Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by

Агульныя звесткі

З першых дзён супольнасць вучняў Езуса ўзначальвалі дванаццаць Апосталаў, публічна выбраных Езусам. З самага пачатку Дванаццаць вырашылі раздзяліць сваё апостальскае служэнне з іншымі (пар. Дз 6, 1–6). Тут назіраецца ўжо пэўная структура. У Першым пасланні да Карынцянаў Павел кажа пра тых, каго «Бог паставіў у Касцёле найперш Апосталамі, другіх — прарокамі, трэціх — настаўнікамі, потым даў моц, потым — дары аздараўлення, дапамогі, кіравання, розныя мовы» (пар. 1 Кар 12, 28).

Сёння Рыма-каталіцкі Касцёл — адзіная рэлігійная супольнасць свету, якая з’яўляецца суб’ектам міжнароднага права, прызнаным дзяржаўнымі і міжнароднымі арганізацыямі, і гарантаваным згодна з нормамі міжнароднага права. Ніводная іншая канфесія ці рэлігійная арганізацыя не валодае падобным статусам.

Міжнароднае права вылучае тры структуры: Каталіцкі Касцёл, Апостальская Сталіца і Горад Ватыкан. Латэранскі трактат, падпісаны 11 лютага 1929 г., канчаткова вырашыў так званае «рымскае пытанне», пацвердзіўшы поўны суверэнітэт Апостальскай Сталіцы, і прызнаў тэрыторыю Горада Ватыкана ў якасці тэрытарыяльнай гарантыі духоўнай незалежнасці.

Тэрміны «Святы Пасад» або «Апостальская Сталіца» азначаюць сукупнасць улады, юрысдыкцыі і суверэнітэту, якімі надзелены Папа, што ўзначальвае Рыма-каталіцкі Касцёл і Горад Ватыкан. Выконваючы функцыю «цэнтральнага ўрада» Каталіцкага Касцёла, Апостальская Сталіца можа заключаць міжнародныя пагадненні і ажыццяўляць актыўныя і пасіўныя дыпламатычныя правы. У больш шырокім сэнсе пад Апостальскай Сталіцай разумеюць Рымскага Пантыфіка і ўстановы Рымскай Курыі.

Такім чынам, Апостальская Сталіца ўяўляе сабой вышэйшую іерархічную ўладу Рыма-каталіцкага Касцёла і Горада Ватыкана. Папа ажыццяўляе ўладу Апостальскай Сталіцы праз пасрэдніцтва Рымскай Курыі і разгалінаванага апарату кіраўніцтва.

Структура Каталіцкага Касцёла

--Яго Святасць Францішак

Біскуп Рыма
Намеснік Езуса Хрыста
Наступнік святога апостала Пятра
Найвышэйшы Пантыфік Паўсюднага Касцёла
Прымас Італіі
Арцыбіскуп і Мітрапаліт Рымскай правінцыі
Суверэн Горада-Дзяржавы Ватыкан
Слуга Слугаў Божых
Хорхе Марыа Берголіа

Нарадзіўся ў 17 снежня 1936 г. у Буэнас-Айрэсе (Аргенціна) у сям'і італьянскага эмігранта — работніка чыгункі. Належыць да Ордэна езуітаў, у які ўступіў 11 сакавіка 1958 г. У 2005–2008 гг. узначальваў епіскапат Аргенціны. Да абрання — арцыбіскуп Буэнас-Айрэса і Прымас Аргенціны. Член Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, Кангрэгацыі па справах Духавенства, Кангрэгацыі інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця, Папскай рады па справах сям'і.
--

Рымская Курыя

Гл. тут Рымская курыя

-- Калегія Кардыналаў

Кардыналы (лац. cardinalis —  галоўны, асноўны) з 1150 г. утвараюць Калегію Кардыналаў з Дэканам, які з’яўляецца Біскупам Осціі, і Камерленгам — распарадчыкам маёмасці. З 1059 г. кардыналы сталі выключнымі выбаршчыкамі Папы. У 1586 г. колькасць кардыналаў была даведзена папам Сікстам V да 70-ці і замацавана канстытуцыяй «Postquam verus» ад 3 снежня 1586 г.: 6 кардыналаў-біскупаў; 50 кардыналаў-прэзбітэраў, 14 кардыналаў-дыяканаў. На Кансісторыі 15 снежня 1958 г. благаслаўлёны Ян XXIII адступіў ад колькасці кардыналаў, замацаванай Сікстам V.

Павел VI у motu proprio «Ad Purpuratorum Patrum» ад 11 лютага 1965 г. уключыў у Калегію Кардыналаў Усходніх Патрыярхаў, а ў motu proprio «Ingravescentem aetatem» ад 21 лістапада 1970 г. адзначыў, што кардыналы, якія дасягнулі 80 гадоў: а) перастаюць быць членамі дыкастэрыяў Рымскай Курыі і ўсіх пастаянных органаў Апостальскай Сталіцы і Горада-Дзяржавы Ватыкан; б) страчваюць права абіраць Рымскага Пантыфіка і ў сувязі з гэтым — права прысутнічаць на канклаве. На Кансісторыі 5 лістапада 1973 г. Павел VI зацвердзіў максімальную колькасць кардыналаў, якія маюць права абіраць Рымскага Пантыфіка. Гэтая колькасць не павінна перавышаць 120 асобаў.

Кардыналы размеркаваны па трох ступенях — біскупскай, прэзбітэрскай і дыяканскай — і свабодна абіраюцца Папам з ліку духоўных асобаў, якія прынялі прэзбітэрскае пасвячэнне. Узначальвае Калегію Кардыналаў Дэкан. Калегіяльнай дзейнасцю кардыналы дапамагаюць Найвышэйшаму Пастыру Касцёла ў звычайных і надзвычайных Кансісторыях. Па дасягненні 75-ці гадоў кардыналам, якія ўзначальваюць дыкастэрыі і іншыя ўстановы Рымскай Курыі і Горада-Дзяржавы Ватыкан, прапануецца падаць прашэнне аб адстаўцы Рымскаму Пантыфіку. Калі Святы Пасад аказваецца вакантным, Калегія Кардыналаў карыстаецца ў Касцёле толькі той уладай, якою яна надзелена па асобым законе.
--Патрыярхаты

Тытул патрыярха ў Каталіцкім Касцёле, акрамя ганаровай прэрагатывы, не заключае ў сабе ніякай улады кіравання. Рымскі Біскуп па традыцыі меў тытул «Патрыярх Захаду», аднак на справе званне не мела юрыдычнага і тэалагічнага абгрунтавання. Папа Бэнэдыкт XVI у 2006 г. адмовіўся ад выкарыстання гэтага тытулу, каб тым самым развеяць памылковае ўяўленне, нібы Апостальская Сталіца — гэта выключна Касцёл Захаду без сувязі з усходняй традыцыяй. Такім чынам падкрэсліваецца, што служэнне Рымскага Біскупа прызначана для ўсёй хрысціянскай супольнасці і заклікана забяспечваць адзінства Паўсюднага Касцёла.

-- Вярхоўныя арцыбіскупствы

Галоўныя арцыбіскупы, як і патрыярхі, з’яўляюцца кіраўнікамі Усходніх Касцёлаў. Яны маюць практычна ўсе правы патрыярхаў, за выключэннем тытула Патрыярха. На сённяшні дзень існуюць чатыры вярхоўных арцыбіскупствы: Кіева-Галіцкае (Украіна), Эрнакулам-Ангамалі (сіра-малабарскае, Індыя), Трывандрум (сіра-маланкарскае, Індыя) і Фагараш і Альба Юлія (Румынія). Некаторыя з іх імкнуцца набыць статус Патрыярхата, аднак Апостальская Сталіца пакуль не задавальняе гэтыя прашэнні, бо не лічыць абставіны, у якіх тыя знаходзяцца, дастатковымі для атрымання такога статусу.
--Архідыяцэзіі і дыяцэзіі

Аб’яднанні дыяцэзій у касцёльныя правінцыі (мітраполіі) пачынаецца ў II ст. на Усходзе, а з IV–V стст. уводзіцца таксама і на Захадзе. Гэтыя мітраполіі, у большай ці меншай ступені адпавядаюць дзяржаўным правінцыям. Біскуп мітраполіі (мітрапаліт) быў старшынёй на сходах біскупаў, зацвярджаў новых біскупаў, выбраных духавенствам і народам. З VI ст. мітрапаліта называюць таксама арцыбіскупам — ганаровым тытулам, які раней выкарыстоўваўся толькі ў адносінах да патрыярхаў і экзархаў.

Адменная дэталь адзення мітрапаліта — палій, які на Усходзе выкарыстоўваецца ўсімі біскупамі, а на Захадзе з VI ст. — толькі Папам, які ў тыя часы дараваў яго некаторым біскупам за асаблівыя заслугі. Павел VI у motu proprio «Inter eximia episcopalis» ад 11 мая 1978 г. вызначыў, што атрыманне палія замацавана выключна за мітрапалітам, лацінскім патрыярхам Іерусаліма і тытулярным кардыналам прыгараднага Касцёла Осціі, які з’яўляецца Дэканам Калегіі Кардыналаў. Пры гэтым былі скасаваны ўсе прывілегіі, дадзеныя арцыбіскупам і біскупам лацінскага і ўсходняга абрадаў.

Біскупы ў сваіх дыяцэзіях з’яўляюцца звычайнымі настаўнікамі каталіцкай веры, заканадаўцамі і суддзямі першай інстанцыі, пастырамі вернікаў, аднак у той жа час залежаць ад Папы. Некаторыя дыяцэзіі падпарадкаваны непасрэдна Апостальскай Сталіцы, іншыя — належаць да розных касцёльных правінцый.
--Тытулярныя кафедры

Прызначэнне тытулярных біскупаў і арцыбіскупаў уваходзіць у кампетэнцыю Апостальскай Сталіцы. Іх тытул «Episcopus in partibus infidelium» («Біскуп у краінах няверуючых») быў зменены папам Львом XIII на цяперашні — «тытулярны біскуп» (апостальскае пасланне «In Suprema» ад 10 чэрвеня 1882 г.). яны не маюць ніякай юрысдыкцыі ў адносінах да свайго тытулярнага Касцёла (папа Грыгорый XV, Дэкрэт «Inscrutabilis» ад 5 лютага 1622 г.; Кодэкс Кананічнага Права 1917 г., кан. 348 §1), але валодаюць прывілеямі, якія вынікаюць з біскупскага пасвячэння.

-- Тэрытарыяльныя прэлатуры

Тэрытарыяльныя прэлатуры — гэта тэрыторыі з духавенствам і народам, якія не належаць ні да якой дыяцэзіі. У мінулым стагоддзі па пастырскіх ініцыятывах на тэрыторыях, якія не адносяцца да місій і пазбаўлены дастатковай колькасці касцёльных структур, у якасці часовага рашэння ствараліся тэрытарыяльныя прэлатуры, якія ў дадзеным выпадку разглядаліся як дыяцэзіі на стадыі фарміравання. Іх стварэнне замацавана за Апостальскай Сталіцай (Кангрэгацыяй па справах Біскупаў). Прэлаты прызначаюцца непасрэдна Найвышэйшым Пантыфікам, пры гэтым захоўваюцца асобыя правы абрання.
--Тэрытарыяльныя абацтвы

На сённяшні дзень тэрытарыяльныя абацтвы — гэта тэрыторыі з духавенствам і народам, якія не ўваходзяць ні ў якія дыяцэзіі, на якіх абат здзяйсняе сваю юрысдыкцыю, падобную да юрысдыкцыі дыяцэзіяльнага біскупа. Павел VI у motu proprio «Catholica Ecclesia» ад 23 кастрычніка 1976 г. пастанавіў, каб тэрытарыяльныя абацтвы не зацвярджаліся, калі для гэтага няма надзвычайных прычынаў.

Абаты прызначаюцца Найвышэйшым Пантыфікам. Абаты, якія звычайна не атрымліваюць біскупскае пасвячэнне, роўныя ў правах з дыяцэзіяльным біскупам.

-- Апостальскія экзархаты і ардынарыяты ўсходняга абраду

Апостальскія экзархаты ўяўляюць сабой касцёльныя акругі, якімі кіруе экзарх і якія зацверджаны на тэрыторыях, не падпарадкаваных патрыярху або галоўнаму арцыбіскупу, дзе яшчэ не арганізавана касцёльная іерархія Усходняга Касцёла «sui iuris». Апостальскі экзарх заўсёды прызначаецца Апостальскай Сталіцай і здзяйсняе юрысдыкцыю ад імя Рымскага Пантыфіка.

Ардынарыяты — гэта геаграфічныя касцёльныя структуры, заснаваныя для ўсходніх каталіцкіх супольнасцяў, якія не маюць уласнай іерархіі ў дадзенай мясцовасці. Ардынарыят узначальвае прэлат з тытулам «Ардынарый», прызначаны Апостальскай Сталіцай, з юрысдыкцыяй над усходнімі католікамі, якія не маюць свайго біскупа. Падставай стварэння інстытуту ардынарыятаў стала апостальскае пасланне «Officium supremi Apostolatus» ад 15 ліпеня 1912 г.

Апостальскія экзархаты і ардынарыяты падпарадкоўваюцца Кангрэгацыі Усходніх Касцёлаў.

-- Вайсковыя ардынарыяты

Вайсковыя ардынарыяты зацвярджаюцца з мэтай духоўнай апекі вернікаў, якія нясуць вайсковую службу, або тых, чыя дзейнасць цесна звязана з Узброенымі сіламі. Кіруюцца гэтыя касцёльныя акругі вайсковымі ардынарыямі, якія звычайна з’яўляюцца біскупамі. Вайсковыя ардынарыяты арганізаваны на аснове нормаў апостальскай канстытуцыі «Spirituali militum curae», апублікаванай 21 красавіка 1986 г., а таксама на аснове асобых нормаў, змешчаных у Статутах кожнага ардынарыята, зацверджаных Апостальскай Сталіцай.
--Персанальныя прэлатуры

Персанальныя прэлатуры — гэта юрысдыкцыйныя структуры, не абмежаваныя асобнай тэрыторыяй, якія маюць за мэту клопат пра адэкватнае размеркаванне прэзбітэраў або здзяйсненне асобых пастырскіх і місіянерскіх ініцыятываў у розных рэгіёнах або сацыяльных групах.

Апостальская канстытуцыя «Regimini Ecclesiae Universae» (п. 49 §1) ад 15 жніўня 1967 г., а потым і апостальская канстытуцыя «Pastor Bonus» (ст. 80) ад 28 чэрвеня 1988 г. аднеслі персанальныя прэлатуры да ведання Кангрэгацыі па справах Біскупаў.

Юрыдычныя нормы адносна персанальных прэлатур, якія дзейнічаюць сёння, змешчаны ў канонах 294–297 Кодэкса Кананічнага Права. Зацверджанне персанальных прэлатур і статутаў уваходзіць у кампетэнцыю Апостальскай Сталіцы. Загадзя выслухоўваюцца меркаванні зацікаўленых Канферэнцый Біскупаў. У Статутах павінны быць вызначаны ўзаемаадносіны прэлатуры з ардынарыем таго мясцовага Касцёла, на тэрыторыі якога прэлатура са згоды дыяцэзіяльнага біскупа здзяйсняе сваю пастырскую і апостальскую службу.

-- Апостальскія вікарыяты

Апостальскі вікарыят — гэта касцёльная акруга, якой кіруе апостальскі вікарый і якая заснавана на місіянерскай тэрыторыі, дзе яшчэ не цалкам сфарміравана касцёльная іерархія. Ад апостальскага вікарыя, які здзяйсняе кіраванне ад імя Найвышэйшага Пантыфіка на даручанай яму тэрыторыі, залежаць усе місіі, г. зн. місіянерскія пункты, якія вядуць сваю дзейнасць на гэтай тэрыторыі. Апостальскі вікарый звычайна з’яўляецца і тытулярным біскупам.
--Апостальскія прэфектуры

Апостальскія прэфектуры — гэта касцёльныя акругі, аналагічныя апостальскім вікарыятам, якімі кіруе апостальскі прэфект. Ад вікарыятаў яны адрозніваюцца тым, што ўяўляюць сабой першы крок у арганізацыі касцёльнай іерархіі на пэўнай тэрыторыі, у той час як апостальскія вікарыяты звычайна зацвярджаюцца на больш позняй стадыі.

-- Апостальскія адміністратуры

Апостальская адміністратура — гэта пэўная частка Божага народу, якая па асобых, надзвычай важных прычынах не зацвярджаецца Найвышэйшым Пантыфікам у якасці дыяцэзіі і пастырская апека аб якой даручаецца апостальскаму адміністратару, які ажыццяўляе кіраванне ад імя Найвышэйшага Пантыфіка.
--Місіі «sui iuris»

Місіямі «sui iuris» («уласнага права») называюцца тэрыторыі місій, што не ўваходзяць у пэўны вікарыят або апостальскую прэфектуру. Яны кіруюцца пробашчам, ад якога залежаць місіянерскія пункты і супрацоўнікі місіі на гэтай тэрыторыі. Інстытут місій «sui iuris» быў створаны дэкрэтам «Excelsum» ад 12 снежня 1896 г.

-- Сінод Біскупаў

Сінод Біскупаў быў створаны Паўлам VI 15 верасня 1965 г. праз motu proprio «Apostolica sollicitudo».

8 снежня 1966 г. быў абвешчаны «Парадак правядзення Сіноду Біскупаў» («Ordo Synodi Episcoporum celebrandae»), а 20 жніўня 1971 г. — «Парадак правядзення Сіноду Біскупаў, перагледжаны і дапоўнены» («Ordo Synodi Episcoporum celebrandae recognitus et auctus»).

Сінод Біскупаў — гэта група біскупаў, абраных з розных рэгіёнаў свету, якія ва ўстаноўлены тэрмін сустракаюцца, каб садзейнічаць цеснаму яднанню Рымскага Пантыфіка і біскупаў, а таксама з мэтай дапамогі Папе Рымскаму ў справе захавання і памнажэння веры і добрых традыцый, падтрымлівання і ўмацавання касцёльнай дысцыпліны, разгляду пытанняў, якія датычаць дзейнасці Касцёла ў свеце.

Задача Сіноду Біскупаў — абмяркоўваць вынесеныя на разгляд пытанні і пастановы, але не вырашаць іх.
На І Генеральную асамблею Сінод Біскупаў сабраўся з 29 верасня па 29 кастрычніка 1967 г.
23 сакавіка 1970 г. Павел VI прыняў рашэнне аб стварэнні Савета Генеральнага Сакратарыята Сіноду Біскупаў, які складаецца з 15 членаў (12 абіраюцца Сінадальнай Асамблеяй, 3 прызначаюцца непасрэдна Святым Айцом). Іх паўнамоцтвы дзейнічаюць на працягу часу, які аддзяляе адну Генеральную асамблею ад наступнай.
Адноўлена 19.06.2013 11:34
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.