Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Абранне Папы
Толькі ў 2 палове XIII ст. канчаткова склалася працэдура абрання Папы. На працягу першых трох стагоддзяў Папы абіраліся духавенствам і вернікамі. Пазней гэтае права пакідалася за манархамі. 13 красавіка 1059 г. папа Мікалай II (1059–1061 гг.) скасаваў ранейшую сістэму выбару Папы, а на І Латэранскім Саборы (1123 г.) манархам было адмоўлена ў праве ўплываць на выбар кіраўніка Касцёла. Такім чынам, у цяперашні час Папа абіраецца Калегіяй Кардыналаў на канклаве (ад лац. cum clave — замкнёныя на ключ) — сходзе кардыналаў, які склікаецца праз 18 дзён пасля смерці папярэдняга Папы для абрання новага. Выбары Папы адбываюцца ў Сікстынскай капэле ў Ватыкане. Уваходныя дзверы капэлы на час канклава зачыняюцца і адчыняюцца толькі пасля выбару Папы (адсюль назва). Парадак правядзення канклава быў устаноўлены ў ХІІІ ст. папам Грыгорыем Х, а потым неаднаразова ўдакладняўся яго наступнікамі.

Сучасны папа Бэнэдыкт XVI змяніў правілы выбару Пантыфіка. Згодна з яго рашэннем, для абрання Папам кандыдат павінен атрымаць прынамсі дзве трэція галасоў удзельнікаў канклава. Такім чынам, Бэнэдыкт XVI адмяніў прынцып, уведзены яго папярэднікам Янам Паўлам II і сфармуліраваны ў Апостальскай Канстытуцыі 1996 г. "Universi Dominici gregis", які дазваляў выбіраць Папу любой большасцю галасоў.
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.