Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Даклад біскупа Генрыха Цярэшкі на Нацыянальным эўхарыстычным кангрэсе

Эўхарыстыя ў жыцці і святарскім служэнні благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі

Благаслаўлёны Міхал Сапоцька вядомы паўсюдна як спаведнік св. Фаўстыны Кавальскай і апостал Божай Міласэрнасці. Вывучэнне яго жыцця і дзейнасці, якое праводзілася ў сувязі з беатыфікацыйным працэсам, разам з паказаннямі сведкаў у працэсе адкрывае яшчэ шмат іншых спраў, якія ён выконваў, паказвае веліч яго асобы і святасць, пацверджаную ўзнясеннем яго на алтар.

Узнятая тэма кіруе ўвагу да Эўхарыстыі, яе месца, яе ролі ў жыцці благаслаўлёнага. Як святар ён быў яе распарадчыкам, як тэолаг паглыбляў і перадаваў навуку аб ёй, як апостал праўды Божай Міласэрнасці не мог не заўважаць яе ў гэтай перспектыве, як чалавек веры жыў Эўхарыстыяй.
Эўхарыстыя ў жыцці бл. Міхала як хрысціяніна і святара праяўляецца як рэлігійная практыка і паслуга, якая належыць да жыцця веры Касцёла. Ён удзельнічаў у святой Імшы, калі яго бралі ў касцёл ягоныя бацькі, затым прыступіў да першай споведзі і святой Камуніі, быў міністрантам, а калі стаў святаром, стаў распарадчыкам Эўхарыстыі, вучыў аб ёй, жыў таямніцай Эўхарыстыі, шанаваў Найсвяцейшы Сакрамэнт і вучыў вернікаў эўхарыстычнай пабожнасці. Ці было штосьці найбольш асаблівае, павучальнае, годнае наследавання ў яго стаўленні да Эўхарыстыі, перажыванні яе, здзяйсненні?

Несумненна, так. Тое, кім ён быў – чалавекам жывой веры, багатага духоўнага жыцця, руплівым святаром, абраным на ролю спаведніка святой містычкі і візіянеркі, а таксама апостальства Божай Міласэрнасці, – ужо дазваляе дапускаць, што таксама вымярэнне рэлігійнага жыцця, звязанае з Эўхарыстыяй, не магло абмяжоўвацца пасрэднасцю. У сваю чаргу відавочна тое, што яго навучанне, духоўныя нататкі, якія адносяцца да Эўхарыстыі, сведчанні іншых асобаў паказваюць, што ён палюбіў Эўхарыстыю, вельмі яе цаніў, шанаваў, жыў Эўхарыстыяй.

Эўхарыстыя і шлях да святарства

Жывую веру і рэлігійнасць перадалі Міхалу бацькі. Калі нельга было кожную нядзелю хадзіць у аддалены, які знаходзіўся за 18 км, парафіяльны касцёл у Забрэжжы, каб удзельнічаць у святой Імшы, то абавязковай нядзельнай практыкай было супольнае прамаўленне малітваў у бацькоўскім доме ў час цэлебрацыі святой Імшы ў касцёле. У гэтай атмасферы жывой веры ў маленькага Міхала, таксама пры яго схіленні ўжо тады да рэлігійных справаў, не магло не абуджацца пачуццё каштоўнасці святой Імшы і пашаны да Найсвяцейшага Сакрамэнту. Напэўна, ён чакаў хвіліны, калі зможа прыняць святую Камунію. Словы, якія ён пакінуў у сваіх нататках аб тым, як прыступіў упершыню да святой Камуніі, гавораць самі за сябе. Сёння я прыняў Пана Езуса! – з радасцю паведамляў ён сваёй маці пасля вяртання з касцёла дадому. Туды яго ўзяў бацька, і гэты быў будні дзень. Праз шмат гадоў жа, калі ён узгадваў тыя хвіліны, то пісаў: Благаслаўлёны дзень, успамін аб якім напаўняе асалодай і вялікім сумам па ім1. Яшчэ ў іншым месцы ён пісаў: Для мяне гэта быў дзень вельмі радасны. З таго часу я часта злучаўся ў духу з Хрыстом і абяцаў Яму чыстасць2. З той хвіліны, калі прыступіў да святой Камуніі, Міхал таксама захацеў служыць на святой Імшы. Прысутнасць ля алтара вельмі прыцягвала яго. Аднойчы нехта з акружэння, бачачы яго служачым на святой Імшы, сказаў, што ён стане святаром. Гэтае здарэнне абудзіла ў ім яшчэ большае жаданне стаць святаром, якое ён ужо насіў у сабе. Тады ён таксама прыняў рашэнне як мага часцей хадзіць у касцёл і служыць на святой Імшы3.

Гэтае рашэнне ён пастаянна рэалізоўваў, калі гэта дазвалялі акалічнасці. А так адбылося, калі ён вучыўся ў Забрэжжы і Ашмяне, потым калі прабываў у інтэрнаце ў Вільні. Успамінаючы тыя часы, ён казаў, што кожны дзень наведваў касцёл, служыў на святой Імшы, удзельнічаў у жыцці парафіі4. Захаваўся ўспамін пра асаблівае здарэнне з гэтага перыяду, якое сведчыць аб пабожнасці і рэлігійнай руплівасці Міхала. Жадаючы ўдзельнічаць у Раратах ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, ён, баючыся, каб не спазніцца, устаў вельмі рана і некалькі гадзін чакаў адкрыцця касцёла. Хаця ён і змерз, аднак быў задаволены і радасны, што першы ў гэты дзень мог прыступіць да споведзі5.

Прабыванне ў інтэрнаце ў Вільні ў чаканні паступлення ў семінарыю было перыядам уключэння Міхала ў сістэматычныя духоўныя практыкі, са штодзённым удзелам у святой Імшы6. Затым семінарыя стварыла яшчэ больш спрыяльныя ўмовы для развіцця жыцця веры, рэлігійнасці. Час, праведзены тут, я адношу да найбольш плённых, - напіша ён праз шмат гадоў7. Як развівалася тады яго эўхарыстычная пабожнасць? Варта дапусціць, хоць сам ён аб гэтым выразна не ўзгадвае, што плённае перажыванне перыяду семінарыйнай фармацыі ахоплівала таксама ўзрастанне гэтай пабожнасці. Аб гэтым можна меркаваць па нататках, якія датычаць падрыхтоўкі да пасвячэнняў, дзе адзначаецца, што ён маліўся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, шукаў там распазнання, умацавання ў прынятым рашэнні8.

Эўхарыстыя ў святарскім служэнні

Прыняцце Міхалам дыяканскага і прэзбітэрскага пасвячэнняў увяло ў яго жыццё новыя адносіны да Эўхарыстыі. Ён стаў яе распарадчыкам. Пра дыяканскае служэнне ён напісаў, што спаўняў яго з радасцю9. Будучы маладым святаром, у парафіі ў Табарышках ён рупліва аддаваўся душпастырскай працы. З успамінаў аб гэтым перыядзе, якія засталіся, можна вылучыць некаторыя моманты, якія адносіліся да эўхарыстычнага служэння і клопату аб Эўхарыстыі. Парафіянін з Табарышак узгадваў, што пра кс. Міхала казалі ў парафіі, што ён заснаваў парадак у касцёле10. Як гэта разумець? Так, што кс. Міхал найперш узяўся за навуку спеву, вучыў правільна спавядацца, пачаў клапаціцца аб катэхізацыі дзцей і моладзі, якой карысталіся таксама і дарослыя. Вельмі старанна заняўся падрыхтоўкай дзяцей да Першай святой Камуніі, а сама ўрачыстасць была вялікай падзеяй у парафіі. Паклаў пачатак адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту у пятніцу Вялікага посту, і гэтая практыка захавалася ў парафіі на доўгія гады. Акрамя таго, паспрыяў паўстанню дзвюх капліц у аддаленых ад касцёла месцах, каб зрабіць магчымым для вернікаў удзел у святых Імшах у нядзелю11. Няцяжка заўважыць, што гэтыя пачынанні, безумоўна, нараджаліся вакол Эўхарыстыі і служылі абуджэнню эўхарыстычнай пабожнасці. У асабістым жа рэлігійным жыцці бл. Міхала таксама можна заўважыць эўхарыстычныя акцэнты. На самой справе ён не піша пра адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, але нельга выключаць, што разважанні, якія прадстаўляюць яго малітоўнае жыццё, ці проста запісы ў форме малітвы, неаднаразова дыялогу з Хрыстом, выраслі з сустрэч з Езусам Эўхарыстычным. Між іншым ён пісаў: ...я меў сябра, які быў мне самым блізкім і які ператварыў смутак у радасць, а неахвоту ў дзеянне. Ён прадыктаваў мне, што я павінен рабіць, чым заняцца12.

Чарговыя гады святарскага служэння бл. Міхала, найперш як вайсковага капелана, потым духоўнага айца ў семінарыі, выкладчыка на тэалагічным факультэце ўніверсітэта USB і семінарыі ў Вільні, рэктара касцёла св. Міхала ў Вільні, выкладчыка ў семінарыі ў Беластоку, служэння, напоўненага апостальскай руплівасцю і клопатам аб уласным духоўным жыцці, несумненна, неслі таксама пачынанні, служачыя паглыбленню эўхарыстычнага жыцця. Пацвярджэнні гэтага таксама можна знайсці ў яго тэкстах, якія адносяцца да таямніцы Эўхарыстыі, што захоўваюцца ў духоўных нататках з жыцця, у тэалагічных апрацоўках і сведчаннях іншых людзей.

Сярод духоўных запісаў бл. Міхала, беручы пад увагу іх характар разважання над унутранымі перажываннямі, можна знайсці каштоўнае сведчанне аб перажыванні таямніцы Эўхарыстыі, аб любові да Эўхарыстыі. Можа, найбольш красамоўным з’яўляецца тэкст, напісаны, праўда, ужо пад канец жыцця, але напісаны з вялікай пакорай, можна сказаць, суровасцю ў ацэнцы сябе, і які сведчыць адначасова аб трывалай барацьбена карысць уласнага духоўнага развіцця. Пад датай 1 студзеня 1967 г. ён піша: Новы год ужо 79-ы ў маім жыцці, і 53-і ў святарстве, у якім я адправіў каля 19200 святых Імшаў. Калі б пасля кожнай з іх я станавіўся лепшым і мілейшым Айцу Міласэрнасці, несумненна, пайшоў бы далёка ў дасканаласці13.

І падобна 26 красавіка 1967 г., як бы працягваючы, ён піша: Кожная святая Імша па сутнасці сваёй больш руплівая, чым папярэдняя, бо кожная павінна не толькі захоўваць любоў, але і павялічваць яе і такім чынам рабіць нас здольнымі да любові не толькі такой жа, але і большай, чым папярэдняя14. І адразу за гэтым дадае: ...для нас падзяка пасля святой Камуніі павінна быць найкаштоўнейшай хвілінай. У гэты момант павінна быць злучэнне святой душы Езуса з нашай душой, Яго думак з нашымі думкамі і з’яднанне нашай волі з Яго воляй15.

Раней жа ён яшчэ напіша: Падчас святой Імшы Хрыстус адначасова ахвяруе Богу Айцу нашы праслаўленні, просьбы, кампенсацыі, падзякі, усе збаўчыя акты свайго Містычнага Цела. Божая Міласэрнасць штодзённа нанова дае нам Эўхарыстыю. Хрыстус штодзённа вяртаецца рэальна і субстанцыйна паміж нас, каб пастаянна заставацца з намі, каб быць сябрам нашага выгнання16.

Сведчанні аб пашане да Эўхарыстыі і любові да яе

Тое, што было ўнутраным перажываннем бл. Міхала ў яго эўхарыстычнай пабожнасці, вялікая вера, любоў да Эўхарыстыі, пашана да яе, не магло не быць заўважаным іншымі. Захаваўся шэраг прыгожых сведчанняў людзей, якія ў розныя перыяды яго жыцця мелі магчымасць удзельнічаць у набажэнствах і святых Імшах, якія ён здзяйсняў, бачылі, як ён маліўся, адараваў Найсвяцейшы Сакрамэнт.

У паказаннях сведкаў на беатыфікацыйным працэсе вельмі часта адзначаецца, што вера бл. Міхала і яго любоў да Бога найбольш праяўляліся ў спосабе здзяйснення святой Імшы. Ён рабіў гэта ў вялікай засяроджанасці, з самапрысвячэннем, пабожна. Як быццам цэлебраваў разам з Езусам. Адчуваўся асабісты кантакт з Богам. Ён быў нібыта пагружаны ў Бога. Кожны жэст, паклон сведчылі аб пашане да Бога, аб глыбокім пачуцці любові да Яго.

Сёстры ўршулянкі, у якіх ён укрываўся ў час вайны, так успаміналі пра святыя Імшы, якія ён адпраўляў:

Падчас Імшы ён быў такі засярожаны, што здавалася, што сваім праніклівым позіркам любуецца Богам і размаўляе з Ім17.

Некалькі разоў я прыслужвала кс. прафесару на святой Імшы, падчас якой ён заўсёды быў вельмі глыбока пагружаны ў малітву. Пасля асвячэння ён акунуўся ў Бясконцага і Міласэрнага Бога, якога моцай святарства прывёў на алтар, і адараваў Яго некалькі хвілін18.

А так успамінае гэтыя святыя Імшы Зоф’я Камароўская, якая належала да першых шасці кандыдатак у новую супольнасць:

Ніхто туды да яго не прыходзіў, толькі ў якасці выключэння маглі мы, з гэтых яго шасці чалавек, час ад часу па аднаму прыходзіць да яго і раніцай, калі ён адпраўляў святую Імшу на маленькім століку пад акном, з адной сястрой уршулянкай, якая прыслужвала яму падчас Імшы, памаліцца з ім на такой ціхай Імшы, бо і я там бывала, а гэта былі цалкам асаблівыя Імшы, папросту святыя. Добра памятаю, што быў выразна бачны непасрэдны кантакт кс. прафесара з Богам. Гэта была малітва, але і размова слугі з Панам. Гэта было так узрушальна і так дзіўна, што гэтага немагчыма забыць. Працягваліся яны таксама доўга19.

І яшчэ адно сведчанне, міністранта бл. Міхала:

Я асабіста ведаў кс. Міхала, якому ў духоўнай семінарыі па вул. Слонімскай, 8 прыслужваў падчас святой Імшы. Калі я быў хлопцам, то не любіў прыслужваць гэтаму святару, бо ён цэлебраваў надта павольна і доўга. Сёння гэта выглядае інакш. Ксёндз Міхал з вялікім самапрысвячэннем, у засярожанасці, з пагавай і вялікай пабожнасцю здзяйсняў Ахвяру Пана. Ён заўсёды быў сур’ёзны і засяроджаны і ў ім было штосьці такое, што адрознівала яго ад іншых святароў20.

Благаслаўлёны Міхал адзначаў у сваіх апрацоўках неабходнасць належнай падрыхтоўкі да святой Імшы, указваў на важнасць падзякі пасля святой Камуніі або заахвочваў да адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, і гэтак жа рабіў сам.

Ва ўспамінах часта падкрэсліваецца яго засяроджанасць, сцішанасць, павага перад святой Імшой. У сакрыстыі перад Імшой ён не размаўляў, акрамя словаў хрысціянскага прывітання, успаміналі сёстры місіянеркі, для якіх ён цэлебраваў святую Імшу ў капліцы па вул. Палескай у Беластоку.

Адзін са святароў, выхаванцаў бл. Міхала, запомніў такое здарэнне, якое сведчыць, наколькі важнай была для благаслаўлёнага падрыхтоўка да святой Імшы:

28 чэрвеня 1935 года я ўвайшоў у сакрыстыю касцёла св. Міхала ў Вільні. Laudetur Jesus Christus. Ксёндз Сапоцька апранаўся на святую Імшу. Ён не павярнуўся і нічога не адказаў. Я наблізіўся да яго і папрасіў быць на прыміцыйнай Імшы на заўтра, 29 чэрвеня, перад цудатворным абразом Маці Божай Вастрабрамскай. Я заўважыў у кс. Сапоцькі як бы ўнутранае ўзбурэнне, што звяртаюся да яго не ў час, бо ён зараз стараецца дасянуць максімальнай засяроджанасці перад Некрывавай Ахвярай. Гэта працягвалася некалькі секунд. Добра, - адказаў ён цалкам спакойна21.

Захаваліся словы ці то ў паказаннях сведкаў у працэсе, ці ва ўспамінах, што бл. Міхал заўсёды здзяйсняў падзяку пасля святой Імшы, з вялікай пашанай укленчваў перад табэрнакулюмам, часта бачылі, як ён маліўся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Ён клапаціўся аб узвядзенні капліцы, аб годных умовах для здзяйснення літургіі, перадавалі сёстры місіянеркі.

Пашырэнне эўхарыстычнай пабожнасці

Найбольш ранні апублікаваны тэкст бл. Міхала, які датычыць Эўхарыстыі, паходзіць з 1931 г. Гэта надрукаваная ў “Архідыяцэзіяльных віленскіх навінах” канферэнцыя ў рамках цыклу канферэнцый да святароў22. Непасрэднай нагодай яго ўзнікнення было абвяшчэнне аб эўхарыстычным кангрэсе ў архідыяцэзіі арцыбіскупам Ялбжыкоўскім. Заахвочванне ў ім да ўдзелу ў кангрэсе паказвае на вялікую каштоўнасць Эўхарыстыі для жыцця веры, для ўмацавання ў хрысціянскім жыцці, для будавання еднасці.

Галоўным жа чынам ён акцэнтуе значэнне Эўхарыстыі ў святарскім жыцці і скіроўвае да святароў шэраг указанняў, як яны павінны ставіцца да Эўхарыстыі. Ён адзначае, што Найсвяцейшы Сакрамэнт асаблівым чынам узвышае, узбагачае, робіць шчаслівым кожнага святара, якікожны дзень цэлебруе святую Імшу. Ён яднае ўсіх святароў і запрашае да ўзаемнай святарскай Хрыстовай любові. У сваю чаргу ў частцы, якая ўтрымлівае ўказанні для святароў, ён піша: Мы часта кажам аб таямніцы алтара з амбоны, у школе і пры іншых нагодах. Захоўваючы найглыбейшую пашану да Найсвяцейшага Сакрамэнту, мы будзем заклікаць да гэтага вернікаў.Будзем наведваць штодзённа самі Найсвяцейшы Сакрамэнт і заахвочваць да гэтага вернікаўў, адчыняючы з гэтай мэтай касцёл (...). Штодзённа будзем цэлебраваць святую Імшу, як мага больш пабожна, у пастаянны час, а ў святочныя дні – як мага больш урачыста. Будзем клапаціцца аб упрыгожванні святыні, аб чысціні і магчымай пышнасці алтароў, аб іх належным упрыгожванні, аб дастатковым святле свечак, аб прыгожым і ўзрушаючым душы спеве, аб свежасці бялізны – начынняў і касцёльных прыладаў. Будзем штогадова ўдзяляць з вялікай стараннасцю Першую Камунію дзецям, кіраваць працэсіяй Божага Цела,вечнай адарацыяй, якая праводзіцца прысутным арцыпастырам, і месячнай адарацыяй, дзе ёсць такі звычай. Таксама ўвядзём Брацтвы Найсвяцейшага Сакрамэнту, Апостальствы малітвы з узнагародай Камуніі, будзем прамаўляць наш Афіцыум перад табэрнакулюмам па меры магчымасці, а дзе нас двое або больш, будзем прамаўляць Афіцыум разам, у супольнай інтэнцыі, што ў вялікай меры спрыяе з’яднанню сэрцаў; у большых асяроддзях будзем кіраваць месячнай святарскай адарацыяй, якая вельмі моцна ажыццяўляе Хрыстовае „Каб усе былі адно”23.

Так мог пісаць, несумненна, толькі той, хто сам стараўся выконваць тое, што наказваў іншым. Працытаваны тэкст можна разумець як вельмі яснае сведчанне вялікай любові і пашаны бл. Міхала да Эўхарыстыі і клопату аб ёй.

Падобны характар і змест мае ліст, напісаны падчас укрывання бл. Міхала ў Чорным Бары ў час вайны, па сутнасці канферэнцыя, перададзеная ў гэтай форме, да першых членаў новай супольнасці Сясцёр Служак Божай Міласэрнасці24. Гэты тэкст таксама выяўляе вялікую любоў да Эўхарыстыі, яе глыбокае перажыванне, клопат аб росце сапраўднай эўхарыстычнай пабожнасці.

Благаслаўлёны Міхал піша аб Эўхарыстыі, яе разуменні, значэнні для жыцця веры з практычнымі ўказаннямі, як яе належыць шанаваць, як карыстацца яе багаццем, якое разлівае любоў і міласэрнасць. Аўтар, духоўны айцец кандыдатак у супольнасць, вучачы аб таямніцы Эўхарыстыі, хоча ажывіць у іх пашану да яе, паказваючы на такое патрэбнае ў гэты час умацаванне, для веры і даверу Богу і Яго міласэрнасці, якое можна знайсці ў Эўхарыстыі. Ён указвае на прынятыя ў той час формы шанавання Эўхарыстыі, заахвочвае да эўхарыстычнай адарацыі і частага прыняцця святой Камуніі, а таксама вучыць, як яе перажываць. Ён апавядае аб практыцы духоўнай святой Камуніі, якая павінна была быць умацаваннем падчас вайны, калі немагчымы быў удзел у святой Імшы. Здаецца, што гэтыя парады і ўказанні і сёння, хоць часы і акалічнасці змяніліся, могуць многаму навучыць, а таксама дапамагчы ў ажыўленні эўхарыстычнай пабожнасці.

Благаслаўлёны Міхал, калі шукаць ужо канкрэтыкі, указвае на абавязак пашаны і любові да Эўхарыстыі. Ён піша: Гэтая маленькая частка на патэне ўтрымлівае бясконцага Бога, якогане могуць агарнуць нябёсы.(...) Адсюль мы можам зрабіць выснову, якой павінна быць пашана да Найсвяцейшага Сакрамэнту: там, дзе ўсё неба дрыжыць і аддае пашану, ці варта нам стаць з рассеянымі думкамі і абыякавым сэрцам. (...) адсутнасць пашаны ў касцёле ці капліцы, празмерная свабода, размовы, шэпты ахалоджваюць і памяншаюць пабожнасць у іншых, а часам нават з’яўляюцца прычынай падрыву веры25. Што ж датычыць любові да Езуса Эўхарыстычнага, ён заахвочвае выражаць яе праз практыку адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, акты пашаны на працягу дня, праз поўны самапрысвячэння ўдзел у святой Імшы, частае і годнае прыняцце святой Камуніі. Адданае перажыванне святой Імшы і плённае прыняцце святой Камуніі залежнае ад падрыхтоўкі. Яно павінна засноўвацца на чысціні душы, і тут ён звяртае ўвагу, што, хоць штодзённыя грахі не з’яўляюцца перашкодай самі па сабе, але, калі цалкам дабравольна і з намерам спаўняюцца, то могуць быць часам перашкодай або па меншай меры памяншаць дабрачынныя плёны святой Камуніі, калі не пазбаўляць іх наогул. Вялікую ўвагу ён надаваў таксама падзяцы пасля святой Камуніі. Скарачаць час падзякі можна было толькі ў выпадку неабходнасці, але і тады працягваць яго належала пасля выхаду з касцёла, напрыклад, вяртаючыся дадому ці робячы неабходную працу. Хто занядбоўвае падзяку, той ставіць перашкоды ласцы, той наследуе бедняка, які не захацеў чакаць міласціны, той рызыкуе па сваёй віне, каб яго душа стала халоднай, не мае сілы выправіцца з недахопаў, не робіць поспехаў у цноце, а злоўжывае Божымі ласкамі, за што чакае адказнасць.  

Благаслаўлёны Міхал акрамя ўказанняў у гэтых тэкстах, якія кажуць аб самой Эўхарыстыі, падымаў гэтую тэму непасрэдна ў сваіх працах, што датычаць праўды Божай Міласэрнасці. Галоўным чынам ён стараўся ўказваць там, што ў Эўхарыстыі ажыццяўляецца ў найвышэйшай ступені Божая Міласэрнасць, што Эўхарыстыя, як кожная справа Бога, з’яўляецца выразам Яго Міласэрнасці, і асабліва тады, калі ў Найсвяцейшым Сакрамэнце Езус не толькі ўдзяляе свае ласкі, але і аддае самога сябе.

Божая Міласэрнасць і Эўхарыстыя

Спецыфіка вучэння бл. Міхала аб Эўхарыстыі - аднясенне яе да таямніцы Божай Міласэрнасці. Сапраўды ў вучэнні Касцёла з’яўляюцца сцвярджэнні, што Эўхарыстыя – праяўленне Божай Міласэрнасці. Як успамін мукі і ўваскрасення яна з’яўляецца сакрамэнтам міласэрнасці26. Яе ўстанавіў міласэрны і літасцівы Пан27. Праз яе мы атрымліваем міласэрнасць і знаходзім ласку, калі нам патрэбна дапамога28. Эўхарыстыя паказваецца як сакрамэнт любові, у аснове якога праяўляецца любоў Бога да чалавека.

Благаслаўлёны Міхал, хоць і паўтарае гэтае разуменне, аднак, як здаецца, схіляецца да сцвярджэння, што Эўхарыстыя з'яўляецца выразам нязмернай Божай Міласэрнасці. У гэтым ён верны сваёй навуцы адносна праўды Божай Міласэрнасці, дзе прымае тое, што міласэрнасць праяўляецца ў крыніцы ўсялякай дзейнасці Бога адносна чалавека. Любоў Бога да чалавека сапраўды з'яўляецца міласэрнасцю, бо любіць можна кагосьці, хто роўны любячаму або перавышае яго, у той час як да таго, хто ў жыццёвым парадку з'яўляецца ніжэйшым, кожны зварот будзе праявай міласэрнасці. Адсюль і ўстанаўленне Эўхарыстыі як зварот і дар Бога для чалавека, які нічым не заслугоўвае такога вылучэння і адорвання, з’яўляецца справай Божай Міласэрнасці.

Таксама да сутнасці Божай Міласэрнасці належыць аднесці схіленне Створцы да стварэння з мэтай вывядзення яго з убоства і пазбаўлення недахопаў. Благаслаўлёны Міхал у сувязі з гэтым заўважае, што ў Найсвяцейшым Сакрамэнце Бог ідзе яшчэ далей. Сын Божы, Дзівоснае Слова, “праз якога ўсё сталася” (пар. Ян 1, 3), не толькі схіляецца да чалавека, набліжае яго да сябе, дае сваю ласку, адорвае, але і здзяйсняе штосьці большае, бо сам сябе аддае ў дар чалавеку, назаўсёды і нястомна, каб з’яднаць яго з сабой. У гэтым сэнсе Эўхарыстыя таксама праяўляецца як ажыццяўленне міласэрнасці Бога29.

Эўхарыстыя таксама нясе ў сваёй сутнасці і змесце пацвярджэнне і пашырэнне таго, што стварыла бясконцая Божая Міласэрнасць для людзей. Бо праз гэты сакрамэнт утрымліваюцца ўстаноўленыя боскія адносіны паміж небам і зямлёй. З аднаго боку Збаўца ў ахвяры святой Імшы аддае сябе Богу Айцу за чалавецтва, а з іншага Бог Айцец дае людзям свайго Сына ў святой Камуніі, якая нясе моц, суцяшэнне, радасць. У Эўхарыстыі раздзяляюцца ласкі, якія паходзяць са збаўчай ахвяры Езуса Хрыста, Ён сам жа пастаянна прысутны сакрамэнтальным чынам, тым самым робячы магчымым лёгка прыступаць да Яго30. Гэтая трывалая прысутнасць Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце ажно да сканчэння свету, дзякуючы чаму Хрыстус як Пасрэднік паміж Богам Айцом і людзьмі нястомна моліцца Айцу за людзей, ахвяруе сябе, каб адвярнуць удары справядлівасці і вярнуць міласэрнасць – на думку кс. Сапоцькі, – чарговае пацвярджэнне таго, якім міласэрным дарам для чалавецтва з’яўляецца Эўхарыстыя31.

Падобна і плёны эўхарыстычнай ахвяры, - піша бл. Міхал, - з’яўляюцца доказам бясконцай Божай Міласэрнасці, якая сыходзіць на нас без аніякай з нашага боку заслугі, а толькі з бязмежнай літасці Бога над нашай немаччу. А імі з’яўляюцца: захаванне і памнажэнне асвячаючай ласкі, у такой ступені, у якой гэтага не робіць ніякі іншы сакрамэнт. Як цялесны пасілак захоўвае, умацоўвае і развівае зямное жыццё, так Найсвяцейшы Сакрамэнт аднаўляе, лечыць, абегарае, развівае, умацоўвае, насычае і захоўвае звышнатуральнае жыццё чалавечай душы. У Эўхарыстыі адбываецца найбольш цеснае злучэнне душы з Хрыстом і будуецца еднасць паміж людзьмі. Акрамя таго, Эўхарыстыя дае асаблівы запал і руплівасць, аберагае ад будучых грахоў, памяншае і аслабляе спакусы з боку пажадлівасці і злога духа. Адначасова яна адкрывае на ўплыў дабра і робіць здольнымі да ўчынкаў больш дасканалых, якія заслугоўваюць вечнага жыцця. Яна адорвае ласкай пабожнасці, з якой паходзіць шчасце і радасць, унутраны супакой і гатоўнасць да ахвяр і самапрысвячэння для Бога і чалавека. Урэшце, яна нясе абяцанне ўваскрасення, згодна з запаветам Хрыста: Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу Яго ў апошні дзень (Ян 6, 55)32.

Заключэнне

Праца прысвечана ўказанню ролі Эўхарыстыі ў жыцці і святарскім служэнні бл. Міхала Сапоцькі. Як святар ён быў яе распарадчыкам, як тэолаг паглыбляў і перадаваў навуку аб ёй, як апостал праўды Божай Міласэрнасці не мог не бачыць яе ў гэтай перспектыве, як чалавек веры жыў Эўхарыстыяй.

Яго вучэнне, духоўныя нататкі, якія адносяцца да Эўхарыстыі, сведчанні іншых людзей паказваюць, што ён палюбіў Эўхарыстыю, вельмі яе цаніў, шанаваў і ёю жыў.

Як апостал Божай Міласэрнасці ён вучыў, што ў Эўхарыстыі ажыццяўляецца ў найвышэйшай ступені Божая Міласэрнасць. Эўхарыстыя, як кожная справа Бога, з’яўляецца выразам Яго Міласэрнасці, і асаблівым чынам у Найсвяцейшым Сакрамэнце Езус не толькі ўдзяляе свае ласкі, але і аддае самога сябе.

  1. M.Сапоцька, Дзённік, выд. 3, Wydawnictwo św. Jerzego, Беласток 1015, с. 145.
  2. Там жа, с. 67.
  3. Там жа, с. 67.
  4. M. Сапоцька, Успаміны з мінулага, раздз. I, с. 1-2. (машынапіс у Архіве Беластоцкай архідыяцэзіі)
  5. M. Сапоцька, Дзённік, с. 143-144.
  6. M. Сапоцька, Успаміны з мінулага, раздз. I, с. 7, 10.
  7. M. Сапоцька, Дзённік, с. 73; M. Сапоцька, Святарская фармацыя ў духоўнай семінарыі. (машынапіс у Архіве Беластоцкай архідыяцэзіі)
  8. M. Сапоцька, Дзённік, с. 73; M. Сапоцька, Святарская фармацыя ў духоўнай семінарыі.
  9. M. Сапоцька, Дзённік, с. 73.
  10. Ф. Сянкевіч, Заява (рукапіс у Архіве арцыбіскупскай курыі ў Беластоку)
  11. M. Сапоцька, Успаміны з мінулага, раздз. II, с. 2-3, 6-9; M. Сапоцька, Дзённік, сшытак 1, с. 45-46.
  12. Tам жа, с. 45.
  13. Там жа, с. 251.
  14. Tам жа, с. 274.
  15. Tам жа, с. 275.
  16. Tам жа, с. 274.
  17. Р. Войцік,  Кароткі фрагмент з жыцця ксяндза праф. Сапоцькі (рукапіс у Архіве арцыбіскупскай курыі ў Беластоку).
  18. І. Заплата,  Успаміны аб праф. М. Сапоцьку (рукапіс у Архіве арцыбіскупскай курыі ў Беластоку).
  19. З. Камароўска, Успаміны аб ксяндзу прафесару Сапоцьку (рукапіс у Архіве арцыбіскупскай курыі ў Беластоку).
  20. Х. Раца,  Успамін аб кс. Сапоцьку (рукапіс у Архіве арцыбіскупскай курыі ў Беластоку).
  21. Ц. Барвіцкі, Успамін аб кс. Міхале Сапоцьку (рукапіс у Архіве арцыбіскупскай курыі ў Беластоку).
  22. M. Сапоцька, „LaudaSionSalvatorem...,” (Канферэнцыя аб Найсвяцейшым Сакрамэнце), Архідыяцэзіяльныя віленскія навіны 5 (1931) н-р 9, с. 140-142.
  23. Там жа, с. 141.
  24. M. Сапоцька, Ліст ад 6 жніўня 1942 г.: M. Сапоцька, Лісты з Чорнага Бору ў гады 1942-1943 да першых членаў новай манаскай супольнасці Божай Міласэрнасці (копія ў Архіве арцыбіскупскай курыі ў Беластоку),с. 19-30.
  25. Tам жа, с. 24-25.
  26. Kанстытуцыя аб святой літургіі, н-р 47.
  27. ЛеўXIII, Энцыкліка аб Найсвяцейшым Сакрамэнце, Варшава 1902, с. 8.
  28. Breviarium fidei, Познань 1964, с. 65.
  29. M. Сапоцька, Міласэрнасць Бога ў справах Яго, т. III, Рым-Парыж-Лондан 1962, с. 229-230; M. Сапоцька, Ліст ад 6 жніўня1942 г., с. 19.
  30. M. Сапоцька, Mіласэрнасць Бога ..., т. III, с. 230-231; таксамаMіласэрнасць Бога ў справах Яго, т. I, Лондан 1959, с. 198-199.
  31. M. Сапоцька, Ліст ад 6 жніўня 1942 г., с. 20.
  32. M. Сапоцька, Mіласэрнасць Бога ў справах Яго, т. IV, Парыж 1967, с. 61-62.

 

Адноўлена 23.05.2016 18:22
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску
13.10 17:25Даклад а. Паўла Федаровіча MIC пра заснавальніка супольнасці марыянаў святога Станіслава Папчынскага
10.10 15:00Прывітальнае слова Мітрапаліта Кандрусевіча на адкрыццё III Міжнароднай сустрэчы партнёраў «Карытас» Беларусі
08.10 21:12Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас пленарнага пасяджэння Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы ў Манака пасля зацвярджэння г. Мінска месцам правядзення Пленарнага пасяджэння ў 2017 г.
29.09 14:32Выступленне Мітрапаліта Кандрусевіча на адкрыцці выстаўкі «Свет нябесны на зямлі. Сакральнае мастацтва Беларусі XVII-XXI стагоддзяў» у Мінску
26.08 14:54Прывітальнае слова Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на адкрыцці навукова-практычнай канферэнцыі «Беларусь, Нясвіжскі край і Эдвард Вайніловіч»