу. Нам дастаткова Божай ласкі, якую мы атрымліваем дарма, і мы можам разлічваць на яе. Гэта наша скала, крыніца нашай моцы і суцяшэння. Бог любіць нас і чакае таго ж ад нас. Ён жадае бачыць нашу ўдзячнасць праз любоў да Яго і да бліжняга, праз супрацьстаянне спакусам. Мы павінны супрацьстаяць спакусам і граху праз веру, надзею і любоў, праз малітву, пост і ўчынкі міласэрнасці. Усё гэта ласка і дар Духа Святога. Езус Хрыстус заўсёды гатовы выліць на нас свайго Духа, каб мы мелі моц і адвагу супрацьстаяць граху. Проста нам трэба прасіць Бога аб дапамозе і прызываць Яго імя. Святы апостал Павел кажа, што Бог узмацняе кожнага, хто звяртаецца да Яго (пар. Пс 34 (33), 9), каб мы не прыстасоўваліся да гэтага свету, а перамяняліся з мэтай спазнання добрай, прыемнай і дасканалай Божай волі (пар. Рым 12, 2).

Тады мы не ўпадзём уніз ні праз расчараванне, ні праз змяншэнне патрабаванняў да нас саміх, і зможам быць упэўнены, што анёл Божы панясе нас высока-высока, аж да нябесных вышыняў, бо там ужо быў і ёсць Хрыстус.

Таму час Вялікага посту — гэта час нашага падарожжа ў пустыню, каб мы, кіруемыя Духам Святым, маглі супрацьстаяць спакусам, перамагаць у барацьбе з усім тым, што аддзяляе нас ад Бога — крыніцы нашага жыцця.

На гэты саракадзённы час ласкі і збаўлення, час ласкі прабывання на крыжы, давяраючы ўсіх вас апецы Марыі, ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 2 лютага 2010 г.
Свята Ахвяравання Пана

Абноўлена 05.06.2017 13:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.