Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Працэсіяй Божага Цела ў Гродне завяршыўся Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
27.05.2016 03:47

26 мая святой Імшой ў касцёле св. Францішка Ксаверыя а 18-й гадзіне і працэсіяй Божага Цела, якая адбылася адразу пасля Імшы, у Гродне завяршыўся Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс.


На свае вочы

На гадзінніку 17.30, а людзі ўжо амаль запоўнілі касцёл. Здавалася, ці не ўвесь горад Гродна спяшаецца зараз у святыню! Колькасць вернікаў у касцёле і побач з ім расла штохвіліну. Прыбылыя на пачатак святой Імшы католікі нагадвалі ў выніку сапраўднае людское мора.


У гэтым «моры» белымі вяночкамі ў валасах, а таксама доўгімі комжамі і адмысловамі сукенкамі яскрава выдзяляліся дзеці, якія ў гэтым месяцы прынялі Першую святую Камунію (у катэдры сёлета іх было больш за 100).

А «ветразем» па гэтым моры «плылі» ўзнятыя ўвысь харугвы, якія загадзя перад працэсіяй Божага Цела парадкавалі старэйшыя мужчыны ў карункавых комжах.

Урачыстую святую Імшу ўзначаліў папскі легат на Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс кардынал Зянон Грахалеўскі. Акрамя біскупаў з Беларусі і з-за мяжы, шматлікіх святароў і законных сясцёр, а таксама соцень вернікаў, у Імшы прымаў удзел Часовы павераны ў справах Апостальскай Нунцыятуры мансеньёр Марынко Антолавіч.


Вітаючы вернікаў на пачатку Імшы, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што апошні дзень Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэса збірае ўсіх пры алтары Пана, каб «цэлебраваць адну з найважнейшых таямніц веры — Эўхарыстыю».

«Хрыстус запрашае нас, каб мы нанова адкрываліся перад нязмернай таямніцай Яго любові», — сказаў іерарх.
Біскуп дадаў, што гэтая літургія стане Імшой падзякі за адраджэнне гродзенскага Касцёла ў яго 25-ю гадавіну. «Пасля заканчэння святой Імшы мы пойдзем у працэсіі вуліцамі горада, і гэта будзе нашае публічнае вызнанне веры ў Езуса Хрыста, прысутнага ў Эўхарыстыі», — сказаў іерарх.

Таксама на пачатак Імшы кардынал Зянон Грахалеўскі зачытаў ліст біскупу Аляксандру Кашкевічу ад Папы Францішка на Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс і ўручыў гродзенскаму ардынарыю срэбны памятны медаль з нагоды юбілею біскупскага пасвячэння.

«Ты спрыяў росту сакрамэнтальнага жыцця тваіх вернікаў, выяўляў майстэрства ў пастырскіх справах і распараджэнні штодзённымі абавязкамі і (...) выяўляў мудры клопат аб сапраўдным развіцці жыцця хрысціян і грамадства», — гаварылася ў папскім звароце.

Ліст Папы Францішка да біскупа Аляксандра Кашкевіча цалкам тут››

Касцёл, які з’ядноўвае ва Эўхарыстыі

У сваёй гаміліі папскі легат кардынал Зянон Грахалеўскі вялікую ўвагу звяртаў на асаблівую місію Касцёла, які яднае вернікаў праз Эўхарыстыю.


«Усё, што адбываецца ў Касцёле, нейкім чынам заўсёды злучана з Эўхарыстыяй – і ў першую чаргу іншыя сакрамэнты», — адзначыў іерарх.

Нагадваючы, што святам для Эўхарыстыі з’яўляецца свята Божага Цела, кардынал дадаў, што «Касцёл выразна хоча, каб Эўхарыстыя была цэнтрам хрысціянскага жыцця».

Эўхарыстыя — крыніца і шчыт

Адказваючы на пытанне, чаму Эўхарыстыі ў Каталіцкім Касцёле адводзіцца такое ганаровае месца, кардынал Зянон Грахалеўскі назваў яе крыніцай і шчытом хрысціянскага жыцця.

«Вельмі важна разумець два асноўныя аспекты Эўхарыстыі: па-першае, у ёй прысутны сам Хрыстус, а па-другое, Эўхарыстыя з’яўляецца жывой вадой для хрысціянскага жыцця».


Паводле слоў іерарха, штодзённа чалавек сутыкаецца з мноствам сітуацый, каб узняць свой крыж з любоўю да Хрыста.

Кардынал дадаў, што часта чалавек, аднак, не хоча браць свой крыж:

«Толькі кроў Хрыста нас збавіць. Але гэтага не адбудзецца, калі не далучыць да яе крыж нашага жыцця. Калі мы не хочам маліцца, гэта якраз той момант, калі варта падняць свой крыж. Узяць свой крыж мы павінны і ў момант, калі не можам дараваць, калі церпім спакусу, калі маем цяжкасці з верай».

Напрыканцы іерарх пажадаў, каб Эўхарыстыя станавілася для кожнага верніка штораз большай «крыніцай і шчытом».


«Няхай Марыя дапамагае вам у паўнаце перажываць Эўхарыстыю, каб зрабіць з яе цэнтр нашага жыцця і апостальства. Каб мы ўмелі з аднаго боку чэрпаць з Эўхарыстыі духоўную ежу, а з іншага боку каб маглі далучаць да яе наша хрысціянскае жыццё ў любові. Няхай Эўхарыстыя стане радасцю нашага жыцця», — заключыў кардынал Грахалеўскі.

«Што кроплі аб’яднаныя, народ пры алтары»

Урачыстасць Божага Цела — адзін з тых прыгожых і адказных момантаў, калі вернікі могуць паказаць сваю колькасць, сваю традыцыю, сваю культуру і свайго Збаўцу ўсім, хто навокал.

Стаць бачнымі сведкамі Хрыста Эўхарыстычнага, які з’яўляецца цэнтрам веры, моцаю жыцця і найбольшаю крыніцай радасці, якой дзеляцца з іншымі, — гэта тое, да чаго заклікае традыцыя працэсіі і да чаго кліча Збаўца.


26 мая на вуліцы Гродна выйшлі тысячы католікаў. Ацэньваючы іх колькасць, можна назваць лічбу ў 12-13 тысяч. Гэта не проста маніфестацыя веры, але доказ таго, што католікі Гродна ганарацца тым, што яны вызнаюць Хрыста, што належаць да Каталіцкага Касцёла.

«Ведаеш, з кожным годам нас усё больш», — кажа жанчына, звяртаючыся да свайго мужа, які разам з ёй ідзе ў працэсіі.

І сапраўды, ці можна было ўявіць тады — у 1991 годзе — калі Гродзенская дыяцэзія толькі пачынала адраджацца як структура, што ў сваё 25-годдзе Каталіцкі Касцёл будзе такім прыгожым?
З шэрагам новых святароў — мясцовых, з чарадою кансэкраваных асобаў, з вялікай колькасцю дзяцей, якія зусім нядаўна прынялі Езуса ў сваё сэрца і падчас працэсіі белымі ланцужкамі віюцца па вуліцах сярод каляровых харугваў...


Працэсія і людзі

У Гродне, у адрозненне ад Мінска ці Віцебска, удзельнікаў працэсіі нашмат больш, чым яе сузіральнікаў. Аднак і тыя, хто з увагаю глядзіць з тратуараў ці з адчыненых вокнаў, балконаў, стараюцца зрабіць сабе некалькі здымкаў на камеру тэлефона або проста памахаць рукою.


Магчыма, эта студэнты, якія жывуць у адным з інтэрнатаў аграрнага ўніверсітэта, што якраз па дарозе. Магчыма, яны дашлюць гэтыя здымкі сваім сябрам ці бацькам, каб паказаць, чым яшчэ адметны горад, дзе ім шчасціць вучыцца...

У працэсіі ўдзельнічаюць цэлымі сем’ямі, з дзецьмі, дзядулямі і бабулямі. Ідучы ў працэсіі, вернікі гучна спяваюць услед за хорам. А аркестр, які крочыць адразу за манстранцыяй, урачыста іграе духоўны гімн.


У адрозненне ад іншых рэгіёнаў вернікі Гродзеншчыны часцей спяваюць па-польску, асабліва калі гаворка ідзе пра велічныя і старыя спевы, якім вучацца яшчэ з маленства ад бабуль і прабабуль. «Такая традыцыя», — кажуць тут.


Сонца паціху пачынае хіліцца долу. Людзі, асветленыя вечаровым сонцам, набліжаюцца да касцёла Адшукання Найсвяцейшага Крыжа, дзе знаходзіцца адзін з алтароў працэсіі...

Традыцыя працэсіі

Кажуць, што ўпершыню працэсія Божага Цела калісьці была праведзена ў Кёльне. Пазней яе традыцыя распаўсюдзілася на ўсю Германіі, а таксама прыйшла ў Англію, Францыю, Польшчу і Паўночную Італію.


Сваё новае жыццё і ўваскрасенне, права на свабоднае правядзенне ў Беларусі, працэсія Божага Цела атрымала з аднаўленнем дзейнасці Касцёла.

Яе традыцыя таксама святкуе свой юбілей. Юбілей адкрытага вызнавання веры і сведчання аб прыналежнасці да вялікай хрысціянскай сям’і, што вельмі важна для многіх жыхароў Беларусі.

Калі шэры падвячорак зацягнуў яшчэ крыху падрумяненае сонцам неба, працэсія Божага Цела падыходзіла да завяршэння. Апошнім прыпынкам быў алтар ля францішканскага касцёла на іншым беразе Нёмана...


З просьбай да Папы над Нёманам

Завяршаючы малітву на апошнім прыпынку, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч выказаў асобную падзяку кардыналу Зянону Грахалеўскаму, якая ўключала ў сябе і вялікую просьбу — «перадаць Святому Айцу, што ўсе мы, духавенства і люд верны Гродзенскай дыяцэзіі, запрашаем Святога Айца, чакаем яго візіту і просім Пана Бога ў малітвах, каб Яго Святасць мог нас наведаць...».

Вялікая грамада, якая малілася над Нёманам, стала сведкам Божага Цуду, які праз сваю Міласэрнасць можа аб’яднаць у адно ўсіх, хто схіляецца перад веліччу духмяных каласоў, што стануць Целам, і перад поўнымі велічы і годнасці гронкамі вінаграду, што стануць Крывёю...


Езус Эўхарыстычны дадае адвагі і яднае народ, які праз Эўхарыстыю сведчыць пра сваю веру – крыніцу і шчыт сучаснага хрысціяніна.
 
Ілья Лапато, Аксана Ючкавіч
Фота Аляксандры Шчыглінскай і Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.