Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Гродне распачаўся Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс (дапоўнена)
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
24.05.2016 18:35
 
Урачыстым спевам духоўнага гімну беларусаў «Магутны Божа» ў духоўнай семінарыі ў Гродне 24 мая распачаўся Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс. Рэлігійны форум у гонар Божай Міласэрнасці, прысвечаны 25-годдзю заснавання Гродзенскай дыяцэзіі, праводзіцца ў Беларусі ўпершыню. 
 
Сярод ганаровых гасцей кангрэса – папскі легат кардынал Зянон Грахалеўскі, прэфект на пенсіі Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі. У ліку слухачоў форуму, акрамя шматлікіх святароў, манахінь і вернікаў, прымаюць удзел усе біскупы Беларусі на чале з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

Эўхарыстыя – Маці Міласэрнасці
 

 
Вітаючы прысутных падчас адкрыцця кангрэса, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што вельмі сімвалічным з’яўляецца тое, што юбілей 25-годдзя заснавання Гродзенскай дыяцэзіі прыпадае на абвешчаны ў Каталіцкім Касцёле Год Божай Міласэрнасці.

«Мы бачым вялікі дар Езуса Міласэрнага ў беларускага народа, які, нягледзячы на цяжкія часы, здолеў захаваць вернасць крыжу і Евангеллю. Будзем жа глядзець у будучыню з даверам да Божай Міласэрнасці, давяраючы наш Касцёл Хрысту», — заўважыў іерарх.


 
Адкрываў кангрэс даклад дапаможнага біскупа Беластоцкай архідыяцэзіі Генрыха Цярэшкі на тэму ролі Эўхарыстыі ў жыцці і святарскім служэнні бл. Міхала Сапоцькі.

Прадстаўляючы дакладчыка, біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што Беластоцкая архідыяцэзія мае з Гродзенскай дыяцэзіяй «супольную маці» – Віленскую мітраполію, якая родніць іх між сабой праз агульную гісторыю.

Жывучы Эўхарыстыяй: гісторыя бл. Міхала Сапоцькі
 

 
У сваім дакладзе біскуп Генрых Цярэшка распавёў пра жыццё і дзейнасць благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі, называючы яго «чалавекам веры, які жыў Эўхарыстыяй».

«Як святар Міхал Сапоцька быў распарадчыкам Эўхарыстыі, як тэолаг паглыбляў і перадаваў навуку аб ёй, як чалавек веры жыў Эўхарыстыяй, — заўважыў польскі іерарх. — Эўхарыстыя ў жыцці благаслаўлёнага Міхала як хрысціяніна і святара праяўляецца як рэлігійная практыка і паслуга, якая належыць да жыцця веры Касцёла».

Біскуп Генрых Цярэшка адзначыў, што сярод духоўных запісаў бл. Міхала можна знайсці каштоўнае сведчанне аб перажыванні таямніцы Эўхарыстыі.
 

 
«Божая Міласэрнасць штодзённа нанова дае нам Эўхарыстыю, — пісаў у сваім дзённіку бл. Міхал Сапоцька. — Падчас святой Імшы Хрыстус адначасова ахвяруе Богу Айцу нашы праслаўленні, просьбы, кампенсацыі, падзякі, усе збаўчыя акты свайго Містычнага Цела».

Кажучы пра ход беатыфікацыйнага працэсу Міхала Сапоцькі, іерарх распавёў, што ў паказаннях сведкаў на працэсе часта адзначаецца, што вера бл. Міхала і яго любоў да Бога найбольш праяўляліся ў спосабе цэлебрацыі святой Імшы.

«Падчас Імшы ён быў такі засяроджаны, што здавалася, што сваім праніклівым позіркам любуецца Богам і размаўляе з Ім. (...) Падчас святой Імшы ён заўсёды быў вельмі глыбока пагружаны ў малітву», — прыгадвалі сведкі.
 



Сёстры місіянеркі, для якіх бл. Міхал Сапоцька цэлебраваў святую Імшу ў капліцы ў Беластоку, успаміналі, што запомнілі яго засяроджанасць і сцішанасць перад святой Імшой:

«У сакрыстыі перад Імшой ён не размаўляў, акрамя словаў хрысціянскага прывітання».
 

 
Апостал Міласэрнасці

Найбольш раннім апублікаваным тэкстам бл. Міхала, які датычыць Эўхарыстыі, лічыцца надрукаваная ў 1931 годзе ў «Архідыяцэзіяльных віленскіх навінах» канферэнцыя ў межах цыклу канферэнцый для святароў. 

У ёй благаслаўлёны Міхал пісаў аб Эўхарыстыі, яе разуменні, значэнні для жыцця веры з практычнымі ўказаннямі: «як яе належыць шанаваць, як карыстацца яе багаццем, якое разлівае любоў і міласэрнасць».

«Як апостал Божай Міласэрнасці ён вучыў, што ў Эўхарыстыі ажыццяўляецца ў найвышэйшай ступені Божая Міласэрнасць. Эўхарыстыя, як кожная справа Бога, з’яўляецца выразам Яго Міласэрнасці, і асаблівым чынам у Найсвяцейшым Сакрамэнце Езус не толькі ўдзяляе свае ласкі, але і аддае самога сябе», — заключыў біскуп Генрых Цярэшка.

Наступным пунктам кангрэса стала прэзентацыя беларускага перакладу «Дзённіка св. Фаўстыны» пісьменніцай і рэдактарам часопіса «Ave Maria» Крыстынай Лялько.
 
 
 
Завяршыўся першы дзень рэлігійнага форуму святой Імшой, якую ў гродзенскай катэдры ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, і эўхарыстычнай адарацыяй.
 
Езус і Эўхарыстыя
 
У сваёй гаміліі іерарх звярнуўся да ўрыўка з Евангелля, які распавядае пра цуд памнажэння хлеба на пустыні. Пяццю боханамi хлеба Езус накармiў пяць тысяч мужчын, не лічачы жанчын i дзяцей. Гэта стала магчымым таму, што ў руках Езуса абмежаваная колькасць хлеба стала такой, што яго хапiла ўсiм», — адзначыў Мітрапаліт.
 
Іерарх дадаў, што «Езус добра прачытаў iнтэнцыi людзей i выкарыстаў сітуацыю, каб падрыхтаваць іх да ўстанаўлення сакрамэнту Эўхарыстыi».
 
«Рашучым момантам вучэння Езуса пра Эўхарыстыю з'яўляюцца Яго словы, што хлебам ёсць Яго цела. Гэтыя словы Езуса габрэi зразумелі iнструментальна i таму іх не прынялі. Яны не былі ганiбаламi i не елi чалавечага мяса, i таму адышлі.
Аднак Езус гаварыў пра Эўхарыстыю. У цудзе памнажэння хлеба Езус прадэманстраваў сваю міласэрнасць i не пакінуў галодных людзей адных з iх праблемамі. Таму цуд памнажэння хлеба з’яўляецца запаведдзю  ўстанаўлення сакрамэнту Эўхарыстыi», — патлумачыў арцыбіскуп.
 
Як адзначыў арцыпастыр, кожны сакрамэнт з'яўляецца сустрэчай з Езусам.
 


«Дзве тысячы гадоў святары цэлебруюць Эўхарыстыю i кормяць людзей хлебам вечнага жыцця. Цуд памнажэння хлеба працягваецца. Езус корміць усіх жадаючых, каб не былі духоўна галоднымі…», — сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У другой частцы гаміліі Мітрапаліт разважаў пра дар ласкі Бога, дзякуючы якой былі адроджаны структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і заснавана Гродзенская дыяцэзія.

«Беларусь была як быццам духоўнай пустыняй, асаблiва на ўсходзе, дзе з 30-х гадоў мінулага стагоддзя не было ніводнага касцёла i ніводнага святара. Гэта была выпаленая духоўным Чарнобылем зямля».
 

Адраджэнне Касцёла ў Беларусі арцыбіскуп назваў знакам Божай Міласэрнасці. «Езус заўсёды застаецца верным сваім абяцанням. Будзьма i мы вернымі нашым хрысціянскім абавязкам адносна Эўхарыстыi, бо яна ёсць хлебам вечнага жыцця, якім у сваёй бязмежнай міласэрнасці Бог нас адорвае», — заключыў Мітрапаліт.
 
Ілья Лапато,
фота Аляксандры Шчыглінскай і Віталія Палінеўскага
Гродна - Мінск
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.