Пошук

13.07.2009 13:18  
«Благаславёныя міласэрныя, бо яны
міласэрнасць спазнаюць»
(гл. Мц 5, 7).

Умілаваныя ў Хрысце Пану сёстры і браты!
У гэтыя дні сэрцы ўсіх вернікаў паяднаныя ў вялікай пасхальнай радасці, таму што ў літургіі мы перажываем Уваскрасенне Хрыста - гэта значыць Яго Перамогу над грахом і смерцю. Мы ўсведамляем бязмежную любоў Бога, які першым выйшаў да грэшнага чалавека са сваім дарам міласэрнасці і «так палюбіў (...) свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (гл. Ян 3, 15-16). Езус Хрыстус, такім чынам, з'яўляецца найбольш поўным праяўленнем любові Бога да людзей.

Асаблівай надзеяй напаўняе нас сённяшняя нядзеля, якая называецца «Нядзеляй Міласэрнасці», таму што гэта час, калі мы ўзгадваем устанаўленне Хрыстом сакрамэнту пакаяння і паяднання - бязмежнай таямніцы Божай Міласэрнасці адносна кожнага чалавека. У Евангеллі мы чулі словы Езуса, якія Ён скіраваў да апосталаў і іх наступнікаў: «Спакой вам. Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас (...) Прыміце Духа Святога! Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны, на кім пакінеце, на тым застануцца» (гл. Ян 20, 21-23).

Такім чынам, Хрыстус давярае Касцёлу вялікі дар Божай Міласэрнасці з такой мэтай, каб вызваляць людзей ад грахоў і ўзвялічваць іх у веры, надзеі і любові. «Я прагну, - сказаў Езус падчас аб'яўлення святой сястры Фаустыне, - каб свята Міласэрнасці было прытулкам і сховішчам для ўсіх душаў, а асабліва для бедных грэшнікаў (...). Душа, якая (у гэты дзень) прыступіць да споведзі і Святой Камуніі, атрымае поўнае прабачэнне правінаў і караў (...); няхай не баіцца наблізіцца да Мяне ніводная душа, нават калі б грахі яе былі, як пурпур».

Сёння мы часта адчуваем сябе бездапаможнымі, жывучы ў няволі грэшных прывязанасцяў: празмернага клопату пра матэрыяльныя рэчы, пачуццёвасці, а таксама алкагалізму. Мы так лёгка апраўдваем нашу адсутнасць на нядзельнай Святой Імшы, адсутнасць штодзённай малітвы, занядбанне ў катэхізацыі дзяцей і моладзі, нядобрасумленнасць, вульгарнасць, сквапнасць, зайздрасць і шмат іншых заганаў, якія ўскладняюць нам асабістае, сямейнае і грамадскае жыццё.

Так шмат яшчэ ёсць вакол нас і ў нас саміх эгаізму, які ўскладняе альбо цалкам перашкаджае нам прыняць Уваскрослага Хрыста. Мы ж не падрыхтаваныя да дзеяння Яго ласкі, адчуваем сябе зняволенымі і згубленымі ў лабірынце спраў гэтага свету. Мы задаем сабе пытанне: як можна ўсё гэта змяніць, каб сфармаваць новае аблічча сваёй чалавечнасці і ўсяго сучаснага свету, якому пагражае нянавісць?

«Чалавецтва не знойдзе спакою, пакуль не звернецца з даверам да Маёй Міласэрнасці!» (Дз. 300). Гэтыя незвычайныя словы Збаўвіцеля, якія Святы Айцец Ян Павел ІІ назваў найлепшым антыбіётыкам на хваробы сучаснага свету, былі перададзены праз Апосталку Божай Міласэрнасці - святую Фаустыну Кавальскую, законніцу з Кангрэгацыі Маці Божай Міласэрнасці. Езус асаблівым чынам выбраў яе як «сакратарку» сваёй міласэрнасці, адначасова наказваючы намаляваць Яго абраз з надпісам «Езу, давяраюся Табе». Гэты абраз быў намаляваны ў Вільні мастаком Яўгенам Казіміроўскім пад кіраўніцтвам святой сястры Фаустыны згодна з аб'яўленнямі і наказамі, якія яна атрымала ад Пана Езуса. Такім чынам Езус прагнуў нагадаць нам і ўсяму свету пра забытую праўду аб Божай Міласэрнасці і ўказаць шляхі выйсця з такой складанай сітуацыі, у якую гэты свет цяпер трапіў.

Усведамляючы вялікія пагрозы для чалавецтва, якое ўваходзіць у трэцяе тысячагоддзе, Святы Айцец Ян Павел ІІ у Лагеўніках каля Кракава 17 жніўня 2002 года кансэкруе першы ў свеце санктуарый Божай Міласэрнасці і здзяйсняе гістарычны акт прысвячэння свету Божай Міласэрнасці. Адначасова ён выказвае пажаданне, каб Пасланне аб міласэрнай любові Бога загучала з новаю сілаю і дасягнула ўсіх жыхароў зямлі, а таксама напоўніла іх сэрцы надзеяй.

«Ойча Спрадвечны, ахвярую Табе Цела і Кроў, Душу і Боскасць Наймілейшага Сына Твайго і Пана нашага Езуса Хрыста, каб перапрасіць за грахі нашыя і ўсяго свету; дзеля Яго балеснай Мукі - будзь міласэрны да нас і да ўсяго свету», - гэта словы з Дзённіка сястры Фаустыны. «Да нас і да ўсяго свету»... Як жа патрэбна сённяшняму свету Божая Міласэрнасць! На ўсіх кантынентах з глыбіні людскога цярпення, здаецца, узносіцца заклік аб міласэрнасці. Там, дзе пануе нянавісць, жаданне помсты, дзе вайна прыносіць боль і смерць непавінных, патрэбна ласка міласэрнасці, якая заспакойвае чалавечы розум і сэрцы і нараджае спакой. Дзе няма пашаны да жыцця і годнасці чалавека патрэбна міласэрная любоў Бога, у святле якой адкрываецца невымоўная каштоўнасць кожнага чалавечага існавання. Патрэбна міласэрнасць, каб усялякая несправядлівасць на свеце ў бляску праўды перастала існаваць.

Папа ў сваёй гаміліі ўказаў, як моцна патрэбна сучаснаму свету Божая Міласэрнасць. Якім важным становіцца заклік «Езу, давяраюся Табе», які, як зазначыў Ян Павел ІІ, трэба з глыбокаю вераю нястомна паўтараць.

Словы Святога Айца з'яўляюцца для нас асаблівым выклікам, каб у кожнай парафіі, у касцёлах, дамах і сэрцах ажывіць культ Божай Міласэрнасці. Першапачатковая справа Божай Міласэрнасці - выратаваць чалавека, які знаходзіцца ў стане смяротнага граху, і паяднаць яго з Богам. Свет, паглыблены ў атмасферу рэлігійнай абыякавасці і бязвер'я, уласнымі сіламі не зможа духоўна аднавіцца і ісці па шляху паўсюднага братэрства і спакою.

Праз свой уласны цяжкі грэх чалавек пазбаўляе сябе звышнатуральнага жыцця і, прабываючы ў духоўнай смерці адносна Бога, не ў стане адпаведна адказаць на любоў Божую. Толькі праз навяртанне і сакрамэнтальнае ачышчэнне з грахоў моцаю асвячальнай ласкі ён атрымлівае годнасць дзіцяці Божага. Неабходна таксама, каб кожны асабіста пастаянна дзякаваў Богу за шматлікія спазнаныя ласкі міласэрнасці, асабліва ў сакрамэнце пакаяння і паяднання.

Спазнаючы ў саміх сабе Божую Міласэрнасць, мы павінны таксама гэтай міласэрнасцю дзяліцца з іншымі. Радуючыся адшуканаму Божаму жыццю, мы не можам быць абыякавымі да становішча тых нашых братоў і сясцёр, якія жывуць яшчэ ў стане духоўнай смерці, патанаюць у сваіх грахах, жывучы без Бога. Часта нашае заахвочванне, добрае слова, малітва, і перш за ўсё сведчанне жыцця любоўю Божай могуць стаць для іншых адзінаю аказіяй для навяртання. Як хрысціяне мы абавязаны несці такое апостальства.

Іншай праявай міласэрнасці з'яўляецца распачынанне разнастайных дабрачынных спраў у адносінах да нашых бліжніх. Праз справы міласэрнасці мы выконваем запаведзь любові да бліжняга. Хрысціянская міласэрнасць, якая рэалізуецца ва ўсведамленні еднасці з Богам, абавязвае нас быць адказнымі за ўвесь Касцёл і за кожнага з паасобных яго членаў. Грэбаваць бліжнім, які знаходзіцца ў патрэбе, - азначае грэбаваць самім Хрыстом.

Ніхто з нас не можа быць абыякавым да патрэбаў і бяды сваіх бліжніх. Нягледзячы на свае сціплыя магчымасці кожны павінен усведамляць абавязак аказваць паслугу міласэрнасці патрабуючым, таму што міласэрная любоў з'яўляецца істотным элементам у штодзённым рэлігійным жыцці хрысціяніна. Ён не можа інакш рэалізаваць свайго паклікання, як толькі праз бескарысны дар самога сябе для бліжніх. Толькі тады яго жыццё стане сапраўды вартасным.

Сёння мы дзякуем Богу за атрыманыя ўжо шматлікія ласкі міласэрнасці і просім словамі малітвы Святога Айца:

«Божа, Ойча Міласэрны, які аб'явіў сваю любоў у Тваім Сыне Езусе Хрысце і выліў яе на нас у Духу Святым, Суцяшальніку, Табе давяраем сёння лёсы свету і кожнага чалавека.

Схіліся над намі, грэшнымі, вылечы нашую слабасць, перамажы ўсялякае зло, дазволь усім жыхарам зямлі адчуць Тваю міласэрнасць, каб у Табе, Трыадзіны Божа, заўсёды знаходзілі крыніцу надзеі.

Ойча Спрадвечны, дзеля балеснай мукі і змёртвыхпаўстання Твайго Сына, будзь міласэрны да нас і да ўсяго свету!».

Амэн.

Каталіцкія біскупы Беларусі
Абноўлена 27.06.2017 16:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.